тонкадысперсныя афарбаваныя парашкі, нерастваральныя ў вадзе і плёнкаўтваральных рэчывах. Паводле паходжання П. падзяляюць на прыродныя і сінт., паводле складу — на мінер. (неарган.) і арган., паводле колеру — на ахраматычныя (белыя, шэрыя, чорныя) і храматычныя (інш. колераў), паводле прызначэння — на дэкар., ахоўныя, мэтавага прызначэння (сігнальныя, тэрмаіндыкатарныя, бактэрыцыдныя і інш.).
П. неарганічныя — пераважна аксіды, сульфіды і солі пераходных металаў (жалеза, кобальту, хрому і інш.), парашкі каляровых металаў (алюмінію, медзі, цынку, нікелю) і сплаваў (бронзы, латуні), сажа. Прыродныя (напр., жалезны сурык, вохра, умбра) атрымліваюць з мінералаў, сінт. — хім. асаджэннем з водных раствораў і суспензій (напр., кроны), награваннем (напр., аксід хрому Cr2O3 — з хромпіку), рэакцыямі ў паравой ці газавай фазе з наступнай кандэнсацыяй прадуктаў (напр., бялілы). П. арганічныя — найб. пашыраны азапігменты (гл.Азафарбавальнікі), азалакі (нерастваральныя солі азазлучэнняў), трыфенілметанавыя, поліцыклічныя (спец. формы кубавых фарбавальнікаў) і фталацыянінавыя П. (комплексныя злучэнні фталацыяніну). Выкарыстоўваюць для вырабу лакафарбавых матэрыялаў і паліграф. фарбаў, фарбавання неарган. буд. матэрыялаў, пластмас, хім. валокнаў, гумы, паперы, штучнай скуры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЙКА,
старажытны духавы язычковы музычны інструмент класа аэрафонаў. Вядома ў бел., рус., укр. народаў (на Беларусі наз. таксама дудка, ражок, пішчык, чаротка). Ж. — важны канструкцыйны элемент дуды. Канструкцыя Ж. пры захаванні вызначальнай адзінкі — адзінарнага язычка-пішчыка — дапускае варыянтнасць інш. элементаў. Мясц. разнавіднасці Ж. адрозніваюцца матэрыялам (дрэва, саломіна, гусінае пяро, чарот, рог), колькасцю адтулін (4—12, ёсць і без іх), адсутнасцю або наяўнасцю раструба, прынцыпамі вырабу і мацавання язычка (наразны або прывязаны), памерамі (100—360 мм). Гучанне моцнае, рэзкае, крыху гугнявае. Ігралі на Ж. сола і ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі, гармонікам паасобку і ў розных камбінацыях (часам і з барабанам). У рэпертуары жалеечнікаў песенныя і танц. мелодыі, вясельныя маршы, часам пастухоўскія сігнальныя найгрышы. Інструмент быў пашыраны ва ўсёй Беларусі ў музыкантаў-прафесіяналаў і аматараў, у т. л. пастухоў. У пач. 20 ст. ўведзена В.Андрэевым у аркестр рус.нар. інструментаў. З сярэдзіны 19 ст. выцясняецца кларнетам. У наш час трапляецца рэдка. Ж. апета ў бел.нар. песнях і ў прафес. паэзіі (першы зб. вершаў Я.Купалы наз. «Жалейка», 1908).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНА́Л (ад лац. signum знак) у біялогіі, працэс або з’ява (вонкавая, унутраная, усвядомленая або неўсвядомленая), што перадае паведамленне пра падзею і арыентуе жывую сістэму адносна гэтай падзеі. У залежнасці ад характару сенсорнай сістэмы адрозніваюць С. акустычныя, аптычныя, біярытмічныя, тактыльныя, тэрмічныя, хім., электрамагнітныя і інш. (гл.Раздражняльнасць, Рэактыўнасць, Сігнальныя сістэмы).
С. у тэхніцы, умоўны знак, фіз. працэс ці з’ява, што нясе паведамленне (інфармацыю) аб якой-н. падзеі, стане аб’екта назірання, а таксама перадае каманду кіравання абвяшчэння ці інш. Агульныя заканамернасці перадачы і пераўтварэнняў С. вывучае інфармацыі тэорыя.
