Выпадаюць з воблакаў (дождж, імжа, снег, крупы снежныя і ледзяныя, снежныя зерні, ледзяны дождж і град) або асядаюць на зямной паверхні ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ці замярзання пераахалоджаных кропляў вады (раса, шэрань, галалёд, іней). Адрозніваюць паводле характару выпадзення. Абложныя выпадаюць са слаіста-дажджавых і высокаслаістых воблакаў, звычайна звязаны з цёплым фронтам, працяглыя, ахопліваюць вял. плошчу. Ліўневыя выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў, прымеркаваны да халоднага фронту, непрацяглыя, з раптоўным пачаткам і канцом, зменлівай інтэнсіўнасці. Імжыстыя выпадаюць са слаістых і маламагутных слаіста-дажджавых воблакаў.
Ападкі атмасферныя — адно са звёнаў кругавароту вады ў атмасферы. Колькасць ападкаў вымяраецца вышынёй слоя вады ў міліметрах, які ўтварыўся на гарыз. паверхні пры адсутнасці выпарэння і інш. страт. Гадавая сума ападкаў атмасферных на Зямлі ў сярэднім 1130 мм (больш за 500 тыс.км³ вады). Размеркаванне ападкаў на Зямлі вельмі нераўнамернае, яно залежыць ад агульнай цыркуляцыі атмасферы і асаблівасцяў подсцільнай паверхні. Асаблівы ўплыў на размеркаванне ападкаў атмасферных мае рэльеф. Пэўная занальнасць размеркавання парушаецца мясц. фактарамі. Найбольш вільготная на Зямлі экватарыяльная зона, дзе выпадае ад 3000 мм на Амазонскай нізіне ў Паўд. Амерыцы да 9655 мм на наветраных схілах масіву Камерун у Афрыцы. У тропіках выпадае ў сярэднім 1000—2000 мм за год (на сушы больш, чым у моры). Максімальная колькасць ападкаў атмасферных назіраецца ў зоне трапічных мусонаў на плато Шылонг у Індыі, дзе на выш. 1300 м у Чэрапунджы выпадае 10 902 мм ападкаў атмасферных за год. Прыкладна столькіж (у асобныя гады) на наветраных схілах гор у зоне пасатаў на Гавайскіх а-вах. Мінімум ападкаў атмасферных у пустынях, дзе выпадае 50—250 мм і менш (у некаторых пунктах на сярэднім Ніле і ў пустыні Атакама ў Чылі ападкаў атмасферных не бывае па некалькі гадоў).
На тэр. Беларусі ападкі атмасферныя прыносяць цыклоны з Атлантычнага ак. і Міжземнага м., частка іх фарміруецца як мясцовыя ў выніку канвекцыі. За год выпадае ад 540 мм і менш (на Палессі) да 769 мм (на Навагрудскім узвышшы). Максімальная колькасць 1115 мм назіралася ў 1906 (Васілевічы), мінімальная 299 мм — у 1963 (Брагін). У сярэднім за год бывае ад 145 дзён з ападкамі (на ПдУ) да 195 дзён (на З і ўзвышшах Беларускай грады). Працягласць ападкаў атмасферных за год у сярэднім складае ад 1000—1200 гадзін (на Пд і З) да 1300—1500 гадз (на ПнУ рэспублікі). Максімальная працягласць за год 2034 гадз адзначана ў 1980 у Мінску.
Літ.:
Швер Ц.А. Закономерности распределения количества осадков на континентах. Л., 1984;
Атмосфера: Справ. Л., 1991;
Климатические характеристики земного шара. Л., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІРЫ́ЧНЫЯ ПЕ́СНІпазаабрадавыя,
народныя песні, у якіх ідэйна-эмацыянальны элемент пераважае над апавядальным. Вядомыя ўсім народам свету.
Мяркуюць, што Л.п. вылучыліся з сінкрэтычнай абрадавай паэзіі. З развіццём грамадства яны набывалі самастойнасць, глыбей раскрывалі духоўны свет чалавека, яго эстэт. ідэал. Змест Л.п. вельмі шырокі, ахоплівае амаль усе бакі грамадскага і асабістага жыцця чалавека. Паводле тэматыкі падзяляюцца на любоўныя, сямейна-бытавыя, аб родным краі, гіст. падзеях і інш., па сац. прыналежнасці — батрацкія песні, бурлацкія песні, чумацкія песні, сялянскія, казацкія, рэкруцкія, салдацкія, рабочыя і інш. песні. У адрозненне ад песень эпічных з іх тыпізацыяй навакольнай рэчаіснасці ў Л.п. на першы план выступае тыпізацыя ідэйна-эмацыянальных адносін чалавека да гэтай рэчаіснасці. Вызначальны момант паэт. сістэмы такіх Л.п. не столькі дакладнае развіццё сюжэта, колькі шэраг тыповых для традыцыйнай лірыкі сюжэтных матываў і сітуацый. Псіхалагізацыя вобраза прадугледжвае большую свабоду вобразатворчых імпульсаў, што ўплываюць на форму вершаскладання са словаабрывамі, устаўнымі выклічнікамі, паўторамі элементаў верша, якія варыянтна адцяняюць гал. думку. Рытміка-метрычная структура абумоўлена характарам мелодыі. Напевам Л.п. уласцівы непрымеркаванасць выканання (спяваюцца «калі хочаш», «абы калі») і індывідуалізацыя муз. вобраза, што вядзе да існавання мноства меладычных варыянтаў песні. Нар. песенная лірыка ахоплівае некалькі гіст. пластоў. Найб. даўні ўтвараюць Л.п., якія ўмоўна прымяркоўваюцца да розных абставін і каляндарных дат, напр., пастухоўскія («як пасуць жывёлу»), «як полюць», «лугавыя» (спяваюцца на полі), «лесавыя» і інш. Іх муз. вобразы (як і паэтычныя) знаходзяцца ў рамках стараж. песеннасці, убіраючы ў сябе многія прыкметы песень каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў (сціснуты гукавы дыяпазон, неразгорнутая меладычная страфа), але ў адрозненне ад каляндарных і сямейна-абрадавых песень з групавым прымацаваннем некалькіх паэт. тэкстаў да аднаго тыповага напеву ў Л.п. звычайна кожнаму тэксту адпавядае свой напеў. Найчасцей гэта напевы адзіночнай традыцыі выканання з тонкім інтанацыйным і рытмічным вар’іраваннем.
Асн. масіў бел.нар. Л.п. складаюць песні больш позняга гісторыка-стылявога пласта, узнікненне якіх адносяць да эпохі фарміравання бел. народнасці і часоў казацка-сялянскіх паўстанняў (14—17 ст.). Яны вызначаюцца надзвычайным багаццем вобразна-эмацыянальнага складу: энергічным размахам (песні вольніцы), шматадценневай гамай пачуццяў (любоўная лірыка), вастрынёй эмацыянальных зрухаў (жартоўныя). Існуюць у сольных і хар. варыянтах. Часам адзін тэкст бытуе з некалькімі напевамі, якія нібы з розных бакоў раскрываюць паэт. змест песні. Мелодыі іх працяжна распетыя («зацягучыя», напр., «Із пуд горкі буйной вецёр вее», «далявыя», напр., «Ночы мае, ночушкі»), з разгорнутай песеннай строфікай (часта з т.зв. ланцуговымі запевамі), інтанацыйнымі кантрастамі. У паўд., усх. і цэнтр. Беларусі шматгалосыя Л.п. найчасцей распяваюцца з падводкай. Акрамя працяжных бываюць і т.зв. частыя Л.п., звязаныя ў вытоку з танцам. У муз.-паэт. стылістыцы сучасных Л.п. (партызанскія песні і інш.) побач з сялянскай фалькл. традыцыяй адчуваецца ўплыў традыцыі літ. і асабліва масавай песні. Многія з твораў прафес. л-ры фалькларызаваліся («Люблю наш край» К.Буйло, «Над ракою ў спакою» Я.Купалы, «Зорка Венера» М.Багдановіча, «Лясная песня» А.Русака, «Нёман» А.Астрэйкі, «Ручнікі» В.Вярбы). Напевы іх народныя або складзеныя кампазітарамі. Асобная разнавіднасць Л.п. — прыпеўка.
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 1—2. Мн., 1959—60;
Анталогія беларускай народнай песні. Мн., 1968;
Песні пра каханне. Мн., 1978;
Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984;
Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Панямоння. Мн., 1998.
Літ.:
Песенная лирика устной традиции. СПб., 1994;
Гілевіч Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;
Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯРО́БСТВА,
1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі; вырошчванне культурных раслін для забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлі — кармамі, лёгкай і харч. прам-сці — сыравінай. Уключае паляводства (збожжавая гаспадарка, ільнаводства, буракаводства, бульбаводства, насенняводства, вырошчванне кармавых культур), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства.
У 20 ст. распрацаваны і выкарыстоўваюцца навукова абгрунтаваныя сістэмы З., якія ўключаюць развітую агратэхніку, палепшаную апрацоўку глебы, удасканаленае насенняводства, навук. селекцыю высокаўраджайных сартоў с.-г. культур, у адпаведнасці з канкрэтнымі ўмовамі прыродна-эканам. раёнаў уводзяцца севазвароты, ажыццяўляецца меліярацыя, на аснове хімізацыі шырока ўжываюцца мінер. ўгнаенні, развіваецца эфектыўная сістэма аховы раслін. Існуе экстэнсіўнае З. (рост вытв-сці за кошт расшырэння плошчаў) і інтэнсіўнае (рост вытв-сці за кошт дадатковых укладанняў працы і сродкаў). Вылучаюць: арашальнае З, (са штучным арашэннем), багарнае (у раёнах арашальнага З., але магчымае без паліву); сухадольнае або сухое (з дэфіцытам атм. ўвільгатнення і няўстойлівасцю прыродных умоў); устойлівае (у абласцях дастатковага ўвільгатнення); круглагадовае (у вільготных субтропіках і тропіках, з вырошчваннем 2—3 ураджаяў за год), а таксама горнае (пераважна на схілавых тэрасах), палярнае (з выкарыстаннем парнікоў) і інш. Аснова З. — паляводства, а яго гал. галіна — збожжавая гаспадарка. У 1994 сусв.вытв-сць збожжа склала 1940,1 млн.т, яго вядучыя вытворцы — Кітай (больш за 20% сусв. збору збожжа), ЗША (17%), Індыя (11%). Са збожжавых культур найважнейшае значэнне маюць пшаніца, рыс і кукуруза. У 1994 у свеце было сабрана 534,3 млн.т пшаніцы; вядучыя вытворцы — Кітай (19% сусв. вытв-сці), ЗША (12%), Індыя (11%). Прыкладна столькіж збіраюць рысу — 531,3 млн.т (1994). Асн. рысасеючыя краіны — Кітай (больш за 30% сусв. збору) і Індыя (больш за 20%). Кукуруза — гал. зернефуражная культура. У 1994 яе вытв-сць склала 551,2 млн.т. Гал. вытворцы — ЗША (42%) і Кітай (19%). Тэхн. культуры забяспечваюць сыравінай розныя галіны прам-сці. Найб. значэнне маюць алейныя (сланечнік, соя, рапс і інш.), цукраносныя (цукр. буракі, цукр. трыснёг), валакністыя (бавоўна, лён-даўгунец, каноплі, джут і інш.). Бульбаводства — галіна З. па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя мэты. Яго сусв.вытв-сць склала 283,3 млн.т (1994). Буйнейшыя вытворцы — Расія, Кітай і Польшча (удз. в. кожнай краіны складае больш за 10% сусв. валавога збору).
Аснову с.-г. вытв-сці Беларусі складае збожжавая гаспадарка. Збожжавыя культуры займаюць амаль палову ўсёй яе пасяўной плошчы (у 1996—43,2%) і выкарыстоўваюцца на харч. і фуражныя мэты. Гал. збожжавыя культуры — жыта і ячмень (гл.табл.). Вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, грэчку; з зернебабовых — кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Тэхн. культуры маюць невял. ўдз. в. ў структуры пасяўных плошчаў — 2,6% (1996), але іх роля ў эканоміцы вельмі значная. Гал.тэхн. культуры — лён-даўгунец і цукр. буракі, у апошнія гады пашыраюцца пасевы рапсу. Ільнаводства сканцэнтравана пераважна ў Віцебскай, на Пн Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абл., дзе найб. спрыяльныя ўмовы для вырошчвання лёну-даўгунцу. Цукр. буракі вырошчваюць у зах. і паўд.-зах. частках Беларусі. Пасевы гэтай культуры ўтвараюць сыравінныя зоны 4 цукр. заводаў. Бульбу на Беларусі вырошчваюць усюды, на яе прыпадае 11,6% пасяўной плошчы. Краіна дае каля 4% сусв. вытв-сці бульбы, займае 8—9-е месца ў свеце. Найб.пл. пасеваў гэтай культуры ў цэнтр. і паўд. раёнах. У апошнія гады скарачаюцца плошчы пад бульбай у гаспадарках грамадскага сектара. Гародніцтва і пладаводства сканцэнтраваны на параўнальна невял. плошчах вакол буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў. Значную частку прадукцыі атрымліваюць у спецыялізаваных гаспадарках. У апошняе дзесяцігоддзе адбыліся змены ў З. на ПдУ Беларусі, што абумоўлена вынікамі аварыі 1986 на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або цалкам спынена вырошчванне лёну, грэчкі, гароднінных і бабовых культур.
2) Навука, якая распрацоўвае спосабы рацыянальнага с.-г. выкарыстання зямлі і павышэння ўрадлівасці глебы для атрымання высокіх ураджаяў; раздзел аграноміі.
Т.Л.Казакова.
Валавы збор асноўных сельскагаспадарчых культур на Беларусі (тыс.т) у гаспадарках усіх катэгорый
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСТЭ́ЧКА,
населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, агр. рысамі, ад сяла і вёскі — наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў. На Беларусі актыўна ўзнікалі з 14 ст. каля месцаў традыц. кірмашоў, на бойкіх гандл. скрыжаваннях, у вял. сёлах і вёсках (каралеўскія таргі). У 15—16 ст. на тэр. Беларусі было больш за 200 М., з іх каля 70 у Панямонні, больш за 40 у цэнтр. рэгіёне і Паазер’і, больш за 30 у Падняпроўі і прыкладна столькіж на Палессі. Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць казны. Феадалам забаранялася ствараць прыватнаўладальніцкія таргі без дазволу вял. князя ці караля, праводзіць прыватнаўладальніцкія кірмашы бліжэй чым за тры мілі ад каралеўскіх М. У 1588 шляхта дамаглася скасавання абмежаванняў і забароны буд-ва прыватнаўладальніцкіх таргоў у М. Жыхары, якія вырашылі сяліцца ў М., вызваляліся на некалькі гадоў ад натуральных і грашовых падаткаў. Некат. М. будаваліся каля замкаў ці ствараліся разам з імі (Іказнь, 1504; Дзісна, 1566). Многія ўзнікалі каля кляштараў і вял. прыходаў (Жыровічы, 1643). З часу скасавання абмежаванняў у 16 ст. ў М. пачалі пераўтварацца вял. сёлы і вёскі (Моталь, 1554; Дзівін, 1566; Станькава, 1585, і інш.). Найб. хутка раслі М. на буйных шляхах і скрыжаваннях дарог, каля перапраў і прыстаней (Нача, Барань, Старобін, Стары Свержань, Свіслач, Петрыкаў і інш.). У абавязкі местачкоўцаў уваходзілі нагляд за дарогамі, будаўніцтва корчмаў і заезных дамоў. У 16—18 ст. на Беларусі было ўжо каля 400 М. На чале адміністрацыі М. стаяў войт. М. падзяляліся паводле прыналежнасці (дзярж., прыватнаўласніцкай, царк.), ландшафтнай прывязкі (берагавыя, сухадольныя, балотныя). Магнаты і заможныя паны стваралі свае М. побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (Шчучын, Паставы, Варняны, Лужкі і інш.). Ва ўзнікненні М. пэўную ролю адыгрывала наяўнасць прамысл. і інш. аб’ектаў.
Планіровачную структуру вызначалі асн.гандл. шляхі (вуліцы-дарогі). Звычайна на іх перасячэнні стваралася гандлёвая плошча, дзе будавалі гандлёвыя рады, крамы, корчмы, аўстэрыі, у М., якія мелі магдэбургскае права, — ратушы, важніцы (напр., Койданава, цяпер г. Дзяржынск, в. Цімкавічы Капыльскага р-на, г. Клецк Мінскай вобл., г.п.Вял. Бераставіца Гродзенскай вобл.). У цэнтр. частцы М., дзе сяліліся рамеснікі і гандляры, жылыя дамы злучаліся з крамамі і майстэрнямі, часам уключалі ў свой аб’ём шынкі. Пад жыллё шырока выкарыстоўвалі мезаніны і мансарды. Асн.дэкар. элементы аздаблення жылых дамоў — высокі ашаляваны франтон, часам складанай формы, і падчэні пры ўваходзе. Перыферыйныя часткі М. займалі сядзібы сельскага тыпу. М., утвораныя магнатамі і заможнымі панамі побач з замкамі, палацамі, сядзібамі (гарады Шчучын Гродзенскай вобл., Паставы, в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.), мелі 2 кампазіцыйныя ядры: ансамбль забудовы плошчы і ансамбль палацава-замкавага комплексу. У асобных выпадках абодва цэнтры зліваліся (Лужкі, Паставы). У пач. 19 ст. для многіх М. распрацоўваліся т.зв. ўзорныя планы [напр., гарады Быхаў, Клімавічы, Крычаў, Прапойск (цяпер г. Слаўгарад), Чавусы Магілёўскай вобл., Маладзечна, Вілейка Мінскай вобл., Сянно Віцебскай вобл. і інш.], паводле якіх забудова арганізоўвалася квартальным прынцыпам. Найб. развітую планіровачную структуру на У Беларусі мелі М., што раней былі пав. цэнтрамі (гарады Быхаў, Горкі, Чавусы Магілёўскай вобл., Рагачоў Гомельскай вобл.) ці т.зв. пазаштатнымі гарадамі (гарады Бялынічы, Крычаў, Мсціслаў Магілёўскай вобл.). Астатнія М. Падняпроўя захоўвалі традыц. вясковае аблічча, нярэдка з адной вуліцай. Заходнебел. М. вызначаліся больш развітым цэнтрам, які ўтваралі брукаваная плошча з гандл. радамі, царква ці касцёл, карчма, валасная ўправа (гміна). Непадалёку маглі размяшчацца сінагога, часам — мячэць, пажарная служба з дазорнай вежай. Дамы-крамы ставілі па перыметры плошчы і на асн. вуліцах надзвычай шчыльна, дах да даху. Будынкі часцей былі драўляна-каменныя (фахверкавыя, 15—18 ст.), з мураваным 1-м паверхам (сутарэннем) ці поўнасцю мураваныя (в. Гальшаны Ашмянскага р-на, г.п. Дзятлава, Іўе, Любча, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.). Шырока выкарыстоўваліся ўзорныя праекты местачковых дамоў (Варняны, Дзятлава, Іўе, Паставы). У структуры М. зах. рэгіёнаў пэўную ролю адыгрывалі мясц. прадпрыемствы: валюшні, крупадзёркі, млыны, бровары, суднабуд. верфі. Гэта найб. характэрна для М. Радзівілаў (г.п. Урэчча Любанскага р-на Мінскай вобл., Целяханы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.), Сапегаў (г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.). На працягу 20 ст. ў М. адбыліся пэўныя арх.-планіровачныя пераўтварэнні. У тых, што сталі раённымі цэнтрамі, рэканструяваны (зах. рэгіёны) ці зноў створаны (усх. рэгіёны) плошчы, дзе важнае месца занялі адм. будынкі, дамы культуры, рэстаран, гасцініца, універсальныя магазіны. У заходнебел. М. пад новыя патрэбы часам прыстасоўваліся і старыя збудаванні: гандл. рады ў Іўі, Навагрудку, Пружанах — пад магазіны, дамы-крамы ў Ваўкавыску, Іўі Гродзенскай вобл., Валожыне, Нясвіжы, Ракаве Мінскай вобл. — пад майстэрні, пункты харчавання, невял. гандл. пункты. Развіццё былых М. вядзецца паводле індывід. праектаў. Добраўпарадкоўваюцца плошчы, ствараюцца кветнікі і скверы, ставяцца помнікі. Жылая забудова прадстаўлена секцыйнымі 2—5-павярховымі дамамі. У канцы 19 ст. ў М. жыло каля 150 тыс.чал. У 1920—30-я г. многія М. БССР пераўтвораны ў гарады і гар. пасёлкі, астатнія — у вёскі. У Зах. Беларусі М. існавалі да 1939.
