ДУЛЕ́БА (Антон Мікалаевіч) (14.1.1920, в. Дубовы Лог Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 13.12.1983),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі індустр. тарфяны тэхнікум (1937), курсы мал. лейтэнантаў (1941), Вышэйшую бранятанк. школу (1948), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1954). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Бел., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў 1945 у баі на тэр. Польшчы: кав. эскадрон на чале са ст. лейтэнантам Д. фарсіраваў Одру, забяспечыў пераправу ўсяго кав. палка; трапіўшы ў акружэнне, арганізаваў прарыў, выратаваў байцоў і зброю. Да 1969 у Сав. Арміі.

А.М.Дулеба.

т. 6, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГА́ТАЎ (Барыс Аляксандравіч) (н. 1.4.1938, г. Арэхава-Зуева, Расія),

бел. вучоны ў галіне тарфяной вытв-сці. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1979). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1960). З 1977 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па праблемах мадэлявання, мадэм. апісання і аптымізацыі тэхнал. працэсаў распрацоўкі радовішчаў торфу з улікам рэсурсазберажэння і аховы навакольнага асяроддзя. Аўтар падручніка «Тэхналогія і комплексная механізацыя тарфяной вытворчасці» (1988, з В.​А.​Нікіфаравым) і інш. вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Моделирование и оптимизация процессов брикетного производства. М., 1976;

Математические методы в торфяном производстве. М., 1991 (разам з У.​Дз.​Капёнкіным).

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ПНАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

угнаенні, асн. кампанент якіх вапна. У якасці вапнавых угнаенняў выкарыстоўваюць цвёрдыя і мяккія прыродныя вапнавыя пароды, прадукты іх перапрацоўкі і прамысл. адходы, што маюць вапну. Цвёрдыя пароды (вапняк, мел і інш.) перад унясеннем у глебу здрабняюцца ці абпальваюцца, мяккія пароды (напр., туфы) не патрабуюць драбнення, яны больш эфектыўныя і дзейнічаюць хутчэй за цвёрдыя. Гал. з вапнавых угнаенняў: вапнавая мука (вапняк), даламітавая мука (даламіт), вапнавы туф, мергель, гашаная вапна, вапнавы торф ці тарфатуф. Найб. эфектыўныя прамысл. адходы: мартэнаўскія, доменныя, электраплавільныя шлакі; дэфекат (адходы цукр. вытв-сці); сланцавы, каменнавугальны, тарфяны попел. Выкарыстоўваюць для паніжэння кіслотнасці глеб (гл. Вапнаванне глебы).

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́ЙКА (Фёдар Аляксандравіч) (21.2.1908, Мінск — 29.4.1970),

бел. вучоны ў галіне механікі тарфяных машын. Чл.-кар. АН Беларусі (1950), Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1959—1961), д-р тэхн. н. (1949), праф. (1950). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1932). Працаваў у Маскве, у 1938—41 і з 1949 у Ін-це торфу АН Беларусі, з 1949 адначасова ў БПІ. Навук. працы па прыкладной механіцы, разліку тарфяных машын і с.-г. тэхнікі, па тэорыі пластычнасці, кантактавай трываласці. Стварыў матэм. тэорыю трэння, спрошчаную тэорыю дакладнасці механізмаў.

Тв.:

Колесный и гусеничный ход. Мн., 1960;

Теория прочности. Мн., 1961;

Торфяные машины. Мн., 1968;

Математическая теория трения. Мн., 1971.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛКАВА́ЛЬНІК тарфяны,

машына для збірання сухога фрэзернага торфу ў валкі перад складваннем яго ў штабель бункернай уборачнай машынай. Найб. пашыраны універсальныя прычапныя валкавальнікі маркі МТФ-ЗЗБ, выкарыстоўваюцца таксама скрэперы-валкавальнікі МТФ32 для валкавання і фрэзеравання торфу, ротарны шчотачны валкавальнік МТФ-37 і пнеўматычны ПВП-8. Рабочыя апараты валкавальніка МТФ-ЗЗБ складаюцца з рамы на колах і шарнірна падвешаных да яе 4 пар скрабкоў. Шыр. захопу 18—19 м, рабочая скорасць 10,7 км/гадз, прадукцыйнасць 11—12 га/гадз.

Б.​А.​Багатаў.

Рабочы апарат валкавальніка МТФ-ЗЗБ: 1 — вупражныя ланцугі; 2 — скрабкі; 3 — пярэдняя рама; 4 — апорныя колы; 5 — пласціністыя звёны; 6 — задняя рама; 7 — кансольная цяга.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕК (ад галанд. pek смала),

рэшткі пасля перагонкі дзёгцю, а таксама нафтавай смалы. Паводле зыходнай сыравіны адрозніваюць П. каменнавугальны (найб. пашыраны), тарфяны, драўняны, нафтавы.

Каменнавугальны П. — цвёрдае тэрмапластычнае рэчыва чорнага колеру. Асн. кампаненты: шмат’ядз. кандэнсаваныя араматычныя і гетэрацыклічныя злучэнні (бензаантрацэн, бензапірэны, перылен, нафтацэн і інш.). Перагонкай каменнавугальнай смалы атрымліваюць сярэднетэмпературны (т-ра размякчэння 65—90 °C), а яго перагонкай з вадзяной парай — высокатэмпературны П. (135—150 °C). Выкарыстоўваюць для атрымання пекавага коксу, як сувязнае аноднай масы ў вытв-сці алюмінію, пры брыкетаванні цвёрдага паліва, у вытв-сці толю, руберойду і інш. Таксічны: атручэнні і скурныя пашкоджанні магчымыя пры ўздзеянні пылу, кантакце з вугальнымі брыкетамі.