Бывае мех. (дэфармацыя, перамяшчэнне), цеплавы (напр., павышэнне т-ры), светлавы (успышка святла, зрокавы вобраз), эл. (імпульс току, радыёхваля), гукавы (мова, музыка, свіст) і інш. Інфармацыя, якую мае паведамленне прадстаўляецца зменамі аднаго ці больш параметраў С. — амплітуды (інтэнсіўнасці), працягласці, частаты, шырыні спектра, палярызацыі і інш. С. можна пераўтвараць (без змены зместу паведамлення) з аднаго віду ў другі, напр., неперарыўны С. — у дыскрэтны, гукавы — у эл., эл. — у светлавы. Выкарыстанне канкрэтных С. залежыць ад асаблівасцей канкрэтных задач перадачы паведамленняў, узроўню і характару перашкод, магчымасцей рэалізацыі прыёмнай і перадавальнай сістэм.Гл. таксама Сігнал геадэзічны, Сігналізацыя, Сігналы часу.
газаразрадныя прылады для візуальнага ўзнаўлення інфармацыі. Прынцып работы заснаваны на свячэнні тлеючага разраду катоднай вобласці (гл.Электрычныя разрады ў газах). Маюць высокую надзейнасць, даўгавечнасць, вял. яркасць, малую паглынальную магутнасць. Бываюць сігнальныя, лінейныя, знакавыя, матрычныя, газаразрадныя індыкатарныя панэлі, прызначаныя для ўзнаўлення найб. складанай інфармацыі (паўтонавай, знакаграфічнай і інш.). Выкарыстоўваюцца для індыкацыі і сігналізацыі ў вымяральных апаратах, сістэмах кантролю і кіравання ў прам-сці, сродках аргтэхнікі, медыцыне, на транспарце і інш.
Газаразрадныя індыкатары запаўняюць сумессю інертных газаў на аснове неону (ярка-аранжавае свячэнне) з дабаўленнем аргону, крыптону і ксенону, таксама на аснове гелію або ртутнай пары. Катоды вырабляюць з чыстага металу (напр., малібдэну) або актываваныя. У сігнальных газаразрадных індыкатарах інфармацыя выяўляецца ў выглядзе кропкі або невял. святлівай вобласці (напр., неонавыя індыкатарныя лямпачкі), у лінейных (аналагавых і дыскрэтных) — у выглядзе святлівага слупка, даўжыня якога прапарцыянальная сіле току, што працякае праз прыладу, або рухомага святлівага пункта, месцазнаходжанне якога залежыць ад колькасці пададзеных на прыладу імпульсаў (гл.Дэкатрон). Знакавыя газаразрадныя індыкатары ўзнаўляюць інфармацыю свячэннем электродаў пэўнай формы (асобныя элементы сімвалаў, сабраных у адно ці некалькі знакамесцаў, або лічбы, літары і інш. сімвалы цалкам), матрычныя — у выглядзе сукупнасці пунктаў, размешчаных на плоскім экране. Гл. таксама Індыкатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́ТА (італьян. granata ад лац. granatus зярністы),
1) боепрыпас для паражэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка ў блізкім баі. Адрозніваюць гранаты: ручныя і для стральбы з гранатамётаў (гранатамётныя стрэлы і вінтовачныя гранаты); процітанкавыя, проціпяхотныя, запальныя і спецыяльныя (дымавыя, асвятляльныя, сігнальныя і інш.).
Гранатамётныя стрэлы маюць калібры 30—112 мм, масу 0,2—5 кг, бронепрабівальнасць да 400 мм і болей. Бываюць з парахавым стартавым зарадам, рэактыўным рухавіком і стабілізатарам. Проціпяхотныя гранаты падзяляюцца на асколачныя ручныя гранаты, асколачныя, асколачна-фугасныя і асколачна-кумулятыўныя гранатамётныя стрэлы. Маса сучасных гранат 0,3—1,2 кг, радыус паражэння фугасных да 20 м, асколачных да 200 м. Гранаты з’явіліся ў 16 ст., з 17 ст. імі ўзбройвалі спец. падраздзяленні пяхоты — грэнадзёраў. Процітанкавыя гранаты — кумулятыўныя ручныя гранаты і гранатамётныя стрэлы. Прабіваюць браніраваныя цэлі накіраваным струменем разрыўнога зарада. Маса 1,1—1,2 кг.