Літ.:
Лакотка А.І. Дойлідства. Мн., 1997 (Беларусы;
Т. 2);
Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999.
А.І.Лакотка.
Да арт.Мястэчка. Маладзечна. Рынак. Пач. 20 ст.Да арт.Мястэчка. Гандлёвая плошча ў Клецку (Мінская вобл.). 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫ́НА Францыск (каля 1490, г. Полацк Віцебскай вобл. — каля 1551),
бел. і ўсх.-славянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, вучоны-медык. Дакладная дата нараджэння невядома. Супастаўленне звестак пра паступленне ў Кракаўскі ун-т (1504) і абароны доктарскай дысертацыі ў Падуанскім ун-це (1512), дзе ён названы «маладым чалавекам», дае падставы прыняць 1490 як прыблізны год яго нараджэння (дапушчальна і 2-я пал. 1480-х г.). Звесткі пра сям’ю С. вядомы з канца 15 ст. Бацька С. — Лук’ян Скарына згадваецца ў спісе рас. пасольскіх прэтэнзій 1492 да полацкіх купцоў. Старэйшы брат С. Іван названы ў каралеўскім дэкрэце адначасова віленскім мешчанінам і палачанінам. Невядома і хроснае імя С. Гіпотэза пра тое, што С. іменаваўся Георгіем, новымі дакументальнымі адкрыццямі не пацвярджаецца. У сваіх выданнях С. больш за 100 разоў выкарыстоўвае імя «Франциск», зрэдку «Францишек». У актах ВКЛ на лац. мове яго імя называюць «Franciscus», на бел. мове «Франьцышак», «Франьцышъко». Першапачатковую адукацыю С. атрымаў, відаць, у Полацку. Тут або ў сталіцы ВКЛ Вільні прайшоў ён і далейшыя школьныя навукі, авалодаў лац. мовай. У зімовы семестр 1504 С. паступіў у Кракаўскую акадэмію (ун-т) на факультэт вольных мастацтваў або філасофіі. У Кракаве С. ўсвядоміў навуч. і асветніцкія магчымасці друкаванай кнігі. У 1506 ён вытрымаў экзамен на ступень бакалаўра вольных мастацтваў. Невядома, дзе С. знаходзіўся ў 1507—12. Магчыма, ён скончыў ун-т і ў Празе, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі, але больш верагодна, што доктарскі дыплом ён атрымаў у Кракаве. Запіс у акце Падуанскага ун-та 9.11.1512 сведчыць пра тое, што ён быў сакратаром караля «Дацыі» (?). Не пазней восені 1512 С. прыбыў у г. Падуя, каб набыць ступень доктара медыцыны. Можна меркаваць, што грунтоўную мед. адукацыю С. атрымаў у Кракаве або ў Падуі ці Балонскім ун-це. 9.11.1512 С. абараніў ступень доктара мед.навук. Пра дзейнасць С. ў 1513—16 дакумент. звесткі не выяўлены, але менавіта ў гэты час ён вырашыў пачаць кнігадрукаванне. У 1510-я г. С. наведаў Вільню, Полацк, інш. гарады ВКЛ і заручыўся падтрымкай суайчыннікаў. Інтэнсіўная выдавецкая дзейнасць С. ў Празе ў 1517—19 дазваляе думаць, што ён пасяліўся тут не пазней як у 1516. 6.8.1517 С. выдаў сваю 1-ю кнігу — Псалтыр. На працягу наступных 2 гадоў ён выдаў 19 кніг (або 22, калі лічыць кнігі «Царстваў» за 4) Старога Запавету: «Іоў», «Прытчы Саламона», «Ісус Сірахаў» (усе 1517), «Еклесіяст», «Песня песняў», «Прамудрасць Божая», «Царствы», «Ісус Навін» (усе 1518), «Юдзіф», «Суддзі», «Быццё», «Выхад», «Левіт», «Лічбы», «Другі закон», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі», «Прарок Данііл» (усе 1519). Некат. з апошніх выданняў, якія не маюць выхадных звестак і традыцыйна датуюцца 1519, магчыма, надрукаваны ў 1520. У пач. 1520-х г. С. пераехаў у Вільню, дзе каля 1522 выдаў «Малую падарожную кніжку», якая складаецца з 23 частак: «Пісаныя рэчы», Псалтыр, «Часасловец», «Акафіст магіле гасподняй», «Канон магіле гасподняй», «Акафіст архангелу Міхаілу», «Канон архангелу Міхаілу», «Акафіст Іаану Прадцечы», «Канон Іаану Прадцечы», «Акафіст Багародзіцы», «Канон Багародзіцы», «Акафіст святым Пятру і Паўлу», «Канон святым Пятру і Паўлу», «Акафіст святому Міколе», «Канон святому Міколе», «Акафіст крыжу гасподняму», «Канон крыжу гасподняму», «Акафіст Ісусу», «Канон Ісусу», «Шасцідневец», «Канон пакаяльны», «Канон на ютрані», «Саборнік». Некат. часткі, магчыма, выходзілі як асобныя выпускі. У 1525 у Вільні С. выдаў кн. Апостал. З сярэдзіны 1520-х г. С. служыў сакратаром віленскага біскупа Яна, займаўся і мед. дзейнасцю. У Вільні ён ажаніўся з Маргарытаю, удавой віленскага радцы Юрыя Адверніка, і жыў у яе камяніцы на Нямецкай вул., недалёка ад палаца князёў Слуцкіх. Як лічаць даследчыкі, у канцы 1520 — пач. 1530-х г. С. наведаў Маскву, каб распаўсюдзіць там свае выданні. У 1530 па нейкіх прычынах ездзіў у Кёнігсберг да герцага Альбрэхта. Відаць, гэта было звязана з распаўсюджаннем у 1529—30 у Прускім герцагстве пандэміі т.зв. англ. гарачкі. Паводле інш. меркаванняў, увагу герцага прыцягвала асветніцкая і выдавецкая дзейнасць С. У канцы 1520 — пач. 1530-х г. матэрыяльнае становішча С. пагоршылася: памерлі амаль усе апекуны яго выдавецкай дзейнасці (Якуб Бабіч, Багдан Онкаў, Рыгор Адвернік); пачаліся судовыя працэсы ў Вільні з-за маёмасці жонкі, як удзельнік гандлёвых аперацый нябожчыка брата Івана С. быў зняволены на некалькі месяцаў у пазнанскай турме; пажар 1530 знішчыў значную частку Вільні, магчыма, і яго друкарню; апякун С. віленскі біскуп Ян у 1536 пераведзены ў Познань, дзе неўзабаве памёр. Спалучэнне розных абставін і адсутнасць падтрымкі вымусілі С. пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Прагу.
У канцы 1530-х г., магчыма, і ў 1540-я г. С. працаваў садоўнікам каралеўскага парку на Градчанах. Невядомы і дакладны час смерці С. Відаць, гэта здарылася каля 1551, бо ў студз. 1552 яго сын Сімяон атрымаў ад чэшскага караля прывілей на права атрымаць спадчыну бацькі. Свае прэтэнзіі на маёмасць С. ў 1552 аб’явілі Марцін Онкавіч і лаўнік віленскага магістрата купец Тоўсцік. Некат. даследчыкі лічаць, што С. памёр да 1541. Месца пахавання С. таксама невядома.
Заснаванне С. бел. кнігадрукавання стала вяршыняй яго духоўнай дзейнасці, найб. яскравым і выразным пралогам бел. Адраджэння. У друкаванай кнізе С. бачыў невычэрпныя магчымасці духоўнай асветы народа, выхавання высокіх хрысц. маральных і грамадзянскіх якасцей, усё большага далучэння і актыўнага ўзаемадзеяння з еўрап. культурай. Ажыццяўленню яго плана спрыялі падарожжы па краінах з развітым кнігадрукаваннем (Польшча, Чэхія, Італія і інш.) і матэрыяльная падтрымка бел. мяшчан Вільні і Полацка. У адрозненне ад Польшчы, дзе друкарская справа была манапалізавана, а таксама духавенства і вярх. ўлада не падтрымлівалі падобных праектаў, больш спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі сваіх планаў С. бачыў у Чэхіі. Менавіта ў Празе ён завяршыў пераклад і каменціраванне тэкстаў Бібліі на падставе лац., чэшскіх, стараж.-яўр. і царк.-слав. крыніц і ў 1517—19 выдаў 23 кнігі Старога запавету («Бівліі рускай»). Віленскія выданні 1520-х г. — «Малая падарожная кніжка» і Апостал — больш звязаны з традыцыйнай бел. і ўсх.-слав. кніжнасцю (за выключэннем некат. дадаткаў, арнаментыкі і каментарыяў С.) і выдаваліся на царк.-слав. мове. У Вільні С. меў сваю друкарню ў доме бурмістра Якуба Бабіча і займаўся непасрэднымі друкарскімі справамі. Бел. кнігадрукаванне пачалося адразу на высокім еўрап. узроўні. Рэнесансавыя выданні С. вылучаюцца высокімі выдавецкімі і друкарскімі якасцямі, адметныя мастацкім, гравюрным, арнаментальным упрыгожаннем, шрыфтам і інш. кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства. Яны вылучаліся практычнымі памерамі, а каментарыі разлічаны на ўспрыняцце простым («паспалітым») людам. З гэтай мэтай ён тлумачыў на палях кнігі архаічныя царк.-слав. словы «рускай мовай». Інш. маргіналіі С. павінны былі падкрэсліць духоўнае адзінства Св. пісання. З замежных, магчыма, славянскіх выданняў С. запазычыў падзел псалмоў на вершы. Кнігі С. зрабілі вял. ўплыў на развіццё духоўнай культуры Беларусі і Украіны, стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай Русі, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях. Арнаментальныя матэрыялы Віленскай друкарні С. да 1652 выкарыстоўваліся ў выданнях найбуйнейшай бел. друкарні — Віленскай брацкай друкарні і Еўінскай друкарні, а пражскія ініцыялы сустракаюцца ў выданнях Астрожскай друкарні на Украіне ў канцы 16 ст. На думку даследчыкаў, рэнесансавыя гравюры пражскіх выданняў С. выконвалі прадстаўнікі розных мастацкіх школ пры ўдзеле самога С. (партрэт С. да кніг «Ісус Сірахаў» і «Царствы»). У Віленскай друкарні С., безумоўна, працавалі і бел. мастакі, гравёры, рамеснікі, друкары. Маргінальныя запісы 16—18 ст. на кнігах С. сведчаць пра актыўнае іх выкарыстанне рознымі пластамі бел. і замежных чытачоў. Выданні С. з’яўляюцца выдатнымі помнікамі рэнесансавага пісьменства. Іх месца ў еўрап. і бел.культ.-гіст. працэсе вызначаецца гіст. ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасцю і былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. агульным узроўнем духоўнага развіцця Беларусі і ўсх.-слав. зямель ВКЛ. Біблія С. не адпавядае ніводнаму з вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Св. пісання. Яна адыходзіць ад царк. традыцый не столькі складам і зместам, колькі агульнай накіраванасцю, свецкай хрысціянскай прыўзнятасцю, грамадскімі, нац.-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асветніцкімі тэндэнцыямі.
Творы С. ўяўляюць сабой сукупнасць уступных, заключных і каменціруючых матэрыялаў, дастасаваных да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць з імі і з усёй Бібліяй арганічную цэласнасць. Асн. ролю адыгрываюць «предъсловия» і блізкія да іх «сказания». У пражскіх выданнях змешчаны 21 прадмова і 4 сказанні, у віленскіх — адпаведна 2 і 21. Большасць даследчыкаў адносіць прадмовы і сказанні да адной жанравай разнавіднасці, на думку іншых, сказанні бліжэй да пазнейшых бел. пропаведзяў, казанняў. Яны звычайна больш сціслыя, адрозніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаны багаслоўскай рыторыкай. Кнігі С. былі арыентаваны на ўсе пласты насельніцтва, прызначаныя для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царк. службах і свецкіх б-ках. Каб пазбегнуць спрошчанага ці памылковага ўспрыняцця Бібліі, С. імкнуўся ў простай і зразумелай форме каменціраваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі пра гіст., побытавыя, багаслоўскія, моўныя рэаліі. У тэалагічным кантэксце асн. месца ў прадмовах і сказаннях С. займае т. зв. экзагеза — тлумачэнне алегарычнага зместу кніг Старога запавету. Комплекс прадмоў і сказанняў С. дапаўняюць калафоны — сціслыя ўступныя каментарыі да раздзелаў кожнай кнігі. У іх дасканалыя выяўл. сродкі, публіцыстычнасць, экспрэсіўнасць, прытчавы і алегарычны характар, багацце гіст., філас., тэалагічных каментарыяў, сугучнасць узнёслай моўнай стылістыцы Бібліі. Празаічныя творы С. ў «Малой падарожнай кніжцы» ўпрыгожвае і дапаўняе вял. гімнаграфічны цыкл, у т. л. аўтарскія гімны. Побач з аўтарскай прозай у прадмовах С. прасочваюцца прыкметы інш.літ. жанраў, якія пазней занялі значнае месца ў бел. л-ры і пісьменстве, у т. л. сілабічнае вершаскладанне (вольны пераклад дэкалога ў прадмове да кн. «Выхад» і інш.). Спасылкі С. на стараж.-яўр., грэч., слав. і лац. пераклады, на багаслоўскія і каменціруючыя творы ант. і сярэдневяковых аўтараў сведчаць пра тое, што сваю дзейнасць ён разглядаў у рэчышчы айчынных, агульнаеўрап. і агульнахрысц. культ.-гіст. працэсаў як этап духоўнага прасвятлення, хрысціянізацыі, маральнага ачышчэння і ўдасканалення свайго народа. З тэалагічнымі і канкрэтна-біблейскімі каментарыямі С. арганічна звязаны аўтарскія разважанні, адступленні, трактоўкі, апісанні, пропаведзі, што дазваляе меркаваць пра яго грамадскія і інш. погляды.
Своеасаблівасць літ. і выдавецкай дзейнасці С. выразна засведчана ў жанрава-тэматычным выбары першадрукаў, іх унутр. структуры, перакладзе і каментарыях, маст., літ.-пісьменніцкіх, філас. і моўных рысах яго выданняў, у агульнай арыентацыі яго творчасці на патрэбы Айчыны і народа. Упершыню ў гісторыі Беларусі былі так цесна зліты ідэі адзінства і прымату хрысціянскай і этнічнай свядомасці. Яскравым пацвярджэннем этнагіст. і патрыят. свядомасці С. з’яўляецца яго замілаванне Полацкам і Полаччынай. Яно напаўняла яго любоўю да сваёй малой радзімы, сям’і, жаданнем служыць свайму народу, распаўсюджваць хрысціянскія і рэнесансава-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадскую актыўнасць, дасканаласць, на спасціжэнне высокіх сэнсаў зямнога быцця і боскіх запаветаў. Звяртаючыся ў сваіх кнігах да ўсяго народа, С. заснаваў у бел. л-ры навук.-асветніцкую, маральна-дыдактычную, філас. публіцыстыку. Асн. метадам публіцыст. актуалізацыі біблейскай праблематыкі стала яе гуманіст. інтэрпрэтацыя, накіраваная на ўдасканаленне сац., паліт., прававых і маральна-бытавых ін-таў грамадства. На думку С., кніга «Іоў» — люстэрка жыцця, лекі для збалелай душы. Аповесць пра подзвіг Юдзіфі — узор патрыятызму, самаахвярнасці, бескарыслівага служэння грамадскаму дабру. Любоў да Радзімы — самае першае і высокае духоўнае пачуццё: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Важнае месца ў творчасці С. займала сцвярджэнне духоўнай каштоўнасці роднай мовы. Каб надаць сваёй публіцыстыцы пераканаўчасць, ён карыстаўся рознымі выяўл. сродкамі красамоўства, стыліст. фігурамі, паўторамі, рытарычнымі воклічамі, пытаннямі. У яго прозе спалучаны асаблівасці пісьмовай і гутарковай мовы.
Літ.-эстэт. погляды С. адметныя кампрамісам паміж хрысціянскім этычным ідэалізмам з характэрным для яго маральным рыгарызмам і рэнесансавым гуманізмам, арыентаваным на зямную гармонію і красу. Паняцце прыгожага ўжывалася С. у эстэт., этычных, утылітарна-практычных значэннях. Сінтэз фалькл. і хрысц. разумення гэтага паняцця выявіўся ў трактоўцы прыгажосці як жыватворнага пачатку зямнога быцця. Літаратурны, свецкі аспекты прыгажосці падкрэсліваецца ім у вызначэнні стараж. грэкаў як мудралюбцаў і красамоўцаў. Паняцце агіднага С. абазначаў тэрмінамі «прыкрость», «неуставичность», «мерзость». Катэгорыя ўзнёслага азначае ў яго не толькі атрыбут Бога, але і духоўную ці грамадзянскую веліч чалавека (узнёсла-гераічны вобраз Юдзіфі). Грамадзянска-патрыятычны аспект узнёслага — у скарынаўскіх тытулах «вялікіх», «вялікаслаўных» гарадоў Полацка, Вільні і Прагі. У прадмовах і анатацыях С. развіваў традыц.хрысц. і фалькл. дыялектыку ўзаемапераходу нізкага і высокага: не толькі Бог «возводить смиренныя на высокость и немощные приводить къ полному здравию» (кн. «Іоў»), але і мудрасць, духоўны подзвіг «узносіць паніжанага», паказваючы «высокость свою и славу» (анатацыя да кн. «Ісус Сірахаў»). Катэгорыю трагічнага С. раскрывае тэрмінамі «беды і немоци». Разуменне трагічнасці жыцця, паводле яго канцэпцыі, уваходзіць у паняцце чалавечай мудрасці. У творах С. сінтэзаваліся ант. і сярэдневяковыя традыцыі з ідэалогіяй еўрап. Адраджэння, хрысц. гуманізм з рэнесансава-гуманістычнымі ўяўленнямі. Яго канфесіянальныя погляды вызначаюцца талерантнасцю.
