эстонскі пісьменнік, перакладчык. Скончыў Тартускі ун-т (1965). З 1969 працаваў у перыяд. друку, выд-вах, б-цы, Інфарм. цэнтры эст. дзіцячай л-ры, з 1999 у выд-ве «Steamark» («Знак свету»), Дэбютаваў як літ. крытык у 1962. Аўтар кніг «Дзень апошні, дзень першы» (1980), «Дзіцячы пісьменнік Яан Раннап» (1985), «Астрыд Ліндгрэн» (1997), «Джані Радары» (1998), энцыклапедый «Эстонскія савецкія дзіцячыя пісьменнікі» (1977), «Хто ёсць хто і што ёсць што ў эстонскай дзіцячай літаратуры» (1987), «Кароткі лексікон дзіцячай літаратуры Балтымарскага рэгіёна» (1998), даведнікаў па эст. дзіцячай літаратуры, выдання «Дзіцячая літаратура на эст. мове: Мастацкая літаратура. 1940—1987» (1989) і інш. Укладальнік на бел. мове анталогіі казак эст. пісьменнікаў «Скарбы старога Тоамаса» (1978). Пераклаў на эст. мову зб. «Вянок дружбы» (1986), казкі «Каза ў арэхах» Я.Коласа (1984), «Журавель і чапля» Цёткі (1986), кнігі «Бацькі і дзеці» І.Шамякіна (1974), «Тартак» І.Пташнікава (1976), «Надпіс на яблыку» М.Танка (1981), «Калі далёка ты...» А.Грачанікава (1983), «Курган» Я.Купалы (1986), а таксама асобныя творы Р.Барадуліна, П.Броўкі, Я.Брыля, Г.Бураўкіна, В.Быкава, З.Бядулі, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча, У.Караткевіча, К.Кірэенкі, А.Кудраўца, Е.Лось, П.Марціновіча, Н.Мацяш, І.Мележа, Г.Пашкова, А.Разанава, Я.Сіпакова, П.Ткачова, В.Хомчанкі, І.Чыгрынава і інш. На бел. мову яго апавяданні пераклалі Я.Скрыган, С.Шупа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТРімя І.Мележа.
Створаны ў 1990 у г. Мазыр Гомельскай вобл. на базе нар.т-рагар. Дома культуры; да 1994 наз.Бел. эксперыментальны т-р «Верасень». Заснавальнік і першы кіраўнік М.Колас. З 1992 дырэктар і маст. кіраўнік С.Кліменка, з 1994 маст. кіраўнік В.Ласоўскі. Т-р працуе ў будынку б. Дома культуры, мае вял. і малую сцэны.
У рэпертуары пераважаюць спектаклі камед. жанру. Т-р плённа працуе з бел. драматургамі, эксперыментуе ў галіне муз. відовішча: «Несцерка» В.Вольскага, «Welcome ў нашу вёску» Г.Марчука, «Хачу быць мільянерам» А.Дзялендзіка, «Шкірдзюкі займаюць абарону» В.Ткачова, «Мар’я» А.Кудраўцава, «Купальская ноч» і «Гуляць дык гуляць» («Вяртаецца муж з камандзіроўкі») Ю.Куліка, «Трышчан ды Іжота» С.Кавалёва і інш. Значнае месца ў рэпертуары займаюць творы класічнай і сучаснай замежнай драматургіі: «Даходнае месца» А.Астроўскага, «Пад адным дахам» Л.Разумоўскай, «Ехай» Н.Садур, «Стваральніца цуда» і «Утаймаванне тырана» У.Гібсана, «Як пазнаёміцца з бацькам» («Хачу здымацца ў кіно») паводле Н.Саймана і інш. Сярод пастановак для дзяцей: «Прыгоды Люстрынкі, ці Несусветнае зладзейства» І.Сідарука, «Прынцэса і Янка» У.Ягоўдзіка, «Беласнежка і сем гномаў» Л.Усцінава і А.Табакова, «Птушка, што забыла сваю песню» паводле Г.Пракопа і інш. Лепшыя спектаклі т-ра вызначаюцца музычнасцю, дынамічным рытмам, сакавітым гумарам і рэжысёрскай фантазіяй. Тэатр — лаўрэат Міжнар.тэатр. фестывалю «Студыйныя каляды» ў Мінску (1991).
В.А.Грыбайла.
Мазырскі драматычны тэатр імя І.Мележа. Сцэна са спектакля «Утаймаванне тырана».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у канцы 15—18 ст. каля в.Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр. каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Геранёнскі замак. Рэканструкцыя па матэрыялах М.Ткачова. Мастак Я.Кулік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ ПО́МНІКАЎ АРХІТЭКТУ́РЫ,
галіна археалогіі, якая вызначае месцазнаходжанне рэшткаў загінулых або значна пераробленых помнікаў архітэктуры, вывучае іх, аднаўляе планы і, па магчымасці, рэканструюе фасады і асн. аб’ёмы помнікаў у цэлым.
Да 19 ст.манум. архітэктуру вывучалі гісторыкі архітэктуры і мастацтвазнаўцы, археал. даследаванні мелі дапаможны характар. У 1820—40-я г. ў Зах. Еўропе, у канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі пачаліся навук. даследаванні арх. помнікаў. У 1930—40-я г. вылучылася ў асобную галіну археалогіі. У пасляваен. гады распрацавана методыка археал. вывучэння арх. аб’ектаў, праводзіцца сумеснае іх даследаванне аб’яднанымі экспедыцыямі археолагаў, архітэктараў-рэстаўратараў, гісторыкаў архітэктуры і мастацтвазнаўцаў.
На Беларусі першыя археал. даследаванні арх. помніка зроблены невяд. археолагам у 1790-я г. ў Полацку, у выніку якіх раскапаны падмуркі храматрыконха Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра 12 ст. У 1-й пал. 19 ст. праводзілася візуальнае мастацтвазнаўчае і гіст. архіўнае вывучэнне помнікаў архітэктуры. Рус. і польск. даследчыкі абследавалі шмат помнікаў, зрабілі іх пач. абмеры, вывучалі буд. матэрыялы і сістэмы муровак, сабралі вял. факталагічны матэрыял па гісторыі бел. архітэктуры і спрабавалі яго крытычна асэнсаваць. Часам даследаванні спалучаліся з рамонтна-рэстаўрацыйнымі работамі. Археалогія помнікаў архітэктуры актывізавалася ў канцы 1920—1-й пал. 1930-х г. (працы І.Хозерава, М.Шчакаціхіна). На высокім навук. узроўні праведзены раскопкі полацкіх арх. помнікаў 12 ст., што дазволіла вылучыць іх у самастойную Полацкую школу дойлідства. У пасляваенны перыяд раскопкі М.Вароніна, М.Каргера, П.Рапапорта, В.Булкіна далі магчымасць па-новаму ўбачыць і растлумачыць складаныя працэсы станаўлення і развіцця архітэктуры зах. зямель Стараж. Русі. З канца 1960-х г. пачаліся раскопкі помнікаў 13—18 ст., вынікі іх надрукаваны ў працах М.Ткачова і М.Малеўскай. У апошні час шырока вывучаецца культавая і грамадзянская архітэктура эпохі Адраджэння і барока (раскопкі І.Чарняўскага, З.Пазняка, А.Кушнярэвіча і інш.).
Літ.:
Михайловский Е.В. Реставрация памятников архитектуры. М., 1971;
Раппопорт П.А. О методике археологических раскопок памятников древнерусского зодчества // Краткие сообщения Ин-та археологии АНСССР. М., 1973. Вып. 135;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,
комплекс драўляна-земляных умацаванняў г.Слуцк у 11—18 ст. Самыя раннія ўмацаванні адносяцца да часу заснавання горада, які ўзнік у 11 ст. на гарадзішчы ранняга жал. веку ў сутоках рэк Бычок і Случ. Уяўлялі сабой глініста-пясчаны вал вышынёй каля 6 м, шырынёй 20—22 м у аснове. Па версе насыпу ішоў вастракол вышынёй 4—6 м з дубовых бярвён таўшчынёй 14—16 см, верхні край якога быў завостраны на гранёны конус. Вал ахопліваў усю пляцоўку дзядзінца летапіснага Случаска. За валам каля падэшвы гарадзішча быў выкапаны роў глыбінёй каля 2 м, шырынёй 25 м, які запаўняўся вадой з р. Бычок. Верагодна, у 12—13 ст. існавалі драўляна-земляныя ўмацаванні абапал вакольнага горада, што размяшчаўся на ПнУ ад дзядзінца (іх рэшткі зруйнаваны ў 1960-я г. ў час будаўніцтва).
У 1409 на месцы дзядзінца і вакольнага горада ўзніклі Верхні і Ніжні замкі (гл. ў арт.Слуцкія замкі). Відаць, да 16 ст. Слуцк меў драўляна-земляныя ўмацаванні, знешні выгляд якіх сфарміраваўся яшчэ ў стараж.-рус. час і якія надзейна ахоўвалі яго ад нападаў крымскіх татар у 1502, 1503, 1505, 1506 і войск Міхаіла Глінскага ў 1508 у час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08. Паводле пісьмовых крыніц, у 1509 пачалося буд-ва ўмацаванняў вакол усяго гар. паселішча, што прымыкала да замкаў. Паводле Хронікі Быхаўца, у пач. 16 ст. гэтыя ўмацаванні ахоплівалі Стары горад з замкамі на правым беразе р. Случ і Новы горад (Зарэчча), які размясціўся на яе левым беразе. Як сведчыў маск. дзяк Трыфан Карабейнікаў, які ў 1539 з дыпламат. місіяй наведаў ВКЛ, Слуцк меў драўляна-земляныя ўмацаванні і тым не менш быў «... горада Менска больши и лутчи...». На рубяжы 16—17 ст., калі на бел. землях пачалі пашырацца земляныя ўмацаванні старагаландскага тыпу, Слуцк быў абведзены магутным валам і вадзяным ровам. Непрыступнасць С.г.у. выявілася ў 1655 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, калі 20-тысячнае войска рус.кн. А.М.Трубяцкога 2—6 вер. беспаспяхова вяло аблогу горада. З 27 да 30 вер. войска Трубяцкога, да якога далучылася яшчэ 5 тыс. казакоў І.Залатарэнкі, паўтарыла аблогу і зноў няўдала. Увесь Слуцк, за выключэннем Астроўскага і Трайчанскага прадмесцяў, быў абнесены ўмацаваннямі. Абарончая лінія Старога горада мела выгляд магутнага землянога вала, які дугой апяразваў старую частку горада з У, Пн, З і ўпіраўся сваімі канцамі ў р. Случ. Тут было 12 бастыёнаў рознай канфігурацыі і памераў. Перад земляным валам знаходзіўся роў. Трапіць у Слуцк можна было праз 3 брамы — Астроўскую, Ільінскую (пазней Віленскую) і Капыльскую. Паводле гіст. крыніц, гар. вал дасягаў шырыні не менш як 26,6 м і вышыні каля 8 м. Капыльская і Ільінская брамы мелі аднолькавыя памеры ў аснове — 25,6 × 36,6 м, Астроўская —9,15 × 15,25 м. Цераз вадзяны роў былі перакінуты пад’ёмныя масты. Кварталы Новага места абкружалі вал і роў, якія сваімі канцамі сыходзіліся да р. Случ. Тут мелася 7 бастыёнаў і ўязная драўляная брама — Навамеская. Агульная даўжыня С.г.у. у канцы 18 ст. дасягала амаль 3840 м. На працягу 18 ст. Слуцк заставаўся магутным умацаваннем. У 1780 рас. афіцэры, якія складалі тапагр. апісанне горада, адзначалі непашкоджаны стан яго ўмацаванняў, у т. л. 4 брам. Канчаткова рэшткі С.г.у. бастыённага тыпу знішчаны ў выніку будаўнічых работ у жн. 1986.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;
Калядзінскі Л.У. Умацаванні і ўзбраенне дзядзінца летапіснага Случаска (XII—XIII стст.) // Гіст.-археал.зб.: Памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНІЦТВА,
1) спецыфічная фаза гісторыі сац.-рэв. руху ў Расіі паміж «хаджэннем у народ» (1872—74) і тэрарызмам (1878—81).
2) Сац. дактрына 2-й пал. 19 ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталіст. стадыю развіцця і праз арцель і абшчыну адразу перайсці да сацыялізму (некат. даследчыкі лічаць пачынальнікамі гэтай дактрыны А.І.Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага і адносяць нараджэнне т. зв. «аграрнага сацыялізму» да 1840—60-х г.).
2) Шырокі спектр ідэй і падыходаў, звязаных з цікавасцю інтэлігенцыі да «народа», пераважна сялян і рабочых, іх мыслення, звычаяў, нораваў і г.д. Характэрная рыса Н. як ідэалогіі — перапляценне ідэй рэв. дэмакратыі з сял.утапічным сацыялізмам. Н. падзялялася на рэв. і ліберальную плыні. Рэв. Н. звязвала дасягненне сацыялізму з усерас.сял. паўстаннем; ліберальнае разлічвала на мірны, рэфармісцкі шлях. Філас.-метадалагічную аснову поглядаў Н. складалі пазітывізм (М.К.Міхайлоўскі, П.Л.Лаўроў) і матэрыялізм (П.М.Ткачоў); іх аб’ядноўвала мэта тэарэтычна абгрунтаваць права асобы на сац. актыўнасць, зацвердзіць вядучую ролю сац. ідэала ў пабудове вучэння аб грамадскім развіцці («тэорыя прагрэсу», суб’ектыўны метад у сацыялогіі). Адлюстраваннем прынцыпаў суб’ектыўнай сацыялогіі ў эканам. навуцы з’явіўся «эканамічны рамантызм» (В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон), прадстаўнікі якога імкнуліся пацвердзіць ідэю некапіталіст. развіцця ў Расіі.
У 1860-я — сярэдзіне 1880-х г. у рас. Н. пануючай была рэв. плынь, прадстаўленая шматлікімі тайнымі арг-цыямі і гурткамі, большасць якіх з 1870-х г. знаходзілася пад уплывам «бунтарскіх» ідэй М.А.Бакуніна. Спробай рэалізаваць ва ўсерас. маштабе рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна і Чарнышэўскага стала першая арг-цыя«Зямля і воля» (1861—64). Члены т-ва «ішуцінцаў» (1863—66, лідэры М.А.Ішуцін і І.А.Худзякоў) для прапаганды рэв. ідэй меркавалі стварыць вытв. арцелі і камуны. Адзін з іх, Дз.У.Каракозаў, у крас. 1866 ажыццявіў няўдалы замах на імператара Аляксандра II. Уцалелыя пасля арыштаў «ішуцінцы» ўвайшлі ў тайную змоўшчыцкую арг-цыю «Народная расправа» (1869), лідэр якой С.Г.Нячаеў лічыў магчымым для перамогі «мужыцкай рэвалюцыі» выкарыстоўваць любыя сродкі, у т. л. падман, шантаж, забойствы. «Вялікае таварыства прапаганды», або чайкоўцы (1869—74), лічыла неабходным пашырэнне прапаганды ідэй Н. сярод інтэлігенцыі, а потым у народзе з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. У 1872—73 у Пецярбургу і Маскве дзейнічаў гурток далгушынцаў (заснавальнік А.В.Далгушын), члены якога падзялялі бунтарскія ідэі Бакуніна. Вясной 1873 пачалося і дасягнула найб. размаху ў 1874 падрыхтаванае далгушынцамі, чайкоўцамі і інш.рэв. гурткамі масавае «хаджэнне ў народ» рэв. інтэлігенцыі з мэтай узняць сялян на сацыяліст. рэвалюцыю. Гал. формай работы. сярод сялян была «лятучая прапаганда». Аднак «хаджэнне ў народ» не прывяло і не магло прывесці да сял. рэвалюцыі, амаль усе яго ўдзельнікі (каля 4 тыс.) былі арыштаваны, найб. актыўныя асуджаны па «працэсе 193-х» (1877—78). У 1874 узнікла «Усерасійская сацыяльна-рэвалюцыйная арганізацыя», або группа «масквічоў» (1874—75); яе члены лічылі, што для дзейснай прапаганды на сяле трэба рыхтаваць пасрэднікаў паміж сялянамі і інтэлігенцыяй з ліку рабочых. Другая «Зямля і воля» (1876—79), зыходзячы з вопыту папярэднікаў, імкнулася стварыць цэнтралізаваную рэв. арг-цыю, з мэтай пастаяннай прапаганды рэв. ідэй стварала паселішчы народнікаў у сельскай мясцовасці, але і гэтая дзейнасць не мела поспеху. У 1879 «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» (1879—86) і «Чорны перадзел» (1879—81). Пад уплывам ідэй Ткачова (рэв. змоўніцтва) «Народная воля» перайшла да паліт. барацьбы з мэтай захопу ўлады. Аднак гэтая барацьба звялася да індывід. тэрору з мэтай дэзарганізацыі ўлады і абуджэння народу. Забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 (ажыццявіў І.Я.Грынявіцкі) паказала безвыніковасць і згубнасць такой тактыкі. Да канца 1884 «Народная воля» разгромлена ўрадам. «Чорны перадзел», які адмаўляў непасрэдную паліт. барацьбу і рабіў упор на прапаганду сярод рабочых, да канца 1881 распаўся на асобныя гурткі. Яго б. лідэры Г.В.Пляханаў, Л.Р.Дэйч, В.І.Засуліч і інш. ў эміграцыі перайшлі на паз шыі марксізму і заснавалі ў 1883 у Жэневе с.-д. арг-цыю «Вызваленне працы».