2) Устарэлая назва артыл.снарадаў асколачна-фугаснага дзеяння масай не менш за 16 кг. Ужываліся з 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСТАЛЕ́Т (франц. pistolet, ням. Pistole),
індывідуальная стралк. зброя для паражэння цэляў на адлегласці да 70 м; некат. ўзоры П. (напр., 9-міліметровы П. І.Я.Сцечкіна) даюць магчымасць весці агонь кароткімі чэргамі на адлегласці да 200 м пры стральбе з прымкнутым кабурой-прыкладам. Акрамя баявых П. бываюць сігнальныя і спартыўныя; паводле канструкцыі падзяляюцца на неаўтаматычныя і аўтаматычныя Маса П. 0,7—1 кг, калібр 5,35—11,43 мм, ёмістасць магазіна 8—12 і больш патронаў; існуюць таксама цывільныя П., якія маюць масу — 0,35—0,4 кг і калібр каля 6,5 мм.
Кнотавыя П. з’явіліся ў Еўропе і Азіі ў 16 ст. У 17 ст. распаўсюдзіліся П. з крамянёвым замком, у 19 ст. — капсульным. Да сярэдзіны 19 ст. П. звычайна былі гладкаствольныя і зараджаліся з дульнай часткі ствала. У 1850-х г. прыняты на ўзбраенне наразныя рэвальверы (з’явіліся ў 16 ст.), з канца 19 ст. — самазарадныя аўтам. П. (гл.Аўтаматычная зброя).
У сучасных арміях краін СНД, у т. л. Беларусі, на ўзбраенні знаходзіцца П. канструкцыі М.Ф.Макарава (ПМ), Сцечкіна (АЛС); у інш. краінах распаўсюджаны амер. «Кольт», англ. «Браўнінг», герм. «Вальтэр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІГНАЛІЗА́ЦЫЯ (ад сігнал),
падаванне ўмоўных знакаў (сігналаў), якімі прыцягваюць да чаго-н. увагу, апавяшчаюць, перадаюць загады, паведамленні, забяспечваюць двухбаковыя перагаворы; умоўныя знакі і сістэмы прыстасаванняў, што выкарыстоўваюцца з гэтай мэтай. Адрозніваюць С. зрокавую (прадметная або аптычная), гукавую і тактыльную (успрымаецца органамі дотыку). У залежнасці ад прызначэння бывае аварыйная, выклікальная (або пошукавая), кантрольна-распарадчая (або аператыўная), папераджальная, перагаворная.
Прасцейшы від С. — марская і на транспарце, дзе сігнальнымі сродкамі служаць маякі, святлафоры, семафоры, знакі дарожныя, пуцявыя знакі, гукавыя сігналы і інш. Больш дасканалая аптычная С., ажыццяўляецца з дапамогай ліній аптычнай сувязі. У вытв. умовах кантроль і кіраванне складанымі сістэмамі робіцца з дапамогай аўтам. С.: інфармацыя аб аварыйным стане сістэмы перадаецца мнеманічнымі схемамі, акустычнымі сродкамі (сірэнамі, свісткамі, званкамі, гудкамі), мігальным святлом. У ВМФ выкарыстоўваюць магутныя пражэктары і ліхтары, а таксама ракеты з сігнальнымі саставамі. У паветр. флоце сродкам С. служаць вонкавыя аэранавігацыйныя сігнальныя агні самалётаў і аэрамаякі. Эл. перадача сігналаў дае магчымасць адначасова перадаваць вял. колькасць розных сігналаў на значныя адлегласці і ў розныя пункты (гл. Тэлекіраванне); выкарыстоўваюцца для кіравання энергасістэмамі, на лініях электраперадачы, на чыг. транспарце (гл. Чыгуначная сігналізацыя). Пашыраны таксама радыётэхн. сродкі С.: у метэаралогіі, аэралогіі, у марскім і паветр. флоце (напр., радыёзонды, радыёлакацыйныя станцыі, радыёмаякі). Гл. таксама Пажарная сігналізацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ДЗІНЫ ЖЫВЁЛ,
здольнасць жывёл мяняць дзеянні, рэагаваць на ўздзеянне ўнутр. і знешніх фактараў. Разглядаюцца ў розных узаемазвязаных аспектах, найб. важныя — эвалюц., экалагічныя, фізіял. і псіхалагічныя.