С. высока ацэньваў выдатных дзеячаў ант. свету, знакамітых біблейскіх герояў, пазітыўна ставіўся да сучаснага яму караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта I. Як абгрунтаванне саслоўна-манархічнага ладу, удасканалення земскага заканадаўства ўспрымалася сучаснікамі С. яго апісанне стараж. правоў і статутаў, заключаных у біблейскіх кнігах: права паспалітае, язычніцкае, царскае, рыцарскае, гарадское, марское, купецкае і інш.Паліт. і сац. погляды С. складваліся пад уздзеяннем рэальных працэсаў, што адбываліся ў ВКЛ, Польшчы, інш.еўрап. краінах. Паліт. ідэалам С. была, відаць, моцная і асвечаная манархічная ўлада, якая падтрымлівае хрысц. справядлівасць, законнасць, правасуддзе, мірныя зносіны з суседзямі, спрыяе развіццю духоўнай культуры, гандлю, рамяства. Увасабленне свайго ідэалу С. бачыў у дзейнасці стараж.-грэч. і рым. цароў і заканадаўцаў: Салона, Нумы Пампілія, Лікурга, егіпецкага цара Пталамея IV Філапатара і інш. Значная ўвага С. да пытанняў права, ролі народаў у выпрацоўцы законаў, ідэй справядлівасці, роўнасці ўсіх людзей перад законам сведчыць пра тое, што ён быў занепакоены рэальным станам спраў на сваёй Радзіме, з’явамі сац. дыскрымінацыі, феад. анархіі, свавольства. Духоўная спадчына С. асэнсавана і ў значнай ступені ўспрынята і развіта наступнымі пакаленнямі выдатных бел. мысліцеляў, гуманістаў-асветнікаў.
Жыццё і дзейнасць С. вывучае комплексная навук. дысцыпліна — скарыназнаўства. Імем С. названы праспект у Мінску, вуліцы ў Полацку, Віцебску, Нясвіжы, Оршы, Слуцку і інш., Гомельскі ун-т, Помнікі С. пастаўлены ў Полацку, Лідзе, Мінску, Вільнюсе. Уведзены дзярж. ўзнагароды Беларусі — медаль С. (1989) і ордэн С. (1995).
Каўка А. Тут мой народ: Францішак Скарына і бел.літ. XVI—пач. XX стст. Мн., 1989;
Тумаш В. Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны, XVI—XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;
Франциск Скорина и его время: Энцикл. справ. Мн., 1990;
Лойка А. Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае. Мн., 1990;
Яго ж. Скарына на Градчанах. Мн., 1990;
Яго ж. Старабеларуская літаратура. Мн., 2001;
Франциск Скорина и традиции гуманизма в славянской культуре: Тез. докл. и сообщений на науч. конф., посвяш. 500-летию со дня рождения Ф.Скорины. Мн., 1990;
Лабынцаў Ю. Пачатае Скарынам: Бел. друкаваная літ. эпохі Рэнесансу. Мн., 1990;
Яго ж. Скарынаўскі каляндар: (Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны). 2 выд.Мн., 1990;
Немировский Е.Л. Франциск Скорина: Жизнь и деятельность бел. просветителя. Мн., 1990;
Скарына і яго эпоха. Мн., 1990;
Чамярыцкі В.А. Беларускі тытан эпохі Адраджэння. Мн., 1990;
Шматов В.Ф. Искусство книги Франциска Скорины. М., 1990;
Дварчанін І. Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве: Пер. з чэш.Мн., 1991;
Франциск Скорина и Вильнюс: Сб. материалов Респ. науч. конф. Вильнюс, 1991;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Запісы Бел. Ін-та навукі і мастацтва. Нью-Ёрк. 1994. Кн. 21;
Яскевіч А.А. Творы Ф.Скарыны: Жанравая структура. Філас. погляды. Мастацтва слова. Мн., 1995;
480 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1998;
Агіевіч У.У. Сімволіка гравюры Скарыны. Мн., 1999. Гл. таксама да арт.Скарыназнаўства.
Г.Я.Галенчапка, У.М.Конан.
Ф.Скарына.Ф.Скарына. Гравіраваны партрэт з кнігі «Быццё». Прага.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Псалтыра». Прага. 1517.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Бібліі» з кнігі «Быццё». Прага. 1519.Да арт.Скарына Ф. Пасляслоўе да «Малой падарожнай кніжкі». Вільня. Каля 1522.Да арт.Скарына Ф. Тытульны ліст «Апостала». Вільня. 1525.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala), Рэспубліка Гватэмала (República de Guatemala),
дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З і Пн з Мексікай, на ПнУ з Белізам, на У і ПдУ з Гандурасам і Сальвадорам; на Пд абмываецца Ціхім ак., на ПнУ — Гандураскім зал. Карыбскага м.Пл. 108,9 тыс.км². Нас. 10 446 тыс.чал. (1993). Падзяляецца на 22 дэпартаменты. Дзярж. мова — іспанская, каля 40% насельніцтва карыстаецца індзейскімі мовамі. Сталіца — г.Гватэмала. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гватэмала — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 (набыла сілу ў 1986). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. кангрэс Рэспублікі са 100 дэпутатаў.
Прырода. ⅔ плошчы Гватэмалы займае нагор’е выш. 1000—3000 м. Яго паўн.-ўсх.ч. — складкава-глыбавыя хрыбты і плато, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На ПдЗ нагор’е складзена з вулканічных парод. Ёсць патухлыя (Тахумулька — 4217 м, Такана — 4117 м) і дзеючыя (Фуэга — 3918 м) вулканы. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На Пн вапняковае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата і інш. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя т-ра паветра на нізінах 23—27 °C, на міжгорных плато 15—20 °C. Ападкаў на ўсх. схілах нагор’я больш за 2000 мм, на ўнутр. плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найб. Ісабаль (на У). На Пн і па ўзбярэжжы Ціхага ак. саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. Усяго пад лесам і хмызнякамі 40% тэр. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае, чорнае, бальзавае, бакаўт і інш.Нац. паркі: Тыкаль, Рыо-Дульсе, Атытлан і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва — індзейцы моўнай групы майя складаюць 44%, падзяляюцца на 22 народы і плямёны. Найб. з індзейскіх народаў — кічэ, какчыкель, маме, кекчы, жывуць пераважна на З нагор’я. Другая вял. група — гватэмальцы (больш за 50%), народ, які ўтварыўся ад змяшання заваёўнікаў-іспанцаў з мясц. насельніцтвам. Ёсць невял. групы неграў, еўрапейцаў (пераважна іспанцаў) і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (75%), ёсць пратэстанты (больш за 20%); сярод індзейцаў моцныя перажыткі стараж. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 96 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана на нагор’і, дзе шчыльнасць у асобных дэпартаментах дасягае 300—400 чал. На 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Гватэмала — 1150 і Кесальтэнанга — 101. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольных, у абслуговых галінах — 13, прам-сці — 12, гандлі — 7, буд-ве — 4, на транспарце — 3%.
Гісторыя. Гватэмала — радзіма стараж. індзейскіх цывілізацый. У 1-м тыс.н.э. на Пн і У існавалі гарады-дзяржавы майя. на Гватэмальскім нагор’і — дзярж. ўтварэнні інш. індзейскіх плямён. Варожасць паміж імі аблегчыла заваяванне тэр. Гватэмалы ў 1523—24 іспанцамі на чале з П. дэ Альварада. У 1560 утворана генерал-капітанства Гватэмалы, у склад якога ўвайшла амаль уся Цэнтр. Амерыка. Індзейскае насельніцтва жорстка эксплуатавалася каланізатарамі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 народ Гватэмалы дамогся незалежнасці (абвешчана 15.9.1821). У 1822—23 Гватэмала ў складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. У межах яе ішла вострая паліт. барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі. Пасля распаду федэрацыі да ўлады ў Гватэмале прыйшоў кансерватыўна клерыкальны блок на чале з Р.Карэрам (прэзідэнт у 1844—48, 1851—65), які імкнуўся захаваць феад. парадкі і панаванне буйных землеўладальнікаў. Большасць насельніцтва Гватэмалы фактычна была пазбаўлена паліт. правоў. З сярэдзіны 19 ст. ў Гватэмале сталі закладвацца плантацыі кавы, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца. Скарыстаўшы незадаволенасць палітыкай кансерватараў, лібералы ажыццявілі ў 1871 дзярж. пераварот. Урад Х.Р.Бар’ёса (1873—85) нямала зрабіў для развіцця эканомікі Гватэмалы (буд-ва чыгунак, развіццё плантацыйнай гаспадаркі і інш.). Паводле прынятай у 1879 канстытуцыі царква аддзелена ад дзяржавы. У гады дыктатуры Э.Кабрэры (1898—1920) гаспадарка краіны падпарадкавана амер. манаполіям. Асаблівыя прывілеі атрымала кампанія «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО), якая валодала велізарнымі бананавымі плантацыямі, амаль усімі чыгункамі, прадпрыемствамі і інш. Асабліва жорсткі рэжым усталяваўся ў Гватэмале ў перыяд дыктатуры Х.Убіка (1931—44). Былі ліквідаваны бурж.-дэмакр. свабоды, забаронены стачкі, узаконены бесчалавечныя формы прымусовай працы індзейцаў на плантацыях. Гэта стала прычынай Гватэмальскай рэвалюцыі 1944—54. У выніку перамогі Нар.-вызв. фронту прынята дэмакр. канстытуцыя, праведзены шэраг сац. рэформаў, прыняты закон аб агр. рэформе, легалізавана дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў. Паколькі рэформы закранулі інтарэсы ЗША і найперш ЮФКО, амерыканцы арганізавалі інтэрвенцыю з тэр. Гандураса атрадаў узбр. гватэмальскіх эмігрантаў. 28.6.1954 уладу ў Гватэмале захапілі ваенныя на чале з палкоўнікам К.Кастыльё Армасам. Да 1985 (за выключэннем 1966—70) краінай, змяняючы адзін аднаго, кіравалі ваен. рэжымы. Уздым эканомікі Гватэмалы суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі індзейцаў на плантацыях. Партызанскі рух, які ўзнік у Гватэмале ў 1960-я г., асабліва ўзмацніўся ў 1980-я г., калі была створана паўстанцкая арг-цыя — Гватэмальскае нац. адзінства. Армія пачала жорсткія рэпрэсіі — спальваліся цэлыя вёскі, тысячы сялян расстраляны без суда і следства. Грамадз. вайна забірала да 10 тыс. жыццяў штогод. Не маючы сілы для задушэння паўстанцаў, пад націскам міжнар. грамадскасці ўрад О.У.Мехія Вікторэса згадзіўся на правядзенне свабодных выбараў. На выбарах у ліст.—снеж. 1985 перамог кандыдат апазіцыйнай Хрысц.-Дэмакр. партыі М.В.Серэса Арэвала. У 1986 набыла сілу новая канстытуцыя. Пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, праведзена амністыя. У 1991 прэзідэнтам Гватэмалы стаў Х.Серана Эліяс. У выніку яго прамых перагавораў з паўстанцамі прынята пагадненне пра ўзаемнае спыненне агню ўзамен на спыненне тэрору і роспуск усіх ваенізаваных фарміраванняў, створаных арміяй. Серана Эліяс быў скінуты ваен. кіраўніцтвам у адказ на яго антыканстытуц. дзеянні — роспуск Нац. кангрэса і Вярх. суда Гватэмалы. 5.6.1993 Нац. кангрэс Гватэмалы выбраў на пасаду прэзідэнта вядомага праваахоўніка Р. дэ Леана Карпіо. Гватэмала — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. эканам. супольнасці, Арг-цыі цэнтральна-амер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1993. Асн.паліт. партыі: Саюз нац. цэнтра, Рух салідарнага дзеяння, Хрысц.-дэмакр. партыя, Інстытуцыйна-дэмакр. партыя, Рух нац. вызвалення, Гватэмальская партыя працы (кампартыя), Нац.рэв. адзінства Гватэмалы. Дзейнічае шэраг прафс. аб’яднанняў.
Гаспадарка. Гватэмала — адсталая агр. краіна з эканомікай, моцна залежнай ад замежнага капіталу. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 25% валавога нац. прадукту, прам-сці — 20, абслуговых галін — 55%. Асн. спецыялізацыя эканомікі — вытв-сць экспартных трапічных с.-г. культур. Апрацоўваецца 12% тэр. краіны, столькіж зямлі пад лугамі і пашамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне буйных плантацый з мноствам дробных паўнатуральных сял. гаспадарак. Каля паловы сялян арандатары. Плантацыйныя культуры (кава, цукр. трыснёг, бананы, бавоўна) займаюць каля ⅓ пасяўной плошчы, даюць больш за 50% валавой і экспартнай прадукцыі. Важнейшая таварная і экспартная культура — кава, штогадовы яе збор 120—200 тыс.т (6-е месца ў свеце). Гал. раёны вырошчвання — ціхаакіянскі схіл і цэнтр.ч. нагор’я. На ўзбярэжжы Ціхага ак. вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы (штогадовы збор 0,6—1 млн.т) і бавоўну. Экспартнае значэнне маюць манільская пянька (валакно тэкстыльнага банана), сізаль, кардамон, кенаф, тытунь, кунжут, цытрусавыя і авакада, эфірныя расліны. Асн.харч. культуры сял. гаспадарак — кукуруза, фасоля, пшаніца, рыс, бульба, розныя віды гародніны. Жывёлагадоўля мяснога кірунку, у асн. Экстэнсіўная. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу (каля 2,5 млн. галоў) і свіней (каля 1 млн. галоў), на высакагорных пашах нагор’я — авечак. Нарыхтоўка каштоўных парод дрэва і лясныя промыслы, збор лекавых раслін. З марскіх промыслаў найб. развіта лоўля крэветак у прыбярэжных водах Карыбскага м. (на экспарт). Прам-сць развіта слаба. Адна з асноўных яе галін — горназдабыўная. Штогод здабываюць каля 100 тыс.т нафты, 1,4 тыс.т свінцу, 1,3 тыс.т цынку, у невял. колькасцях золата, серабро, азбест, серу. Каля воз. Ісабаль здабываюць латэрыты, якія маюць у сабе нікель. Там жа горнаабагачальны камбінат. Вытв-сць электраэнергіі 847,6 млн.кВт∙гадз (1992) на невялікіх ГЭС і ЦЭС. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай і харч. галін (у т. л. каваапрацоўчыя і цукр. з-ды), якія вырабляюць харч. тавары, тэкстыль, абутак, тытунёвыя вырабы, паперу, запалкі і інш. Пераважаюць дробныя, паўсаматужныя прадпрыемствы. З новых галін прам-сці нафтаперапрацоўка (у г. Матыяс-дэ-Гальвес на ўсх. узбярэжжы), вытв-сць гальванізаванай сталі, бытавых прылад, зборка тэлевізараў і фотаапаратуры. Асн.прамысл. цэнтры — гарады Гватэмала і Кесальтэнанга. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 26,4 тыс.км, у т. л. 2,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 11,4 тыс.км гравійных. Праз Гватэмалу праходзіць Панамерыканская шаша. Чыгункі вузкакалейныя, даўж. 1019 км. Гал. з іх звязвае сталіцу з партамі на ўзбярэжжах, а адгалінаванні — з Мексікай і Сальвадорам. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам. Гал. порт — Пуэрта-Барыле на ўзбярэжжы Карыбскага м. Парты на Ціхім ак. Сан-Хасэ і Чамперыка маюць меншае значэнне. Гватэмала экспартуе каву (26% па кошце), цукар, бананы, мяса, бавоўну, драўніну, крэветкі, гародніну і інш.; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры — ЗША (36% экспарту, 40% імпарту), Германія, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — кетсаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У 6—1-й ПАЛОВЕ 13 ст.
Утварэнне славянскіх супольнасцей. Гаспадарчае развіццё. У 5—7 ст. славяне ўключыліся ў працэс вялікага перасялення народаў. Славяне займалі землі на Пд ад р. Прыпяць і адсюль рассяляліся па тэр. Беларусі. Рухаючыся пераважна ўздоўж буйных рэк і іх прытокаў, яны паступова дасягнулі вярхоўяў Дняпра, Зах. Дзвіны, Акі, Ладажскага воз. Раннесярэдневяковыя слав. паселішчы на Беларусі найлепш даследаваны ў г. Петрыкаў, в. Снядзін (Петрыкаўскі р-н), каля в. Хотамель (Столінскі р-н). Засяленне славянамі сучасных бел. зямель працягвалася да 10 ст. і пазней. Доўгі час існавала змешанае пражыванне славян з балтамі, адбывалася славянізацыя балтаў. У славян было больш развітае, чым у балтаў, земляробства, намнога раней узніклі гарады і дзяржаўнасць. У 6—8 ст. у іх адбываўся распад родавых адносін, фарміраваліся суседскія сельскія абшчыны. Паводле візантыйскіх аўтараў, у тагачасным слав. грамадстве вылучаліся 3 сац. групы: свабодныя раўнапраўныя ў маёмасна-сацыяльным сэнсе абшчыннікі (іх была выключная большасць), нявольнікі — рабы (дамашняе рабства) і кіруючыя вярхі — племянная слав. знаць. Паўсядзённая пагроза ваенных нападаў з боку чужых плямён выклікала неабходнасць у абарончых збудаваннях. На тэр. Беларусі вядомы гарадзішчы 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя н.э. Ваенная дэмакратыя была формай пераходнага перыяду да класавага грамадства і ўтварэння дзяржавы. На Усх.Еўрапейскай раўніне ўтварылася каля 15 племянных «княжанняў», што ўяўлялі сабой раннесярэдневяковыя пранароднасці і адначасова прадзяржавы. На тэр. Беларусі сфарміраваліся супольнасці крывічоў (палачан), дрыгавічоў, радзімічаў, у аснове якіх ляжалі не столькі родаплемянныя, колькі тэрытарыяльныя сувязі.