На Беларусі ідэі Н. падзялялі К.С.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.І.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863—64. У канцы 1862 у склад «Зямлі і волі» 1860-х г. увайшоў ваенна-рэв.Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы, 40% членаў якога былі ўраджэнцамі бел.-літ. губерняў. У 1874—84 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у ВНУ Пецярбурга і інш. гарадоў краіны. У стварэнні адной з першых бел. груп «Народнай волі» ў Пецярбургу ўдзельнічаў Грынявіцкі. Пазней са студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага ун-та створана бел.рэв. група «Гоман», якая наладзіла сувязі з Віцебскам, Мінскам і інш.бел. гарадамі, імкнулася стаць цэнтрам арг-цыі «Народнай волі» на Беларусі, у 1884 выдала 2 нумары час.«Гомон». У студз. 1882 створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’яднала гурткі Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай губ. У 1881—83 у Вільні, Мінску, Пінску, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Оршы, Магілёве ўзніклі нарадавольцаў-афіцэраў гурткі, што падпарадкоўваліся непасрэдна ваенна-рэв. цэнтру «Народнай волі». Існавалі на Беларусі і народніцкія гурткі вучнёўскай моладзі. Групы бел.рэв. народнікаў нелегальна выдавалі адозвы, у т. л. «Да беларускай інтэлігенцыі» (1883), «Пасланне да землякоў-беларусаў Шчырага беларуса» (1.1.1884), ліберальныя народнікі — «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае Данілы Баравіка» (16.12.1882). У выданнях бел. народнікаў былі абгрунтаваны ідэі нац.-дзярж. адраджэння Беларусі. Некаторыя ідэі ліберальнага Н. прапагандавала газ. «Минский листок». З дзейнасцю рэв. народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, узнікненне першых рабочых гурткоў.
На фоне ідэйнага краху рэв. Н. з сярэдзіны 1880-х г. пануючай плынню ў народніцкім руху стала ліберальнае Н. (ідэолаг Міхайлоўскі), якое выступала за павелічэнне сял. надзелаў, аднаўленне сялян у грамадз. правах і інш. рэформы пры захаванні асноў дзярж. і грамадскага ладу. Пераемнікамі Н. сталі сацыялісты-рэвалюцыянеры, што аформіліся ў партыю ў 1902 у выніку аб’яднання народніцкіх груп і гурткоў.
Літ.:
Ткаченко П.С. О спорных проблемах истории народничества // История СССР. 1963. №6;
Троицкий Н.А. Большое общество пропаганды 1871—1874 гг. (т.н. «чайковцы»), Саратов, 1963;
Антонов В.Ф. Революционное народничество. М., 1965;
Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;
Пантин И.К. Социалистическая мысль в России: переход от утопии к науке. М., 1973;
Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАЦТВАЗНАЎСТВА
На Беларусі мастацтвазнаўства дастаткова інтэнсіўна развівалася з 1920-х г. і набыло спецыфічныя асаблівасці. На хвалі адраджэння нац. культуры фарміраваліся калектывы мастацтвазнаўцаў, вяліся даследаванні ў галіне выяўленчага мастацтва, архітэктуры, нар. творчасці. Асобныя пытанні гісторыі развіцця бел. мастацтва вывучаў М.Шчакаціхін («Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пачатку XVIII сталецця», 1925; «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны», 1926). У «Нарысах з гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1, 1928) ён прасачыў гісторыю развіцця нац. выяўленчага мастацтва і даў яго навук. перыядызацыю. Плённа працавалі П.Бузук, А.Грыневіч, Я.Дыла, І.Замоцін, М.Красінскі, І.Плашчынскі, якія зрабілі ўклад у станаўленне метадалагічных прынцыпаў вывучэння бел. мастацтва і нар. творчасці. Даследаванні выяўленчага мастацтва даваеннага перыяду прадстаўлены пераважна артыкуламі інфармацыйнага і публіцыст. характару В.Вольскага, І.Гаўрыса, А.Касцялянскага, І.Фурмана. Больш грунтоўны яго аналіз праведзены ў зб-ках «Нарысы выяўленчага мастацтва Беларусі» і «Мастацтва Савецкай Беларусі» (абодва 1940), дзе змешчаны нарысы А.Азірскага, Д.Геніна, М.Грынблата, А.Даліна, М.Керзіна, М.Машкоўцава і інш. пра архітэктуру, скульптуру, графіку, жывапіс, нар. творчасць.
Мэтанакіраванае вывучэнне бел. выяўленчага мастацтва і архітэктуры аднавілася ў пасляваенны час. У 1950-я г. выйшлі зб-кінавук. артыкулаў, прысвечаных розным відам мастацтва: «Мастацтва Савецкай Беларусі» (1955), «Беларускае мастацтва» (1957, 1960, 1962), манаграфія «Беларуская архітэктура. Гістарычны нарыс» М.Кацара (1956). Планамерныя даследаванні заканамернасцей развіцця духоўнай і матэрыяльнай культуры бел. народа пачаліся пасля стварэння ў 1957 Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1-ы дырэктар П.Глебка). Праблемы выяўленчага мастацтва ў 1950—70-я г. распрацавалі Л.Дробаў, А.Воінаў, М.Кацар, П.Масленікаў, У.Чантурыя. Вынікі даследаванняў адлюстраваны ў манаграфіях «Беларуская архітэктура» (1956), «Скульптура Савецкай Беларусі» (1957) і «Нарысы па гісторыі выяўленчага мастацтва Савецкай Беларусі» (1960) М.Кацара, «Гісторыя архітэктуры Беларусі» (1977) і «Архітэктурныя помнікі Беларусі» (1982) У.Чантурыі, «Беларускія мастакі XIX стагоддзя» (1971), «Мастацтва Беларускай ССР» (1972), «Жывапіс Беларусі XIX — пачатку XX ст.» (1974) Л.Дробава, «Беларускі савецкі тэматычны жывапіс» П.Масленікава (1962), «Мастацтва Савецкай Беларусі» М.Арловай (1960). Развіццё бел. керамікі прааналізавана ў кн. «Мастацкая кераміка Савецкай Беларусі» І.Елатомцавай (1965). У 1970-я г. пашырыліся даследаванні ў Бел. тэатральна-мастацкім ін-це, Мінскім ін-це культуры, Дзярж. мастацкім музеі. У аналізе актуальных пытанняў бел. выяўленчага мастацтва пераважаў жанр творчага партрэта. Выйшла серыя кніг пра жывапісцаў, графікаў, скульптараў, мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арыентаваная на шырокае кола чытачоў, у т. л. манаграфіі альбомнага тыпу: «Міхаіл Савіцкі» Э.Пугачовай (1982), «Віталій Цвірка» Б.Крэпака (1985), «Яўген Зайцаў» Ю.Карачуна (1988). У кн. Л.Дробава «Жывапіс Беларусі XIX — пачатку XX ст.» (1974) на гіст. фоне разгледжана станаўленне гіст., бытавога, партрэтнага і пейзажнага жанраў жывапісу, прыведзены звесткі пра жыццё і творчасць вядучых майстроў: В.Ваньковіча, Я.Дамеля, І.Аляшкевіча, І.Хруцкага, Ф.Рушчыца і інш. Працягам тэмы стала яго манаграфія «Жывапіс Савецкай Беларусі» (1979), дзе прааналізавана развіццё бел. жывапісу ў 1917—75. Гісторыі бел. манументальнага мастацтва прысвечаны даследаванні В.Церашчатавай «Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVII ст.» (1986), У.Пракапцова «У пошуках прыгажосці і гармоніі» (1988), А.Сяліцкага «Жывапіс Полацкай зямлі XI—XII ст.» (1992). Станаўленню і развіццю тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва прысвечаны працы «Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі» Г.Барышава (1958), «С.Ф.Нікалаеў» (1970), «Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР» (1973), «Яўген Чамадураў» (1984) П.Карнача.
Гісторыя і тагачасны стан архітэктуры Беларусі дастаткова поўна асветлены ў працах А.Воінава «Гісторыя архітэктуры Беларусі: Савецкі перыяд» (1975), «Гісторыя архітэктуры Беларусі» (т. 2, 1987) і У.Чантурыі «Архітэктура Беларусі канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя» (1962), «Архітэктурныя помнікі Беларусі» (1982), «Атлас помнікаў архітэктуры і мемарыяльных комплексаў Беларусі» (1983), «Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва Беларусі» (1986). Шэраг важных праблем гісторыі бел. архітэктуры разгледжаны ў манаграфіях «Архітэктура Магілёва. З гісторыі планіроўкі і забудовы горада» (1973), «Архітэктура Віцебска» (1980) Т.Чарняўскай, «Замкі Беларусі» (1987) М.Ткачова, «Архітэктура палацава-сядзібных ансамбляў Беларусі: Другая палавіна XVIII — пачатак XIX стагоддзя» (1981), «Архітэктура і мастацтва ракако на Беларусі» (1989), «Эклектыка. Архітэктура Беларусі 2-й паловы XIX — пачатку XX стагоддзя» (2000) А.Кулагіна, «Беларускае народнае дойлідства» (1991), «Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры» (1999) А.Лакоткі, «Дойлідства Беларусі XVI — сярэдзіны XVII ст.» (1991) Ю.Якімовіча, «Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока» (2001) Т.Габрусь і інш. даследчыкаў. Развіццё кніжнай гравюры ў 16—18 ст. і аналіз творчасці Ф.Скарыны, П.Мсціслаўца, М. і В. Вашчанкаў, А. і Л. Тарасевічаў зрабіў В.Шматаў у кн. «Беларуская кніжная гравюра» (1984), «Мастацтва кніг Францыска Скарыны» (1986). Гісторыю развіцця бел.сав. графікі ён разгледзеў у кнігах: «Беларуская графіка 1917—1941 гг.» (1975), «Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг.» (1979) і інш. У 1980-я г. пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон даследаванняў, у т. л. ў вывучэнні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. М.Яніцкая вывучае гісторыю развіцця маст. шкла — «Вытокі шкларобства Беларусі» (1980), «Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX стагоддзя» (1984), «Мастацкае шкло Савецкай Беларусі» (1989). Ганчарства, мастацкая апрацоўка дрэва і металу, салома- і лозапляценне, ткацтва адлюстраваны ў манаграфіях «Народная разьба па дрэву» (1978), «Беларускае народнае мастацтва» (1980), «Беларуская народная кераміка» (1987), «Беларускае народнае мастацкае кавальства» (1990), «Беларуская народная цацка» (1991), «Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» (1996), «Народнае мастацтва Беларусі» (1997) Я.Сахуты. Гісторыя нар. касцюма даследавана ў рабоце «Беларускае народнае адзенне» М.Раманюка (1981). Прафесійнаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву прысвечаны публікацыі «Беларуская кераміка» В.Гаўрылава, «Сучасная беларуская кераміка» В.Жука (абедзве 1984), «Беларускія дываны і габелены» Дз.Трызны (1981), «Беларускае мастацкае шкло» А.Сурскага (1978). Сярод прац па гісторыі бел. скульптуры — «Народная драўляная скульптура Беларусі» (1977) і «Старажытнабеларуская скульптура» (1991) А.Лявонавай, «Партрэтная скульптура Савецкай Беларусі» Э.Петэрсона (1982), «Манументальны летапіс эпохі» І.Елатомцавай (1969), «Беларуская скульптура малых форм» В.Жука (1998). У 1970—80-я г. выйшаў шэраг творчых партрэтаў скульптараў: А.Глебава, А.Заспіцкага, С.Селіханава, А.Бембеля, Л.Гумілеўскага і інш. Манаграфічныя даследаванні ў значнай ступені дапаўнялі альбомныя выданні, якія паступова ад простага ілюстравання твораў мастацтва пераходзілі да навукова-даследчай работы, што найб. выявілася ў выданнях Н.Высоцкай: «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1980; складальнікі Н.Высоцкая і Т.Карповіч), «Пластыка Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў» (1984), «Жывапіс барока» (2003). У выніку комплекснага даследавання гісторыі выяўленчага мастацтва, помнікаў гісторыі і культуры Беларусі падрыхтавана і выдадзена фундаментальнае выданне — «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), якое дае цэласную карціну багацейшай культурнай спадчыны бел. народа і ўключае помнікі археалогіі, гісторыі, архітэктуры і манументальнага мастацтва. Да ліку найбольш значных дасягненняў бел. мастацтвазнаўства адносіцца падрыхтаваная ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі «Гісторыя беларускага мастацтва» ў 6 тамах (1987—94; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), якая змяшчае абагульняльныя даследаванні па архітэктуры, жывапісе, графіцы, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён. У наш час нац. мастацкая культура Беларусі перажывае перыяд свайго адраджэння, ствараюцца групы вучоных, якія вядуць актыўную даследчую працу, займаюцца актыўным працэсам вяртання забытых і згубленых у часе імён майстроў розных відаў мастацтва. Пытанні гісторыі і тэорыі бел. мастацтва разглядаюцца ў часопісах «Мастацтва» (з 1983, да 1991 наз. «Мастацтва Беларусі»), «Архитектура и строительство» (з 1970, да 1996 наз. «Архитектура и строительство Белоруссии»), альманаху «Запіскі Беларускай акадэміі мастацтваў» (з 1998), газетах «Літаратура і мастацтва» (з 1932) і «Культура» (з 1991) і перыядычным друку; праблемы дызайну на Беларусі — у час. «Pro дизайн» (з 2001). Сістэматычнае вывучэнне гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі вядзецца ў сектары выяўленчага мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, у Бел.АМ, Бел. ун-це культуры, пытанні гісторыі і тэорыі архітэктуры — у БНТУ у Мінску.
Літ.:
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Праблемы адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРО́Й САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ ПРА́ЦЫ,
ганаровае званне ў СССР. Устаноўлена 27.12.1938 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Герою Сацыялістычнай Працы ўручалі ордэн Леніна, залаты медаль «Серп і Молат» (устаноўлены Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 22.5.1940) і грамату Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Двойчы Героям Сацыялістычнай Працы на радзіме таксама ставілі іх бронзавы бюст. Пастановай Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 22.8.1988 адменены паўторнае ўзнагароджанне Героя Сацыялістычнай Працы залатым медалём і ўстаноўка бронзавага бюста на радзіме. На Беларусі званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 527 чал. (на 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАТЫКА
Работы па праблемах інфарматыкі на Беларусі пачаты ў 1960-я г. ў працэсе стварэння на Мінскім з-дзе ЭВМ сям’і вылічальных машын «Мінск». Сістэмнае праграмнае забеспячэнне і пакеты навук. праграм агульнага прызначэння распрацоўваліся ў НДІЭВМ і АН Беларусі. Асн. работы вядуцца па праблемах дыскрэтнай аптымізацыі ў Ін-це матэматыкі (ІМ) і Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкі (АІПІ) Нац.АН Беларусі, БДУ; тэорыі аўтам. кіравання — у ІМ, АІПІ, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), Бел.нац.тэхн. ун-це (БНТУ), Ваен. акадэміі (ВА); лагічнага праектавання — у НДІЭВМ, АІПІ, БДУІР, БДУ; аўтаматызацыі праектавання — у АІПІ, Мінскім вытв. аб’яднанні аўтам. ліній, БДУІР, БНТУ; тэорыі і метадах апрацоўкі сігналаў і відарысаў — у АІПІ, БДУ, БДУІР, НВА «Інтэграл», ВА; праграмнага забеспячэння — у НДІЭВМ, АІПІ, ІМ, БДУ, Цэнтр.НДІ арганізацыі і тэхнікі кіравання, НВА «Агат»; аховы інфармацыі — у АІПІ, БДУ, НДІтэхн. аховы інфармацыі, НДІ сродкаў аўтаматызацыі, НДІЭВМ, НВА «Агат»; тэорыі і метадах геаінфармацыйных сістэм — у АІПІ, Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Геаінфармацыйныя сістэмы», Рэсп.навук.-тэхн. цэнтры «Экамір»; інфарм. тэхналогій у медыцыне — у АІПІ, Бел. цэнтры мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі аховы здароўя. (Гл. таксама Інфарматыка).
