ОЎТС (Oates) Джойс Кэрал (н. 16.6.1938, г. Локпарт, штат Нью-Йорк, ЗША),

амерыканская пісьменніца. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і л-ры. Скончыла Сіракузскі і Вісконсінскі ун-ты. З 1978 праф. Прынстанскага ун-та. Друкуецца з 1963. Першы значны раман «Сад радасцей зямных» (1967) створаны ў традыцыях рэаліст. сац. рамана 1930-х г. Далейшая яе творчасць адметная распрацоўкай актуальнай праблематыкі ў рамках сац.-аналіт. псіхал. апавяданняў (раманы «Іх жыцці», 1969; «Анёл свету», 1981; «Ты павінен памятаць пра гэта», 1987; «Амерыканскія апетыты», 1989, і інш.) і цікавасцю да дэфармаванай чалавечай псіхікі, праяў псіхапаталогіі (раманы «Забойцы», 1975; «Чайлдуорлд», 1976; «Бельфлёр», 1980; «Сонцастаянне», 1985; «Таму што гэта балюча, таму што гэта маё сэрца», 1990, і інш.). Аўтар зб-каў навел, вершаў, эсэ, крытычных артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Делай со мной, что захочешь. М., 1983;

Венец славы. М., 1986.

Літ.:

Писатели США. М., 1990.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРУВАТДЭГІДРАГЕНА́ЗА,

поліферментны комплекс, што каталізуе акісляльнае дэкарбаксіліраванне піравінаграднай кіслаты з утварэннем ацэтыл-KaA у тканках чалавека, жывёл, раслін, а таксама ў аэробных мікраарганізмаў. З дапамогай гэтага працэсу вугляводы ўключаюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкл. Мае ў сабе 3 ферменты (піруватдэкарбаксілаза, ліпаілтрансацэтылаза, ліпаілдэгідрагеназа) і кафактары, што ўтвараюць комплекс з малекулярнай масай 4,8—10 млн. Прымае ўдзел у найважн. працэсе забеспячэння клетак энергіяй, таму актыўнасць П. шырока рэгулюецца рознымі фактарамі.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎХРАМАЦІ́Н (ад грэч. eu добра + храмацін),

участкі храмасом, якія захоўваюць дэспіралізаваны стан у ядры. што знаходзіцца ў спакоі (у інтэрфазе) і спіралізуюцца пры дзяленні клетак (у прафазе); маюць большасць генаў і патэнцыяльна здольныя да транскрыпцыі. Ад гетэрахрамаціну Э. адрозніваецца менш шчыльнай упакоўкай храмасомнага матэрыялу, таму больш актыўны і даступны для ферментаў, якія забяспечваюць транскрыпцыю. Здольны набываць уласцівасці генет. інертнасці факультатыўнага гетэрахрамаціну, што з’яўляецца адным са спосабаў рэгуляцыі геннай актыўнасці.

т. 18, кн. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАДО́ЛАРЫ (англ. Eurodollar),

грашовыя сродкі ў доларах ЗША, размешчаныя іх уладальнікамі за межамі ЗША, пераважна ў еўрап. банках. Банкаўскія рахункі ў доларах даюць магчымасць банкам, у якіх гэтыя рахункі адкрыты, выкарыстоўваць доларавыя грошы для аперацый на міжнар. рынку пазыкавых капіталаў, таму што долар прызнаны ў якасці сусв. валюты.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎКІ, наўкі,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі злыя духі, якія часта прыносяць смерць, русалкі. Паводле ўкр. павер’яў, у М. ператвараюцца дзеці, што памерлі да хрышчэння. Імя М. (наўкі) утворана ад наў (увасабленне смерці). Паводле міфалагічных уяўленняў, М. спераду маюць чалавечае цела, а спіны ў іх няма і таму відаць усе вантробы.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАТАЦЫ́ЙНАЯ ДРУКА́РСКАЯ МАШЫ́НА,

паліграфічная друкарская машына, у якой друкарская форма і паверхня, што прыціскае да яе паперу, з’яўляюцца цыліндрамі. Працэс друкавання на Р.д.м. неперарыўны (неперарыўнае вярчэнне цыліндраў), таму ў параўнанні з інш. друкарскімі машынамі яна мае больш высокую прадукцыйнасць. Выкарыстоўваецца для друкавання газет, кніг, часопісаў. Іл. гл. да арт. Друкарская машына.

т. 13, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ШАЧКА,

вонкавая частка падвоенага калякветніка, звычайна зялёная. Бывае раздзельналістая (калі чашалісцікі, што яе ўтвараюць, свабодныя) і зрослалістая (у ёй адрозніваюць трубку і зубцы). Асн. функцыя — ахова інш. ч. кветкі, таму Ч. вельмі рана развіваецца. Мае лісцевае паходжанне. У некат. раслін (напр., верас, гартэнзія) Ч. буйная, яркаафарбаваная для прываблівання насякомых, замест вяночка.

т. 17, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКАДО́Н (ад анты... + кадон),

участак малекулы транспартнай рыбануклеінавай кіслаты (тРНК). Складаецца з трох нуклеатыдаў, якія маюць незамешчаныя вадародныя сувязі. Антыкадон камплементарны адпаведнаму кадону матрычнай рыбануклеінавай кіслаты (мРНК) і таму спецыфічна звязваецца з ім. Узаемадзеянне кадон — антыкадон, што адбываецца на рыбасомах у працэсе трансляцыі, забяспечвае правільнае размяшчэнне кожнай амінакіслаты ў поліпептыдным ланцугу пры біясінтэзе бялку.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́СТРА (ад італьян. nostro conto наш рахунак),

рахунак, які банк мае ў свайго банка-карэспандэнта, дзе ўлічваюцца ўсе яго расходы і паступленні. Для банка, які мае рахунак, носіць актыўны характар, таму што адлюстроўвае размяшчэнне сродкаў у форме банкаўскага дэпазіту; для інш. банкаў — пасіўны характар і адлюстроўвае прыцягнутыя рэсурсы і па даручэнні банкаў-карэспандэнтаў (лора рахунак).

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎКУ́СТ,

шматгадовая расліна, у якой ніжняя ч. надземных парасткаў дзеравянее і захоўваецца некалькі гадоў, а верхняя (травяністая) — штогод адмірае. Выш. да 80, зрэдку да 150—200 см. Пашыраны пераважна ў арыдных зонах (некат. віды куравая, палыну, салянак), таму пупышкі ўзнаўлення размешчаны на адраўнелай ч. над зямлёй, што засцерагае іх ад перагрэву ў моцна нагрэтай глебе.

т. 12, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)