Летапісны тэрмін «крывічы» — назва збіральная. Гэта вельмі вял. саюз плямён. Даследчыкі адрозніваюць 3 галіны крывічоў: полацкіх, смаленскіх і пскоўскіх (ці ізборскіх). Адпаведна гэтаму племяннымі іх цэнтрамі былі Полацк, Смаленск, Пскоў (ці Ізборск). У Полацкай зямлі было племянное княжанне крывічоў-палачан (назва ад р. Палата). Раннія паселішчы крывічоў існавалі ў Віцебску, Лукомлі, Браславе. Дрыгавічы — паўд. суседзі крывічоў мелі сваё княжанне. Паўн. мяжа іх рассялення праходзіла па лініі гарадоў Мінск, Заслаўе, Барысаў. Гал. дрыгавіцкім горадам лічыцца Тураў. Важным цэнтрам быў г. Пінск. Частка дрыгавічоў рассялілася на Брэстчыне. Радзімічы размяшчаліся ўздоўж р. Сож. Іх племянным цэнтрам быў г. Гомель. Напачатку яны плацілі даніну хазарам, потым кіеўскім князям. Ва ўмовах інтэграцыі рознаплемяннога слав. насельніцтва, славянізаваных балцкіх і фіна-угорскіх плямён ва Усх. Еўропе ствараліся перадумовы працэсу складвання 3 усх.-слав. народаў — беларусаў, рускіх, украінцаў. Заняткамі ўсх. славян былі земляробства, жывёлагадоўля, розныя промыслы. Рэлігійныя вераванні — язычніцкія. Памерлых хавалі ў курганах. Аснову ўсх.-слав. грамадства складалі сяляне-абшчыннікі. Яны былі свабоднымі земляробамі, іх называлі «людзі» («людзіны»). Ва ўсх. славян здаўна існавала патрыярхальнае, дамашняе рабства. Крыніцы здабывання рабоў — вайна, захоп людзей у палон. Рабы ўваходзілі ў склад сям’і, дзе яны былі дамашнімі слугамі і работнікамі. Раба можна было купіць і прадаць, атрымаць за яго выкуп. Але праца рабоў у гаспадарцы славян не адыгрывала такой вял. ролі, як у антычных дзяржавах. Для назвы раба ў славян выкарыстоўваліся словы «чалядзін», «халоп». У 6—9 ст. ва ўсх. славян было дафеадальнае грамадства. У 10—11 ст. складваліся феад. адносіны. Залежныя паўсвабодныя сяляне называліся «смерды», «закупы». Развіццё маёмаснай няроўнасці вяло да фарміравання землеўласнікаў (дружыннікі, баяры). Буйнымі феадаламі станавіліся прадстаўнікі княжацкіх родаў і старшыя дружыннікі.
На тэр. Беларусі ў 9—13 ст. існавала больш за 30 гарадоў. Гарады як цэнтры ўлады, гандлю і рамяства ўзнікалі з умацаваных паселішчаў часоў ваеннай дэмакратыі (Полацк, Віцебск, Лукомль, Гомель, Чачэрск), як крэпасці на граніцах з суседнімі княствамі (Мінск, Гродна, Орша, Копысь, Клецк, Друцк, Ваўкавыск, Брэст, Рэчыца), з замкаў (Заслаўе, Барысаў, Брагін, Мсціслаў). Важнай прыкметай горада было існаванне ў ім пасадскай абшчыны. У сярэдзіне 9 ст. ва Усх. Еўропе з’явіліся варагі (нарманы). Князь Рурык зацвердзіўся ў Ноўгарадзе. У 882 яго сваяк Алег захапіў Кіеў. Алег і Ігар былі першымі кіеўскімі князямі, якія падпарадкавалі сваёй уладзе амаль усе племянныя княжанні ўсх. славян. Адносна адзіная Кіеўская Русь у 1130-я г. распалася на асобныя княствы. Адначасова распалася і адзіная ўсх.-слав. народнасць, якая толькі пачала фарміравацца. Гэта садзейнічала працэсу ўтварэння беларускага, рускага (велікарускага), украінскага народаў.
Усходнелітоўскія курганы. Яцвягі. Крайнія паўн.-зах. раёны Беларусі (Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі і часткова інш.) з’яўляюцца спецыфічным рэгіёнам, на гіст.-культ. развіццё якога адчувальны ўплыў зрабілі балта-славянскія кантакты, што пацвярджаюць звесткі археалогіі, тапаніміі і айканіміі. Тут размяшчаюцца ўсходнелітоўскія курганы — пахавальныя помнікі лета-літоўскіх плямён 4—12 ст. Іх арэал абмежаваны на З сярэднім цячэннем Нёмана, на У ён дасягае воз. Свір, на Пд — басейна р. Мяркіс, на Пн — вярхоўяў р. Швянтойі. Для найбольш ранніх курганоў (4—5 ст.) характэрны пахавальны абрад трупапалажэння, потым пашырыўся абрад крэмацыі. Пахавальны інвентар багаты. У пахаваннях 5—8 ст. шмат зброі: наканечнікаў коп’яў, дэталей шчытоў, шпор, страмёнаў, цугляў і інш.; на мяжы 1—2-га тыс. набыло пашырэнне і пахаванне коней. На думку некат. вучоных, у пісьмовых крыніцах 11—13 ст. насельніцтва гэтай тэрыторыі выступае над назвай «літва». На погляд М.Я.Грынблата, вывучэнне этнічнай гісторыі крайніх паўн.-зах. раёнаў Беларусі выявіла пераканаўчыя факты, што большасць жыхароў гэтага рэгіёна з’яўляюцца нашчадкамі абеларушаных літоўцаў.
Неадназначна вырашаецца пытанне пра яцвягаў. Польскія гісторыкі, мовазнаўцы, археолагі абмяжоўваюць старажытную Яцвязь раёнам Сувалкіі ў паўн.-ўсх. Польшчы. У 1-м — пач. 2-га тыс. яны насялялі тэрыторыю паміж Нёманам і вярхоўямі р. Нараў. Некат. даследчыкі (В.В.Сядоў, Ю.У.Кухарэнка і інш.) у арэал яцвягаў уключаюць таксама Падляшша, Брэстчыну, значную частку Верхняга Панямоння. Асноўным іх аргументам з’яўляецца распаўсюджанне тут каменных курганоў і каменных магіл, якія па традыцыі лічацца яцвяжскімі. У каменных курганах 11—13 ст. трапляюцца рэчы балцкіх і слав. тыпаў, што сведчыць пра славянізацыю балцкіх плямён. Каменныя магілы датуюцца 11—17 ст. У 15—16 ст. у пахавальным абрадзе з’явіліся новыя элементы — выбітыя на камянях крыжы ў галаве пахаванняў, каменныя крыжы, устаноўленыя замест вял. камянёў. Асн. колькасць каменных магіл знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Магчыма, у каменных магілах пахаваны славянізаваныя (ці абеларушаныя) балты. Яцвязь уяўляла сабой сукупнасць некалькіх этнічна роднасных плямён: судзінаў, дайновы, паляксянаў і ўласна яцвягаў. У 12—13 ст. яцвягі знаходзіліся на стадыі ваеннай дэмакратыі. Паводле старога звычаю органам іх рода-племяннога ладу былі князь і нобілі (знаць), але сацыяльная дыферэнцыяцыя была выяўлена слаба. У час бою яцвяжскія князі знаходзіліся ў самых небяспечных месцах і нярэдка гінулі. Аснову грамадства складалі свабодныя абшчыннікі — язычнікі. У час ваенных паходаў узнікалі саюзы ці канфедэрацыі князёў і зямель. З паведамленняў Галіцка-Валынскага летапісу вынікае, што ў 13 ст. яцвягі размяшчаліся паміж сярэднім правабярэжжам р. Нараў і сярэднім левабярэжжам Нёмана. У наш час гэта паўн. частка Падляскага ваяводства ў Польшчы. У летапісах не адзначана, каб яцвягі ў 12—13 ст. насялялі якія-небудзь раёны Беларусі. Яны зрабілі 2 набегі на Брэст і адзін на Пінск, але былі адбіты. Галіцка-валынскія князі ўчынілі некалькі буйных паходаў на яцвягаў. Каля 1276 нямецкія рыцары пачалі заваяванне Яцвязі. Пасля працяглай барацьбы яцвягі і суседнія прусы былі канчаткова заваяваны крыжакамі ў 1283—84. Значная колькасць яцвягаў перасялілася ў Літву і Беларусь. У летапісе паведамляецца, што вялікі князь ВКЛ Трайдзень дазволіў прусам (магчыма, і яцвягам) пасяліцца ў наваколлі Гродна і Слоніма.
Полацкае княства — адно з самых старажытных усх.-слав. княстваў-дзяржаў з цэнтрам у Полацку. Існавала ў 10—13 ст. Размяшчалася ў басейнах Зах. Дзвіны, Бярэзіны. Нёмана. Полацк упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862. Да 980 у Полацку княжыў Рагвалод. Наўгародскі князь Уладзімір Святаславіч забіў Рагвалода і ажаніўся з яго дачкою Рагнедай Рагвалодаўнай. Стаўшы вял. князем кіеўскім, ён аддаў Полацкую зямлю свайму сыну ад Рагнеды Ізяславу Уладзіміравічу, гэта стала пачаткам новай дынастыі полацкіх князёў. У 11 ст. Полацкае княства было даволі моцнае ў ваенных і эканам. адносінах. Пры Брачыславе Ізяславічу ў 1021 да Полацкай зямлі далучаны гарады Усвят і Віцебск. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці. Пасля Нямігскай бітвы 1067 князі Яраславічы захапілі Усяслава і зняволілі яго ў Кіеўскай вязніцы. У час Кіеўскага паўстання 1068 гараджане вызвалілі яго і абвясцілі вял. кіеўскім князем, але ён неўзабаве вярнуўся ў Полацк. У час княжання Усяслава ішлі войны з Уладзімірам Манамахам. Пасля смерці Усяслава Брачыславіча Полацкае княства пачало распадацца на ўдзелы. У 1-й пал. 12 ст. ўтварыліся Мінскае і Ізяслаўскае ўдзельныя княствы, у 2-й пал. — Віцебскае, Друцкае, Лагожскае, Стрэжаўскае, магчыма, і Гарадзецкае княствы. Мінскі кн.Глеб Усяславіч спрабаваў сапернічаць з кіеўскім кн. Уладзімірам Манамахам і пашырыць свае ўладанні за кошт Тураўскага княства. У 1116 Уладзімір Манамах зрабіў паход на Мінскае і Друцкае княствы, захапіў Друцк, а Оршу і Копысь перадаў Смаленску; у 1119 захапіў Мінск, а яго князя Глеба Усяславіча ўзяў у палон і адправіў у Кіеў. Барацьба Полацка з Кіевам не спынялася і пасля смерці Уладзіміра Манамаха. У 1127 яго сын Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд.-рус. кааліцыі князёў супраць Полацкага княства; яны ўварваліся ў межы княства чатырма дарогамі — на Ізяслаўль, Лагойск, Барысаў і Друцк, захапілі некалькі гарадоў. Полацкія князі па-ранейшаму не хацелі падпарадкоўвацца Кіеву. Тады Мсціслаў захапіў іх у палон і разам з сем’ямі выслаў у Візантыю (1129). Праз нейкі час яны вярнуліся, і з 1139 уся Полацкая зямля, акрамя Оршы і Копысі, зноў апынулася пад уладай прадстаўнікоў мясц. дынастыі — нашчадкаў Усяслава. Аднак улада князёў у Полацку слабела. Іх назначэнне і выгнанне залежала ад веча, дзейнасць якога накіроўвалі буйныя феадалы. З дапамогай веча феад. знаць абмяжоўвала ў сваіх інтарэсах уладу князя. На полацкім троне былі сыны Усяслава Давыд і Барыс. У 1132 веча выбрала князем унука Усяслава Брачыславіча — Васільку. Паліт. жыццё Полацка 2-й пал. 12 ст. характарызавалася барацьбой баярскіх груповак, зменай князёў, выступленнямі гараджан. У 1151 і 1159 за трон змагаліся ўнукі Усяслава друцкі кн. Рагвалод Барысавіч і мінскі кн. Расціслаў Глебавіч. Пазней полацкім князем стаў віцебскі кн. Усяслаў Васількавіч, які княжыў да 1180. У 1160—70-я г. віцебскія і полацкія князі часова трапілі ў васальную залежнасць ад Смаленскага княства. Паміж імі ўзнікалі міжусобіцы. Разам з тым у перыяд феад. раздробленасці паміж Полацкай і Смаленскай землямі мелі месца кансалідацыйныя тэндэнцыі. Паміж імі пачалі складвацца ўстойлівыя гандл. і культ. сувязі. Вакол Полацка і Смаленска ўзнік буйны смаленска-полацкі дыялект, які адыграў значную ролю ў складванні бел. народнасці.
Тураўскае княства склалася на тэр. дрыгавічоў. Яно прымыкала да паўд. граніц Полацкай зямлі. Тураў упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 980.
Назву горада летапісец звязваў з імем князя Тура і лічыў, што той з’явіўся на Бел. Палессі тады ж, калі князь Рагвалод у Полацку. З 988 у Тураве княжыў Святаполк Яраполчыч, з 1052 Ізяслаў Яраславіч — заснавальнік тураўскай дынастыі Ізяславічаў. Пазней тут сталі княжыць яго сыны Яраполк і Святаполк, які ў 1093 заняў і кіеўскі прастол. З 1113 Тураў ва ўладанні вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха, а пасля яго смерці — Вячаслава Уладзіміравіча. Ён удзельнічаў у паходзе паўд.-рус. князёў на Полацк (1127). У 1142—57, у час барацьбы за кіеўскі прастол, Тураўскае княства часта пераходзіла з рук у рукі. У 1157 кн.Юрый Яраславіч (унук Святаполка Ізяславіча) дамогся незалежнасці Тураўскага княства і аднавіў тут дынастыю Ізяславічаў. У 2-й пал. 12 ст. Тураўскае княства распалася на ўдзелы. Узніклі Пінскае, Дубровіцкае, Клецкае, Слуцкае княствы. У параўнанні з Полацкам грамадска-паліт. лад у Тураве меў свае асаблівасці. Тураўскія князі, паводле роднасных сувязей, маглі заняць велікакняжацкі прастол у Кіеве, калі надыходзіла іх чарга як прадстаўнікоў княжацкага роду Рурыкавічаў. А для непасрэднага кіравання Тураўскім княствам назначаўся княжацкі намеснік — пасаднік. У Тураве існавала таксама пасада тысяцкага, які быў кіраўніком гар. апалчэння. Важную ролю ў жыцці Тураўскай зямлі адыгрываў Пінск. З цягам часу Пінск узвысіўся над Туравам. Многія гісторыкі называюць Тураўскае княства Турава-Пінскім. У час мангола-татарскага нашэсця асн. маса заваёўнікаў прайшла на Пд ад Турава і Пінска.
Палітычная гісторыя іншых зямель Беларусі. На землях Сярэдняга Пабужжа знаходзіліся гарады Брэст (Берасце), Камянец, Кобрын, Драгічын, Мельнік, Бельск (3 апошнія цяпер на тэр. Польшчы). Размяшчаліся гарады на абодвух баках Зах. Буга. Уся гэта прастора ў сярэдневякоўі была аб’яднана вакол свайго гал. горада — Брэста. Першыя летапісныя звесткі пра яго ў «Аповесці мінулых гадоў» адносяцца да 1019, калі адбывалася жорсткая барацьба паміж князямі за велікакняжацкі прастол. У канцы 12 ст. горад апынуўся ў складзе ўладанняў галіцка-валынскага кн.Рамана Мсціславіча. Гэты князь пашырыў сваю ўладу на Кіеў, стаў магутным валадаром Русі.
Землі Бел. Пасожжа ў 12—13 ст. уваходзілі ў склад Смаленскага і Чарнігаўскага княстваў. Смаленск быў гал. горадам смаленскіх крывічоў, паходжаннем і культурай блізкіх да полацкіх крывічоў. Напачатку да Смаленскага княства адносілася паўн. частка Пасожжа з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прупой (Прапошаск, цяпер Слаўгарад). У 1116 да Смаленска адышлі Копысь і Орша. Тэр. ніжняга цячэння Сажа з Гомелем, Чачэрскам і Рэчыцай у 12—13 ст. уваходзіла ў склад моцнага Чарнігаўскага княства. Гомель упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142. Каля сярэдзіны 12 ст. ў Гомелі і, відаць, у Чачэрску (1159) з’явіліся ўласныя княжацкія прастолы.
Летапісы не паведамляюць, якія плямёны жылі ў Верхнім Панямонні (сучасная Гродзенская вобл. і 3 Мінскай вобл.). Археал. даследаванні сведчаць, што тут змешваліся розныя плямёны. Усх. славяне (дрыгавічы, валыняне, крывічы) суседнічалі і суіснавалі з балцкімі (літоўскімі, яцвяжскімі, прускімі) плямёнамі. Слав. каланізацыя Панямоння адбывалася з розных бакоў. Славяне засноўвалі свае гарады на ўзвышшах з канца 10 ст. (Навагрудак, Ваўкавыск, Гродна). У 11 ст. ўзнік Слонім. Гэтыя гарады ў 12—1-й пал. 13 ст. сталі цэнтрамі асобных княстваў. Князі з Гродна падтрымлівалі сувязі з Кіевам. Яны неаднаразова выступалі разам з кіеўскімі князямі ў сумесных паходах супраць качэўнікаў-полаўцаў. У 12 ст. Гродна, відаць, адыгрывала ролю сталічнага горада ў Панямонні. З 13 ст. гэта роля перайшла да Навагрудка. Ён з 12 ст. забудоўваўся багатымі дамамі; некаторыя былі 2-павярховыя, з зашклёнымі вокнамі, а асобныя ўпрыгожаны фрэскамі. У Навагрудак траплялі дарагія вырабы з Візантыі і падуладных ёй краін. Шэраг прычын садзейнічаў узвышэнню Навагрудскага княства ў сярэдзіне 13 ст. У ім быў даволі высокі ўзровень сельскай гаспадаркі (гэтаму спрыяла і ўрадлівасць глебы), рамяства, гандлю. Крыжацкая і татарская навала напачатку не дасягала Навагрудскай зямлі, якая знаходзілася на значнай адлегласці ад гэтай небяспекі. Гарадская знаць была зацікаўлена ў аб’яднанні вакол княства інш. зямель.