Сеткавыя і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі і размеркаваная апрацоўка інфармацыі ў рэжыме аддаленага доступу развіваюцца з 1970-х г., калі ствараліся рэгіянальныя і лакальныя камп’ютэрныя сеткі на базе лакальных і аддаленых дысплейных комплексаў для Адзінай сістэмы ЭВМ (ЕСЭВМ). Рэгіянальныя сеткі ствараліся на аснове персанальных ЭВМ з аддаленым доступам з выкарыстаннем мадэмаў па вызначаных тэлеф., валаконна-аптычных і спадарожнікавых каналах сувязі. З 2001 на Беларусі працуе лічбавая сетка з інтэграцыяй абслугоўвання, што спалучае магчымасці агульнай тэлеф. сеткі і сеткі перадачы даных. Глабальная сусветная сетка Інтэрнет забяспечвае доступ да аддаленых інфарм. рэсурсаў з дапамогай Вэбтэхналогіі. Асн. правайдэрам, які забяспечвае паслугі доступу да сеткі, з’яўляецца Рэсп. аб’яднанне «Белтэлеком». У навук. і агульнаадук. галінах створана навук.-інфарм. камп’ютэрная сетка, якая аб’ядноўвае камп’ютэрныя сеткі ў Нац.АН Беларусі (BASNET), БДУ (карпаратыўная сетка БДУ), Мін-ва адукацыі (UNIBEL).
Аўтаматызацыя праектавання як самастойны навук. кірунак сфарміравалася з пачаткам серыйнага выпуску ЭВМ. На базе лабараторый Ін-та матэматыкі і выліч. тэхнікі створаны Ін-ттэхн. кібернетыкі (1965; з 2002 — Аб’яднаны ін-т праблем інфарматыкі Нац.АН Беларусі). У ін-це вядуцца даследаванні працэсаў тэхн. падрыхтоўкі па тэорыі аўтаматызацыі праектавання, а таксама эксперым. і доследна-канструктарскія распрацоўкі ў машына-, авія- і суднабудаванні, радыётэхн., электроннай прам-сці і інш. Прапанаваны класіфікацыя і кадзіраванне інфармацыі, метады рашэння тыповых праектных задач, пабудавання інфарм. мадэлей, фармалізацыі тыповых тэхнал. маршрутаў (Г.К.Гаранскі). Даследаваны працэсы тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, прапанаваны дэдуктыўная тэорыя сістэмна-структурнага мадэліравання працэсаў (В.Дз.Цвяткоў), тэорыя аўтаматызаванага сінтэзу канструкцый спец.тэхнал. аснасткі (А.Г.Раковіч). Распрацаваны метады г праграмныя сродкі аўтаматызацыі складана-рэзальных інструментаў, інструментальных наладак спец. агрэгатных станкоў і аўтам. ліній, станкоў-аўтаматаў (Л.М.Ламбін, Б.І.Сініцын). Даследаваны праблемы інфарм. забеспячэння працэсаў тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці (М.А.Ярмаш), аспекты эрганамічнага праектавання складаных тэхн. сістэм (Г.Р.Маньшын). Прапанаваны падыходы фармалізацыі працэсаў прыняцця рацыянальных рашэнняў складаных праектных задач (Г.М.Левін, В.С.Танаеў). Развіта тэорыя праектавання складаных тэхн. аб’ектаў (А.І.Семянкоў). Праведзены даследаванні па мадэліраванні і аптымізацыі шматпераходных тэхнал. працэсаў (У.І.Махнач), інфарм. працэсаў тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці нерэгулярных канструкцый (С.В.Мядзведзеў), скразных тэхналогій праектавання і вытв-сці складаных вырабаў у машына- і прыладабудаванні (Л.В.Губіч). Даследуюцца метады праектавання сістэм кіравання тэхнал. абсталяваннем (А.І.Дабралюбаў), дыягностыкі складаных сістэм кіравання. Прапанаваны прынцыпы пабудавання аўтаматызаваных сістэм кіравання эксперыментам, інфарм.-вымяральных сістэм (Р.Х.Садыхаў, П.М.Чаголін). Распрацаваны метады і тэорыя аналізу выпадковых працэсаў (А.М.Крот), падыходы да стварэння праграмных комплексаў на базе выліч. сістэм і сетак (Г.В.Рымскі). Даследаваны прынцыпы стварэння праграмна-апаратных сродкаў і распрацаваны эксперым. ўзоры чарцёжна-графічных аўтаматаў (Я.В.Дняпроўскі, В.К.Ерахавец), планшэтных прылад уводу-вываду графічнай інфармацыі (Г.І.Аляксееў). Распрацаваны комплекс дзяржстандартаў і кіруючых дакументаў, якія рэгламентуюць стварэнне аўтаматызаваных сістэм (У.І.Махнач, І.С.Міцяеў, А.І.Семянкоў). Вынікі н.-д. і доследна-канструктарскіх работ укаранёны на мінскіх трактарным і аўтамаб. з-дах, ААТ «Гарызонт», «Віцязь» і інш.
Штучны інтэлект як навук. кірунак сфарміраваўся ў 1970-я г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграмавання, выліч. тэхнікі і інш.Асн. кірункі даследаванняў: сінтэз і распазнаванне мовы, апрацоўка і распазнаванне відарысаў і картаграфічнай інфармацыі, пытанні рэалізацыі сістэм аўтам. аналізу тэкстаў натуральнай мовы (вядуцца ў БДУ і Мінскім лінгвістычным ун-це), распрацоўка нейракамп’ютэраў і нейрасеткавых мадэлей (у Цэнтры інфарм. тэхналогій, БДУІР, Брэсцкім тэхн. ун-це) і інш. У БДУІР з 1995 рыхтуюць спецыялістаў па спецыяльнасці «Штучны інтэлект» і яе спецыялізацыях; вядуцца работы па развіцці і давядзенні да практ. рэалізацыі графадынамічнай парадыгмы прадстаўлення і перапрацоўкі ведаў.
Лагічнае праектаванне — пачатковы этап праектавання дыскрэтных выліч. і кіравальных устройстваў з выкарыстаннем апарата лагічнай алгебры, тэорыі аўтаматаў і лагічных схем, графаў і інш. раздзелаў дыскрэтнай матэматыкі. З 1960-х г. вядуцца работы па стварэнні новых ЭВМ і сістэм аўтаматызаванага праектавання (Г.М.Лапато і інш.). Распрацаваны кананічны метад сінтэзу лагічных схем (А.Ш.Блох), прапанаваны метады аўтам. аналізу і сінтэзу лагічных схем кіравання тэхнал. машынамі (С.І.Акуновіч, А.І.Дабралюбаў). З пач. 1970-х г. у АІПІ пад кіраўніцтвам А.Дз.Закрэўскага развіваецца тэорыя аўтаматызаванага лагічнага праектавання, што прывяло да стварэння сям’і моў і сістэм праграмавання ЛЯПАС (П.М.Бібіла і інш.). Распрацаваны эфектыўныя метады і алгарытмы рашэнняў шэрагу задач лагічнага праектавання, а на іх базе — метады сінтэзу асінхронных аўтаматаў і лагічных схем у канкрэтных элементных базісах, а таксама атрымання правяральных і дыягнастычных тэстаў для іх.
Апрацоўка сігналаў, відарысаў, мовы. У сярэдзіне 1960-х г. у АІПІ, БДУ, БДУІР, ВА пачаліся даследаванні па стварэнні і дастасаваннях аўтаматызаваных сістэм для перадачы, апрацоўкі і захоўвання сігналаў рознай фіз. прыроды (радыёлакацыйных, акустычных, вібрацыйных). У АІШ развіты метады фарміравання выпадковых сігналаў з зададзенымі характарыстыкамі, іх аналізу і ідэнтыфікацыі (А.М.Крот, Р.Х.Садыхаў, П.М.Чаголін), распрацаваны апарат тэарэтыка-полінаміяльнага прадстаўлення дыскрэтных сігналаў (А.М.Крот). З 1970-х г. вядуцца даследаванні ў галіне апрацоўкі відарысаў з дастасаваннямі да апрацоўкі картаграфічнай інфармацыі; закладзены асновы тэорыі апрацоўкі відарысаў (С.У.Абламейка); метады аналізу і распазнавання асн. класаў аб’ектаў відарысаў (С.У.Абламейка, В.В.Старавойтаў), эфектыўныя метады і алгарытмы інварыянтнага параўнання і аналізу геам. аб’ектаў (А.В.Тузікаў), створана тэхналогія складання лічбавых карт (А.М.Кручкоў).
У АІПІ створаны новы навук. кірунак — моўная інфарматыка (Б.М.Лабанаў), распрацаваны метады распазнавання слоў у моўным патоку і сінтэзу моўных сігналаў на аснове тэкставай інфармацыі (Б.М.Лабанаў), новы падыход да распазнавання сігналаў моўных фанем (А.М.Крот, П.П.Ткачова), метады аналізу атрактараў складаных дынамічных сістэм і хаатычных сігналаў (А.М.Крот), метады апрацоўкі і аналізу мед.-біял. сігналаў і відарысаў (С.У.Абламейка, У.В.Анішчанка, А.М.Крот, А.В.Тузікаў).
У 1950—70-я г. ў ВА праведзены тэарэт. і эксперым. даследаванні па стварэнні разнесеных радыёлакацыйных станцый і сістэм. Пазней развіта тэорыя сінтэзу структуры сістэмы аптымальнай апрацоўкі сігналаў на фоне карэляваных перашкод (А.Я.Ахрыменка), развіты асновы тэорыі радыёлакацыйнага распазнавання (А.Я.Ахрыменка, В.І.Курловіч, Т.І.Шаломенцаў). У канцы 1960-х г. у БДУІР распачаты работы па стварэнні касм. спалучаных сістэм перадачы інфармацыі, у сувязі з чым распрацаваны алгарытмы фільтрацыі стахастычных працэсаў і метады супольнай нелінейнай фільтрацыі дыскрэтных і неперарыўных маркаўскіх працэсаў (В.А.Чардынцаў), алгарытмы сінхранізацыі па інфарм. сукупнасцях (У.В.Лосеў). У канцы 1970-х г. у БДУ пачаты даследаванні па мадулярных выліч. структурах для лічбавай апрацоўкі сігналаў (А.Ф.Чарняўскі), для яе створаны высокаскарасныя мадэлі базавых працэдур (А.Ф.Чарняўскі, А.А.Каляда і інш.).
Распазнаванне вобразаў. Сістэматычныя даследаванні ў гэтай галіне на Беларусі праводзяцца з канца 1970-х г.Найб. буйнымі навук. кірункамі даследаванняў з’яўляюцца метады распазнавання вобразаў, якія грунтуюцца на імавернасна-стат. падыходзе, на лагічным падыходзе і на алг. і лагічным пашырэнні эўрыстычных алгарытмаў.
У АІПІ Нац.АН Беларусі пад кіраўніцтвам А.Дз.Закрэўскага распрацаваны лагічны падыход да распазнавання вобразаў у прасторы булевых і мнагазначных прыкмет, прапанаваны камбінаторныя метады выяўлення імплікатыўных заканамернасцей у патоку даных з ацэньваннем іх дакладнасці і пабудавання на іх аснове базы даных, распрацаваны шэраг алгарытмаў рашэння лагічных ураўненняў.
У межах імавернасна-стат. падыходу ў БДУ распрацаваны: тэорыя рабаснага стат. распазнавання вобразаў (Ю.С.Харын), асновы тэорыі ўстойлівай стат. класіфікацыі мнагамерных назіранняў (Я.Я.Жук, Ю.С.Харын); пабудаваны новыя рабасныя ўстойлівыя алгарытмы дыскрымінантнага аналізу (К.А.Дучынскас, У.І.Малюгін, А.Г.Мядзведзеў), кластэр-аналізу (Я.Я.Жук, Ю.С.Харын), распазнавання «разладак» (М.С.Абрамовіч, А.М.Мельнікава, П.П.Рогач), імавернасна-стат. мадэліравання складаных сістэм (С.В.Агіевіч, В.А.Галінскі, С.М.Сталеўская). У БДУ праводзіліся даследаванні ў межах дэтэрміністычнага падыходу да рашэння задач распазнавання вобразаў (В.У.Краснапрошын, М.А.Лепяшынскі, Ю.В.Плотнікаў), распрацаваны алг. і лагічныя пашырэнні эўрыстычных алгарытмаў (У.А.Абразцоў, С.І.Кашкевіч, В.У.Краснапрошын), вывучаліся ўласцівасці карэктнасці, манатоннасці, устойлівасці, пытанні складанасці рэалізацыі пабудаваных сем’яў алгарытмаў (У.А.Абразцоў, А.Л.Канавалаў, С.І.Кашкевіч, В.У.Краснапрошын), даследаваліся невыразныя распазнавальныя сістэмы з семантычнымі ўласцівасцямі (У.А.Абразцоў, С.І.Ватлін, І.П.Кавалёў, В.У.Краснапрошын). Даследаванні па распазнаванні вобразаў у дастасаванні да апрацоўкі відарысаў вядуць навук. школы С.У.Абламейкі і Р.Х.Садыхава.
Геаінфармацыйныя сістэмы. Гэты навук. кірунак, звязаны з геагр.інфарм. сістэмамі (ПС) і ГІС-тэхналогіямі, інтэнсіўна развіваецца з канца 1970-х г., калі пад кіраўніцтвам А.І.Семянкова быў выкананы шэраг работ у галіне лічбавай картаграфіі. Атрыманы тэарэт. і практычныя вынікі па аўтаматызаваным распазнаванні картаграфічных відарысаў і стварэнні лічбавых мадэлей мясцовасці (С.У.Абламейка, А.М.Кручкоў, А.Г.Пратапопаў, А.В.Старцаў), стварэнні банкаў картаграфічнай інфармацыі (А.К.Сутурын, М.А.Ярмаш), стварэнні і абнаўленні марскіх карт (С.П.Борычаў, С.А.Шаўроў), апрацоўкі касм. здымкаў (Б.С.Берагаў і інш.). У АІПІ створана сям’я прылад уводу-вываду графічнай інфармацыі (Г.І.Аляксееў, Я.В.Дняпроўскі, В.К.Ерахавец і інш.). У Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Геаінфармацыйныя сістэмы» распрацаваны тэхналогіі выяўлення лясных пажараў і маніторынгу стану лясоў паводле даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, мадэліравання надзвычайных сітуацый на хімічна небяспечных аб’ектах. Дастасаванні ГІС-тэхналогій да лясной гаспадаркі Беларусі развіваюцца ў Бел.тэхнал. ун-це, унітарным прадпрыемстве «Белдзяржлес» і НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі. У ААТ «Пеленг» вядуцца работы па стварэнні метадаў і тэхналогій атрымання высокадакладных лічбавых мадэлей мясцовасці. Метады і сродкі арганізацыі экалагічнага маніторынгу навакольнага асяроддзя распрацоўваюцца ў Рэсп.навук.-тэхн. цэнтры «Экамір», Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства. Распрацоўкай ГІС-тэхналогій для аператыўнага кантролю катастрафічных паводак займаюцца ў БДУ і УП «Белдзіправадгас». Ваенныя дастасаванні ГІС-тэхналогій вядуцца ў ВА.
