МАШЭ́КА,

герой бел. нар. падання; змагар супраць сац. несправядлівасці, высакародны разбойнік. Паводле падання, каля магілы М. ўзнік г. Магілёў. Фалькл. сюжэт пра М. творча выкарыстаў у рамант. стылі Я.​Купала ў паэме «Магіла льва». Да вобраза М. звярталіся Е.​Міровіч, В.​Вольскі (п’есы «Машэка»), У.​Караткевіч (балада «Машэка»). Паводле паэмы Я.​Купалы і п’есы Міровіча Р.​Пукст напісаў оперу «Машэка».

т. 10, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЖА́НСКІЯ (сапр. Валжанкіны),

сям’я рус. артыстаў цырка, канатаходцы. Уладзімір Аляксандравіч (30.5.1917—1983). Кіраўнік нумара. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Маскоўскі тэхнікум цыркавога мастацтва (1933). Акрабат, эквілібрыст, канатаходзец, канструктар цыркавой апаратуры. Партнёры — члены яго сям’і і інш. артысты цырка. У 1977 Валжанскія стварылі атракцыён-спектакль «Праметэй», у якім сродкамі цыркавой выразнасці перадалі сюжэт антычнага міфа. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Літ.:

Ганина М. Канатоходцы Волжанские. М., 1969.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́С, Арэй,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі каварны, вераломны бог вайны дзеля вайны, які нясе гібель і разбурэнне. Сын Зеўса і Геры. Арэса ўяўлялі ў вобразе маладога дужага мужчыны, часам у баявым шлеме. Міф пра Арэса — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, статуі Баргезійскага Арэса і Людавізійскага Арэса, карціны С.​Батычэлі, Я.​Тынтарэта, П.​Рубенса, Ж.​Давіда) і інш. У старажытна-рымскай міфалогіі яму адпавядае Марс.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯЦЫ́НТ, Гіякінф,

у грэчаскай міфалогіі прыгожы юнак, любімец Апалона; сын спартанскага цара Амікла, праўнук Зеўса. Дыск, кінуты Апалонам, выпадкова забіў Гіяцынта. З крыві Гіяцынта выраслі кветкі гіяцынты. Месцам культу Гіяцынта быў г. Аміклы каля Спарты. У гонар Апалона ладзілі свята гіякінфія. Сюжэт міфа адлюстраваны ў карціне Дж.​Цьепала, оперы В.​А.​Моцарта і інш.

Да арт. Гіяцынт. Апалон, Гіяцынт і Кіпарыс. Мастак А.​А.​Іванаў. 1831—34.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕСПЕРЫ́ДЫ,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі 4 дачкі німфы Гесперы і Атланта, надзеленыя звонкімі галасамі. Жылі ўздоўж ракі Акіян, разам з драконам Ладонам ахоўвалі ў садзе багоў залатыя яблыкі, якія Гея падарыла Геры на яе вяселле з Зеўсам. Геракл забіў дракона і выкраў яблыкі (11-ы подзвіг). На гэты сюжэт карціны Рафаэля, Г. фон Марэ і інш.

Гесперыды. Фрагмент размалёўкі апулійскай вазы. 4 ст. да н.э.

т. 5, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОХ,

персанаж усх.-слав. чарадзейных казак; казачны чараўнік у выглядзе барадатага чалавека. О. выскоквае з-пад зямлі да стомленага і галоднага бедняка, які прысеў на пень і моцна охнуў, корміць яго і прапануе сваю дапамогу. Дорыць герою чарадзейную табакерку, якая выконвае любыя пажаданні. Герой гэтай казкі перамагае злыя сілы і дамагаецца справядлівасці. Казкі падобнага тыпу запісаў М.​Федароўскі. Сюжэт О. вядомы і інш. народам.

А.​С.​Фядосік.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭ́Й,

у грэчаскай міфалогіі волат, уладар Лівіі, сын Пасейдона і Геі. Быў непераможны, пакуль дакранаўся да зямлі, якая давала яму новыя сілы. Загінуў у паядынку з Гераклам, які адарваў Антэя ад зямлі і задушыў. Гэты сюжэт адлюстраваны на франтоне храма Геракла ў Фівах, у шматлікіх жывапісных творах Л.​Кранаха Старэйшага, Г.​Бальдунга (Грына), Я.​Тынтарэта, Дж.​Цьепала і інш.

Геракл і Антэй. Скульптурная група А.​Палаёла. Каля 1475.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НА, Алена Прыгожая,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка Зеўса і Леды, жонка цара Спарты Менелая, якая лічылася надзвычайнай прыгажуняй. Паводле міфаў, сын траянскага цара Прыяма Парыс з дапамогай Афрадыты выкраў Алену, што стала зачэпкай Траянскай вайны. Міф пра Алену — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны Я.​Тынтарэта, Ж.​Л.​Давіда), л-ры (Гамер, Эўрыпід, І.​В.​Гётэ), музыцы (К.​В.​Глюк, К.​Сен-Санс, Р.​Штраус) і інш.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРО́ПА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня земляробства, дачка фінікійскага цара Агенора, сястра Кадма, маці Мінаса, Сарпедона і Радаманфа. Закаханы ў Е. Зеўс пад выглядам быка выкраў яе і пераплыў на Крыт, дзе Е. стала яго жонкай. Культ Е. існаваў у Фінікіі і на Крыце. Выкраданне Е. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазапіс, рым. мазаіка, фрэскі ў Пампеях, карціны К.​Ларэна, Рафаэля, Тыцыяна і інш.).

Да арт. Еўропа. Выкраданне Еўропы. Мастак В.​А.​Сяроў. 1910.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГМАЛІЁН,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі скульптар, цар в-ва Кіпр, які закахаўся ў выразаную ім са слановай косці статую дзяўчыны-прыгажуні Галатэі. У адказ на маленне П. багіня Афрадыта ажывіла статую. У пераносным сэнсе П. — чалавек, закаханы ў свой твор. Сюжэт «П. і Галатэя» неаднаразова выкарыстаны ў л-ры (Ж.​Ж.​Русо, Б.​Шоу і інш.) і мастацтве (Ф.​Бушэ, Э.​М.​Фальканэ і інш.).

Пігмаліён і Галатэя. Скульптар Э.​М.​Фальканэ. 1763.

т. 12, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)