БЕЛАРУ́СКАЕ ДАБРАЧЫ́ННАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БДТ),

грамадская арганізацыя ў Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. Займалася аказаннем дапамогі і ўтрыманнем інтэрнатаў пры бел. гімназіях, настаўніцкіх семінарыях і інш. Праўленне БДТ размяшчалася ў Вільні. У 1925—30 арг-цыя знаходзілася пад уплывам рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цый Беларускай сялянска-работніцкай грамады і «Змагання», атрымлівала субсідыі ад Чырв. Крыжа БССР. З пач. 1930-х г. пасля разгрому «Змагання» дзейнічала пад уплывам бел. нац. арг-цый.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС БЕЛАРУ́СА»,

сялянска-работніцкая газета, орган бел. нац. меншасці ў Латвіі, арганізаванай у 1921 у т-ве «Бацькаўшчына». Выдавалася штотыднёва ў 1925—30 у Рызе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.Б.Езавітаў. Мела на мэце абуджаць нац. свядомасць і аб’ядноўваць беларусаў у Латвіі, абараняць іх інтарэсы, развіваць культуру. Пісала пра дзейнасць суполак, т-ваў, інфармавала пра стан асветы, школьнай справы, жыццё беларусаў у БССР, Літве, Чэхаславакіі, Сібіры. Перадрукоўвала матэрыялы з газ. «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска» і інш.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША ВО́ЛЯ»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 4 да 12.3.1927 у Вільні на бел. мове замест закрытай газ. «Наш голас». Рэдактар-выдавец М.Машара. Прытрымлівалася праграмных поглядаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Крытыкавала адносіны польск. улад да заходнебел. народа, змяшчала матэрыялы пра несправядлівую падатковую сістэму, нявырашанае агр. пытанне, паланізацыю бел. школы. Асвятляла культ. жыццё ў Зах. Беларусі, друкавала творы А.Салагуба, Я.Гаўрыліка і інш. Выйшлі 4 нумары, з іх 2 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.

С.В.Говін.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАСТО́ЛІКІ, апостальскія браты,

сялянска-плебейская ерэтычная секта 13 — пач. 15 ст. ў Паўн. Італіі. Засн. ў 1260 у г. Парма рамеснікам Сегарэлі. Прапаведавалі вяртанне да сац. і маёмаснай роўнасці паводле вучэння раннехрысц. апосталаў (адсюль назва), выступалі супраць феад. дзяржавы і каталіцкай царквы. Секта асуджана як ерэтычная і забаронена II Усяленскім саборам (Ліён, 1274), Сегарэлі ў 1300 спалены. Яго пераемнік Дальчына ў 1304 узняў паўстанне, якое задушана ў 1307. Апастолікі прапаведавалі свае ідэі ў Паўн. Італіі, Паўд. Францыі, Іспаніі і Германіі да 15 ст.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЕ́ВІЧ (Рыгор Раманавіч) (19.4.1907, в. Вял. Кракотка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 28.10.1974),

удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, дзеяч бел. эміграцыі. Адзін з арганізатараў гурткоў Бел. сялянска-работніцкай грамады і Т-ва бел. школы, б-кі імя Я.Купалы на радзіме. Каб пазбегнуць арышту, у 1928 эмігрыраваў у Канаду. Удзельнічаў у выпуску газ. «Канадский гудок», якая мела бел. старонку. Адзін са стваральнікаў Федэрацыі рус. канадцаў і яе друкаванага органа газ. «Вестник». Аўтар кн. «Рускія ў Канадзе» (Таронта, 1952), брашуры «50 год Беларускай рэспублікі» (Таронта, 1968).

т. 1, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЕ СЛО́ВА»,

штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 3.2.1926 да 9.2.1928 у Вільні на бел. мове. Выдавец — Часовая бел. рада, з № 20 за 1926 — Бел. нац. рада. У праграмных артыкулах заяўляла пра нац. адраджэнне, тэрытарыяльную і культ.-нац. аўтаномію Беларусі, перадачу зямлі сялянам, шырокі дэмакратызм, нац. царкву, барацьбу з камунізмам і далучэнне Усх. Беларусі да Заходняй. Асвятляла пытанні бел. школьніцтва, працаўладкавання бел. інтэлігенцыі, зямельнай справы і інш. Крытыкавала праграмы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Бел. сялянскага саюза, Бел. хрысціянскай дэмакратыі. Выйшлі 74 нумары.

В.І.Дзяшко.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ НІ́ВА»,

газета, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Выдавалася з 18.11.1925 да 16.3.1926 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Адна з самых паслядоўных газет грамады. Адлюстроўвала паліт. і эканам. становішча Зах. Беларусі, пісала пра школьную справу ў Зах. Беларусі, унутраную і знешнюю палітыку польскіх улад, заклікала да саюзу рабочых і сялян у барацьбе за свае правы. Змяшчала рэпартажы з залы пасяджэнняў польскага сейма, прамовы і запыты бел. паслоў. Мела каля 3 тыс. падпісчыкаў. Выйшла 35 нумароў, 4 канфіскаваны. Закрыта ўладамі.

С.В.Говін.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́ШЧЫК (Міхаіл Трафімавіч) (16.10.1905, в. Була Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 8.2.1973),

дзеяч нац.-вызв. і рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1926 у Бел. сялянска-работніцкай грамадзе. З 1929 сакратар Слонімскага акр. к-та КСМЗБ, з 1934 — КПЗБ. Тройчы зняволены польск. ўладамі. З 1939 старшыня Слонімскага гарвыканкома. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі, з 1943 у тыле ворага, пам. упаўнаважанага ЦК КП(б)Б і БШПР па Баранавіцкай вобл., сакратар Слонімскага падп. РК КП(б)Б, рэдактар падп. газеты «Вольная праца». Пасля вайны на парт. і сав. рабоце. Дэп. ВС БССР у 1955—63.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАЯВА́Я ЎСКАЛО́СЬ»,

ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў ліп. 1949 — лют. 1950 у Зах. Германіі, у 1954—81 у Канадзе (Таронта) на бел. мове. Рэдактары М.Панькоў (1949—50), С.Хмара (1954—81). Орган літ. аб’яднання «Баявая ўскалось» (засн. ў 1949), створанага членамі нелегальнай аднайменнай літ. арг-цыі Зах. Беларусі (засн. ў 1937). Выказваўся за адзінства бел. культуры, незалежна ад месца пражывання яе творцаў, друкаваў творы бел. пісьменнікаў, што жылі ў эміграцыі, у БССР і на Беласточчыне, зах.-бел. рэв. паэзію, хроніку, кнігапіс і інш. Абапіраўся на ідэйную традыцыю Бел. сялянска-работніцкай грамады. Выйшла 18 нумароў.

Ю.Туронак.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ СПРА́ВА»,

газета Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася ў Вільні з 9.4 да 31.7.1926 на бел. мове два разы на тыдзень. Замяніла забароненую ўладамі газету «Беларуская ніва». Была разлічана на сялян і рабочых Зах. Беларусі, на актыў БСРГ. Прапагандавала ідэі нац.-вызв. барацьбы, арганізац. формы грамадскага руху, асвятляла развіццё бел. культуры і асветы ў Зах. Беларусі і БССР, расказвала пра эканам. і паліт. становішча ў БССР, міжнар. жыццё. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць ТБШ, творы зах.-бел. пісьменнікаў. Выйшла 29 нумароў, 11 канфіскаваны. Забаронена ўладамі. З чэрв. 1926 БСРГ выдавала газету «Народная справа».

С.В.Говін.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)