КАРАЛІ́НСКАЕ БАЛО́ТА,

у Докшыцкім і Лепельскім р-нах Віцебскай вобл., у вадазборы р. Бярэзіна, у межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Нізіннага тыпу. Пл. 7,4 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,6 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,8 м. Асушаная ч. балота выкарыстоўваецца пад сенажаць, неасушаная — пад лесам. Пераважаюць бярозавыя, чорнаальховыя, асакова-сфагнавыя асацыяцыі, месцамі яловы лес.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ННА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Полацкім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай аховы ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 439 га. Размешчаны на вярховым балоце Лонніца; у цэнтр. ч.воз. Лонна. У складзе балотнай расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з пашырэннем журавін. На мінер. участках хвоя, бяроза, вольха, елка.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ШНА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Віцебскім р-не. Створаны ў 1979 з мэтай аховы прыродных месцаў росту журавін. Пл. 399 га. Размешчаны на балоце Мошна. У складзе расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з пашырэннем журавін, бярозава-хваёва-асаковыя фітацэнозы, хвойнікі багуновыя і асаковыя, бярэзнікі асаковыя. На ўчастках з мінер. глебамі яловыя, асінавыя і бярозавыя лясы.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ БАЛО́ТА,

біялагічны заказнік у Расонскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін і падтрымання экалагічнай раўнавагі і гідралагічнага рэжыму прылеглых тэрыторый. Пл. 650 га (1996). Размешчаны на балотным масіве Выдрын Мох на тэр. Юхавіцкага лясніцтва. Рэльеф цэнтр. ч. балотнага масіву градава-балоцісты. У раслінным покрыве пашыраны хваёва-кустова-сфагнавыя фітацэнозы і журавіны. Лясы пераважна хваёвыя, на асобных мінер. участках бярэзнік і ельнікі.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЦЕНСКІ МОХ,

гідралагічны заказнік на тэр. Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. Засн. ў 1981 як заказнік рэсп. значэння для захавання ў натуральным стане балотных масіваў К.М. і Чысцік-1 з характэрнай расліннасцю. Пл. 1350 га (1998). Знаходзіцца ў межах Суражскай нізіны. Рэльеф тэрыторыі азёрна-марэнны. Балоты вярховага тыпу, тарфяныя паклады таўшчынёй да 3,7 м. У балотнай расліннасці пераважаюць хваёва-хмызнякова-сфагнавыя фітацэнозы, на мінер. «астравах» — бярозавыя, яловыя, асінавыя і альховыя лясы.

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́БАЛАЦЦЕ,

біялагічны заказнік у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1979 як заказнік-журавіннік рэсп. значэння для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1957 га (1997). Размешчаны на вярховым балоце са шматлікімі мінер. ўчасткамі (50% агульнай плошчы). У складзе балотнай расліннасці рэдкалесныя (хваёва-кусцікава-сфагнавыя і інш.) і бязлесныя фітацэнозы, пашыраны журавіны; лясы хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. На мінер. участках пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя, асінавыя лясы кіслічнага, імшыстага, чарнічнага і даўгамошнага тыпаў.

т. 6, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРАЗАНА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

прыродная расліннасць, якая ўключана ў занальную расліннасць, аднак не складае самаст. зоны. Змяняецца ў шыротным і даўготным напрамках. У адрозненне ад азанальнай расліннасці цесна звязана з пэўнымі зонамі, напр., расліннасць саланцоў і саланчакоў у стэпавай і пустыннай зонах, сфагнавыя балоты ў лясной і тундравай зонах. Звычайна займае ў адпаведнай зоне невял. плошчы. Месцамі І.р. пераважае над занальнай, напр., хваёвыя лясы Палесся ў падзоне шыракалістых лясоў, балоты Зах. Сібіры ў падзоне тайгі.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДДУ́БІЧЫ,

балота нізіннага і пераходнага тыпаў у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Беларусі (38,2 тыс. га) і ў вадазборах рэк Сцвіга і Маства ў межах Украіны. Пл. 48,2 тыс. га, у межах прамысл. пакладу — 19,5 тыс. га. Глыб. торфу да 4 м, сярэдняя 1,4 м. Запасы торфу каля 38 млн. т. На б. ч. лясы з хвоі і бярозы, растуць трыснёг, асокі, гіпнавыя і сфагнавыя імхі. Трапляюцца пясчаныя астравы і грады, парослыя пераважна хваёвым лесам.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАТРО́ФЫ [ад аліга... + ...троф(ы)],

расліны і мікраарганізмы, здольныя развівацца ў асяроддзі з нізкай канцэнтрацыяй пажыўных рэчываў. Да алігатрофных раслін Беларусі, якія растуць на глебах, бедных элементамі мінер. харчавання, належаць сфагнавыя імхі, верас звычайны, сівец стаячы, цмен пясчаны, агаткі двухдомныя, падвей похвенны, багун балотны, журавіны і інш. расліны вярховых балотаў, сухадолаў і пяскоў. Алігатрофныя мікраарганізмы жывяцца простымі арган. злучэннямі — арган. к-тамі, спіртамі. Многія з іх маюць прыстасаванні для павелічэння паверхні клеткі (спіральная будова клетак у спірылы, прастэкі ў прастэкабактэрый).

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́БІНСКАЯ НІЗІ́НА, Барабінскі стэп, Бараба,

на Пд Зах. Сібіры, пераважна ў Новасібірскай вобласці Расійскай Федэрацыі, у міжрэччы Іртыша і Обі. Пл. каля 117 тыс. км². На Пд пераходзіць у Кулундзінскую раўніну. Паверхня — хвалістая раўніна (выш. да 150 м) з паралельнымі высокімі грывамі (асабліва на Пд). На грывах лугавыя стэпы, разнатраўныя лугі і бярозавыя гаі (калкі) на чарназёмах, саланцах і шэрых лясных глебах; у паніжэннях паміж імі — больш за 2000 прэсных і салёных азёраў (найб. Чаны, Тандава, Сартлан), сфагнавыя балоты, саланчаковыя лугі.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)