Крыжацкая і татарская навала. У канцы 12 ст. пачалося пранікненне нямецкіх рыцараў на берагі Рыжскага заліва і ў басейн Зах. Дзвіны. З пач. 13 ст. палачане разам з лівамі, латгаламі, эстамі і інш. плямёнамі змагаліся супраць нямецкіх рыцараў, што ўварваліся ў Прыбалтыку. Лівы і латгалы з даўніх часоў плацілі даніну полацкім князям і пасылалі ім дапаможныя войскі. У ніжнім цячэнні Зах. Дзвіны размяшчаліся гарады-замкі Кукенойс і Герцыке. Імі кіравалі васалы полацкага князя. Полацкія дружыны на чале з кн.Уладзімірам не раз выступалі супраць крыжакоў (1203, 1206, 1216). Але крыжакам удалося захапіць Кукенойс і Герцыке. У 1212 рыжскі біскуп Альберт дамогся спынення выплаты даніны Полацку лівамі. Полацк страціў Ніжняе Падзвінне, і толькі для купцоў захаваўся свабодны шлях па Зах. Дзвіне. Націск крыжакоў на ўсх.-слав. землі паступова ўзмацняўся, чаму садзейнічала аб’яднанне ў 1237 ордэна мечаносцаў, перайменаванага ў Лівонскі ордэн, з Тэўтонскім. У 1-й чвэрці 13 ст. Полацк і Віцебск прызналі вярхоўную ўладу смаленскага кн.Мсціслава Давыдавіча. Гэта спрыяла згуртаванню сіл, якія процістаялі крыжацкай агрэсіі. Саюз Полацка, Віцебска і Смаленска меў вял. значэнне для абароны зах. зямель Русі ад крыжакоў. Полацк умацоўваў паліт. сувязі з Наўгародскай зямлёй, аб чым сведчыць шлюб кн. Аляксандра Яраславіча (Неўскага) з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1239. У пераможнай бітве са шведскімі рыцарамі на Няве (1240) вызначыўся Якаў Палачанін, які быў на службе пры двары Аляксандра. Перамога Аляксандра Неўскага ў бітве на Чудскім возеры ў 1242 над нямецкімі рыцарамі прыпыніла рух крыжакоў ва ўсх.-слав. землі.
У канцы 1237 унук Чынгісхана Батый пачаў заваёўніцкі паход у землі Русі. Зімой 1239 мангола-татарскія войскі ўварваліся ў паўд.-рус. землі, у 1240 узялі і разрабавалі Кіеў, затым Уладзімір-Валынскі і Галіч. У Іпацьеўскім летапісе гаворыцца, што вясной 1241 у наваколлі Брэста нельга было «выйсці на поле, бо быў смурод ад вельмі вялікай колькасці забітых». Выказваюцца меркаванні, што гэта было вынікам уварвання сюды атрада мангола-татараў. Пасля заваявання большай часткі ўсх.-слав. зямель мангола-татарскае войска рушыла ў Польшчу, Венгрыю, Чэхію і інш. краіны. Нарэшце наступленне мангола-татараў у глыбіню Еўропы стала немагчымым, і яны вымушаны былі ў 1242 павярнуць назад. Барацьба народаў Усх. і Цэнтр. Еўропы пазбавіла краіны Захаду ад спусташальнага мангола-татарскага нашэсця. Княствы на тэр. Беларусі таксама не зведалі яго. Аднак знешнепаліт. сітуацыя, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст., была вельмі небяспечная для літ. і бел. зямель. У гэтых умовах унутрыпаліт. супярэчнасці пачалі адыходзіць на другі план. Усё больш надзённай станавілася задача аб’яднання зямель.
Літ.:
Археалогія Беларусі. Т. 2—3. Мн., 1999—2000;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1 Мн., 1972;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. 2 выд.Мн., 2001;
Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Яго ж. Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўн. Беларусі. Мн., 1992;
Яго ж. Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. 2 выд.Мн., 2002;
Гісторыя Беларусі. Т. 1. Мн., 2000;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мн., 2001;
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерк происхождения и этнич. истории. Мн., 1968;
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Сев. Белоруссии). М., 1966;
Яго ж. Смоленская земля в IX—XIII вв.: Очерки истории Смоленщины и Вост. Белоруссии. М., 1980;
Лысенко П.Ф. Дреговичи. Мн., 1991;
Яго ж. Туровская земля XI—XIII вв. 2 изд. Мн., 2001;
Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в XI—XIII вв. Мн., 1989;
Каробушкіна Т.М. Насельніцтва Беларускага Пабужжа X—XIII стст. Мн., 1999.
Г.В.Штыхаў.
Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні крывічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Казлоўцы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні дрыгавічоў. Знаходкі з курганнага могільніка Каласы.Скроневыя кольцы і іншыя ўпрыгожанні радзімічаў. Знаходкі з курганнага могільніка Ветачка.Захоп Мінска паўднёварускімі князямі пасля Нямігскай бітвы 1067 і ўгон жыхароў у палон. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу.Тураў у 12—13 ст. Рэканструкцыя П.Ф.Лысенкі, мастак Я.Г.Каробушкін.Берасцяная грамата 13—14 ст. з Мсціслава.Інтэр’ер дома з фрэскамі 12 ст. ў Навагрудку. Рэканструкцыя В.Сташчанюка паводле матэрыялаў Ф.Д.Гурэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ
У выніку 1-й сусв. вайны рас.-герм. фронт на тэр. Беларусі да кастр. 1915 стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск; каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй (пазней з прычыны зрыву брэсцкіх мірных перагавораў герм. войскі акупіравалі амаль усю Беларусь). Калі пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі немцы пачалі выводзіць свае войскі, зах. землі Беларусі пачала займаць Польшча, якая абвясціла пра намер аднавіць сваю тэрыторыю ў межах Рэчы Паспалітай 1772. Да жн. 1919 польскія войскі занялі большую частку Беларусі (лінія фронту праходзіла па р.Зах. Дзвіна—Бярэзіна). У выніку сав.-польскай вайны 1920 польскія інтэрвенты ў ліп.—жніўні былі выдалены з Беларусі, але ў вер.—кастр. яны зноў захапілі зах. раёны Беларусі — Гродзенскую губ., паўд.-ўсх. паветы Віленскай, зах. паветы Мінскай губ. — амаль палавіну этнічнай Беларусі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 18.3.1921 Зах. Беларусь (агульная пл. 113 тыс.км²) засталася пад уладай Польшчы. Яе тэр. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Навагрудскае, Палескае, Віленскае і Беластоцкае ваяводствы. На тэр.Зах. Беларусі жыло каля 4 млн.чал. (на час перапісу 1921—3372 тыс.чал., паводле ацэнкі 1939—4,6 млн.чал.). Гал. культурным і навук. цэнтрам Зах.
Беларусі быў г. Вільня, у прамысловых адносінах найб. развітым — Беластоцкі прамысловы раён. Найб. гарады: Гродна, Брэст, Навагрудак, Баранавічы, Пінск, Лунінец, Ваўкавыск, Маладзечна, Кобрын, Вілейка, Ліда, Слонім, Стоўбцы, Пружаны, Глыбокае, Браслаў, Ашмяны.
Прамысловасць. Польшча (афіцыйна Другая Рэч Паспалітая) належала да краін з сярэднім узроўнем развіцця. Зах. Беларусь у эканам. адносінах была даволі адсталай яе ўскраінай, аграрным прыдаткам, рынкам збыту прамысл. тавараў, крыніцай сыравіны і таннай рабочай сілы. Зах. Беларусь складала 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва ўсёй Польшчы, а ўдзельная вага яе ў прамысл. вытворчасці ледзь перавышала 3%, выпрацоўка электраэнергіі — 2%. Разбураная войнамі нар. гаспадарка Зах. Беларусі аднаўлялася марудна, новыя ф-кі і з-ды амаль не будаваліся. Большасць прамысл. прадпрыемстваў — дробныя ф-кі і з-ды, якія перапрацоўвалі мясц. сыравіну. У 1928 у Зах. Беларусі афіцыйна зарэгістравана каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала менш чым па 20 чалавек. Толькі 127 прадпрыемстваў мелі больш як па 20 рабочых, 89 — больш як па 100 і 6 — больш як па 500 рабочых. Значны прамысл. спад адбыўся ў гады сусв.эканам. крызісу 1929—33, калі ў Зах. Беларусі спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў, колькасць занятых рабочых да сярэдзіны 1933 скарацілася амаль напалавіну. Імкнучыся перакласці цяжар крызісу на плечы працоўных, прадпрымальнікі павялічвалі інтэнсіўнасць працы, падаўжалі рабочы дзень да 10—12 гадзін, пазбаўлялі рабочых сац. страхавання, зніжалі заработную плату, якая ў Зах. Беларусі і да таго была значна ніжэйшая, чым у карэннай Польшчы. Працоўныя цярпелі і ад моцнай эксплуатацыі, і ад хранічнага беспрацоўя. У прамысловасці, на транспарце, лесараспрацоўках і інш. было занята 100 тыс. рабочых (каля 5% рабочых усёй Польшчы), мелася каля 50 тыс. рамеснікаў. У 1936 зарэгістравана больш за 25 тыс. беспрацоўных. Шырока выкарыстоўвалася танная праца жанчын і падлеткаў.
Прыродныя багацці краю часта прадаваліся замежным капіталістам. Лясы на высечку, у т. л. Белавежскую пушчу, прадавалі англійскім і французскім прадпрыемствам, тытунёвую манаполію здалі ў арэнду італьянцам, запалкавую — шведам. За 1919—39 у Зах. Беларусі высечана 589,2 тыс.га лясоў, натуральны ж прырост іх склаў толькі 41,8 тыс.га.
Сельская гаспадарка. Больш за 80% насельніцтва Зах. Беларусі займалася сельскай гаспадаркай. Паводле перапісу 1921 большая частка прыватнаўласніцкай зямлі (каля 3 млн.га) належала памешчыкам, якія складалі ўсяго 1,7% землеўладальнікаў (каля 6 тыс. гаспадарак, зямельны надзел кожнай больш за 50 га). На сялянскі двор у сярэднім прыпадала каля 7 га зямлі. Каля 55 тыс. гаспадарак мелі надзелы крыху большыя за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У 15% гаспадарак не было буйн. раг. жывёлы, у 30% — коней (1927). Апрача малазямелля сяляне цярпелі ад шматлікіх падаткаў, прыгонніцкіх перажыткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары шырокага ўжытку і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, ад запазычанасці ў банку і выплаты працэнтаў па ёй, ад самавольства чыноўнікаў і паліцыі, шматлікіх штрафаў. Сял. гаспадаркі пасля вайны аднаўляліся марудна і толькі да 1929 дасягнулі даваеннага ўзроўню.
Зямельная рэформа польскага ўрада (1920, 1921, 1924) была накіравана на развіццё капіталіст. адносін у вёсцы і расшырэнне ўнутр. рынку. Яна ўключала т.зв. парцэляцыю (продаж праз зямельны банк памешчыцкай зямлі дробнымі ўчасткамі — парцэлямі), ліквідацыю сервітутаў (сумесных уладанняў памешчыкаў і сялян) і камасацыю (ліквідацыю цераспалосіцы і звядзенне ў адзін участак дробных сял. палосак з адначасовым высяленнем на хутары). Шляхам т.зв. дзярж. і прыватнай парцэляцыі ў Зах. Беларусі распрададзена каля 20% памешчыцкіх зямель (597 тыс.га з 2948 тыс.га). Значную частку распарцэляваных зямель складалі землі былой царскай казны, якія перайшлі ў дзярж. фонд Польшчы. Такім чынам, буйное памешчыцкае землеўладанне зменшылася, але не на многа. У пач. 1930-х г. памешчыкам і кулакам належала каля 48% усёй зямлі. Выгадна прадаючы зямлю, памешчыкі ўмацоўвалі сваю гаспадарку. Больш за 70% зямлі, якую яны прадалі праз зямельны банк, купілі заможныя сяляне і асаднікі. Толькі нямногія з бедных сялян, парабкаў і дробных арандатараў набылі зямлю. Ад ліквідацыі сервітутаў пацярпела больш за 100 тыс.сял. гаспадарак.
Хутарызацыя ў пераважнай большасці праводзілася прымусова, што выклікала хваляванні на вёсцы. Каб аслабіць супраціўленне сялян, улады абяцалі ў выніку рэформы ліквідаваць цераспалосіцу, павялічыць надзелы, даць крэдыт на перанос будынкаў і на інвентар. Фактычна хутарызацыя была выгадная заможным сялянам і кулакам, бо вялікія выдаткі на перасяленне не давалі магчымасці ўзняць гаспадарку беднякам і парабкам. Да 1939 на хутары расселена каля 200 тыс. двароў.
Асаблівасцю аграрнай палітыкі польскага ўрада было перасяленне на тэр.Зах. Беларусі з цэнтр. раёнаў Польшчы ваенных і цывільных каланістаў, т.зв. асаднікаў, якім на льготных умовах ці бясплатна даваліся зямельныя надзелы да 45 га. Да 1934 на тэр.Зах. Беларусі і Валыні паселена каля 9 тыс. асаднікаў. Асаднікі былі ваеннай і паліт. апорай польскай улады ў Зах. Беларусі.
Адной з прычын збяднення сял. гаспадарак былі нізкія цэны на с.-г. прадукты, асабліва ў гады сусв.эканам. крызісу. У выніку скараціліся пасевы асн.с.-г. культур, менш набывалася і выкарыстоўвалася с.-г. машын, мінер. угнаенняў, што не спрыяла росту культуры земляробства. Толькі ў 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзыходзіла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у аграрным сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Слаба развітая прамысловасць не магла прыняць адток «лішніх рук» з аграрна перанаселенай вёскі, што часам вымушала сялян шукаць работу ў краінах Зах. Еўропы і Амерыкі. Малазямелле і аграрная перанаселенасць не здымала з парадку дня неабходнасць далейшага землеўпарадкавання і было адной з прычын рэв. актыўнасці сялян.
Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт. Сац. прыгнёт у Зах. Беларусі цесна пераплятаўся з нац. прыгнётам і паліт. бяспраўем бел. народа. Канстытуцыя Польшчы (1921), а таксама ўмовы Рыжскага мірнага дагавора дэкларавалі паліт. і прававую роўнасць усіх грамадзян незалежна ад нац. прыналежнасці. Аднак у дачыненні да беларусаў і інш.нац. меншасцей польскі ўрад з дапамогай дзярж. апарату, друку, школы, каталіцкай царквы праводзіў вялікадзяржаўную палітыку прымусовай паланізацыі. Беларусаў не прызнавалі за самастойную нацыю, забаранялі школы на роднай мове, абмяжоўвалі прыём на работу ў дзярж. ўстановы і ў ВНУ. Зах. Беларусь разам з Валынскім ваяводствам польскія ўлады называлі «крэсамі ўсходнімі» (усходнімі ўскраінамі) або Белапольшчай. Польскі ўрад вышукваў розныя прычыны і зачэпкі, каб закрываць бел. выдавецтвы, б-кі, хаты-чытальні, клубы, рэдакцыі бел. газет і часопісаў. Калі ў 1927 у Зах. Беларусі легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх было 12, у 1932—6, у 1936—13; у 1937 засталося толькі 8 бел. выданняў, пераважна прапольскай і клерыкальнай арыентацыі. Мясц.дзярж. апарат і органы самакіравання (гмінныя рады, павятовыя сеймікі) фарміраваліся з прадстаўнікоў дробнай буржуазіі, памешчыкаў, асаднікаў. Польскі ўрад праводзіў палітыку рэліг. нецярпімасці да пераважна правасл.бел. насельніцтва. З 500 правасл. цэркваў 300 былі пераўтвораны ў касцёлы.
Паводле закона «Аб мове», прынятага 31.7.1924, дапускалася ствараць дзярж. школы з роднай мовай выкладання. Аднак мноства агаворак ператварала яго ў пустую абяцанку. З 500 бел. школ, што працавалі на тэр.Зах. Беларусі да 1921, у 1928 дзейнічала ўсяго 25 і 49 польска-бел. школ; да 1936 засталося 16 бел. школ, астатнія ператвораны ў польскія ці бел.-польскія. Улады закрылі 8 бел. гімназій (у Радашковічах, Навагрудку, Клецку, Нясвіжы, Будславе, Гродне, Гарадку, Маладзечне), 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы); Віленскую бел. гімназію ператварылі ў філіял польскай гімназіі. У выніку бел. настаўнікі засталіся без працы. Урад Польшчы не вельмі імкнуўся даць дзецям Зах. Беларусі адукацыю і на польскай мове. У 1937/38 навуч.г. ў 4221 школе Зах. Беларусі вучылася 546,6 тыс. дзяцей 7—10 гадоў. Пачатковую школу не наведвалі каля 50 тыс. дзяцей. У 1939 каля 35% насельніцтва заставалася непісьменным. Польскія ўлады праводзілі таксама т.зв. пацыфікацыю — прэвентыўнае ўціхаміранне. Тых, хто ў час выбараў агітаваў за кандыдатаў з рабочых і сялян, бралі на ўлік, часам арыштоўвалі. Нават падпісчыка на прагрэсіўную бел. газету лічылі непрыяцелем польскай дзяржавы, а ў дачыненні да дзеячаў рэв. і камуніст. руху праводзіліся масавыя судовыя і паліт. працэсы.
Нацыянальна-вызваленчы рух. Заходнебеларускія партыі і арганізацыі. Неспрыяльнае сац.-эканам. становішча, нац. ўціск, паліт. бяспраўе насельніцтва Зах. Беларусі былі аб’ектыўнымі ўмовамі для разгортвання нац.-вызв. руху. Мясц. жыхары не змірыліся з анексіяй этнічных зямель беларусаў, выступалі супраць гвалтоўнай паланізацыі, каланізатарскай палітыкі польскіх улад. Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 актывізавалася ўзброенае антыпольскае змаганне. Адзін з першых партыз. атрадаў пад кіраўніцтвам Г.Шыманюка (Скамароха) узнік у Бельскім пав.Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) актыўна займалася пашырэннем партыз. руху на Беласточчыне, Віленшчыне, Гродзеншчыне. Летам 1921 створаны Цэнтр.бел. паўстанцкі камітэт, які ўзначаліў У.Пракулевіч. Гал. штаб бел. партызан (кіраўнік В.Разумовіч) ажыццяўляў каардынацыю дзеянняў партыз. злучэнняў.
Прыняты на 1-й Усебел. паліт. канферэнцыі ў Празе (вер. 1921) курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстання быў часткова здзейснены ў Зах. Беларусі. Паводле польскіх вайсковых звестак, восенню 1922 там налічвалася 5—6 тыс. партызан. Масавыя арышты партызан, судовыя працэсы, спыненне падтрымкі з боку Літвы прывялі да аслаблення ўплыву БПС-Р у партыз. руху. Паступова там узмацняліся пазіцыі камуністаў і іх прыхільнікаў, якія абапіраліся на дапамогу Сав. Беларусі. З удзелам камандзіраваных з усходу камуністаў К.Арлоўскага, С.Ваўпшасава, В.Каржа і інш. былі створаны партыз. атрады і групы, якія нападалі на адм. ўстановы, ваенна-паліцэйскія падраздзяленні, гарнізоны, маёнткі памешчыкаў, сядзібы чыноўнікаў, асаднікаў, праводзілі дыверсіі на чыгунцы і г.д. У 1922 ва ўсх. ваяводствах Польшчы адбылося 878, у 1923—503 партыз. выступленні, з іх найбольш у Зах. Беларусі. Пры дапамозе вял. колькасці паліцыі, пагранічных войск, карных фарміраванняў, жорсткіх мер пацыфікацыі, ваенна-палявых судоў партыз. рух быў моцна аслаблены і спынены ў сярэдзіне 1920-х г.