т. 12, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СКІ,

рэчывы, пераважна прыроднага паходжання, па ўласцівасцях блізкія да пчалінага воску. Аморфныя, тэрмапластычныя, воданепранікальныя, маюць нізкую эл. праводнасць, tпл 40—90 °C, гаручыя. Хім. ўласцівасцямі блізкія да тлушчаў.

Прыродныя воскі падзяляюць на жывёльныя (пчаліны воск, ланалін, спермацэт), раслінныя (карнаўбскі, пальмавы, японскі і інш.) і выкапнёвыя (тарфяны, буравугальны, азакерыт, цэразін). Жывёльныя і раслінныя складаюцца пераважна са складаных эфіраў, утвораных вышэйшымі тлустымі к-тамі і аднаатамнымі спіртамі з 12—46 атамамі вугляроду ў малекуле. Выкапнёвы воск (азакерыт, цэразін) — сумесь насычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць сінт. воскі (напр., з нафтавых парафінаў, полімерызацыяй этылену).

Выкарыстоўваюць для прыгатавання палітур, ахоўных кампазіцый для металаў, тканін, паперы, скуры, як ізаляцыйны матэрыял, кампанент мазяў у касметыцы і медыцыне.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАГУ́Б (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 2.12.1935, в. Смелае Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання., Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1999). Засл. вынаходнік Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскі тарфяны ін-т (1962). З 1965 у НВА «Дармаш» (з 1972 — дырэктар), з 1979 нам. ген. дырэктара, з 1991 ген. дырэктар НВА «Дарбудтэхніка». З 1998 у БПА. Навук. працы па канструяванні колавых і гусенічных машын з тэхнал. комплексамі для механізацыі будаўнічых і дарожных работ, тэхналогіі, эканоміцы і арганізацыі машынабудавання.

Тв.:

Механизация работ при строительстве и эксплуатации дорог. Мн., 1989 (разам з Я.​С.​Цэдрыкам і У.​П.​Лысаконем);

Унификация и агрегатирование в проектировании тракторов и технологических комплексов. Мн., 2000 (у сааўт).

т. 14, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПОЛІТЭХНІ́ЧНАЯ АКАДЭ́МІЯ.

Засн. ў 1920 у Мінску як палітэхнікум на базе політэхн. вучылішча, які ў 1922 рэарганізаваны ў Бел. дзярж. ін-т сельскай гаспадаркі. У 1933 мінскія энергетычны, будаўнічы, тарфяны, хіміка-тэхнал., харч. прам-сці і Горацкі водна-меліярацыйны ін-ты аб’яднаны ў Бел. політэхн. ін-т (БПІ), з крас. 1991 акадэмія. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: архітэктурны, аўтатрактарны, будаўнічы, дарожнага буд-ва, маш.-буд., механіка-тэхнал., прыборабудавання, робатаў і робататэхн. сістэм, энергет. буд-ва, энергетычны; падрыхтоўчае аддзяленне, пры ім сярэдняя спецыялізаваная школа. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1945, дактарантура з 1988. У складзе акадэміі міжгаліновы ін-т павышэння кваліфікацыі кадраў па новых кірунках навукі і тэхнікі, ф-т павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў сярэдніх спец. навуч. устаноў, ф-т павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў буд-ва, каля 50 н.-д. лабараторый, навук.-вытв.-навуч. падраздзяленні «Белтэхналогія» і «Белбудаўніцтва», з-д «Палітэхнік», навуч. вытв.-канструктарска-тэхнал. ін-т.

Будынак Беларускай політэхнічнай акадэміі.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НКЕРНЫ КАМБА́ЙН тарфяны,

самаходны агрэгат для пнеўматычнай уборкі фрэзернага торфу з рассцілкі з наступным, фрэзераваннем ачышчанай паверхні тарфянога пакладу. На Беларусі выкарыстоўваецца пераважна камбайн БПФ-ЗМ.

Складаецца э пнеўматрансп. сістэмы герметычнага бункера, трансмісіі з прыводам ад рухавіка ўнутр. згарання, хадавой гусенічнай часткі і фрэзера. Магутнасць рухавіка 176 кВт, ёмістасць бункера 25 м³, шыр. захопу 4,8 м, прадукцыйнасць 1,5 га/гадз. Мадыфікацыі пнеўмакамбайнаў адрозніваюцца ўстаноўкай актыўных соплаў з рэцыркуляцыяй паветра (у камбайна КПФ-6), павелічэннем шыр. захопу да 6,4 м, ёмістасці бункера, прадукцыйнасці да 3 га/гадз.

Б.​А.​Багатаў.

Пнеўматычны бункерны камбайн БПФ-ЗМ: 1 — вентылятар; 2, 4 — вертыкальныя цыклоны; 3 — цэнтральная труба цыклона; 5 — усмоктвальны трубаправод; 6 — бункер; 7 — сапло.
Пнеўматычны тракт з рэцыркуляцыяй паветра бункернага камбайна КПФ-6,4: 1 — калектар; 2 — усмоктвальны канал; 3, 4 — усмоктвальны і цэнтральны трубаправоды; 5 — труба для выкіду лішкаў нагнятальнага паветра ў атмасферу; 6 — вентылятар; 7 — цыклон; 8 — нагнятальны канал; 9 — бункер.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)