Прылады ўводувідарысаў. Даследаванні па аўтаматызацыі ўводу графічнай інфармацыі пачаліся ў сярэдзіне 1960-х г. У АІПІ пад кіраўніцтвам П.М.Чаголіна быў выкананы шэраг работ па аналізе эксперым. графікаў і пераўтварэнні складаных форм графічных даных. У 1968 была сфармулявана (А.Расказаў) ідэя пабудавання індукцыйных вымяральнікаў каардынат. Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудавання (Мінск) распрацавана сям’я дыгітайзераў серыі ЭМ (У.П.Зуеў, Г.П.Шадурскі). У 1984 гэтая тэматыка перададзена Доследна-канструктарскаму бюро машынабудавання (ДКБМ) пры з-дзе «Эвістар» (г. Віцебск). З 1983 наладжана супрацоўніцтва АІПІ і ДКБМ, у выніку якога распрацаваны тэарэт. асновы дыгітайзераў разгортвальнага пераўтварэння, элементы тэорыі дыгітайзераў неперарыўнага дзеяння і інш.
З 1979 у АІПІ разам з Цэнтр.КБАН Беларусі разгорнуты работы па стварэнні спецыялізаванай аўтаматызаванай картаграфічнай вытв-сці, створана сям’я высокадакладных (з хібнасцю да 0,1 мм) дыгітайзераў «ПЛАНШЭТ» (Г.І.Аляксееў, М.С.Люкевіч). У 1989—90 група спецыялістаў з АІПІ і Цэнтр.КБАН Беларусі і ГППЗ «Аптрон» пад кіраўніцтвам Г.І.Аляксеева распрацавала тэорыю і методыку праектавання ноніусных дыгітайзераў (Г.І.Аляксееў, А.І.Грэкаў) і зрабіла канструктарскую дакументацыю на дыгітайзеры серыі УВГ1. З 2000 у АІПІ вядуцца даследаванні па пафрагментным растравым уводзе відарысаў малафарматнымі планшэтнымі сканерамі. Распрацаваны спосаб камплексавання дыгітайзераў і планшэтных сканераў, што забяспечвае аўтам. вызначэнне становішча і арыентацыі сканера ў каардынатнай сетцы дыгітайзера (Г.І.Аляксееў, В.А.Мільман і інш.) з захаваннем аўтаномнай работы дыгітайзера і сканера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА 1950 — пач. 2000-х гадоў
Паэзія. У паэзіі пасляваен. дзесяцігоддзя (1945—55) як адным з найб. аператыўных відаў эстэт. ўспрымання, рэалізаванага ў малых жанравых формах, адчувальна акрэсліваліся нават нязначныя зрухі маст. мыслення, характэрныя для літаратуры ў цэлым. Вайна на многія дзесяцігоддзі прадвызначыла тэматыку і праблематыку, пэўныя асаблівасці маст. характараў, пафас твораў бел. пісьменнікаў: вершы і паэмы Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, М.Танка і інш. З тэмай вайны прыйшлі ў літаратуру паэты, якія вярталіся з фронту, партызан, падполля. Некат. з іх былі ўжо добра вядомыя ў 1930-я г., іншыя толькі пачыналі свой творчы шлях: М.Аўрамчык, А.Вялюгін, С.Дзяргай, К.Кірэенка, П.Панчанка, П.Прануза, П.Прыходзька, А.Пысін, А.Русецкі і інш. У літаратуру прыйшлі зах.-бел. паэты М.Васілёк, М.Засім, М.Машара, В.Таўлай. Жыццёвы і творчы вопыт, набыты ў экстрэмальных умовах ваен. выпрабаванняў, фарміраваў непаўторнасць творчай індывідуальнасці, грамадз. і мастакоўскую зарыентаванасць светапогляду. У шматлікіх паэт. зборніках асн. матывы — радасць перамогі і вяртання да мірнага жыцця, услаўленне гераізму, велічы нар. подзвігу ў гады вайны і працоўнага энтузіязму, тэма радзімы, дружбы, кахання, асуджэнне антыгуманнай сутнасці вайны: зб-кі «Ранак ідзе» (1945) і «Пасля навальніцы» (1947) К.Кірэенкі, «На сотай вярсце» (1945) і «Камуністы» (1949, 1951) А.Куляшова, «Шырокае поле вайны (1945), «Поступ» (1950), «Святло Радзімы» (1952), «Моваю сэрца» (1955) М.Лужаніна, «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (1947), «За шчасце, за мір» (1950) і «Шырокі свет» (1955) П.Панчанкі, «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954) П.Броўкі, «Вастрыце зброю», «Праз вогненны небасхіл» (абодва 1945), «Каб ведалі» (1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954) М.Танка, «Шляхі» (1947), «Подых вясны» (1950), «Зоры вясеннія» (1954) А.Бачылы, «Нашай славы зара» (1947) і «Размова аб шчасці» (1948) П.Глебкі, «Голас сэрца» (1947), «Салдаты міру» (1951) і «Ранак над Эльбай» (1952) П.Прыходзькі, «Добры дзень» (1948) і «Зямля мая» (1952) А.Астрэйкі, «Пярэдні край» (1949), «Дружба» (1950), «Шляхамі дружбы» (1952) М.Аўрамчыка, «Сонца ў блакіце» (1949) і «У вялікім паходзе» (1952) М.Калачынскага, «Разгневаная зямля» (1946), «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954) П.Пранузы, «З розных крыніц» (1950) і «Мая эстафета» (1954) Р.Сабаленкі, «Наш дзень» А.Пысіна, «У заўтрашні свет» А.Русецкага (абодва 1951), «Дарогай шчасця» А.Бялевіча (1952), «Вачыма будучыні» С.Дзяргая (1953), «Мой таварыш» М.Смагаровіча (1955). Новыя зрухі ў грамадскім жыцці, адбудова нар. гаспадаркі — тэмы зб-каў «Новае рэчышча» А.Куляшова (1948), «Мая рэспубліка» К.Кірэенкі (1949). Абнаўленню побыту тагачаснай вёскі прысвечаны паэмы «Хлеб» (1946), «Родныя берагі» (1948), «Добры друг» (1949) П.Броўкі, «Кладкі Градоўскага» М.Лужаніна (1949), у якіх побач са значнымі дасягненнямі (адметнасць стылю, удалыя вобразныя знаходкі, адухоўленасць пачуццяў лірычнага героя) шмат неабавязковага, другаснага, інфармацыйна-рэпартажнага, прадыктаваныя часам ідэалагемы. Гэта датычыць і паэм «Рыбакова хата» Я.Коласа (1941—47), «Грозная пушча» А.Куляшова, «Бацька Дняпро» А.Вялюгіна (абедзве 1955). Выразна люструецца ў тагачаснай паэзіі парадная атмасфера пераможных салютаў: зб-кі «Крамлёўскія зоры» А.Астрэйкі (1945), «Свята», «Чалавек-сонца» (абодва 1947), «Светач» (1950) А.Бялевіча, «Салют у Мінску» А.Вялюгіна (1947), «Салдаты міру» П.Прыходзькі (1951) і інш. Аднак у паэзіі ўсё настойлівей прабіваўся голас паэта-франтавіка — сведкі і непасрэднага ўдзельніка ваен. падзей. Вайна стала гал. тэмай у творчасці франтавога пакалення.
Лепшыя пасляваен. творы вылучаюцца шчырасцю і непасрэднасцю лірычнага перажывання, яркімі фарбамі, дынамікай дзеяння. У іх палітры бясконцыя шляхі-дарогі вядуць да роднай хаты і ў неабсяжны сусвет. Апорныя вобразы, вынесеныя, як правіла, у назвы кніг або асобных твораў, перадаюць не толькі агульны мажорны настрой, а і своеасаблівы душэўны стан, узрушанасць лірычнага героя. Урачыста песенныя інтанацыі і светлыя колеры пераважаюць нават там, дзе маст. сюжэт заснаваны на падзеях і фактах, поўных смутку і жальбы («Песня пра чатыры магілы» П.Панчанкі, 1945). З паасобных уражанняў паступова стваралася мазаіка гіст. часу — жыцця і побыту чалавека на вайне, якая непрыкметна перарастала ў маст.-дакумент. хроніку: вершы «Прыдарожны гушчар», «Салдацкая сляза», «Памяці Міколы Сурначова» М.Аўрамчыка, «Няўзяты форт» (пазнейшая назва — «Сталінградская легенда») А.Вялюгіна, «Зварот» П.Глебкі, «Франтавік» П.Панчанкі. Асаблівая паслядоўнасць і кінематаграфічная дакладнасць уражанняў непасрэднага ўдзельніка падзей вылучае нізку вершаў «Салдацкі штодзённік» М.Лужаніна, гэта споведзь пра напоўненыя драматызмам салдацкія будні, дзе асабістае, прыватнае вырастае да маштабаў агульназначнага і ўспрымаецца як маналог франтавога пакалення, ад імя якога гаворыць паэт. У цяжкія часіны нярэдка парушаюцца ўсталяваныя сувязі мікра- і макрасвету, узмацняецца адчуванне язычніцкага яднання чалавека з прыродай. У эстэт. малюнку асабліва акрэсленымі становяцца праявы антрапамарфізму, пантэістычныя ўяўленні. Прырода «ажывае», абагаўляецца, дапамагае раскрыццю духоўнага свету чалавека, асобы (верш «Пачатак» М.Лужаніна).
У лірычным роздуме ваен. і пасляваен. гадоў значнае месца займае лёс Беларусі: вершы «Радзіма мая дарагая» А.Бачылы, «Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі...» П.Броўкі, «Беларусь, Беларусь!..» А.Вялюгіна, «Беларусі» П.Глебкі, «Жыві, Беларусь!» Я.Коласа, «Кожны з нас прыпасае Радзімы куток...» П.Панчанкі, «Ты будзеш жыць, Радзіма!» М.Танка. Вобраз Радзімы, роднай зямлі пазначаны драматызмам, асабліва ў творах, напісаных пад уражаннем убачанага і перажытага ў чужых краінах: вершы «З ташкенцкай торбы» Я.Коласа, германскага цыкла М.Лужаніна.
Спосабы сатыр. тыпізацыі найб. плённа адчуваюцца ў жанры байкі: кн. «Мы іх ведаем» (1950), «Байкі» (1953) У.Корбана, «Вершы і байкі» Э.Вадасевіча (1954). Вострасатыр. вершы і байкі пісалі А.Бачыла, М.Лужанін, П.Панчанка. Акцэнты сатыр. высмейвання перамясціліся з аб’ектаў ваен. часу (ворагі) у сферы мірнага жыцця і побыту грамадства (выявы розных антыграмадскіх анамалій ва ўзаемадачыненнях, паводзінах і ўчынках людзей). З сярэдзіны 1950-х г., пераадольваючы розныя ідэалагічныя бар’еры, хібы «тэорыі бесканфліктнасці», паэзія ўзыходзіла на новыя вышыні, пазначаныя прыкметамі найбольш поўнай самарэалізацыі творчай асобы: значна пашырыліся далягляды паэзіі, павысіўся яе інтэлектуальны ўзровень, пабагацеў духоўны свет лірычнага героя. У філас. роздуме над надзённымі праблемамі адчуваецца драматызм часу, акрэсліваецца магутны патэнцыял гадамі назапашанай творчай энергіі. У выніку літ. дыскусій 1960—70-х г. павысіліся патрабаванні да маст. твораў. Выпрацаваліся пэўныя маст. арыенціры, эстэт. крытэрыі. Узорамі непераўзыдзенага майстэрства, якімі вымяралася маст. вартасць тагачаснай паэзіі, сталі кнігі: «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1962) П.Броўкі, «Чатыры стыхіі» (1962), «Свята ў будзень» (1964) С.Дзяргая, «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964) М.Танка, «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970) А.Куляшова, «Пры святле маланак» (1966), «Вячэрні цягнік» (1977) П.Панчанкі, «Мае мерыдыяны» (1965), «Твае далоні» (1967) А.Пысіна, «Служба святла» (1967), «Зямля гаворыць зорам» (1971) А.Русецкага і інш. У іх засведчаны адметнасць мыслення, непаўторнасць кожнай творчай індывідуальнасці, што пацвярджаецца сплавам лірызму, эпічнай шырыні, драматызму маст. перажывання, публіцыстычнай адкрытасці, выразнасці грамадз. пазіцыі. Паэтыка М.Танка, напр., спалучае ў сабе нар.-песенныя вытокі і некат. асаблівасці авангардысцкай плыні. У эпіцэнтры яго эстэтыкі прысутнічае творчая асоба, сам паэт, думкі і назіранні, якія разбягаюцца кругамі і ўцягваюць у сваё «поле» новую прастору. У філас. роздуме А.Куляшова паяднаны імгненні і вечнасць, зямное і астральнае, былое і наступнае. Акрамя зямнога і касм. ёсць трэці свет — звычайны чалавек.
Па-новаму, з больш глыбокім псіхалагізмам пераасэнсоўвалася тэма вайны, даследавалася псіхалогія чалавека на вайне, у экстрэмальных умовах: творы М.Аўрамчыка, А.Вялюгіна, А.Пысіна, А.Русецкага. У 2-й пал. 1950-х г. да творчай працы вярнуліся рэпрэсіраваныя пісьменнікі: А.Александровіч, С.Грахоўскі, У.Дубоўка, А.Звонак, С.Новік-Пяюн, А.Пальчэўскі, П.Пруднікаў, Я.Пушча, М.Хведаровіч, С.Шушкевіч. Выйшлі ў свет кнігі Ц.Гартнага, У.Дубоўкі, А.Дудара, Я.Пушчы, М.Чарота, што было неабходным для ўзнаўлення літ. працэсу і паўнаты ўяўлення пра маст. традыцыі 1920—30-х г., а таксама кнігі «Залаты лістапад» М.Хведаровіча (1957), «Дзень нараджэння» (1958), «Памяць» (1965) С.Грахоўскага, «Запаветнае» (1961), «Неспакойныя сэрцы» (1973) А.Звонака і інш. З сярэдзіны 1950—60-х г. першымі кнігамі дэбютавалі паэты т.зв. філалагічнага пакалення: «Паходныя кастры» С.Гаўрусёва, «Першы след» П.Макаля (абедзве 1955), «Песня ў дарогу» Н.Гілевіча (1957), «Не ўсе лугі пакошаны» М.Арочкі, «Матчына душа» У.Караткевіча, «Сакавік» Е.Лось, «Вясновыя барозны» У.Нядзведскага (усе 1958), «Маладзік над стэпам» Р.Барадуліна, «Белыя каштаны» І.Калесніка, «На юначым шляху» А.Лойкі, «Шэпчуцца ліўні» Ю.Свіркі, «Золак над Бярозай» А.Ставера, «Такія сэрцы ў нас» К.Цвіркі (усе 1959), «Майская просінь» Г.Бураўкіна, «Узлётная паласа» У.Паўлава, «Сонечны дождж» Я.Сіпакова (усе 1960), «Дзявочае сэрца» Д.Бічэль-Загнетавай (1961), «Вочы вясны» В.Вярбы, «Песня пра хлеб» А.Вярцінскага, «Абветраныя далягляды» Г.Кляўко, «Неба ўсміхаецца маланкаю» А.Наўроцкага (усе 1962), «Вогненная камета» В.Макарэвіча, «Першыя вёрсты» М.Рудкоўскага (абедзве 1963), «Магістраль» А.Грачанікава, «Белае дзіва» А.Кавалюк, «Асколкі і росы» Р.Тармолы (усе 1964), «Крэсіва» В.Зуёнка, «Едуць маразы» М.Маляўкі, «Азбука» А.Сербантовіча (усе 1966), «Спатканне» М.Дуксы, «Непазбежнасць» М.Купрэева, «Кастры Купалля» С.Панізніка (усе 1967), «Раўнавага» С.Блатуна, «Свежасць» Я.Міклашэўскага, «Вернасць» В.Ракава, «Зямля — магніт» М.Федзюковіча (усе 1968), «Гром на зялёнае голле» Ю.Голуба, «Раніца» В.Іпатавай, «Восеньскія позвы» К.Камейшы, «Буслы над аэрадромам» У.Скарынкіна (усе 1969) і інш. У літаратуру ўваходзіла пакаленне дзяцей вайны. Усе пакуты і боль, перажытыя дзецьмі і падлеткамі, выліліся на старонкі іх кніг: «Бязбацькавічы» Г.Бураўкіна, «Я не глытала па акопах дыму» В.Вярбы, «Песня пра асколак» У.Караткевіча, «Дзяўчаты мінулай вайны» Е.Лось і інш. Драматызм лірычнага перажывання асабліва адчувальны ў творах «Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня», «Рэквіем па кожным чацвёртым» А.Вярцінскага, у араторыі «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына», паэмах «Недзяленя», «Заручыны» Н.Гілевіча. Да ліраэпічнага жанру звярнуліся Р.Барадулін (паэмы «Блакада», «Балада Брэсцкай крэпасці»), В.Макарэвіч («Мацярык маленства»). Тэма вайны знайшла глыбокае асэнсаванне ў творчасці пісьменнікаў франтавога пакалення, якія як бы занава прачытвалі драм. і трагічныя калізіі вогненных гадоў, даследавалі чалавека ў экстрэмальных абставінах, што асабліва характэрна прозе В.Быкава, паэзіі А.Пысіна (вершы «Іван-чай», «Палім мы маршанскую махорку», «Пярэдні край», паэма «Белы камень»). Балючая памяць перажытага ў вайну склала асн. змест многіх твораў З.Астапенкі, М.Аўрамчыка, А.Бачылы, А.Вялюгіна, К.Кірэенкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, П.Панчанкі, А.Русецкага. Болем асабістага суперажывання напоўнена паэма «Голас сэрца» П.Броўкі (1960), прысвечаная маці паэта. якая загінула ў канцлагеры ў Асвенціме. У 1970—80-я г. выйшлі першыя кнігі: «Агонь» Н.Мацяш, «Адраджэнне» А.Разанава, «Снежныя грамніцы» Я.Янішчыц (усе 1970), «Вуліцы без назваў» У.Дзюбы (1972), «Прыпяць» У.Верамейчыка, «Абеліск» Х.Жычкі, «Бяседа» С.Законнікава, «На мове шчасця» Г.Каржанеўскай, «Бацькоўскі парог» І.Скурко, «Ядлоўцавы куст» М.Стральцова (усе 1973), «Рамонкавы бераг» Р.Баравіковай, «Захапленне» Т.Бондар, «Паклон» В.Жуковіча, «Сакавік» Л.Забалоцкай, «Жураўлінае вясло» У.Лісіцына (усе 1974), «Касавіца» В.Гардзея, «Радар» Н.Загорскай, «Прадвесне» П.Марціновіча, «Кляновік» Г.Пашкова (усе 1975), «Адкрыццё» У.Някляева, «Уваходзіны» В.Яраца (абедзве 1976), «Хлеб і соль» Х.Гурыновіча, «Абеліск у жыце» М.Мятліцкага (абедзве 1980), «Белая бярэзіна» С.Басуматравай (1981), «Планета маёй душы» К.Жука, «Пад спеў крыніц» У.Мазго, «Пад небам бусліным» З.Марозава, «Зоркі ў кронах» У.Марука (усе 1982), «Вандроўнік» Л.Дранько-Майсюка, «Скразная лінія» А.Каско, «Белы камень» А.Пісьмянкова, «Смага ракі» Л.Тарасюк (усе 1983), «Таемнасць агню» Л.Галубовіча (1984), «Чаравікі маленства» І.Багдановіч, «Цвет алешыны» А.Канапелькі, «Адведзіны рамонкавай паляны» Л.Паўлікавай (усе 1985), «Сінтэз» Г.Булыкі, «Сурма» А.Мінкіна (абедзве 1986).