Разам з узброенай барацьбой выкарыстоўваліся і легальныя магчымасці парламенцкай дзейнасці. Пасля выбараў у канцы 1922 у польскім сейме створана нац. дэпутацкая фракцыя — Беларускі пасольскі клуб (БПК), куды ўваходзілі 11 паслоў (дэпутатаў), якія прадстаўлялі ўсе грамадска-паліт. сілы Зах. Беларусі (А.Аўсянік, П.Мятла, Б.Тарашкевіч, Ф.Ярэміч, С.Баран, У.Каліноўскі, С.Якавюк, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Станкевіч, М.Кахановіч, В.Рагуля). З імі супрацоўнічалі сенатары В.Багдановіч, А.Назарэўскі, А.Уласаў. У студз. 1923 дэпутаты БПК ухвалілі праект стварэння краёвага парламента ў Вільні, дамагаліся таксама вырашэння агр. пытання, спынення асадніцтва, вяртання адабраных у праваслаўных храмаў, выкарыстання бел. мовы ў судах, установах адукацыі. Бел. паслы і сенатары настойліва абаранялі нац.-культ. і сац. правы насельніцтва краю, рэгулярна накіроўвалі інтэрпеляцыі (запыты) аб іх грубых парушэннях. Распрацаваны праект аўтаноміі Зах. Беларусі так і не быў прадстаўлены на абмеркаванне ў польскі сейм. Абмежаванне толькі парламенцкімі формамі не дазваляла пашырыць сац. базу нац.вызв. руху.
Легальныя формы барацьбы падтрымлівалі бел. нац.-дэмакр. партыі і арг-цыі. Агульным для іх было патрабаванне ўтварэння незалежнай Бел.дэмакр. рэспублікі. Да сярэдзіны 1920-х г. дзейнічалі асобныя групы Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф), Бел.с.-д. партыі (БСДП), левае крыло якой у 1924 абвясціла стварэнне партыі бел. незалежных сацыялістаў.
Найбольш уплывовай была партыя бел. эсэраў, якая патрабавала дэмакр. свабод, вырашэння аграрнага пытання, «нацыянальнага вызвалення беларускага народа». Левае крыло БПС-Р у ліп. 1922 аформілася ў самастойную Бел.рэв. арг-цыю (БРА). БРА з’яўлялася нелегальнай радыкальнай нац.-дэмакр. арг-цыяй, выступала за канфіскацыю памешчыцкай зямлі, сац. і нац. правы насельніцтва Зах. Беларусі. Лідэры БРА І.Лагіновіч, А.Канчэўскі, Л.Родзевіч, А.Капуцкі наладзілі цесныя сувязі з камуніст. дзеячамі. Па ўсіх асн. пытаннях пазіцыя арг-цыі супадала з тактычнымі ўстаноўкамі камуністаў. У канцы 1923 пасля шэрагу сустрэч і сумесных пасяджэнняў былі выпрацаваны ўмовы зліцця БРА з Камуніст. партыяй Зах. Беларусі (КПЗБ).
З нац.-дэмакр. партый згуртаванасцю вылучалася клерыкальная Бел. хрысціянская дэмакратыя (БХД), на чале якой стаялі каталіцкія ксяндзы А.Станкевіч, Ф.Абрантовіч, В.Гадлеўскі, К.Стаповіч і інш. У сваёй дзейнасці БХД зыходзіла з тэорыі бяскласавасці бел. народа, адмаўляла наяўнасць класавай барацьбы. Партыя адстойвала эвалюцыйны шлях развіцця грамадства і парламенцкія сродкі змагання. БХД выступала за дэмакр. свабоды, роўнасць перад законам, мясц. самакіраванне, усеагульнае выбарчае права, зямельную рэформу на карысць беззямельных і малазямельных, але з захаваннем прыватнай уласнасці, нац. культуру. У 2-й праграме БХД (1927) канстатавалася, што партыя «імкнецца да самастойнасці беларускага народу на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную дэмакратычную рэспубліку». БХД пашырала свой уплыў пераважна сярод беларусаў-католікаў Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў.
Актыўнасць праяўлялі ў Зах. Беларусі і польскія партыі. Значны ўплыў мела рэфармісцкая Польская сацыяліст. партыя (ППС), сял. партыя «Вызволене» і інш. ППС дамагалася дэмакр. свабод, самакіравання, сац. забеспячэння, перадачы памешчыцкіх зямель у арэнду сялянам, аўтаноміі для няпольскага насельніцтва. Патрабаванні дэмакр. рэформ падтрымлівала і партыя «Вызволене». Правыя польскія партыі спрыялі ажыццяўленню асн. кірункаў урадавай палітыкі ў Зах. Беларусі, выступалі з шавіністычных пазіцый адносна нац. меншасцей.
Сярод яўрэйскага насельніцтва зах.бел. гарадоў і мястэчак пераважалі ўплывы Бунда і Паалей Цыёна. Бунд прытрымліваўся с.-д. пазіцый, патрабаваў нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў, самавызначэння Зах. Беларусі, але выступаў супраць яе аддзялення ад Польшчы. Дзеячы партыі сацыял-сіянісцкага кірунку Паалей Цыён прапагандавалі свае ідэі ў асяроддзі яўрэйскіх рабочых, дробных гандляроў, інтэлігенцыі. Як і бундаўцы, яны стараліся адцягнуць сваіх прыхільнікаў ад актыўнай паліт. барацьбы, акцэнтавалі ўвагу на парламенцкай дзейнасці.
Найб. радыкальныя пазіцыі ў зах.бел. нац.-вызв. руху займала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), якая была створана ў кастр. 1923 у Вільні як састаўная частка Кампартыі Польшчы. Першымі арганізатарамі партыі былі С.Мертэнс, А.Славінскі, С.Мілер, С.Дубовік, у яе кіраўніцтва ўваходзілі таксама І.Лагіновіч, Я.Бабровіч, А.Канчэўскі, Л.Родзевіч, М.Арэхва і інш.КПЗБ была правадніком ідэй Камінтэрна, ВКП(б) і КП(б)Б, абапіралася на арганізацыйную, паліт. і фінансавую падтрымку з боку СССР і БССР. Сваёй мэтай КПЗБ ставіла барацьбу за інтарэсы рабочага класа, надзяленне сялян зямлёй без выкупу, самавызначэнне Зах. Беларусі і ўз’яднанне яе з БССР, садзейнічала развіццю нац.-вызв. змагання. У канцы 1924 яна налічвала 2296, у канцы 1927 — 3254 камуністаў. Значная частка з іх знаходзілася ў турмах, пастаянна арыштоўвалася польскімі ўладамі. У канцы 1924—1-й пал. 1925 існавала пагроза расколу партыі ў сувязі з утварэннем унутры яе сепаратысцкай групоўкі («сэцэсіі»). Бюро ЦККП(б)Б у студз. 1925 асудзіла дзеянні «сэцэсіі», прызнала іх «недапушчальным, дэзарганізатарскім і антыпартыйным крокам».
Пад уплывам КПЗБ у чэрв. 1925 з Бел. пасольскага клуба выйшла група дэпутатаў і ўтварыла асобны клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) на чале з Б.Тарашкевічам. Камуніст. кіраўніцтва праяўляла пільную ўвагу да новай сеймавай фракцыі. У жніўні 1925 у Сопаце (каля Гданьска) адбылася нелегальная нарада прадстаўнікоў ЦК КПП, КПЗБ, КП(б)Б з лідэрамі пасольскага клуба БСРГ, дзе была дасягнута дамоўленасць аб стварэнні масавай легальнай арг-цыі рэв.-дэмакр. характару, вызначаны яе асн. праграмныя паліт. мэты.
У маі—чэрв. 1926 пасольскі клуб Грамады стаў самастойнай паліт. арг-цыяй. Старшынёй ЦКБСРГ быў выбраны Б.Тарашкевіч, нам. старшыні — С.Рак-Міхайлоўскі. У склад ЦК увайшлі таксама П.Валошын, П.Мятла, кіраўнік Цэнтр. сакратарыята Грамады М.Бурсевіч. Першапачатковы праект праграмы прадугледжваў стварэнне легальнай камуніст. арг-цыі. Прынятая ў маі 1926 праграма БСРГ змяшчала шырокі спектр дэмакр. патрабаванняў: канфіскацыя памешчыцкіх зямель, падзел іх паміж беззямельнымі і малазямельнымі сялянамі, скасаванне асадніцтва, дэмакр. самакіраванне, устанаўленне дэмакр. свабод, нац. роўнасць і навучанне на роднай мове, стварэнне сял.-рабочага ўрада, самавызначэнне Зах. Беларусі і ўз’яднанне з БССР і інш.
У 2-й пал. 1926 БСРГ ператварылася ў масавую легальную арг-цыю. Большасць у ёй складалі сяляне-беднякі і сераднякі, а таксама рабочыя, прадстаўнікі інтэлігенцыі. У студз. 1927 каля 120 тыс. чалавек былі аб’яднаны ў больш як 2 тыс. гурткоў Грамады. Актыўную паліт. работу вялі к-ты БСРГ у Баранавіцкім, Беластоцкім, Бельскім, Валожынскім, Ваўкавыскім, Вілейскім, Віленскім, Гродзенскім, Дзісенскім, Косаўскім, Лідскім, Маладзечанскім, Навагрудскім, Пастаўскім, Пінскім, Сакольскім, Слонімскім і Стаўбцоўскім пав. Больш за 200 камуністаў, што ўступілі ў склад Грамады, у многім вызначылі ідэалагічную лінію, характар дзейнасці арг-цыі.
Масавы рост БСРГ быў выкліканы аб’ектыўнымі ўмовамі зах.-бел. рэчаіснасці ў сац.-эканам., грамадскай і культурнай сферах. Грамада мела прасавецкую арыентацыю не столькі з-за знешняй ідэалагічнай, матэрыяльнай дапамогі, сімпатый да сав. ладу, колькі з-за паўсюднага незадавальнення, непрыняцця палітыкі польскіх улад у Зах. Беларусі. 15.1.1927 рэжым «санацыі» распачаў ліквідацыю гурткоў, к-таў БСРГ, масавыя арышты актывістаў, а 21.3.1927 афіцыйна забараніў арганізацыю. Усіх арыштаваных кіраўнікоў і актывістаў Грамады ў 1927—29 судзілі на некалькіх працэсах, самым гучным з якіх быў «працэс 56-і».
Выбары ў сейм у сак. 1928 адбыліся ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій польскіх улад. Леварадыкальная частка дэпутатаў [Я.Гаўрылік, І.Дварчанін, Ф.Валынец, І.Грэцкі, А.Стагановіч (у лют. 1929 яго замяніў П.Крынчык)] утварыла бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне», які супрацоўнічаў з камуніст. фракцыяй у сейме і фактычна стаў парламенцкім прадстаўніцтвам КПЗБ. Паслы клуба «Змаганне» займаліся прапагандысцкай дзейнасцю, арганізоўвалі мітынгі, дэманстрацыі працоўных, востра крытыкавалі ўнутр. і знешнюю палітыку рэжыму «санацыі» Ю.Пілсудскага, выкрывалі адм.-паліцэйскі гвалт, уступалі ў палеміку з паліт. апанентамі. Акрамя інтэрпеляцый, пададзеных разам з інш. клубамі, дэпутаты «Змагання» ўнеслі ў сейме 11 запытаў і 13 прапаноў для абароны сац. і нац. інтарэсаў насельніцтва Зах. Беларусі.
Максімалісцкія, празмерна радыкальныя лозунгі «Змагання» перашкаджалі супрацоўніцтву з нац.-дэмакр. партыямі і арг-цыямі. Уцягванне ў барацьбу супраць іх было вынікам рашэнняў VI кангрэса Камінтэрна (ліп.—вер. 1928), які неадкладна выконвалі дзеячы КПЗБ і падкантрольных ім арганізацый. У адрозненне ад кіраўніцтва «Змагання» сярод мясц. актыву перавагу атрымалі не леварадыкальныя, а нац.-вызв. лозунгі. Нягледзячы на моцны камуніст. ўплыў, паслы «Змагання» ішлі на супрацоўніцтва з Бел. пасольскім клубам. Клуб «Змаганне» і яго 50 мясц. сакратарыятаў з’яўляліся цэнтрамі легальнай паліт. дзейнасці зах.-бел. камуністаў сярод шырокіх пластоў працоўных, былі прадаўжальнікамі традыцыі Грамады. 30.8.1930 разам з роспускам парламента было арыштавана кіраўніцтва «Змагання», ліквідаваны яго мясц.арганізац. структуры. У 1931 суд у Вільні прыгаварыў І.Дварчаніна, Я.Гаўрыліка, Ф.Валынца, П.Крынчыка і інш. дзеячаў «Змагання» да розных тэрмінаў турэмнага зняволення.
Мэтанакіравана адстойвала нац. інтарэсы жыхароў зах.-бел. краю культ.-асветніцкая арг-цыяТаварыства беларускай школы (ТБШ), статут якой быў зацверджаны ў Вільні ў ліп. 1921. Асн. мэтай ТБШ было пашырэнне і дапамога асвеце ў бел. нацыянальным і хрысціянскім духу. Заснавальнікамі арг-цыі былі Б.Тарашкевіч, А.Луцкевіч, Ф.Аляхновіч, А.Смоліч, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Станкевіч і інш. прадстаўнікі інтэлігенцыі. У пач. 1920-х г.ТБШ мела вузкую сац. базу, яго дзейнасць насіла лаяльны характар да ўлад Сярэдняй Літвы, а потым і Польшчы. Т-ва аказвала дапамогу ў выездзе моладзі на вучобу за мяжу, дапамагала Віленскай і інш.бел. гімназіям, пачатковым школам, правяло ў крас. 1923 з’езд настаўнікаў бел. гімназій. З восені 1924 ТБШ разгарнула кампанію па зборы подпісаў за адкрыццё школ на роднай мове. Пераўтварэнню Т-ва ў масавую культ.-асветную арг-цыю паспрыяла Грамада. У вер. 1926 у склад Гал. управы ТБШ увайшлі Р.Астроўскі (старшыня), А.Уласаў, А.Трэпка (намеснікі), Б.Тарашкевіч, І.Дварчанін, М.Кепель, Я.Шнаркевіч, М.Марцінчык, Ф.Стацкевіч, П.Мятла і інш. Кіраўнікі Грамады і КПЗБ імкнуліся пераўтварыць Т-ва ў «другую лінію акопаў». У канцы 1927 па ўсёй Зах. Беларусі дзейнічала 12 акруговых упраў — у Баранавічах, Беластоку, Вілейцы, Гродне, Глыбокім, Косаве, Лідзе, Міры, Навагрудку, Свіслачы, Слоніме і Вільні. 1-ы з’езд ТБШ, які адбыўся 28—29.12.1927 у Вільні, пастанавіў дамагацца адкрыцця дзярж.бел. пачатковых школ, гімназій, настаўніцкіх семінарый, курсаў і інш. Да сярэдзіны 1928 колькасць гурткоў ТБШ дасягнула 430 (14—15 тыс.чал.), а ў сярэдзіне 1930 перавысіла 500 (больш за 15 тыс. чалавек; па іншых звестках — каля 30 тыс. чалавек), пераважная большасць якіх дзейнічала ў сельскай мясцовасці. Арганізаваная т-вам школьная кампанія набыла масавы характар: да 1928 пададзена больш за 30 тыс. заяў на адкрыццё 1229 бел. школ, аднак абсалютная большасць іх была праігнаравана польскай адміністрацыяй. Для правядзення асветніцкай работы ТБШ стварала гурткі самаадукацыі, бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы, нар. дамы, арганізоўвала драм., харавыя калектывы, наладжвала іх выступленні, займалася выдавецкай дзейнасцю.
Пасля забароны польскімі ўладамі ў жніўні 1928 Гал. управы (да жніўня 1929) у кіраўніцтве ТБШ узмацнілася ідэйна-паліт. раз’яднанасць. Камуністы, прадстаўнікі «Змагання» імкнуліся надаць арг-цыі радыкальны паліт. характар, група дзеячаў нац.-дэмакр. кірунку схілялася выключна да культ.-асветніцкай працы. На нелегальным з’ездзе ТБШ у Вільні ў маі 1929 праціўнікі палітызацыі (Р.Астроўскі, А.Луцкевіч, А.Трэпка, Я.Шнаркевіч, А.Коўш і інш.) былі выключаны за «шкодную дзейнасць». У склад новай Гал. управы былі выбраны Ф.Стацкевіч (старшыня), М.Пяткевіч, Р.Шырма, І.Дварчанін, Ф.Валынец, І.Грэцкі, П.Крынчык, М.Кепель, М.Марцінчык, П.Петкун.
У 2-й пал. 1920-х г. БХД працягвала ісці шляхам эвалюцыі ад клерыкальна-дэмакр. арг-цыі да свецкай паліт. партыі хрысціянска-дэмакр. кірунку. На нарадзе 1926, з’ездах 1927, 1928 і 1931 выпрацоўвалася праграма партыі, фарміравалася яе ідэалогія. БХД пераадолела вузкія канфесійныя межы, пачала арыентавацца і на католікаў, і на праваслаўных, што пашырыла яе сац. базу. У 1926 кіраўніцтва БХД стварыла альтэрнатыўную ТБШкульт.-асветную арг-цыю — Бел. інстытут гаспадаркі і культуры (БІГІК). Сярод стваральнікаў і кіраўнікоў БІГіК былі А.Більдзюкевіч, А.Станкевіч, А.Назарэўскі, В.Рагуля, В.Багдановіч, А.Уласаў. Арганізацыя выступала ў абарону бел. культуры, мовы, стварала кааператывы, бібліятэкі, вяла асветную работу, займалася мастацкай самадзейнасцю. У пач. 1927 дзейнічалі 50 гурткоў (каля 800 чал.), 22 б-кі БІГіК. Ідэйна-палітычныя рознагалоссі перашкаджалі супрацоўніцтву з ТБШ.
У 1928—30 паралельна з бел. пасольскім клубам «Змаганне» дзейнічаў адноўлены Бел. пасольскі клуб, куды ўвайшлі прадстаўнікі БХД і Бел.сял. саюза — беларускай нац. партыі парламенцкага тыпу, створанай у 1925 у Вільні ў процівагу БСРГ (уваходзілі П.Каруза, А.Стаповіч, Я.Станкевіч, К.Юхневіч, Ф.Ярэміч). З імі супрацоўнічалі бел. сенатары В.Багдановіч, В.Рагуля. БПК працягваў абараняць сац. і нац. інтарэсы, выступаў супраць памкненняў камуністаў падпарадкаваць сабе вызв. рух.