У аднаклетачных арганізмаў паводзіны складаюцца ў асн. з аўтам. перамяшчэнняў у бок раздражняльніка або ад яго (станоўчы і адмоўны трапізмы і таксісы). У паводзінах прасцейшых выяўлены зачаткі індывід. прыстасавальнасці — прывыканне да стымулу, здольнасць выбару паміж кармавымі і некармавымі аб’ектамі і інш. У мнагаклетачных з ускладненнем іх арганізацыі павялічваецца роля індывід. набытых кампанентаў паводзін, абумоўленых рознымі формамі навучання. Пры гэтым інстынктыўныя паводзіны (генетычна абумоўленыя), спецыфічныя для кожнага віду, утвараюць аснову паводзін асобіны. Набыты індывід. вопыт дае магчымасць экстрапаліраваць яго на новыя сітуацыі. У індывід. П.ж. умоўна вылучаюць паўсядзённыя паводзіны, якія спрыяюць падтрыманню жыццядзейнасці, і сігнальныя паводзіны, што забяспечваюць зносіны паміж асобінамі (гл.Біякамунікацыя). Узаемадзеянне асобін у папуляцыі — сацыяльныя паводзіны. Існуюць таксама бацькоўскія, палавыя і інш. П.ж. Розныя тыпы П.ж. узаемаабумоўлены і ўзаемазвязаны. Здольнасць асобіны да рэалізацыі розных праграм паводзін падпарадкоўваецца эндагенным рытмам (гл.Біялагічныя рытмы). Выкананне асобінай праграмы паводзін вызначаецца псіхафізіял. механізмамі матывацый, якія маюць складанае нейра-гарманальнае паходжанне. Матывацыя вядзе да развіцця мэтанакіраваных (апетэнтных) паводзін, што выяўляюцца ў актыўным пошуку адпаведнага ёй знешняга стымулу (гнездавы матэрыял, корм, палавы партнёр і інш.). Знойдзены стымул выконвае ролю пускавога механізма (трыгера), які забяспечвае выкананне заключнага акта паводзін (гнёздабудаванне, жыўленне, спароўванне). Многія складаныя ансамблі паводзін разгортваюцца ў часе паводле тыпу ланцуговых рэакцый, і парушэнне (выпадзенне) асобных звёнаў абумоўлівае неадэкватныя паводзіны. П.ж. — прадмет вывучэння біхевіярызму, нейрафізіялогіі, сацыябіялогіі, эталогіі, зоапсіхалогіі, генетыкі паводзін і інш.
Літ.:
Тинберген Н. Поведение животных: Пер. с англ.М., 1969;
Шовен Р. Поведение животных: Пер. с фр.М., 1972;
Меннинг О. Поведение животных: Пер. с англ.М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВОН,
найстаражытнейшы самагучальны ўдарны інструмент. Вядомы ў многіх народаў свету (узоры стараж. бронзавых З. выяўлены на тэр. краін Паўд.-Усх. Азіі, Д.Усходу). Мае форму пустацелай, нібы зрэзанай знізу грушы. Дэталі: галава (асн. частка), палі (пашырэнне ўнізе), язык (біла; метал. булавападобная дэталь усярэдзіне, якая пры разгойдванні б’е аб З.), вушы (дугі, за якія яго падвешваюць). У залежнасці ад прызначэння З. робяць розных памераў і з розных матэрыялаў (пераважна з бронзы), што разам з інш. фактарамі (якасцю ліцця, настройкай) абумоўлівае моц, вышыню і тэмбр гучання.
У краінах хрысц. Еўропы пашыраны з 7 ст.Царк. званы ўстанаўліваюць на спец. збудаваннях — званіцах, а таксама на вежавых гадзінніках, гар. ратушах, уязных брамах. Як сігнальныя інструменты адыгрывалі вял. грамадска-быт. ролю: склікалі на сходы (вечавы З.), апавяшчалі аб нечаканых здарэннях (набатны, асадны З.), адбівалі час, паведамлялі пра пачатак царк. службы, былі неад’емнай прыналежнасцю свят («красны звон»), вянчальнага ці пахавальнага абрадаў; шырока выкарыстоўваліся на чыгунцы. Зняцце З. з гар. ратушы было выключнай з’явай, знакам пакарання горада, пазбаўлення права на самакіраванне. У правасл. царкве З. развіліся ў самабытнае мастацтва.