У мастакоўскай палітры паэтаў 1970 — пач. 80-х г. драматызм памяці цесна пераплецены з памкненнямі да прыгожага, узвышанага. У параўнанні з папярэднікамі ў іх творах значна больш светлых колераў. Выявы памяці, спраектаваныя на сучаснасць, неслі ў сабе моцны зарад творчай энергіі, паспяхова рэалізаваліся ў лірыка-эпічных жанрах: паэмы «Кульмінацыя» С.Законнікава, «Даведка аб нараджэнні» У.Някляева, «Ясельда» Я.Янішчыц і інш.
Лепшыя творы канца 1950 — пач. 1980-х г. пазначаны глыбокім інтэлектуальна-філас. роздумам, зваротам да нар. вытокаў, да спрадвечных маральна-этычных і эстэт. каштоўнасцей: «Падземныя замкі», «Зямля Міцкевічаў» М.Арочкі, «Трэба дома бываць часцей», «Неруш» Р.Барадуліна, «Песня пра хлеб», «Мы жывём, каб вяртацца...» А.Вярцінскага, «Зямля бацькоў, Лагойшчына мая...», «Ах, якая над Гайнаю ноч!...» Н.Гілевіча, «Беларуская песня» У.Караткевіча, «Бацькаўшчына» М.Стральцова, «Ave Maria», «Дарога на Нарач» М.Танка. Увасабленне найлепшых чалавечых якасцей, усяго светлага, высакароднага, зямнога і сакральнага — у вобразе Маці (вершы і паэмы Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча, А.Лойкі, Е.Лось і інш.). Суб’ектыўна-індывідуальны пачатак (унутр. свет чалавека, яго пачуцці, перажыванні) у паэзіі А.Вярцінскага, Р.Барадуліна, В.Іпатавай, У.Караткевіча, Н.Мацяш, А.Разанава, М.Стральцова, Я.Янішчыц. Лірычны герой у многім летуценнік, рамантык, філосаф, першаадкрывальнік касм. прасторы і пакарыцель цаліны ў вершах «Радасць гэткая ў сэрцы не месціцца...» Г.Бураўкіна, «Спадарожніку Зямлі» У.Караткевіча, «Дарога да зор» П.Макаля, «Белыя яблыні» П.Панчанкі і інш. Роздум над глабальнымі праблемамі часу, трывога за лёс чалавецтва перад пагрозай ядзернай катастрофы, экалагічныя, сац.-бытавыя пытанні патрабавалі звароту да вялікіх жанравых форм: паэмы «Яго Вялікасць» (1964) і «Айкумена» (1981) А.Русецкага, «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970) А.Куляшова. Грамадз. вартасць асобы, маральна-этычная трываласць народа вывяраліся разам з гіст. і сац.-бытавымі абставінамі. Прадметна-вобразная канкрэтыка спалучалася з умоўна-асацыятыўнымі абстракцыямі, нар.-песеннай стыхіяй у паэмах «Слёзы Раданы» (1967) і «Трыпутнік» (1976) К.Кірэенкі. Драматызм часу асабліва адчувальны ў паэмах «Маналог» (1966), «Варшаўскі шлях» (1968), «Хамуціус» (1975) А.Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.Танка (1978), «Суд Алаізы» В.Коўтун (1985). Рэаліі сівой даўніны ўзноўлены ў драм. паэмах «Крэва» (1982), «Судны дзень Скарыны» (1988) М.Арочкі, «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» П.Бітэля (1984), «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай (1990—91). Да гіст. тэматыкі пастаянна была скіравана ўвага У.Караткевіча: вершы «Сырцовыя цагліны», «Паўлюк Багрым», «Скарына пакідае Радзіму», «Шляхі Ігната Буйніцкага» і інш.
З сярэдзіны 1980-х г. у паэзіі пачаўся перыяд, пазначаны абнаўленнем эстэт. мыслення, істотнымі рысамі якога сталі памкненне да разняволенасці, пазбаўленне ад звыклых, стэрэатыпных ідэалагем, акцэнтацыя нац. ідэі, узмацненне публіцыстычнасці і кантрастнасці бачання навакольнага свету, канфліктнасці лірычнага перажывання: зб-кі «Каліна зімы» Я.Янішчыц (1987), «Лісты да цябе» В.Коўтун, «Горкі жолуд» П.Панчанкі (абодва 1988), «Пан Лес» А.Сыса (1989), «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995) А.Бадака, «Горад-утопія» В.Шніпа (1990), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992) Р.Барадуліна, «Высокі бераг» (1993), «Зямля ў мяне адна» (1996) П.Панчанкі, «На высокім алтары» Н.Гілевіча (1994), «Заклён на скрутны вір» А.Вялюгіна, «Пісьмы з гэтага свету» В.Зуёнка, «На зломе лёсу» А.Русецкага, «Чорна-белы свет» П.Шруба (усе 1995), «Прошча» У.Някляева, «Адзінокая зорка» Л.Сом, «Errata» М.Танка (усе 1996), «Журавінавы востраў» Г.Пашкова (1998), «Межань» В.Гардзея, «Душою з небам гаварыць» Н.Мацяш (абодва 1999), «Неўміручасць» А.Лойкі (2000) і інш.
У канцы 1980 — пач. 1990-х г. па-новаму асэнсоўваецца гіст. лёс Беларусі, Бацькаўшчыны. Паэтаў хвалявала занядбанасць роднай мовы, гіст. памяці народа, абыякавасць да сваіх родавых каранёў: вершы Д.Бічэль-Загнетавай, Л.Галубовіча, Н.Гілевіча, П.Панчанкі, А.Разанава, Л.Рублеўскай і інш. Хрысціянскія матывы прагучалі ў кн. «Вялікдзень» І.Багдановіч (1993), «Божа мой, Божа» Д.Бічэль-Загнетавай (1993), «Капліца» В.Аксак (1994), «На высокім алтары» Н.Гілевіча (1994), «На рэштках Храма» В.Шніпа (1994), «Евангелле ад Мамы» Р.Барадуліна (1995), «Аддай асалоду Богу» Л.Раманавай (1997) і інш. З сярэдзіны 1980-х г. свет убачылі творы, раней не апублікаваныя: «Паэма тугі» А.Бачылы (1987), у якой завострана ўвага на негатыўных наступствах гвалтоўнай калектывізацыі, раскулачванні і «рассяляньванні» сялянства. Выйшлі кнігі вязняў ГУЛАГа: «Белы сон» Л.Геніюш (1990), «І радасць і боль» С.Грахоўскага (1987), «Святлацені» А.Звонака (1992), «Пароша» П.Пруднікава (1996) і інш. У друку з’явіліся публікацыі твораў паэтаў бел. эміграцыі.
У паэзіі мяжы 20—21 ст. існуюць разнастайныя кірункі маст. пошукаў. Найчасцей перавага аддаецца зладжана гарманічнай мадэлі свету, не пазбаўленай аднак -шматфарбнасці і кантрасту каляровай гамы, што асабліва характэрна для пейзажнай лірыкі, паэзіі хрысціянскага зместу і вершаў пра каханне: «Каханне» (1987), «Сад на капялюшыку каханай» (1998) Р.Баравіковай, «Споведзь бяссоннай душы» Л.Галубовіча (1989), «Шчаслівай долю назаві...» Н.Мацяш (1990), «Хачу назваць цябе каханым» Т.Бондар (1991), «Случарыны» В.Аколавай (1994), «Стомленасць Парыжам» Л.Дранько-Майсюка (1995), «Рабро Адама» Т.Мушынскай (1999), «Валошкі памяці» А.Камароўскага (2002) і інш. Урбаністычныя матывы займаюць значнае месца ў творчасці А.Дуброўскага, М.Касцюкевіча, А.Мінкіна, Л.Рублеўскай, С.Шах і інш. Побач з рамант. плынню (паэма «Прошча» У.Някляева, кн. «Замак месячнага сяйва» Л.Рублеўскай, 1992) узмацняецца трагізм, асабліва ў творах чарнобыльскай тэматыкі, дзе ўвага акцэнтавана на экалагічных праблемах, найперш даследуецца разбуральнае ўздзеянне атрутнага ядзернага распаду на «экалогію душы» чалавека, асобы: кн. вершаў «Палескі смутак» (1991), «Бабчын» (1996) М.Мятліцкага, «Начное сонца» В.Куртаніч (1994), «Летазлічэнне» А.Канапелькі (1999), паэмы «Чорная быль» С.Законнікава (1987), «Лілея на цёмнай вадзе» (1987—2000) М.Башлакова і інш.Літ. працэс канца 20 ст. фарміруецца не ў адрыве ад фалькл. і літ. (нац. і сусв.) традыцый, постмадэрнісцкіх кірункаў і плыней: кн. «Турмалін» Г.Булыкі (1994), «Гліна. Камень. Жалеза» А.Разанава (2000) і інш. Паэты прымушаюць загаварыць прадметы, хімічныя рэчывы, з’явы прыроды, сутнасць якіх адкрывае неабсяжны філас. падтэкст, выяўляе неабмежаваныя магчымасці ўмоўна-асацыятыўных сувязей і вобразна-метафарычных абстракцый.
У канцы 20 ст. выдадзены першыя кнігі маладых паэтаў: «Вяртанне» А.Аркуша, «Першапутак» Л.Пранчака, «Агмень» А.Сыса (усе 1988), «Бацькоўскі дом» Т.Мельчанкі (1989), «Кальварыйскія клёны» С.Адамовіча, «Пяшчота ліўня» Э.Акуліна, «Крытычная маса» П.Вераб’ёва, «Белыя птахі» В.Дэбіша (усе 1990), «Ноч» Ю.Пацюпы (1991), «Водар цела» Ю.Гуменюка, «Калядная вячэра» А.Дэбіша (абедзве 1992) і інш. На Беларусі плённа працавала і працуе група паэтаў, якія пішуць на рус. мове. Выйшлі ў свет кн. «Жанчына пад яблыняй» (1962), «Шукаю чалавека» (1988) С.Яўсеевай, «Галіны» (1969), «Зімовае святло» (1985) Н.Кісліка, «Памяць» (1969), «Дням цяперашнім» (1972), «Светлыя зімовыя ночы» (1982) Ф.Яфімава, «Гарыць вогнішча ўспамінаў» (1990) Г.Шутэнкі, «Ясень» (1973), «Вербніца» (2002) Б.Спрынчана, «Твар твой» (1982), «Споведзь» (1990) А.Дракахруста, «Вечаровыя цені» (1977), «Мой дом» (1988) Э.Скобелева, «Зямля і зоркі» (1981), «Святло непадзельнае» (1990) В.Спрынчана, «Сухія кветкі» (1995), «Альфа і амега» (2001) А.Скарынкіна і інш.
Сучасны этап развіцця бел. паэзіі прадаўжае і развівае асн. тэндэнцыі ўсёй бел. літаратуры.