Узмацненне аўтарытарных тэндэнцый у Польшчы прывяло да разгрому ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. левага крыла зах.-бел. руху. У цяжкіх умовах нелегальнага існавання, бязлітасных праследаванняў знаходзілася КПЗБ. Найб. устойлівымі былі падп.камуніст. арг-цыі ў Брэсцкай, Баранавіцка-Слонімскай, Гродзенскай і Навагрудскай акругах. З мясцовага актыву кампартыі вызначаліся А.Багданчук, В.Ласковіч, П.Пестрак, С.Прытыцкі, У.Урбановіч, У.Царук і інш. Пад кіраўніцтвам КПЗБ з 1924 дзейнічаў Камуністычны саюз моладзі Зах. Беларусі (КСМЗБ). У 1933 у яго 10 акругах налічвалася больш за 3 тыс. чал.
У канцы 1920 — пач. 1930-х г. для тактыкі і стратэгіі КПЗБ характэрна імкненне фарсіраваць рэв. працэс з мэтай паскорыць сацыяліст. рэвалюцыю, блізкасць якой беспадстаўна перабольшвалася. У межах падрыхтоўкі сав.-польскага дагавора аб ненападзе на V пленуме ЦККПЗБ (чэрв. 1931) з праграмных дакументаў было знята патрабаванне аб’яднання Зах. Беларусі з БССР. Да бел.нац. партый з боку кампартыі праяўляліся адмоўныя адносіны, іх расцэньвалі як састаўную частку нацыянал-фашысцкага лагера пілсудчыкаў. Камуністы вылучалі максімалісцкія лозунгі і патрабаванні з разлікам на абвастрэнне барацьбы. Асабліва гэта выявілася ў перыяд сусв.эканам. крызісу 1929—33 і ў першыя гады пасля яго. Камуністы мелі дачыненне да арганізацыі забастовак рабочых, акцый беспрацоўных, антыўрадавых дэманстрацый, мітынгаў, сял. выступленняў у Асташыне (Навагрудскі павет) у 1932, Навасёлках (Кобрынскі павет), Ляплёўцы (Брэсцкі павет) у 1933, нарачанскіх рыбакоў у 1935 і інш.
Знішчальная хваля рэпрэсій польскіх улад, лявацка-сектанцкі падыход КПЗБ да нац. пытання адмоўна паўплывалі на становішча ТБШ. З 1928 па ліп. 1930 забаронена дзейнасць яго 6 акруговых упраў і больш за 300 гурткоў. Да восені 1932 колькасць гурткоў зменшылася да 150 (каля 4 тыс.чал.), засталася 1 акруговая ўправа ў Беластоку (забаронена ў 1934). У большасці паветаў дзейнасць гурткоў спынілася. У лют. 1933 у Вільні адбыўся суд над кіраўніцтвам ТБШ, якое абвінавачвалі ў падрыхтоўцы «камуністычнай змовы».
Негатыўны ўплыў на зах.-бел. рух зрабілі рэпрэсіі ў БССР у 1930-я г. У 1933 да справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра» былі прыцягнуты М.Бурсевіч, П.Валошын, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Дварчанін, П.Мятла, С.Рак-Міхайлоўскі і інш. дзеячы Зах. Беларусі, якія на той час у выніку абмену зняволенымі знаходзіліся ў СССР. Яны атрымалі смяротныя прысуды і розныя тэрміны лагернага зняволення. Па той жа справе пазней расстраляны Б.Тарашкевіч.
У сувязі з аб’яўленымі польскімі ўладамі выбарамі ў сейм у 1930 створана правацэнтрысцкая грамадска-паліт.арг-цыя — Цэнтр. саюз культ. і гасп. арганізацый (Цэнтрасаюз). Лідэры арг-цыі Р.Астроўскі, А.Луцкевіч, Ф.Акінчыц, Я.Станкевіч прызнавалі заганнай тактыку канфрантацыі, лічылі адзіна магчымым шляхам пошук кампрамісаў з аўтарытарным рэжымам Ю.Пілсудскага. Яны падвяргаліся крытыцы з боку КПЗБ і БХД, за паланафільскі кірунак іх празвалі «беларускай санацыяй». У 1932 на аснове Цэнтрасаюза створана культ.-асветніцкая арг-цыяТ-вабел. асветы (ТБА). Паводле статута, ТБА ставіла за мэту «працу над развіццём беларускай культуры, пашырэнне школьнай і пазашкольнай асветы беларусаў на іх роднай мове, уздым маральнага ўзроўню і вывучэнне польскай культуры, культурных адметнасцей іншых народаў, якія жывуць на супольнай з беларусамі тэрыторыі». У 1933 пачалі ўтварацца гурткі ТБА, адкрыты 33 бібліятэкі-чытальні, арганізавана асветніцкая і выдавецкая дзейнасць. Пакінуўшы Цэнтрасаюз, восенню 1933 Ф.Акінчыц разам з У.Казлоўскім пачалі выданне газеты «Новы шлях», органа Бел. нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП), дзе шмат увагі аддавалася абгрунтаванню і апраўданню ідэалогіі нацыянал-фашызму. Раскол Цэнтрасаюза ў 1934 прывёў у заняпад нешматлікія гурткі ТБА. Паланафільскія ідэі не знайшлі шырокай падтрымкі з боку насельніцтва Зах. Беларусі.
Да сярэдзіны 1930-х г. з бел.нац. партый толькі БХД захавала і часткова павялічыла свой колькасны склад. БІГіК у 1934 меў 80 гурткоў, якія аб’ядноўвалі каля 1,2 тыс.чал. Пад эгідай БХД у пач. 1930-х г. рэарганізаваны Бел. нацыянальны камітэт (БНК) у Вільні. З яго дапамогай БХД спрабавала кансалідаваць пад сваім кіраўніцтвам на нац.-дэмакр. аснове зах.-бел. партыі і арг-цыі, скіраваць іх паліт. дзейнасць супраць КПЗБ. БНК аб’ядноўваў шэраг культурна-асветных, грамадскіх і маладзёжных арганізацый — Бел. студэнцкі саюз, Бел.навук.т-ва, Бел. настаўніцкі саюз і інш.
У 5-й праграме БХД (1936) замацаваны свецкі характар партыі, зменена яе назва на Бел.нац. аб’яднанне (БНА). Кіраўнікі БНА асуджалі капіталізм, фашызм і камунізм, выступалі за 3-і шлях грамадскага развіцця, які не быў канкрэтызаваны ў праграмных дакументах. Прызнавалася прыватная ўласнасць, адмаўлялася эксплуатацыя, вылучалася патрабаванне перадачы зямлі малазямельным сялянам без выкупу, хутары аб’яўляліся «найбольш адпавядаючай формай прыватнай гаспадаркі». Дзеячы партыі выступалі супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, за абавязковае вывучэнне рэлігіі ў школах. Як і ў папярэдніх праграмах, вылучалася патрабаванне стварэння незалежнай бел. рэспублікі, дэмакр. правоў і свабод. У склад прэзідыума ЦК БНА у студз. 1936 былі выбраны Я.Пазняк (старшыня), С.Грынкевіч, М.Дварэцкі, А.Клімовіч.
Ва ўмовах наступу фашызму з сярэдзіны 1930-х г. была зменена стратэгія і тактыка міжнар.камуніст. руху. На II з’ездзе КПЗБ (май 1935) былі выпраўлены асобныя памылкі ў дзейнасці партыі, заяўлена пра неабходнасць стварэння шырокага антыфашысцкага нар. фронту. У выніку аўтарытэт КПЗБ вырас. Кампартыя ажыццявіла практычныя крокі для адзінства дзеянняў з арганізацыямі ППС, Бунда, «Стронніцтва людовэго», кіраўнікамі прафсаюзаў, БХД. У жн.—вер. 1935 адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў ЦККПЗБ і ЦК БХД. Хоць існавалі сур’ёзныя ідэйна-паліт. разыходжанні, была дасягнута дамоўленасць па школьным пытанні. ТБШ і БІГіК правялі ў 1936 сумесную школьную кампанію, якой кіраваў агульны Школьны сакратарыят, некаторы поспех дасягнуты ў Гродзенскім, Ваўкавыскім, Маладзечанскім і інш. паветах. Аднавілася дзейнасць гурткоў ТБШ. У склад Гал. управы Т-ва былі. выбраны Ф.Стацкевіч (старшыня), М.Кепель, В.Склубоўскі, Ф.Грышкевіч, Р.Шырма, М.Пяткевіч, М.Марцінчык, С.Паўловіч, М.Касцевіч і інш.
У ходзе сумеснай школьнай акцыі яшчэ захоўваліся ўзаемныя недаверлівыя адносіны. Не далучылася да супрацоўніцтва ТБА. У адрозненне ад дэмакр. часткі БНА яго кансерватыўныя элементы не прынялі ідэі супрацоўніцтва з камуністамі і стварылі ў чэрв. 1936 Бел.нац. фронт пад кіраўніцтвам В.Гадлеўскага, абвясціўшы гал. мэтай падтрымку вольнай ад чужых уплываў бел.паліт. лініі. Варожа ставілася да кансалідацыі зах.-бел. руху БНСП, якая займала выразныя антысавецкія і антыкамуніст. пазіцыі. У праграме 1936 яе лідэры дэкларавалі замену капіталіст. ладу сацыялістычным. Каб займець сімпатыі нацыянальна настроенай інтэлігенцыі, падкрэслівалася, што «палітычным ідэалам ёсць незалежная і аб’яднаная беларуская дзяржава ў яе этнічных межах». Да БНСП прымкнула група бел. незалежных радыкалаў на чале з К.Юхневічам. З-за малалікасці партыі так і не быў скліканы яе з’езд. БНСП не атрымала масавай падтрымкі ў заходнебеларускім грамадстве.
Актывізацыя нац.-вызв. барацьбы выклікала знішчальную хвалю рэпрэсій польскай адміністрацыі, паліцыі. У снеж. 1936 забаронены ТБШ і БІГіК, у 1937 — Бел. настаўніцкі саюз, ТБА, у 1938 — БНК. З-за ганенняў і ўціску з крас. 1937 спынілася выданне цэнтр. органа БХД—БНА «Беларускай крыніцы». Многія з кіраўнікоў партыі былі арыштаваны ці выселены на захад.
Паліт. рэпрэсіі ў СССР, у т. л. ў БССР, падрывалі сілы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У лют. 1936 органамі НКУСБССР арыштаваны і асуджаны «як агент польскай палітычнай паліцыі» паліт. сакратар ЦККПЗБ І.Лагіновіч (пазней прысуд зменены на смяротнае пакаранне). У 1937 рэпрэсіям падвергліся інш. кіраўнікі Кампартыі Польшчы і КПЗБ, якія знаходзіліся ў СССР. У жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачвання ў сувязях з польскай дэфензівай Выканком Камінтэрна прыняў рашэнне аб роспуску КПП і яе састаўных частак — КПЗБ і КПЗУ. Арганізаваны нац.-вызв. рух напярэдадні вер. 1939 быў фактычна спынены намаганнямі польскага ўрада, сталінскага рэжыму, што садзейнічала нац.-культ. асіміляцыі насельніцтва Зах. Беларусі.
Культура Заходняй Беларусі. Нягледзячы на жорсткі нац. прыгнёт і крайне абмежаваныя магчымасці для праяўлення і развіцця бел. культуры, культ. жыццё ў Зах. Беларусі не замірала. У рабоце нац.-вызв. і культ.-асв. арг-цый, у выданні падп. і легальных газет і часопісаў, у агульнадэмакр. выступленнях удзельнічалі прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі. Вял. ўплыў на развіццё нац.-вызв. руху мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, М.Машары, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, А.Стаповіча; публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, У.Самойлы, А.Станкевіча, В.Харужай; навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна і інш. З зах.-бел. л-рай звязана творчасць М.Гарэцкага, У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка. У 1930-я г. пачалі сваю літ. дзейнасць бел. пісьменнікі А.Іверс, Ф.Грышкевіч, А.Дубровіч, Я.Чабор, Н.Тарас, Г.Новік, П.Граніт, А.Клімовіч, С.Крывец, А.Мілюць, Я.Брыль; украінскі А.Гаўрылюк; польскія Г.Дэмбінскі, С.Ендрыхоўскі, Е.Путрамант і інш. Пісьменнікі, што групаваліся вакол «Беларускай газеты», у канцы 1933 распачалі дзейнасць па стварэнні арганізацыі, каб аб’яднаць пісьменнікаў Зах. Беларусі. Іх намаганнямі ў газеце была аформлена літ. старонка, надрукавана прынятая на нелегальным з’ездзе зах.-бел. пісьменнікаў (снеж. 1933) дэкларацыя, якая заклікала ўсіх літаратараў «ад станка і плуга» гуртавацца дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У студз. 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі найб. актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва Зах. Беларусі зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук; у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую работу па стварэнні нар. хароў і збору бел.нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Г.Цітовіч, Р.Шырма і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый Зах. Беларусі размяшчаліся ў Вільні, у т. л.Бел. выдавецкае таварыства, выдавецтвы ТБШ, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, Бел. сялянска-работніцкага клуба, У.Знамяроўскага, Б.Клецкіна, Бел. навуковае т-ва, Бел. музей, Бел. драматычная майстроўня, Бел. дабрачыннае т-ва, Віленская бел. гімназія, школы, кнігарні і інш. У Вільні выдадзены «Хрэстаматыя беларускае літаратуры. XI век—1905 г.» М.Гарэцкага (1922), «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)» І.Дварчаніна (1927), зб-кі вершаў Л.Родзевіча («На паняволеных гонях», 1928), М.Танка («На этапах», 1936; «Журавінавы цвет», 1937; «Пад мачтай», 1938; паэма «Нарач», 1937) і інш. Выдаваліся таксама падручнікі для бел. школ С.Рак-Міхайлоўскага, С.Паўловіча, «Беларускі каляндар», адозвы, адкрытыя лісты і прамовы дэпутатаў у сейме. Ствараліся гурткі маст. самадзейнасці, рыхтаваліся канцэрты. У рэпертуары хароў пераважалі бел.нар. песні. У драм. калектывах найб. папулярнасцю карысталіся спектаклі «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Атрута» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Суд» У.Галубка, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Міхалка» Далецкіх, «У зімовы вечар» Э.Ажэшкі, а таксама шматлікія інсцэніроўкі. Сродкі, сабраныя на спектаклях і канцэртах, ішлі пераважна на патрэбы развіцця бел. асветы і культуры. Паліцыя і ўлады часта забаранялі такія мерапрыемствы. Напр., з 36 спектакляў, падрыхтаваных у 1932 гурткамі маст. самадзейнасці Беласточчыны, 14 забаронены ўладамі.
Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле распараджэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Большасць жыхароў сустракала армію як вызваліцельніцу, з энтузіязмам і радасцю. На занятай Чырв. Арміяй тэрыторыі ўтварыліся органы новай улады: у гарадах — Часовыя ўпраўленні, у мястэчках і вёсках — сялянскія камітэты. Яны займаліся вырашэннем пытанняў адм., гасп. і культ.-асв. дзейнасці. Адначасова для навядзення рэв. парадку ў гарадах сфарміраваліся ўзбр. атрады рабочых, у сельскай мясцовасці — атрады сял. міліцыі. Для ўсталявання новай сав. улады ў Зах. Беларусь было накіравана 700 камуністаў і 800 камсамольцаў з БССР. Народны сход Заходняй Беларусі (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне сав. улады і ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. 12—14.11.1939 нечарговая 3-я сесія Вярх. Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Гэтымі актамі юрыдычна замацоўвалася этнічна-тэр. кансалідацыя бел. нацыі ў адзінай дзяржаве. У кастр. 1939 паводле дамоўленасці паміж урадамі СССР і Літвы Віленскі край з г. Вільня быў перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены ў склад Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр.Зах. Беларусі былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).
Літ.:
Лочмель И.Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов. М., 1940;
Stankievic A. Biełaruśki chryscijanski ruch. Vilnia, 1939;
Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет Мн., 1946;
Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;
У суровыя гады падполля: Успаміны былых членаў КПЗБ — актыўных удзельнікаў рэв. руху ў Заходняй Беларусі. Мн., 1958;
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;
Мацко А.Н. Борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против фашизма (1933—1939 гг.). Мн., 1963;
Яго ж. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков, 1918—1939 гг.Мн., 1972;
Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая Грамада. Мн., 1967;
Яго ж. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;
Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;
В авангарде революционной борьбы. Мн., 1974;
Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977;
Яго ж. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;
Годы испытаний и мужества. Мн., 1973;
Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;
Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Яго ж. Цяжкі шлях выпрабаванняў // Бел.гіст.часоп. 1994. №1;
Яго ж. Іосіф Каэтанавіч Лагіновіч: нарыс жыцця і дзейнасці // Там жа. 1996. №3;
Яго ж. Выпрабаванне часам і жыццём: (Да 75-годдзя ўтварэння і дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі) // Там жа. 1998. №4;
Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;
Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984;
Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938 гг.Мн., 1986;
Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;
Полуян И.В. Западная Белоруссия в период экономического кризиса, 1929—1933 гг.Мн., 1991;
Gomołka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992;
Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993;
Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Бел.гіст.часоп. 1994. №2;
Яго ж. Таварыства беларускай школы (1921—1936 гг.) // Там жа. 1997. №1;
Яго ж. Таварыства беларускай школы: першыя гады існавання // Спадчына. 1996. №5;
Яго ж. Уз’яднанне // Полымя. 2000. №9;
Назаўсёды разам: (Да 60-годдзя ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР). Мн., 1999;
Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць. (Матэрыялы Міжнар.навук.-тэарэт.канф., 17—18 вер. 1999 г.). Мн., 2000;
Рыжскі мірны дагавор. Лёсы народаў Усходняй Еўропы: (Матэрыялы Міжнар.навук.-тэарэт.канф., 16—17 сак. 2001 г.). Мн., 2001;
Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. Паміж Усходам і Захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытар. цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). Мн., 2003.
А.М.Вабішчэвіч, І.П.Хаўратовіч.
Цэнтральны сакратарыят Беларускай сялянска-работніцкай грамады. 1926.Дэлегаты 3-га з’езда Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Вільня. 1928Гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў в. Жодзішкі (Смаргонскі раён).Вечар беларускай паэзіі і песні ў Віленскім універсітэце. Злева направа: сядзяць — С.Станкевіч, М.Машара, Р.Шырма, М.Васілёк, М.Шчорс; стаяць: — Х.Ільяшэвіч, М.Танк, А.Бярозка, В.Тумаш, П.Сергіевіч. Вільня. 15.3.1936.А.Трэпка, В.Багдановіч, К.Галкоўскі, М.Забэйда-Суміцкі, Р.Шырма, А.Луцкевіч, С.Паўловіч, М.Танк, С.Глякоўскі, Я.Станкевіч і інш. пасля канцэрта хору Р.Шырмы. Вільня. 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА-ГЕАГРАФІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ
Сучаснае фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі адпавядае адзінай еўрапейскай дзесятковай сістэме фізіка-геаграфічнага раянавання сушы. Тэр. Беларусі ўваходзіць у краіну Усх.-Еўрапейскай раўніны і ў Еўрапейскую вобласць мяшаных лясоў; падзяляецца на 5 правінцый, 14 акруг, 49 раёнаў (паводле раянавання Н.К.Кліцуновай, Г.І.Марцінкевіч, І.І.Пірожніка, І.І.Шчаснай, В.П.Якушкі, 2001). Правінцыі вылучаны паводле араграфічных ступеней, якія адлюстроўваюць розны генезіс рэльефу, асаблівасці клімату, глебава-расліннага покрыва, накіраванасць фізіка-геаграфічных працэсаў.