На Беларусі вядомы з 11 ст. («Слова пра паход Ігаравы»), З 14 ст. пашыраны З. візантыйска-рус. (разгойдваецца язык пры замацаваным корпусе) і зах.-еўрап. (разгойдваецца корпус) тыпаў. З. невял. памераў адлівалі мясц. майстры-канвісары (Віцебск, Дзісна, Крычаў і інш.). У 2-й пал. 17—18 ст. існавалі цэхі канвісараў у Магілёве, адліўшчыкі З. працавалі ў Слуцку, Клецку, Капылі, Нясвіжы. З 16—18 ст. захаваліся Моладаўскі звон, Дзісенскі звон, Крычаўскі звон. Выкарыстоўваюцца таксама ў сучасным манум. мастацтве (гл. ў арт.Урочышча Гай, Хатынь).
Літ.:
Оловянишников Н.И. История колоколов и колокололитейное искусство. 2 изд. М., 1912;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІБРАЦЫ́ЙНАЯ ТЭ́ХНІКА,
машыны, прыстасаванні і прылады, прызначаныя для стварэння, выкарыстання і вывучэння вібрацыі, для аховы ад яе шкоднага ўздзеяння. Да вібрацыйнай тэхнікі адносяцца: вібрацыйныя машыны; датчыкі, пераўтваральнікі, аналізатары, рэгістравальныя і сігнальныя прыстасаванні; пасіўныя і актыўныя вібраахоўныя прыстасаванні (дэмпферы «сухога» і вязкага трэння, дынамічныя гасільнікі ваганняў, сістэмы аўтам. кіравання рухам вібратараў і інш.).
Вібрацыйныя машыны падзяляюцца: паводле тыпу прывода — на гідраўлічныя, пнеўматычныя, электрамех. і інш.; паводле прынцыпу стварэння ваганняў — на цэнтрабежныя (вібрацыя ўзнікае пры вярчэнні дэбалансу), поршневыя, кулачковыя, крывашыпна-шатунныя, электрамагнітныя, электрадынамічныя, магнітастрыкцыйныя, п’езаэлектрычныя і інш.; паводле прызначэння — на тэхнал., транспартавальныя, дазіруючыя і выпрабавальныя. Тэхналагічныя: вібрамолаты, вібрапагружальнікі (для апускання ў грунт і выцягвання з яго паляў, труб, шпунта і інш.), вібрапляцоўкі (для вібраўшчыльнення бетону), вібрацыйныя рашоткі (для выбівання апок), вібраштампы (для штампавання жалезабетонных вырабаў складанай канфігурацыі), вібракаткі (для ўшчыльнення дарожнага пакрыцця; гл.Каток дарожны) і інш. Транспартавальныя: вібрацыйныя транспарцёры, канвееры, пад’ёмнікі, бункеры, помпы (для транспартавання вадкіх, сыпкіх, кускавых матэрыялаў, вырабаў на адлегласць да 100 м і болей). Дазіравальныя — вібрацыйныя дазатары (для адмервання вадкіх і сыпкіх матэрыялаў). Выпрабавальныя: вібрастэнды (для вібрацыйных выпрабаванняў вырабаў або для каліброўкі датчыкаў вібравымяральнай апаратуры), машыны для выпрабавання будынкаў пры штучных сейсмічных нагрузках і інш. Сродкі вібрацыйнай тэхнікі выкарыстоўваюцца ў буд-ве, машынабудаванні, горнай і хім. прам-сці, сельскай і камунальнай гаспадарцы і інш.
Літ.:
Быховский И.И. Основы теории вибрационной техники. М., 1969;
Вибрационные массообменные аппараты. М., 1980;
Варсанофьев В.Д., Кольман-Иванов Э.Э. Вибрационная техника в химической промышленности. М., 1985.
У.М.Сацута.
Да арт.Вібрацыйная тэхніка. Вібрапракатны стан для вытворчасці танкасценных жалезабетонных вырабаў: 1 — секцыя цеплавой апрацоўкі; 2 — калібравальная секцыя; 3 — секцыя бетанавання і ўшчыльнення бетону; 4 — секцыя арміравання.Да арт.Вібрацыйная тэхніка. А — схема вібраапускальніка (1 — электрарухавік, 2 — вібраўзбуджальнік, 3 — паля); Б — схема ўстаноўкі для вібраштампавання жалезабетонных вырабаў (1 — вібраштамп, 2 — прыціскная рама, 3 — аснастка); В — схема вібрапляцоўкі для ўшчыльнення бетону (1 — рухомая рама, 2 — вібраўзбуджальнік, 3 — прыстасаванне для замацоўвання формы).Да арт.Вібрацыйная тэхніка. Самаперасоўная вібрапліта: 1 — вібраўзбуджальнік; 2 — рабочая пліта; 3 — рухавік.