Проза. Развіццё прозы 2-й пал. 20 ст. абумоўлена грамадскім быццём і іманентнымі магчымасцямі маст. свядомасці народа. 1-я пал. 1950-х г. адзначана з’яўленнем шэрагу буйных твораў, напісаных пісьменнікамі старэйшага пакалення і тымі, хто прыйшоў у літаратуру ў час Вял.Айч. вайны. У 1954 Я.Колас завяршыў працу над трылогіяй «На ростанях», П.Пестрак — раманам «Сустрэнемся на барыкадах» — панарамнай карцінай жыцця і змагання працоўных Зах. Беларусі. Шматбакова ўзноўлены нядаўнія падзеі Вял.Айч. вайны ў эпічных творах «Векапомныя дні» М.Лынькова (1948—58), «Мінскі напрамак» І.Мележа (1950—52), «Расстаёмся ненадоўга» А.Кулакоўскага (1953—54). Аповесць «У Забалоцці днее» Я.Брыля (1950), раманы «Святло над Ліпскам» М.Паслядовіча (1949—52), «У добры час» І.Шамякіна (1953) пра пасляваен. жыццё бел. вёскі. Для прозы гэтага часу характэрны тэндэнцыі спрошчанага, схематычнага падыходу да адлюстравання рэчаіснасці, што тэарэтычна абгрунтоўвалася «тэорыяй бесканфліктнасці». З 2-й пал. 1950-х г. літаратура, асабліва проза, умацоўвае сувязі з рэчаіснасцю, становіцца больш праўдзівай і шчырай. Фактар непасрэднай адпаведнасці жыццю становіцца асноўным у вызначэнні характару літаратуры. Празаічныя творы ўражваюць больш жыццёвай, адкрыта ідэйнай навізной, чым мастацкай. Тагачасная грамадская патрэба праўды жыцця і праўдзівасці, шчырасці голасу аўтара ярка і адкрыта засведчылі сябе ў лірычнасці і публіцыстычнасці, у звароце да жывога факта і дакумента. Новыя тэндэнцыі выявіліся ў аповесцях «На Быстранцы» Я.Брыля (1955), «Нявестка» (1956), «Дабрасельцы» (1958) А.Кулакоўскага, у нарысах-апавяданнях І.Шамякіна (1953—60). Характэрным для творчасці гэтых пісьменнікаў, як і для літаратуры наогул, быў выразны і моцны сатыр. струмень. У 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. у прозу прыйшлі В.Адамчык, А.Асіпенка, В.Быкаў, У.Дамашэвіч, У.Караткевіч, А.Карпюк, І.Навуменка, І.Пташнікаў, Б.Сачанка, М.Стральцоў, І.Чыгрынаў, пазней — А.Кудравец, П.Місько. Проза стала больш праўдзівай і багатай у адлюстраванні жыцця і выяўленні пачуццяў, больш дасканалай і разнастайнай сваімі маст. якасцямі. Вызначальныя якасці буйных празаічных твораў 1960—1-й пал. 1980-х г. — праўда жыцця, адлюстраваная ў літаратуры і ўзятая як сістэма фактаў у іх шырокім гіст.-часавым ахопе, у гіст.-сац. абумоўленасці, і шчырасць аўтарскіх адносін да яе, увасобленая не толькі ў эмацыянальнай атмасферы, але і ва ўсёй маст. сістэме: раманы «На парозе будучыні» (1961), «Гарадок Устронь» (1968), «Шэметы» (1980) М.Лобана, «Людзі на балоце» (1961), «Подых навальніцы» (1965), «Завеі, снежань» (1976) І.Мележа, «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (1979) І.Навуменкі, «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля (1963), «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978), «Петраград—Брэст» (1983) І.Шамякіна, «Засценак Малінаўка» А.Чарнышэвіча (1964), «Каласы пад сярпом тваім» (1965), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), «Чорны замак Альшанскі» (1979) В.Караткевіча, «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983) І.Чыгрынава, «Чужое неба» (1975), «Вялікі Лес» (1984) Б.Сачанкі, «Пушча» В.Карамазава (1978), «Чужая Бацькаўшчына» (1977), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985) В.Адамчыка, «Неруш» В.Казько (1981), «Знак бяды» В.Быкава (1982); аповесці Я.Брыля, В.Быкава, А.Васілевіч, А.Жука, А.Кудраўца і інш. Для гэтых твораў характэрна шырыня ахопу жыцця, моцная грамадска-сац. насычанасць, гуманістычнасць аўтарскай канцэпцыі. Важныя гіст. падзеі асэнсоўваліся і пераасэнсоўваліся аўтарамі ў іх непасрэднай суаднесенасці з канкрэтным жывым чалавекам. І ад таго, што вобраз чалавека суадносіўся з важнымі сац. падзеямі, ён узбуйняўся, набываў ідэйна-маст. значнасць. Менавіта ў такіх вобразах выразна адчуваецца непаўторная духоўная асоба аўтара, яго ўзровень эстэт. мыслення, здольнасць раскрываць гісторыю народа ў сац. змесце, паказваць сучаснасць, яе духоўны і грамадскі патэнцыял. Адпаведнасць самым актуальным грамадска-сац. праблемам сучаснасці ў І.Шамякіна; глыбокая заземленасць у стыхію нар. жыцця і важнасць праблематыкі ў І.Мележа; шырыня і актыўнасць духоўных пошукаў у Я.Брыля; пякучы роздум над лёсам простага чалавека ў часы вайны, мэтанакіраванае сцвярджэнне яго каштоўнасці ў В.Быкава; жаданне, даследуючы нар. жыццё ў вайне, разабрацца ў няпростых людскіх лёсах у І.Навуменкі, Б.Сачанкі, І.Чыгрынава; выяўленне глыбінь нар. характару, сцвярджэнне яго маральнай сілы і прыгажосці ў І.Пташнікава; імкненне праз шэрую штодзённасць убачыць драматызм і прыгажосць жыцця ў А.Кудраўца; палкае жаданне далучыць сучасніка да гісторыі народа, глыбокае яе даследаванне і ўслаўленне ў У.Караткевіча.
З’явіліся і іншыя творы гіст. жанру: «Англіцкая сталь» (1966), «Дыярыуш Мацея Белановіча» (1976) Б.Сачанкі, «На струнах буры» Л.Арабей (1967), «Прадыслава» В.Іпатавай, «Мсціслаўцаў посах» Э.Ялугіна (абодва 1971), «Пры апазнанні — затрымаць» В.Хомчанкі, «Петраград—Брэст» І.Шамякіна (абодва 1983), «Памяць пра легенды» К.Тарасава (1984). Для В.Іпатавай і К.Тарасава гіст. тэма ў далейшай іх творчасці стала асноўнай. І.Мележ і М.Лобан шукалі ў мінулым вытокі тых сац. з’яў, якія асабліва турбавалі іх грамадз. сумленне.
Свет І.Мележа — багаты рэальны свет простых людзей у іх адзінстве з прыродай, у душэўнай шчырай сувязі з зямлёй, у супярэчлівым, складаным бытавым і сац. перапляценні. Жыццё ў «Палескай хроніцы» ўспрымаецца як бы роўнае, тоеснае самому сабе, г.зн. як жыццё рэальнае. Шырынёй гіст. погляду, глыбінёй сац. даследавання, маштабнасцю і моцным напаўненнем аўтарскай думкі, тонкім, бездакорным аналізам псіхалогіі зусім непадобных сваім унутр. зместам чалавечых характараў, эпічнай разгорнутасцю і глыбока асабістымі адносінамі да ўсяго, што адбываецца, майстэрствам маст. жывапісу, глыбока арганічным адчуваннем нар. моўнай стыхіі «Палеская хроніка» стала адным з самых значных дасягненняў бел. літаратуры. Форма хронікі, яе жанравая і сюжэтна-кампазіцыйная структура, спакойная, паглыблена-нетаропкая манера апавядання, задуменна-лірычны агульны тон як нельга лепш адпавядаюць падзеям, жыццёваму матэрыялу, што з’яўляюцца рэальнай асновай твора.
Эпічна-хранікальная панарамная форма ўзнаўлення рэчаіснасці ў 1960-я г. і пазней была даволі пашыранай і мела прыкметныя набыткі: творы В.Адамчыка, А.Васілевіч, М.Лобана, І.Мележа, І.Навуменкі, Б.Сачанкі, А.Чарнышэвіча, І.Чыгрынава. У 1960—80-я г. тэма вайны, партыз. барацьбы стала для бел. літаратуры нац. тэмай: па значнасці маст. набыткаў, па колькасці напісанага, па ахопе і глыбіні даследавання жыццёвага матэрыялу. Асобнае месца ў бел. прозе на тэму Вял.Айч. вайны займаюць творы В.Быкава. У аповесцях «Жураўліны крык» (1960), «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962), «Пастка» (1964) вызначальнай рысай была крывавая праўда вайны, якую называлі акопнай. Паступова жыццёвы матэрыял вайны, напоўнены драматызмам, выкарыстоўваецца і для вырашэння маральна-этычных задач сучаснасці. Трансфармуецца і жанравая структура, яна становіцца гранічна цэнтраімклівай і ідэйна жорсткай. «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць» (1965), «Праклятая вышыня» (1968), «Сотнікаў» (1970), «Яго батальён» (1975), «Знак бяды» (1982), «Кар’ер» (1986) — найб. характэрныя, творча і жанрава вызначальныя на творчым шляху пісьменніка.
Адметнае месца ў ваен. прозе і па праблематыцы, і па маст. якасцях займае раман «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля. Гэты раман — адзін з самых асабістых твораў пісьменніка не толькі паводле духоўна-эмацыянальнай напоўненасці, але і насычанасці падзеямі і фактамі аўтабіягр. характару і зместу. «Птушкі і гнёзды» — так метафарычна выказана ў самой назве асн. думка твора. Радзіма — сюжэтна-кампазіцыйны і ідэйны цэнтр рамана.
Пра жахі вайны, пра знішчэнне цэлых вёсак з людзьмі, пра неверагоднасць здзейсненага сказалі пісьменнікі пакалення дзяцей вайны: Б.Сачанка ў аповесці «Апошнія і першыя» (1966), І.Пташнікаў у аповесці «Тартак» (1967). Пазней былі створаны «Хатынская аповесць» (1972), «Карнікі» (1980) А.Адамовіча, «Суд у Слабадзе» В.Казько (1978), кніга-памяць «Я з вогненнай вёскі...» А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка (1975).
З’явіліся раманы і аповесці, у якіх паўстае ўсенар. гераічная трагедыя: «Пушчанская адысея» (1964) і «Партрэт» (1982) А.Карпюка, «Вогненны азімут» А.Асіпенкі (1965), «Сярод ночы» (1968), «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980) Л.Арабей, «Мы з Санькам у тыле ворага» (1968), «Мы — хлопцы жывучыя» (1970) І.Сяркова, «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), «Белы сокал» (1981), «Маршрут ад Клічава», «Хлебарэз» (абодва 1983) А.Кулакоўскага, «Калянае лісце» П.Місько (1979), «Верай і праўдай» (1976), «Літасці не чакай» (1982), «Памерці заўсёды паспееш» (1983) А.Савіцкага, «Вяртанне ў агонь» В.Хомчанкі (1978), «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985) А.Марціновіча, «У падзямеллі» (1983) і «Палон» (1989) М.Аўрамчыка, пенталогія «Трывожнае шчасце» (аповесці «Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965), «Шлюбная ноч» (1975), «Гандлярка і паэт» (1976) І.Шамякіна.
Літаратура гэтага перыяду звярталася і да праблем сучаснасці. Раманы «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978) І.Шамякіна, «Непрыкаяны маладзік» А.Асіпенкі (1971), яго ж аповесць «Жыта» (1966), раман «Васількі» А.Кулакоўскага (1972), аповесці «Німфа» У.Дамашэвіча, «Запіскі Занядбайлы» Б.Сачанкі (абедзве 1977) — творы, якія адгукаюцца на надзённыя пытанні. Літаратура 1960—80-х г. сцвярджае самакаштоўнасць, самаўдасканаленне чалавечай асобы. Чалавек і абставіны, чалавек і навакольны свет, чалавек і грамадства — вызначальныя кірункі маст. даследавання чалавека, яго духоўна-творчых памкненняў.
Раманы «Мсціжы» (1970) і «Алімпіяда» (1984) І.Пташнікава надзелены жыццёвасцю ў сваіх падзеях, сітуацыях, характарах, абставінах і разам з тым насычаны паэтычнасцю. У аповесці «Раданіца» (1970) і рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984) А.Кудраўца сцвярджаецца і развіваецца традыцыя праўдзівасці і чалавечнасці ў асэнсаванні звычайнага, штодзённага жыцця. Такая тэндэнцыя адбілася на творчасці пісьменнікаў, якія прыйшлі ў бел. прозу пазней: А.Варановіч, В.Гігевіч (у першых кнігах), Г.Далідовіч, А.Жук, Л.Калодзежны. У гэты перыяд раскрыўся і талент Я.Брыля: аповесці «Ніжнія Байдуны» (1975), «Золак, убачаны здалёк» (1978), нарысы, эсэ, мініяцюры.
Апавяданні, эсэ «Загадка Багдановіча» (1968), аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970) М.Стральцова пазначаны тонкім адчуваннем рухаў чалавечай душы, дакладнасцю акварэльнага малюнка, чысцінёй эмацыянальнага тону, высокапашанлівымі адносінамі да слова. Моцны лірычны пачатак уласцівы і прозе Я.Сіпакова: кн. «Крыло цішыні» (1976), «Жанчына сярод мужчын» (1980); філас. прыпавесці.
Змены, што адбываліся з сярэдзіны 1980-х г. у значнай ступені закранулі духоўную сферу жыцця. Перыяд перабудовы і пачатку новага этапу адраджэння ў значнай ступені працягваў працэс, распачаты ў нац. літаратуры ў 2-й пал. 1950—60-х г., — да канца рэабілітаваў літаратуру мінулага, далучыў яе да гіст.літ. кантэксту, тым самым узбагаціўшы і значна паглыбіўшы яго. Сучасная літаратура адчула больш багатую, больш разнастайную нац. аснову. Пераклады сусв. літаратуры на бел. мову далучылі нац. літаратуру да сусв.літ. працэсу. Новы літ. перыяд вылучыў на першы план агульназначныя моманты бытавання і існавання літаратуры: мастак і жыццё, жыццёвая і маст. праўда. Адчуванне і разуменне новага, яго ўваходжанне ў творчы працэс, у творчае самаадчуванне адбывалася ў мастакоў слова паступова і псіхалагічна даволі складана. Чула рэагуе на рэаліі часу Я.Брыль: аповесць «Муштук і папка» (1990), кн. «Пішу як жыву», «Вячэрняе» (абедзве 1994), «Дзе скарб ваш» (1997). У творах, напісаных тымі, хто перажыў турмы, высылкі, найперш выклікае цікавасць сама рэальнасць, сведчанні часу, праяўленні чалавечых магчымасцей: «Такія сінія снягі» (1988), «Зона маўчання» (1990), «З воўчым білетам» (1991) С.Грахоўскага, «Яжовыя рукавіцы» (1989), «Пекла» (1991) П.Пруднікава, «Мая Галгофа» Я.Бяганскай (1990), «Споведзь» Л.Геніюш (1991), «Аповесць для сябе» Б.Мікуліча (1993), «Успаміны Платона Крэня» (1998) і яго «Унжлаг» (1999). Бел. проза спрабуе паказаць трагічны мацярык пакут і смерці ў самых розных праявах, што прымушае чалавека задумацца пра сябе, іншых, народ.
З сярэдзіны 1980-х г. В.Быкаў стварае аповесці «У тумане» (1988), «Аблава» (1989), «Сцюжа» (1991), «Пакахай мяне, салдацік» (1995), «Ваўчыная яма» (1998), «Балота» (2001), кнігі апавяданняў «Сцяна» (1997), публіцыстыкі і эсэістыкі «Крыжовы шлях» (1998), прыпавесцей «Пахаджане» (1999), застаючыся паслядоўным у сцвярджэнні асноватворных маральных і эстэт. прынцыпаў. Для В.Быкава самае важнае — пазнаць магчымасці чалавека, выявіць у ім ступень духоўнасці і меру чалавечнасці.
У творах І.Шамякіна сучаснасць вымяраецца штодзённым жыццём, побытавымі клопатамі і турботамі, таму ацэнкі таго, што адбываецца ў жыцці, публіцыстычна выкрывальныя: аповесці «Paradis auf Erden» (1992), «Вернісаж» (1993), «Слаўся, Марыя!», «Роздум на апошнім перагоне» (абедзве 1998). Пісьменнік, чыя творчасць у папярэднія гады была па-сапраўднаму моцная вобразамі станоўчых герояў, носьбітаў перадавых для свайго часу грамадскіх ідэй, блізкіх яму самому, у сённяшнім жыцці станоўчага героя не бачыць: аповесці «Выкармак» (1996), «Звіхрэнне» (1998), раман «Губернатар» (2000). Па-сапраўднаму станоўчых герояў, людзей высокіх грамадскіх ідэалаў, сумленных, шчырых І.Шамякін знаходзіць у мінулым: у ваен. гадах («Зеніт») або сярод сваіх блізкіх («Слаўся, Марыя!»).
Пазіцыя прызнаваць у мінулым толькі нязначныя недахопы выразна праглядаецца ў раманах «Лабірынты страху» А.Асіпенкі (1992), «Цень крумкачовага крыла» А.Марціновіча (1991). І.Навуменка звяртаецца пераважна да мінулага, каб паказаць духоўны рост свайго любімага героя: «Дзяцінства» (1991), «Падлетак» (1993), «Юнацтва» (1994), «Любімы горад» (1996). Па-іншаму глядзіць у мінулае і ўспрымае сучаснасць А.Адамовіч у аповесцях «Венера, альбо Як я быў прыгоннікам» (1992), «Vixi» (1993). Мінулае для яго не толькі напоўнена паэзіяй і здзіўленнем адкрыцця свету, бо якраз у мінулым ён бачыць праявы жорсткасці, несправядлівасці, бесчалавечнасці.
