Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІ́ЧНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
фізічная велічыня, якая характарызуе супраціўленне ланцуга (яго ўчастка) пастаяннаму току; былая назва гранічнага значэння актыўнага супраціўлення (гл.Электрычнае супраціўленне). Абумоўлена неабарачальным пераўтварэннем эл. энергіі ў інш. формы (пераважна ў цеплавую); пацвярджае выкананне Ома закону для дадзенага ўчастка ланцуга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМО́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
уласцівасць некаторых звычайна нелінейных элементаў эл. ланцугоў змяншаць падзенне напружання на іх пры павелічэнні сілы току (напр., 4-слойны некіроўны дыёд, тунэльны дыёд). У ланцугах пераменнага току індуктыўнае супраціўленне можна разглядаць як адмоўнае супраціўленне ў адносінах да ёмістаснага. У ланцугах пастаяннага току адмоўнае супраціўленне ўзнікае ў вобласці значэнняў токаў і напружанняў пры наяўнасці на вольт-ампернай характарыстыцы элемента ўчастка, які зніжаецца.
Вольтамперная характарыстыка элемента з адмоўным супраціўленнем. AB — спадальны ўчастак.
сіла супраціўлення руху цела ў вадкасці (газе); сіла супраціўлення руху вадкасці (газу), выкліканая ўплывам сценак труб, каналаў і інш.
Гідрадынамічнае супраціўленне ў выпадку руху цела ў газах наз. аэрадынамічным супраціўленнем, абумоўленае вязкасцю вадкасці — вязкасным супраціўленнем. На целы, што рухаюцца каля мяжы раздзелу вадкасць — газ, дадаткова ўздзейнічае хвалевае супраціўленне, абумоўленае стратамі энергіі на ўтварэнне хваль. Для змяншэння гідрадынамічнага супраціўлення целам надаюць абцякальную форму, выкарыстоўваюць метады ўздзеяння на пагранічны слой і інш. Гідрадынамічнае супраціўленне ўлічваюць пры праектаванні і буд-ве лятальных апаратаў, марскіх і рачных суднаў, розных гідратэхн. збудаванняў, установак, апаратаў (турбінныя ўстаноўкі, паветра- і газаачышчальныя апараты, газа-, нафта- і водаправодныя магістралі, кампрэсары, помпы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЁМІСТАСНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
велічыня, якая характарызуе супраціўленне пераменнаму току электраёмістасці ланцуга (яго ўчастка). Ё.с. сінусаідальнаму току xc=1/ωC, дзе ω — цыклічная (вуглавая) частата, C — ёмістасць ланцуга. У Міжнар. сістэме адзінак вымяраецца ў омах. Разам з індуктыўным супраціўленнем складае рэактыўнае супраціўленне, якое ўваходзіць у склад агульнага (поўнага) электрычнага супраціўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
фізічная велічыня, якая характарызуе процідзеянне эл. ланцуга працяканню пераменнага эл. току, абумоўленае індуктыўнасцю і электраёмістасцю гэтага ланцуга; частка поўнага электрычнага супраціўлення. Адрозніваюць ёмістаснае супраціўленне і індуктыўнае супраціўленне. Адзінка Р.с. ў СІ — ом.
У ланцугах з сінусаідальным токам на індуктыўным супраціўленні XL вектар сілы току адстае на 90° ад вектара напружання, а на ёмістасным Хс — наадварот, апярэджвае на 90°. Таму Р.с. Х неразгалінаванага ланцуга з паслядоўна ўключанымі індуктыўнасцю і ёмістасцю роўнае Х = ХL-Хс Лікавае значэнне Р.с. задае вугал зруху фаз паміж токам і напружаннем у эл. ланцугу: φ = arctg (Х/R), дзе R — актыўнае супраціўленне. У ланцугах несінусаідальнага току Р.с. рознае для розных гарманічных складальных току.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВА́ЛЕВАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
1) у акустыцы — удзельны акустычны імпеданс (комплекснае супраціўленне) асяроддзя для плоскіх хваль. Вызначае ўмовы адбіцця і пераламлення хваль на мяжы асяроддзя.
Для газападобнага ці вадкага асяроддзя Х.с. роўнае адносінам гукавога ціску ў бягучай плоскай хвалі да вагальнай скорасці — скорасці (адносна асяроддзя) часціц, якія пры праходжанні хвалі вагаюцца каля становішча раўнавагі. Для неабмежаванага цвёрдага асяроддзя або стрыжня Х.с. выражаецца праз адносіны напружання механічнага да вагальнай скорасці часціц асяроддзя.