У 1986—2000 — гады вял. змен і ўзрушэнняў, рэзкай змены этычных і эстэт. каштоўнасных арыенціраў і крытэрыяў. В.Адамчык раманам «Голас крыві брата твайго» (1990) скончыў тэтралогію пра трагічны лёс зах.-бел. вёскі ў часы даваен. і ваен. ліхалецця. І.Чыгрынаў раманамі «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1994) завяршыў пенталогію — шырокае эпічнае палатно пра партыз. вайну ў бел. вёсцы. Непасрэдна асабісты пачатак становіцца вызначальным у творчасці Б.Сачанкі. Эсэістыка і публіцыстыка пранізваюць усё ім напісанае. Асаблівую цікавасць ён праяўляе да гісторыі, піша пра малавядомыя старонкі жыцця і творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, драм. лёс бел. эміграцыі, духоўныя набыткі, нар. побыт і звычаі як выяўленне характару і светапогляду («Вечны кругаварот», 1986), родныя мясціны Палесся («Родны кут», 1987), маці («Пад сузор’ем сярпа і молата», 1993), чарнобыльскую бяду («Запіскі аб радыяцыі», «Паездка ў зону», абодва 1990). Апавяд. «Львы» (1987), «Арчыбал» (1988), «Францужанкі» (1997), «Тры пуды жыта» (1998), «Пагоня» (1999), «Ірга каласістая» (1996), матэрыялы мемуарнага характару «Што застаецца ў памяці» (1992), «Ненапісаная аповесць» (2002) І.Пташнікава з’яўляюцца арганічным развіццём усяго напісанага ім раней. Пісьменнік паглыбіў філас. змест, давёў ранейшае драм. гучанне да сапраўды трагічнага, пашырыў жанравыя межы апавядання за кошт яго ўзбагачэння жыццёвым матэрыялам і за кошт паглыбленай вобразнай сістэмы. Для твораў А.Кудраўца канца 20 ст. характэрна выяўленне і сцвярджэнне ў звычайным чалавечым жыцці праяў высокіх духоўных якасцей, таго, што робіць чалавека прыгожым, што выпраменьвае цяпло дабрыні (аповесць «Двое за нізкім столікам», 1991). Чуйна ўлоўлівае этычныя і эстэт. запатрабаванні сучаснасці Я.Сіпакоў: аповесці «Кулак» (1989), «Блуканні па іншасвеце» (1994), кн. паэм у прозе «Ахвярны двор» (1991), прытчаў «Тыя, што ідуць» (1993) і інш. Ва ўсіх яго творах, аб’яднаных павагай да чалавека, клопатам пра яго і болем за яго, адчуваецца подых гісторыі, далёкага і больш блізкага мінулага, бачыцца жаданне ўбачыць будучыню. Пастаяннай скіраванасцю на адкрыццё новага, на пошук вызначаюцца творы В.Казько. Ён не надта імкнецца пашыраць жанравую прастору сваёй творчасці, не гоніцца за найноўшымі эстэт. павевамі. У пошуках адказу на пытанні, якія ставіць сённяшняе жыццё, ён і яго героі звяртаюцца да мінулага, захаванага асабіста іх памяццю, а таксама да мінулага, якое захоўвае нар. памяць у міфах і паданнях. Пошукі адказу на пытанні маральнага зместу, сэнсу быцця ў сучасным свеце абумоўліваюць ускладненасць маст. формы і вобразнай структуры: «Сад, або Заблытаны след рамана» (1986), «Но Пасаран» (1990), «Прахожы» (1995), «Да сустрэчы» (1997), «Бунт незапатрабаванага праху» (2001).
Адной з самых значных тэм бел. літаратуры канца 20 ст. стала Чарнобыльская катастрофа: публіцыстыка А.Адамовіча, раман «Злая зорка» І.Шамякіна (1993), «Чарнобыльская малітва» С.Алексіевіч, аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» В.Казько (1991), «Краем белага шляху» В.Карамазава (1992), «Імем Айца і Сына» Т.Бондар (1993), «Ваўчыная яма» В.Быкава (1998), дакумент. аповесць «Сталі воды горкія» В.Гігевіча і А.Чарнова (1991), творы У.Глушакова, І.Канановіча, Л.Левановіча, Б.Сачанкі і інш. Агульная тэндэнцыя даверу літаратуры да жыцця народа, да гісторыі, даверу да асабістага вопыту і ў сувязі з гэтым узмацненне суб’ектыўнага пачатку ў маст. форме па-свойму выявіліся ў творах пісьменнікаў, дзяцінства якіх прыпала на гады вайны: раманы «Шчыглы» (1986), «Дзікая ружа» (1992), «Сіняе лета» (1998) Л.Левановіча, «Хлопцы, чые вы будзеце?» П.Місько (кн. 1—2, 1989—92), «Закон прыцяжэння» (1987) Я.Радкевіча, «Трэба было жыць» А.Рыбака (1990), «Не праспі сваю долю» У.Дамашэвіча (1993), «Уліс з Прускі» (2000), «Усход» У.Гніламёдава (2003); аповесці «Вырай» В.Блакіта (1986), «Кім і Валерыя» (1986), «Перавал. Лісты да сына» М.Гіля (1997), «Адна — долі жадна» (1993), «Лішнія дзеці, або Амплітуда жаданняў» (1999) У.Дамашэвіча, «Падарунак маладым» (1986), «Палескае лета» М.Капыловіча (1996), «Мёртвая крыніца» Я.Міклашэўскага, «Мы з Санькам — артылерысты...» І.Сяркова (абедзве 1989), «Імярэк» М.Клебановіча, «Трывожна шумяць ясакары» Н.Маеўскай (абедзве 1992), «На маяку», «Чаромхавыя халады» (абедзве 1993) М.Воранава, «Лесавікі» А.Масарэнкі (1994), «Узяць пад варту ў зале суда» Л.Левановіча (1995), «Кельты не ўміраюць» А.Лойкі (1997), «Пад схіленым дрэвам» (1997), «Бог чуе таго, хто плача» (2000) У.Паўлава, «Ніль Адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999), «Самыя кароткія ночы» П.Місько, «Валацуга» А.Варановіча (абедзве 2000) і інш. У аповесці «Сны пра маму» А.Жука (1997), кн. «Мама» У.Ліпскага (1999), паэме ў прозе «Кукавала зязюля» З.Прыгодзіча (2000) маці ўвасабляе вёску, свет вёскі, з’яўляецца носьбітам тых адвечных каштоўнасцей, якія назапашваліся ў душы чалавека праз яго ўзаемаадносіны з зямлёй, з навакольным светам. Драматызмам вылучаюцца аповесці «Лес» Х.Лялько (1986), «Праклятая любоў» А.Жука (1990), «Ці то грэбля, ці то гаць» (1996), «Бласлаўлёныя зёлкі» (1997) В.Гардзея і інш. Становішча вёскі як аснова нац. самаадчування прымушае думаць пра гісторыю народа, пра дзяржаўнасць. З такога разумення гісторыі ўзнікла трылогія Г.Далідовіча: раманы «Гаспадар-камень» (1986), «Пабуджаныя» (1988), «Свой дом» (1989). Асобныя адказы на пытанні, пастаўленыя сучаснай вёскай — пытанні сац.-гаспадарчага і духоўнага зместу — шукае пісьменнік і ў гадах пасляваен. (раман «Заходнікі», 1992).
У канцы 20 — пач. 21 ст. з’явілася літаратура гіст. зместу і характару. Звяртаецца да гісторыі І.Шамякін. Далёкая мінуўшчына зацікавіла А.Карпюка (аповесць «Белая Дама», 1991). Нац.-рэв. падзеі 19 ст. ў аснове аповесці «Стрэл у акно» В.Хомчанкі (1988). Велічная постаць бел. друкара, асветніка і філосафа ўвасоблена ў рамане-даследаванні «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» А.Лойкі (1989). Я.Сіпакоў звярнуўся да язычніцкага мінулага. Зварот да гісторыі надаў творчасці пісьменнікаў сапраўднае сучаснае гучанне, забяспечыў яе нац. аптымізм, вызначыў сённяшнюю духоўную запатрабаванасць. Творчы роздум над мінулым і сучаснасцю народа скіравалі ўвагу Г.Далідовіча ў 13 ст. да бел.дзярж. вытокаў: раман «Кліч роднага звона» (1999). Дзякуючы гіст. раманам «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (1990) творчасць Л.Дайнекі стала набыткам нац. літаратуры. У раманах «Залатая жрыца Ашвінаў» (1999), «Альгердава дзіда» (2001), аповесцях «За морам Хвалынскім», «Агонь у жылах крэменю» (абедзве 1989), «Вяшчун Гедзіміна» (2000) В.Іпатавай гіст. аснова, насычанасць канкрэтным матэрыялам, займальны сюжэт, жывая форма апавядання, псіхалагічна дакладныя і духоўна змястоўныя чалавечыя характары. Раман «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун [1988) прысвечаны жыццёваму і творчаму лёсу Цёткі.
Асаблівасць сучаснага літ. працэсу — наяўнасць у ім прыкметнай плыні фантаст. зместу. Нават у творах пісьменнікаў рэаліст. светаўспрымання ёсць сюжэты, сітуацыі, калізіі, вобразы, матывы выразна фантаст. характару: прыпавесці В.Быкава, аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» (1991), «Прахожы» (1995) В.Казько, «Блуканні па іншасвеце» Я.Сіпакова (1994) і інш. У найб. ступені фантаст. элемент прысутнічае ў творчасці пісьменнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў 1980—90-я г. Момант навуковасці ўласцівы фантаст. раманам «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» Л.Дайнекі (1992), «Не забывай пра дом свой, грэшнік» (1989), «Кентаўры» (1993) В.Гігевіча, яго аповесцям «Карабель» (1988), «Марсіянскае падарожжа» (1989), «Палтэргейст» (1992).
З 2-й пал. 1980-х г. выходзяць кнігі аповесцей і апавяданняў У.Арлова «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Рандэву на манеўрах» (1992), «Пяць мужчын у леснічоўцы» (1994) і інш., а таксама аповесці А.Федарэнкі «Гісторыя хваробы» (1989), «Смута» (1991), «Такое кароткае лета» (1994), «Вёска» (1995), «Шчарбаты талер» (1997) і інш. Выразна заявілі пра сябе А.Асташонак, Г.Багданава, А.Казлоў, А.Наварыч, У.Рубанаў, Л.Рублеўская, Б.Пятровіч, Ю.Станкевіч, У.Ягоўдзік і інш. У сучасным літ. працэсе проза ўсё больш узбагачаецца і пашыраецца новымі творамі.
Драматургія. У 2-й пал. 20 ст. прыкметна павялічылася ўвага да бел. драматургіі і на ўзроўні ўрадавых інстанцый, і ў асяроддзі непасрэдных творцаў — пісьменнікаў, тэатр. работнікаў, выдаўцоў. Прыняты шэраг урадавых пастаноў, скіраваных на паляпшэнне спраў у драматургіі і тэатры. На гэты ж час прыпадае адзін з самых інтэнсіўных прытокаў новых сіл. Актывізавалася публікацыя п’ес у перыёдыцы і асобнымі выданнямі. З другога боку, «тэорыя бесканфліктнасці» стала адной з прычын адставання драматургіі. Лакіроўка, прыхарошванне рэчаіснасці, паказ канфліктаў добрага з лепшым уласцівы п’есам «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Дарагі госць» Ю.Рудзько (абедзве 1950), «Неспакойныя сэрцы» А.Кучара (1952), «Стопрацэнтны фечасан», «Як пасцелеш — так і выспішся» (абедзве 1953), «У ціхім кутку» (1954) А.Рылько, «Гарачыя галовы» У.Краўчанкі, «Наталля Крыўцова» А.Маўзона (абедзве 1954) і інш. Нават К.Крапіва паказваў рэчаіснасць пасляваен. калгаснай вёскі ў залішне мажорных фарбах. Яго лірычная камедыя «Пяюць жаваранкі» (1950) напісана таленавіта, прынамсі, такіх яркіх — па перадачы падзейнага антуражу (сцэны сватання), па моўнай каларыстыцы (багацце метафар, параўнанняў, афарызмаў), па майстэрстве псіхал. характарыстыкі персанажаў было не шмат, аднак ёй уласціва аблегчанасць асэнсавання рэальных супярэчнасцей жыцця. К.Крапіва, адчуўшы на сваім уласным вопыце, якую шкоду прыносіла бесканфліктнасць усім жанрам літаратуры, і асабліва драматургіі, з артыкуламі «Аб сатырычнай камедыі» (1953) і «Канфлікт — аснова п’есы» (1954) выступіў супраць ідэалагічнай рэгламентацыі творчага працэсу. Пад уздзеяннем «тэорыі бесканфліктнасці» драматургію паступова пакідаў высокі накал страсцей і пачуццяў, маральныя катаклізмы ўсё часцей выцясняліся спакойнымі сцішанымі калізіямі, што прывяло да паслаблення псіхалагізму, кампазіцыйнай аморфнасці, хадульнасці пафасу, здрабнення характараў і тэм. Самым актыўным барацьбітом з «тэорыяй бесканфліктнасці» быў А.Макаёнак. Надрукаваўшы шэраг аднаактовых п’ес «Добра, калі добра канчаецца» (1945), «Перад сустрэчай», «Першае пытанне» (абедзве 1950), «Аксеніна цялушка» (1951), «Жыццё патрабуе» (1960), у якіх асэнсаванне рэчаіснасці рэалізоўвалася ў аб’ектывізавана-ілюстрацыйных формах, ён у 1953 завяршыў сатыр. камедыю «Выбачайце, калі ласка», у якой рэзка, бескампрамісна высмеяў практыку бяздушнага адміністравання, паказушніцтва і ашуканства. Гэтая камедыя атрымала значны грамадз. і маст. рэзананс, стала пачынальніцай пратэстнай плыні ў сав. драматургіі. Да гэтай плыні адносяцца таксама сатыр. камедыі «У ціхім завулку» А.Маўзона (1955), «На крутым павароце» К.Губарэвіча (1956), у якіх востра ставілася праблема маральнай адказнасці чалавека перад сабой, грамадствам і часам. З’явілася і новае: выкрыццё мяшчанства, крытыка чыноўніцтва высокага рангу абвастрылася наяўнасцю ў п’есе калізіі, звязанай з рэпрэсіямі 1930-х г. Вобразы бацькі і сына Мякішавых — творчая ўдача А.Маўзона, але астатнія персанажы ахарактарызаваны прыблізна, амаль адсутнічала псіхал. абгрунтаванасць большасці сюжэтных сітуацый. Гэтыя недахопы — тыповыя для многіх п’ес, напісаных у 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. Настойлівае імкненне драматургаў пашырыць тэматычны дыяпазон маст. асэнсавання рэчаіснасці, іх жаданне ставіць вострыя праблемы жыцця вельмі рэдка надавала творам сапраўдную актуальнасць. Многія драматургі імітавалі вастрыню, і барацьба ў іх творах адбывалася толькі з ценем зла, а не з самім злом. У гэты час у драматургію прыйшло шмат маладых творцаў, і з усёй вастрынёй паўстала неабходнасць павышэння прафесійнага майстэрства. І.Дорскі ў п’есе «Шчасце» (1956) зрабіў спробу падсвятліць асэнсаванне побытавых перыпетый тагачаснага жыцця святлом адвечнай праблемы чалавечага шчасця, аднак жаданай маштабнасці, абагульненасці вывадаў не дасягнуў, бо ў жорстка схематызаванай канструкцыі твора (добры сакратар абкома разам з такім жа прагрэсіўным калегам з райкома паспяхова пераадольваюць бюракратызм чыноўнікаў на карысць простым людзям) застывала развіццё дзеі і характараў. Зададзенасць аўтарскіх вывадаў, нівеліроўка характараў адбілася на п’есах т.зв. маладзёжнай тэматыкі «Аркадзь Жыгалкін» Я.Пасава (1957), «Незвычайная сустрэча» В.Зуба (1958), «Трэці лішні» М.Алтухова (1959), «Калі любіш» М.Гарулёва, «Дзяўчына з камвольнага» А.Дзялендзіка (абедзве 1962), «Салодкі месяц» К.Губарэвіча (1968), у якіх па-мастацку пераканаўча ставяцца праблемы выбару моладдзю жыццёвых шляхоў, маральнай адказнасці за свае ўчынкі. Нетрывіяльны погляд аўтара на нядаўнюю гісторыю і сучаснасць зах.-бел. вёскі ў п’есах «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела. У першай з іх пісьменнік, даследуючы праблему ўзаемаадносін уласнасці і чалавечай годнасці, абапіраўся на пастулаты здаровага нар. сэнсу. Антыўласніцкі пафас вельмі выразны і ў драме «Над хвалямі Серабранкі» («Канчане — суседзі мае»), дзеянне якой адносіцца да сярэдзіны 20 ст.
На мяжы 1950—60-х г. пачаў выступаць у драматургіі І.Шамякін. У яго п’есе «Не верце цішыні» (1957) ёсць вострая, па сутнасці дэтэктыўная, інтрыга, займальнасць сюжэту, напружанасць развіцця дзеяння, але няма глыбіні ў псіхал. характарыстыцы персанажаў, таму гісторыя перараджэння былога сав. партызана ў мацёрага агента адной з замежных разведак атрымалася малапераканаўчай. У п’есе «Выгнанне блудніцы» (1961) характар гал. героя, журналіста і паэта Васіля Гаворкі, раскрываецца і ў слове-дыялогу, і ў справе-дзеянні, дзякуючы чаму вобраз атрымаўся каларытны, псіхалагічна верагодны, хаця яму бракуе асобаснай маштабнасці. Сац. маштабнасці і маст. выразнасці не хапае і героям драмы «Чалавек вярнуўся» П.Васілеўскага (1959), прысвечанай вяртанню да сумленнага жыцця бел. хлопца, завербаванага ў свой час замежнай шпіёнскай арганізацыяй. Цікавыя жыццёвыя калізіі, у якіх ярка раскрываліся характары дзейных асоб, у п’есе «Любоў, Надзея, Вера...» П.Васілеўскага (1960), аднак у ёй праследуюцца схематызаванасць і павярхоўнасць вырашэння канфлікту.
У пач. 1960-х г. зноў павысілася ўвага да распрацоўкі праблем сучаснасці. Аднак п’есы «Злавацца не трэба» В.Зуба (1960), «Справа яе жыцця» А.Гутковіча і Ф.Казоўскай (1962), «Цвёрды арэшак» М.Алтухова, «А куды ж нам падзецца?...» К.Губарэвіча (абедзве 1963), «Куды ідзеш, Сяргей?» А.Маўзона (1965) не ўзняліся да значных маст. абагульненняў. Толькі А.Макаёнак сваёй «Лявоніхай на арбіце» (1961) пераканаўча даказаў, што пры майстэрскім асэнсаванні матэрыялу надзённая рэчаіснасць можа стаць асновай для напісання яркага і змястоўнага твора. П’есе ўласціва шматграннасць паказу рэчаіснасці, наяўнасць чалавечых характараў, маст. вобразаў, напісаных драматургам аб’ектыўна, глыбока, без скоўвання іх светапоглядных, валявых і духоўных памкненняў. Дзейсным характарам у барацьбе з «тэорыяй бесканфліктнасці» з’явілася распрацоўка гіст.-рэв. тэматыкі, выкліканая святкаваннем 40-годдзя Кастр. рэвалюцыі, БССР і КПБ. Серыя гіст.-рэв. п’ес стала прарывам у новыя сферы маст. выразнасці, удалай спробай асэнсавання складаных сац. працэсаў і гіст. шляхоў бел. народа. Характэрныя асаблівасці драматургіі гэтага жанрава-выяўл. пласта — строгае захаванне прынцыпаў гістарызму, адмаўленне ад наменклатурнага выбару персанажаў — у цэнтры твораў характарныя героі, а не функцыянеры са службовым становішчам. Імкненнем убачыць вялікае ў «простым» чалавеку вылучаюцца драмы «Год дзевяцьсот семнаццаты» П.Васілеўскага, «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча, «У бітве вялікай» А.Маўзона, «Дні нараджэння» І.Мележа (усе 1957). Настойлівае, а часам нават палемічнае падкрэсліванне асноватворчай ролі народа ва ўсіх сац.-гіст. працэсах было для бел. драматургіі надзвычай плённым, паколькі яна заўсёды арыентавалася на распрацоўкі нар. характараў, на маст. даследаванне глыбінных праяў нар. духу. Але ў творах, прысвечаных больш даўняй мінуўшчыне, гісторыя прадставала ў выразна белетрызаваным выглядзе: драма «Лявоніха» П.Данілава (1960) пра антыфеад. выступленні бел. сялян у першыя гады пасля рэформы 1861.
Збавенне ад бесканфліктнасці многія драматургі бачылі ў выбары матэрыялу, які генетычна грунтаваўся на супярэчнасцях і барацьбе, напр., зварот да падзей Вял.Айч. вайны: «Брэсцкая крэпасць» («Цытадэль славы») К.Губарэвіча (1952). Адкрытая канфліктнасць сітуацый ваен. часу пазбаўляла драматургаў ад неабходнасці адшукваць прапорцыі паміж добрым і лепшым. Аднак патрыят. памкненне пісьменнікаў уславіць подзвіг народа, паказваючы ўсё новыя і новыя факты гераізму, нярэдка было па-мастацку бездапаможным. Існавала прымітывізацыя драматургічнага канфлікту, калі спрацоўваў прынцып адналінейнасці: сутыкненні гранічна палярызаваных сіл, рэзкае размежаванне на сваіх і чужых, надзяленне герояў толькі станоўчымі або толькі адмоўнымі якасцямі. Не ўсім удалося раскрыць і асэнсаваць праблему гераізму як вельмі тонкую, шматузроўневую праблему псіхалагізацыі чалавечых характараў і ўчынкаў: драма «Юныя мсціўцы» А.Гуткевіча і У.Хазанскага (1957), прысвечаная подзвігу ўдзельнікаў Обальскай падп. камсамольскай арганізацыі. Арыентуючыся перш за ўсё на падзею маладыя драматургі фактычна праігнаравалі характар як важнейшы атрыбут драматургічнай творчасці. Прывязваючы характары да падзей, пісьменнікі дасягалі толькі фактаграфічна-сітуацыйнай дакладнасці: драмы «Выбух» М.Алтухова і М.Гарулёва (1958), «Час любві і нянавісці» Я.Пасава (1959), «Марат Казей» В.Зуба (1963) і інш. Удалая спроба паглыбіць рэчышча асэнсавання ваен. тэматыкі, скіраваць яго на шлях філас. угрунтаванасці, псіхал. ускладненасці, выяўл. шматмернасці зроблена ў драме «Людзі і д’яблы» К.Крапівы (1958). Гэта тэндэнцыя плённа выявілася ў пазнейшых п’есах «Першы ўрок» К.Губарэвіча (1967), «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (1974) В.Быкава.
З канца 1960-х г. у бел. драматургіі пачаўся новы ўздым творчых пошукаў. Трагікамедыі «Зацюканы апостал» (1969) і «Трыбунал» (1970) А.Макаёнка адкрылі новыя гарызонты мастацкай выразнасці, садзейнічалі ўсталяванню арыентацый на асэнсаванне, вырашэнне вельмі сур’ёзных, асноватворчых праблем. Менавіта такія праблемы пакладзены ў аснову сатыр. камедыі-фантасмагорыі «Брама неўміручасці» К.Крапівы (1972). Значныя сац. пытанні ўздымаліся ў п’есах «Амністыя» (1970), «Апошняя інстанцыя» (1974) М.Матукоўскага, «Злыдзень» (1973), «Трывога» (1974) А.Петрашкевіча, «Экзамен на восень» (1975), «1 змоўклі птушкі» (1978) І.Шамякіна, «Сіні снег» (1975), «Шрамы» (1977) Я.Шабана. Агульная актывізацыя творчых пошукаў часткова закранула і гіст. драму. П’есы «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска» (абедзве 1978), «Калыска чатырох чараўніц» (1981), «Маці ўрагану» (1982) У.Караткевіча асэнсоўвалі жыццё беларусаў на пераломных, трагічна-драм. этапах гісторыі. Эпоха выдатнага асветніка Ф.Скарыны паўстала ў драме «Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча (1978). У 1970-я г. быў пік творчай актыўнасці А.Макаёнка: камедыя-рэпартаж «Таблетку пад язык» (1973), трагікамедыі «Кашмар» (1976), «Пагарэльцы» (1980), сентыментальны фельетон «Верачка» (1979).
Значных вынікаў дасягнула бел. драматургія 1980-х г. А.Макаёнак завяршыў трагікамедыю «Дыхайце эканомна» (1982), бліскучую антымілітарысцкую сатыру, п’есу-папярэджанне. Сцэнічна запатрабаванымі былі творы А.Петрашкевіча: публіцыст. драма «Соль» (1980) пра пагрозу экалагічнай катастрофы ў Салігорску, гіст. хронікі «Русь Кіеўская» («Гора і слава») і «Змова», трагедыя «Злавеснае рэха» (усе 1983), прысвечаная выкрыццю генацыдных злачынстваў фашыстаў, драма-рэквіем «У спадчыну — жыццё» (1985) пра лёс пасляваен. падлеткаў. Вострасюжэтныя, з выдатным сцэн. патэнцыялам п’есы А.Дударава: «Радавыя» (1984) пра Вял.Айч. вайну, «Парог» (1981), «Вечар» (1983), «Кім» (2001) на маральна-этычную праблематыку, драм. паэма «Чорная панна Нясвіжа» (2000). Павялічвалася прафес. майстэрства ў п’есах Г.Марчука: «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1982), «Вясёлыя, бедныя, багатыя» (1984), «Альдона, Анета, Анфіса», «Ясь, Яніна і каралева Аварыя», «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (усе 1985). Адна з адметнасцей 1980-х г. — прыход у драматургію паэтаў і празаікаў. Некат. з іх, не адчуўшы да сябе зацікаўленасці з боку тэатраў, абмежаваліся напісаннем адной-дзвюх п’ес: «Бацька і сын» (1982), «Гультаі» (1985) А.Карпюка, «Птушкі між маланак» І.Навуменкі (1982), «Доктар Русель» У.Дзюбы (1985), «Раіна Грамычына» В.Адамчыка (1989) і інш. Для іншых захапленне драматургіяй стала больш глыбокім: «Пасля разводу» (1980), «Зямля не даруе» (1987) Л.Леановіча, «Іскры ўначы» (1982), «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (1984) А.Асташонка, «Вокны» (1984), «Сівы бусел» (1985) В.Ткачова. Н.Гілевіч напісаў больш за 10 п’ес самага рознага жанрава-стылёвага і ідэйна-тэмат. напаўнення: камедыі «Не кажы, гоп» (1971), «Формула годнасці» (1972), «Першая ноч на курорце» (1977), драмы «Начлег на буслянцы», «Патрыярхальны Дзядовіч» (абедзве 1975), «Мы скора завітаем зноў» (1977), «Забяспечым маме здароўе», «Камень з магілы продкаў» (абедзве 1978), аднак пастаўлена была толькі адна — «Патрыярхальны Дзядовіч» Бел. тэлетэатрам (1981). Другая адметнасць 1980-х г. — актыўная фемінізацыя персанальнага складу драм. твораў: «Іван Світаннік» (1981), «Шукайце кветку-папараць» (1985), «Зуб мудрасці» (1986), «Мора, аддай пярсцёнак (1987) Г.Каржанеўскай, «Казка пра цара Юрыка і каваля Рымшу» (1981), «Балада пра белую вішню» (1984), «Вясновая песня» (1985) С.Клімковіч, «Цётка Малання з Асаўца» Р.Баравіковай (1984), «Канёк-гарбунок» (1984), «У абдымках вятроў» (1985), «Дудка-самагудка» (1988) З.Дудзюк, «Памяць па сходнай цане» В.Іпатавай (1985) і інш. Асаблівых гендэрных адметнасцей гэтыя п’есы ў сабе не заключалі. Трэцяя адметнасць 1980-х г. — запавольванне дынамікі якаснага росту драматургіі ў сувязі са зменай пакаленняў. Хоць пэўны рэзананс атрымала камедыя «Мудрамер» М.Матукоўскага (1987), з’явіліся гіст. хронікі «Звон — не малітва», «Следчая справа Вашчылы» (абедзве 1988), «Ігракі» (1989) І.Чыгрынава.
З сярэдзіны 1980-х г. актывізаваўся зварот да гіст. тэматыкі: «Князь Вітаўт» (1987), «Палачанка» (1998) А.Дударава, «Судны дзень Скарыны» М.Арочкі, «Прарок для Айчыны» А.Петрашкевіча (абедзве 1990), «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай (1994), «Саламея і яе амараты» С.Кавалёва (1996). Побач з асэнсаваннем гіст. мінулага шмат увагі аддавалася праблемам сучаснай рэчаіснасці. Ва ўсёй складанасці і супярэчлівасці паўстала жыццё сучасніка ў п’есах «Сабака з залатым зубам» У.Сауліча (1993), «Пятля часу» Р.Баравіковай, «Сям’я для старога сабакі» А.Ждана, «Вірус» Г.Каржанеўскай, «Стары і дарога» В.Ткачова, «Багаты кватарант» А.Федарэнкі (усе 1995), «Заложнікі шчасця» З.Дудзюк, «Збродныя душы» М.Клебановіча, «Блудны муж і Варвара» Г.Марчука, «Абраннікі лёсу» А.Паповай (усе 1997), «Яблычны Спас» А.Дзялендзіка (1998). Звярнуліся драматургі і да найвялікшай экалагічнай катастрофы 20 ст. — Чарнобыльскай. З маральнага боку гэта праблема даследуецца ў п’есах «Хто вінаваты» (1989) і «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1990) І.Чыгрынава, «Бездань» М.Матукоўскага (1991), «Адцуранне» А.Дударава, «Сылгалі Богу, сылгалі» А.Ждана, «Дагарэла свечачка да палічкі» А.Петрашкевіча (усе 1993), «Усміхаўся месяц белай вішні» В.Ткачова (1996) і інш.
Плённа развівалася драматургія для дзяцей. Большасць п’ес створана на аснове фалькл. сюжэтаў або з выкарыстаннем прыёмаў фалькл. паэтыкі. У п’есах «Усміхніся, прынцэса» У.Ягоўдзіка (1990), «Каляровая затока» (1992), «Страшнік Гам» (1993), «Навагодні дэтэктыў» (1996), «Маленькі збраяносец» (1998) П.Васючэнкі, «Хохлік» (1993), «Дарога на Віфлеем» (1998) С.Кавалёва, «Жывая вада», «Сінязорка» (абедзве 1994), «Канікулы на астэроідзе» (1997) З.Дудзюк, «Янук, рыцар Мятлушкі» Л.Рублеўскай, «Чарадзейныя суніцы» А.Якімовіча (абедзве 1994), «Чарнабог» Г.Каржанеўскай (1996) адвольна сінтэзуюцца сюжэты бел. і сусв. фальклору. Прынцыпова новая з’ява ў драматургіі канца 20 ст. — з’яўленне п’ес-рымейкаў, сучасных адаптацый твораў даўняй бел. літаратуры. Паводле «Камедыі» К.Марашэўскага і «Птушкі шчасця» Ф.Аляхновіча У.Рудаў напісаў п’есу «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» (1997). Сюжэты «Аповесці пра Баву» і «Аповесці пра Трышчана», кнігі Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», п’ес Ф.У.Радзівіл «Распуснікі ў пастцы», К.Марашэўскага «Камедыя», Ф.Аляхновіча «Птушка шчасця» С.Кавалёў зрабіў асновай сваіх рымейкавых п’ес: «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (1991), «Трышчан ды Іжота» (1995), «Люстэрка Бландоі» (1996), «Стомлены д’ябал» (1999), «Францішка, або Навука кахання» (2000) і інш.
У драматургіі канца 20 ст. ўзніклі павевы мадэрнізму і постмадэрнізму. Пісьменнікі малодшага пакалення распачалі «культывацыю» паэтыкі абсурдысцкага тэатра. У фарсе-абсурдзе «Галава» І.Сідарука (1992) зададзенасць сюжэтнай будовы, якая спатрэбілася аўтару для надання п’есе парабалічнай формы, не магла не прывесці да схематызму, а разам з тым і да змярцвення ўсёй дзеі. У п’есах «Ку-ку» (1991) і «Лабірынт» (1997) М.Арахоўскаму ўдалося дасягнуць гарманічнай раўнавагі паміж рэальным і фантасмагарычным. Драматургі-эксперыментатары А.Асташонак («Драматургічныя тэксты», 1995), Г.Багданава («АС—лінія», 1997), А.Карэлін («Герда, альбо Горад, у якім мы будзем шчаслівыя», 2001) і інш. даказалі, што выкарыстанне авангардысцка-мадэрнісцкай паэтыкі здольна пашырыць арсенал выяўл. сродкаў, што пошук нават з адмоўным вынікам прыносіць карысць развіццю жанру.
Маладыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у Я.Коласа. 1949.Беларускія пісьменнікі: М.Аўрамчык, А.Куляшоў, Б.Спрынчан, П.Панчанка, П.Дубашынскі (акцёр), М.Танк, І.Шамякін. 1975.М.Аўрамчык, У.Караткевіч, В.Быкаў у рэдакцыі часопіса «Маладосць». 1973.Беларускія і рускія пісьменнікі на сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам. 1997.