2) У газавай дынаміцы — аэрагідрадынамічнае супраціўленне (гл.Гідрадынамічнае супраціўленне), якое ўзнікла пры звышгукавым цячэнні газу адносна цела. Абумоўлена стратамі энергіі на ўтварэнне ўдарных хваль. Х.с. для цяжкай вадкасці — складальныя сілы супраціўлення вадкасці руху цела. Узнікае, калі цела рухаецца каля свабоднай паверхні вадкасці ці паверхні падзелу вадкасцей з рознымі шчыльнасцямі. Абумоўлена ўтварэннем рухомым целам паверхневых хваль.
3) У электратэхніцы — адносіны напружання да сілы току ў пунктах лініі (напр., доўгай лініі), па якой распаўсюджваюцца эл.-магн. хвалі. Для павелічэння ккдз такой лініі яе нагрузку робяць роўнай (ці блізкай) да Х.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКТЫ́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
1) у электратэхніцы — процідзеянне пераменнаму току з боку індуктыўных элементаў ланцуга (напр., індуктыўнасці шпулі). Калі элемент ланцуга характарызуецца толькі індуктыўнасцю L, выражаецца формулай XL = ωL, дзе ω — цыклічная частата; адзінка І.с. ў СІ — ом.
З-за з’явы электрамагнітнай індукцыіэл. энергія двойчы за перыяд ваганняў перадаецца ад крыніцы магн. полю шпулі і двойчы вяртаецца ў крыніцу току. У радыётэхніцы І.с. часта ўзнаўляецца з дапамогай фазавярчальнікаў. Адзін і той жа элемент паводзіць сябе па-рознаму ў розных дыяпазонах частот. Напр., вагальны контур пры частотах, меншых за рэзанансную, паводзіць сябе як І.с., пры большых — як ёмістаснае. Гл. таксама Ома закон, Электрычнае супраціўленне.
2) У аэрадынаміцы — частка аэрадынамічнага супраціўлення (гл.Гідрадынамічнае супраціўленне) крыла лятальнага апарата, абумоўленая завіхрэннямі паветра, восі якіх пачынаюцца на крыле і накіраваны ўніз па патоку. Віхры ўзнікаюць з-за перацякання паветра ў канцах крыла з вобласці пад крылом у вобласць над крылом. У выніку вектар пад’ёмнай сілы крыла адхіляецца ад вертыкалі. У крылаў з бясконцым размахам І.с. адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
параметр (характарыстыка) магнітнага ланцуга, роўны адносінам магнітарухальнай сілы F, якая дзейнічае ў ланцугу, да створанага ёю магнітнага патоку Ф. Выкарыстоўваецца для разлікаў магн. ланцугоў (магнітаправодаў).
М.с. Rm аднароднага ўчастка магн. ланцуга вылічваецца па формуле: Rm = l/μμ0S, дзе l і S — даўжыня і папярочнае сячэнне ўчастка ланцуга, μ — адносная магн. пранікальнасць матэрыялу, μ0 — магн. пастаянная. Адзінка М.с. ў СІ — ампер (або ампер-віток) на вебер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,
навука, якая вывучае паводзіны розных матэрыялаў пад дзеяннем прыкладзеных нагрузак; вызначае трываласць, жорсткасць і ўстойлівасць дэталей машын, элементаў канструкцый і збудаванняў. Грунтуецца на законах і вывадах тэарэтычнай механікі, тэорыях паўзучасці, пластычнасці і пругкасці (гл. адпаведныя арт.), у эксперым. частцы выкарыстоўвае палажэнні матэрыялазнаўства.
Асн. задачы С.м. — падбор матэрыялу і вызначэнне памераў канструкцыйных элементаў, якія забяспечваюць патрэбную эксплуатацыйную надзейнасць і даўгавечнасць тэхн. аб’ектаў. Гал. разліковымі характарыстыкамі з’яўляюцца дэфармацыі і напружанні механічныя, колькасныя характарыстыкі якіх у пэўным пункце залежаць ад прынятай формы элемента, лікавага значэння і спосабу прыкладання знешняй нагрузкі. З дапамогай С.м. робяць інж. разлік бэлек, стрыжняў, валоў, пліт, абалонак, арак і інш. Заснавальнікам С.м. лічыцца Г.Галілей. Асн. закон С.м. (Гука закон) адкрыты Р.Гукам. Значны ўклад у С.м. зрабілі рас. вучоныя Л.Эйлер, Дз.І.Жураўскі, М.М.Бяляеў, В.З.Уласаў, Ю.М.Работнаў і інш., франц.інж. і вучоны Л.М.А.Наўе, а таксама бел. вучоныя Я.Ф.Вінакураў, Я.М.Макушок, І.А.Прусаў, Г.К.Татур і інш.
Літ.:
Тимошенко С.П. История науки о сопротивлении материалов: Пер. с англ.М., 1957;
Татур Г.К. Курс сопротивления материалов. Ч. 1—3. Мн., 1962—66;
Беляев Н.М. Сопротивление материалов. 15 изд. М., 1976;
Справочник по сопротивлению материалов. Мн., 1988.