Паазерская правінцыя размешчана на Пн краіны, у зоне сучлянення буйных тэктанічных структур: Латвійскай седлавіны, Беларускай антэклізы, Аршанскай упадзіны, на Пд яна заканчваецца мяжой паазерскага ледавіка, займае 18,7% тэр. Беларусі. Даантрапагенавыя адклады прадстаўлены пародамі дэвону, мелу, сілуру і ардовіку. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў каля 100, месцамі 250—290 м.
Паверхня паступова паніжаецца да Полацкай азёрна-ледавіковай нізіны, акаймаванай краявымі марэннымі ўзвышшамі: Браслаўскім, Асвейскім, Гарадоцкім, Віцебскім, Аршанскім, Ушацка-Лепельскім, Свянцянскім, паміж якімі размяшчаюцца марэнныя раўніны (Чашніцкая і інш.). Абсалютныя вышыні ад 102 (урэз р.Зах. Дзвіна) да 130—160 на нізінах і раўнінах і 170—200 і да 295 м на ўзвышшах. Паазерскія краявыя ўтварэнні складзены з валунных суглінкаў, супескаў, пяскоў, жвірова-галечных матэрыялаў, з гляцыядыслакацыямі і адорвенямі. У межах узвышшаў сустракаюцца озавыя грады, лімнакамы, камавыя палі. Нізіны азёрна-ледавіковага паходжання (Полацкая, Суражская, Лучоская) утвораны асадкамі прыледавіковых вадаёмаў — пясчанымі, гліністымі, у т. л. стужачнымі глінамі. Рэльеф характарызуецца маладосцю і непапсаванасцю форм, наяўнасцю мноства азёр. У некаторых раёнах (Браслаўскі, Ушацкі, Мядзельскі) азёры займаюць да 10% плошчы. У будове рачных далін праяўляецца глыбокі ўрэз, дакладны выгляд у плане, наяўнасць парогаў, скразных участкаў і эразійных тэрас.
Клімат умерана цёплы вільготны, больш халаднаваты ў параўнанні з інш. правінцыямі. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -5 да -8 °C, ліпеня 17,5—18 °C. Вегетацыйны перыяд 180—190 сут, сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C складае 2000—2200 °. Ападкаў 600—750 мм за год. Структура глеб вызначаецца разнастайнасцю і драбнаконтурнасцю. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, менш пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя; на долю тарфяна-балотных глеб прыпадае каля 11% плошчы. Зрэдку сустракаюцца дзярновыя забалочаныя, дзярнова-карбанатныя і алювіяльныя глебы. Больш за 60% плошчы займаюць с.-г. ўгоддзі з перавагай ворыва. З натуральнай расліннасці лясы да 33%, пераважаюць хваёвыя (58%) і драбналістыя вытворныя (19%) фармацыі; пашыраны яловыя і шыракаліста-яловыя лясы, зрэдку сустракаюцца дубровы. Драбналістыя карэнныя лясы складаюць 8,5%. Сярод балот пераважаюць вярховыя, сярод лугоў — сухадольныя. Для Паазер’я найбольш тыповымі ландшафтамі з’яўляюцца сярэдневышынныя і нізінныя, радзей узвышаныя. Своеасаблівасць ландшафтнай структуры вызначаюць азёрна-ледавіковыя, марэнна-азёрныя і ўзгоркава-марэнна-азёрныя ландшафты, якія займаюць каля 70% тэрыторыі.
Заходне-Беларуская правінцыя цягнецца ад зах. мяжы Беларусі на ПнУ, выкліньваецца ў раёне гарадоў Лепель і Новалукомль. Займае 20,4% тэр. краіны. Прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Фундамент перакрыты асадкавымі пародамі дэвону, мелу, палеагену, неагену. Для антрапагенавай тоўшчы магутнасцю 100—180 м (зрэдку 300 м) характэрны марэнныя адклады — супясчаныя, сугліністыя, пясчана-жвірова-галечныя. Сучасны рэльеф правінцыі сфарміраваны сожскім ледавіком, пазней моцна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Цэнтр. частку правінцыі займае Беларуская града, якая складаецца з узвышшаў (Мінскага, Ашмянскага, Навагрудскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага). Пераважаюць вышыні 180—300 м. Тут знаходзяцца найвышэйшыя пункты Беларусі — горы Дзяржынская (345 м), Лысая (342 м), Маяк (335 м). У межах Беларускай грады вылучаюць 3 ярусы рэльефу. Верхні (больш за 260 м) з буйнаўзгорыстым рэльефам пераважна складзены з град. Другі ярус (220—260 м) прадстаўлены сярэдне- і дробнаўзгорыстым рэльефам, марэна часта перакрыта лёсападобнымі пародамі. У рэльефе наступнай ступені (да 200 м) пераважаюць зандравыя раўніны дзюнна-ўзгорыстай формы, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Для Беларускай грады характэрна густая сетка яроў і лагчын. На Пд правінцыі працягваецца дэнудаваная марэнная Капыльская града (180—200 м) з хвалістай, месцамі дробнаўзгорыстай паверхняй. Паміж Ашмянскім і Мінскім узвышшамі размешчана Вілейская нізіна (160—180 м), на крайнім 3 — Нёманская нізіна (100—160 м). Тут жа знаходзіцца самы нізкі пункт краіны з вышынёй каля 85 м. Узвышшы і нізіны раздзелены Лідскай і Стаўбцоўскай марэннымі раўнінамі (150—180 м). Клімат правінцыі цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4,9° да -7,2 °C, ліпеня 17°—18 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2000—2300°, працягласць вегетацыйнага перыяду 180—200 сут. Ападкаў выпадае 600—700 мм за год (на Навагрудскім узвышшы больш за 750 мм). У межах правінцыі пралягае водападзел Чорнага і Балтыйскага мораў.
Найб. тыповыя для рэгіёна дзярнова-падзолістыя (74%) і дзярнова-палева-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы займаюць толькі 6%. У далінах рэк тыповыя поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах — тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Лясістасць каля 30%. У складзе лясоў хвойнікі (58%), вытворныя драбналістыя фармацыі (19,5%), яловыя і шыракаліста-хваёвыя (13,5%). Каля 3% тэрыторыі займаюць лугі, 6% — балоты. Для правінцыі характэрна складаная ландшафтная структура з перавагай узвышаных (узгорыста-марэнна-эразійных, камава-марэнных) і сярэдневышынных (другасна-марэнных, водна-ледавіковых) ландшафтаў.
Перадпалеская правінцыя распасціраецца вузкай, крыху пашыранай у цэнтры паласой ад зах. да ўсх. мяжы краіны і займае 22% тэрыторыі. Прымеркавана да паўд. часткі Беларускай антэклізы, Аршанскай упадзіны, Жлобінскай седлавіны і Варонежскай антэклізы. Асадкавыя пароды — дэвонскія, мелавыя, палеагенавыя і неагенавыя, перакрытыя адкладамі антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (40—80 м) складзена з водна-ледавіковых і марэнных утварэнняў. Сучасны рэльеф утвораны пераважна сожскім ледавіком, у далейшым значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Характэрна выраўнаваная паверхня з абсалютнымі вышынямі 150—180 м. Большая частка правінцыі занята Цэнтральнабярэзінскай водна-ледавіковай раўнінай, якая паступова паніжаецца ў бок Пд. Яна складзена з водна-ледавіковых адкладаў з выступамі асноўнай марэны. На З і ПдЗ раўніны трапляюцца кароткія дэнудаваныя (180—190 м) марэнныя грады — Салігорская і Любанская. На З ляжаць Баранавіцкая (160—180 м) і Прыбугская (170—200 м) раўніны, на У — Чачэрская раўніна (150—180 м). Тыповымі з’яўляюцца дзюнна-ўзгорыстыя формы, суфазійныя западзіны, лагчыны сцёку з азёрападобнымі пашырэннямі; сустракаюцца яры і лагчыны. Рачныя даліны, выцягнутыя з Пн на Пд, урэзаныя на глыбіню 15—25 м, даволі шырокія. Самая глыбокая даліна р. Дняпро.
Клімат цёплы, умерана вільготны і няўстойліва вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -5 °C да -6,8 °C, ліпеня 18—18,5 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2200—2400 °, вегетацыйны перыяд — 185—200 сут. Ападкаў выпадае ў сярэднім 600—700 мм. Рэкі правінцыі звязаны ў асноўным з сістэмай р. Дняпро і яго прытокаў. Шмат вадасховішчаў, найбольшыя — Любанскае, Чыгірынскае, Асіповіцкае, Салігорскае.
Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, якія займаюць каля пал. тэрыторыі. На долю дзярнова-падзолістых забалочаных глеб прыпадае 20%, тарфяна-балотных — 13%, алювіяльных — 11%. С.-г. ўгоддзі ў асн. пад ворывам (больш за 50%). Лясістасць каля 40%. Лясы хваёвыя (64%), драбналістыя — карэнныя (12%) і вытворныя (10%), шыракаліста-хваёвыя (9%). Доля лугоў і адкрытых балот не перавышае 10%. Для правінцыі тыповыя сярэдневышынныя (водна-ледавіковыя і марэнна-зандравыя) і нізінныя (азёрна-балотныя) ландшафты.
Усходне-Беларуская правінцыя прымеркавана да крайняга ўсходу краіны і працягваецца ад мяжы Беларусі з Расіяй на З да лініі Талачын — Быхаў. Займае каля 11%тэр. краіны. Прымеркавана да Аршанскай упадзіны і Варонежскай антэклізы. У даантрапагенавых адкладах пароды мелу, радзей — дэвону і юры. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў ад 50 да 100 м, на У менш за 50 м. Пашыраны марэнныя, сустракаюцца і флювіягляцыяльныя адклады сожскага зледзянення; покрыўныя адклады складзены з лёсаў і лёсападобных суглінкаў. Большая частка правінцыі занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай з абсалютнымі вышынямі 150—200 м. Паверхня ўскладнена моцна дэнудаванымі марэннымі градамі, суфазійнымі западзінамі, ярамі, у месцах блізкага залягання карэнных парод — карставымі лейкамі. На крайняй Пн размешчана Аршанскае ўзвышша, якое змыкаецца на ПнУ з адгор’ямі Смаленска-Маскоўскага ўзвышша. Тут самыя высокія адзнакі (200—236 м) над узроўнем мора.
Клімат цёплы ўмерана вільготны, больш кантынентальны ў параўнанні з інш. рэгіёнамі. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -7,5 да -8,2 °C, ліпеня 17,8—18,5 °C. Вегетацыйны перыяд 183—187 сут, сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C — 2200—2400 °. Ападкаў выпадае 600—650 мм. Найбольшыя рэкі (Дняпро, Сож) цякуць у глыбока ўрэзаных (да 30, месцамі да 50 м) распрацаваных далінах з асіметрычнымі схіламі. Рачныя тэрасы найб. выразныя ў даліне Дняпра.
У структуры глебавага покрыва пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы (57%). Доля дзярнова-падзолістых забалочаных глеб складае 20%, алювіяльных — 10%, тарфяна-балотных — 7%. Каля 2/3 плошчы ўсіх глеб правінцыі займаюць с.-г. ўгоддзі з перавагай ворыва. На глебы с.-г. угоддзяў уздзейнічае водная эрозія. Характэрная асаблівасць расліннага покрыва рэгіёна — нізкая лясістасць (25%). Лясы пашыраны невялікімі масівамі плошчай 10—15 км². Адзначаецца нізкая доля хваёвых насаджэнняў (35,5%) і высокая — шыракаліста-хваёвых (26,5%), доля вытворных драбналістых лясоў 19%. Удзельная вага карэнных драбналістых лясоў самая нізкая (3,5%) у параўнанні з астатнімі правінцыямі. У ландшафтнай будове правінцыі пераважаюць сярэдневышынныя (другасна-марэнныя) і ўзвышаныя (лёсавыя) ландшафты, якія займаюць каля 70% тэрыторыі.
Палеская правінцыя ахоплівае паўд. частку краіны і займае каля 28% плошчы Беларусі. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Прыпяцкага прагіну з глыбінёй апускання крышталічнага фундаменту ад 1000 да 6000 м, да Палескай седлавіны і Падляска-Брэсцкай упадзіны, дзе фундамент залягае на глыбіні 250—500 і 500—1000 м адпаведна. У даантрапагенавых адкладах пароды палеагену і неагену, радзей — мелу. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў ад 50 да 100, на Пд і У менш за 50 м. Пашыраны флювіягляцыяльныя, алювіяльныя, азёрна-алювіяльныя пяскі і супескі, месцамі марэнныя і балотныя адклады.
Паверхня Палесся — плоскаўвагнутая са слабым нахілам на ПдУ пясчаная нізіна з высокім узроўнем грунтавых вод. Цэнтральную найб. паніжаную частку тэрыторыі (105—140 м) уздоўж Прыпяці і Дняпра займаюць Палеская і Прыдняпроўская нізіны з пласкахвалістым і плоскім рэльефам, ускладненым дзюнна-ўзгорыстымі формамі, лагчынамі сцёку, затарфаванымі катлавінамі. З З і У да іх далучаюцца хвалістыя водна-ледавіковыя, месцамі марэнныя раўніны — Прыбугская, Загароддзе, Церахоўская і Хойніцка-Брагінская (140—150 м). Тут жа трапляюцца дэнудаваныя марэнныя грады — Лагішынская. Вятчынска-Чалюшчавіцкая, Камянецкая з дробнаўзгорыстым рэльефам (160—170 м). Сярэднеўзгорыста-градавы канцова-марэнны рэльеф прадстаўлены Мазырскай градой (221 м) і Юравіцкім (170 м) узвышшам.
Клімат цёплы, няўстойліва вільготны, больш мяккі ў параўнанні з інш. рэгіёнамі краіны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4 да -7 °C, ліпеня ад 18,5 да 19 °C. Вегетацыйны перыяд 193—208 сут. Сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C складае 2400 °. Гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 500 да 650 мм, што набліжае клімат правінцыі да лесастэпавага. Большая частка тэрыторыі дрэніруецца р. Прыпяць і яе шматлікімі прытокамі. Вярхоўі рэк розных басейнаў злучаны каналамі — Дняпроўска-Бугскім, Дняпроўска-Нёманскім (Агінскім). У выніку асушэння забалочаных зямель створана густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў, а таксама невялікіх вадасховішчаў. У поймах рэк шмат дробных азёр.
Пашыраны забалочаныя глебы, сярод якіх пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28%) і тарфяна-балотныя (17%). Значная частка тарфяна-балотных глеб асушана. У поймах рэк вялікая доля поймавых (алювіяльных) глеб (17%). Зрэдку сустракаюцца дзярновыя забалочаныя і дзярновыя карбанатныя забалочаныя глебы. Занальныя дзярнова-падзолістыя глебы займаюць 34% тэрыторыі. На долю с.-г. угоддзяў з перавагай раллі прыпадае каля 46% плошчы. Правінцыя характарызуецца высокай лясістасцю (каля 40%). У структуры лясоў дамінуюць хваёвыя (54%), у т. л. шыракаліста-хваёвыя, характэрныя для Палесся, і драбналістыя карэнныя (22%) фармацыі. Сярод іншых вылучаюцца дубровы, сярод якіх унікальныя поймавыя дубровы. Лугі займаюць каля 8% тэрыторыі, столькіж прыпадае на долю адкрытых балот. Найбуйнейшыя з іх — Выганашчанскае, Вялікі Лес, Хольча, Грычын і інш. Асушаныя балоты выкарыстоўваюцца для вырошчвання шматгадовых траў, часткова — збожжавых культур, здабычы торфу. У правінцыі пашыраны палескія (суббарэальныя) ландшафты з перавагай нізінных — азёрна-алювіяльных, алювіяльных тэрасаваных, азёрна-балотных. На іх долю прыпадае да 60% плошчы рэгіёна. Радзей трапляюцца сярэдневышынныя марэнна-зандравыя і водна-ледавіковыя ландшафты.
Літ.:
Теоретические проблемы и результаты комплексного географического районирования территории Беларуси // Выбр.навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 7.
Г.І.Марцінкевіч.
На Браслаўскай градзе.Узгорыста-марэнна-азёрны ландшафту Нешчарда-Гарадоцкім фізіка-геаграфічным раёне.Азёрна-ледавіковы ландшафт у Полацкім фізіка-геаграфічным раёне.Азёрна-балотны ландшафт у Полацкім фізіка-геаграфічным раёне Пераходнае балота ў Расонскім раёне.Узгорыста-марэнна-эразійны ландшафт у Мінскім фізіка-геаграфічным раёне.Водна-ледавіковы ландшафт у Вілейскім раёне.Азёрна-балотны ландшафт у Аршанска-Магілёўскім фізіка-геаграфічным раёне. Вярховае хваёва-сфагнавае балота ў заказніку Астравы Дулебы (Бялыніцкі раён).Азёрна-балотны ландшафт у Сярэдняпрыпяцкім фізіка-геаграфічным раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛЫ,
найбуйнейшы ў ВКЛ магнацкі род герба «Трубы» («Тромбы»), прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж., адм. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. У сярэдзіне 16—1-й пал. 18 ст. займалі 1-е месца сярод магнатаў ВКЛ па эканам. і паліт. значэнні. На Беларусі яны валодалі гарадамі, мястэчкамі: Геранёны, Давыд-Гарадок, Клецк, Койданава, Копысь, Лахва, Мір, Нясвіж, Чарнаўчыцы, Шчучын; на Украіне — г. Алыка з дзесяткамі вёсак (Валынскае ваяв.); у Польшчы — г. Шыдловец з вёскамі (Сандамірскае ваяв.); у Літве — мястэчкамі Біржы, Дубінкі (Віленскае ваяв.), Кейданы (Жамойць) і інш. Адна з галін роду Р. у 15—16 ст. мела маёнткі з г. Ганёндз і Райград на Падляшшы. У 1612 да Р. перайшло Слуцкае княства. Акрамя ўласных спадчынных маёнткаў, Р. рэгулярна атрымлівалі разам з пасадамі старостаў у пажыццёвае карыстанне маёнткі (староствы); Ашмяны, Барысаў, Брэст, Крычаў, Ліда, Мазыр і інш. У 1586 паміж братамі Мікалаем Крыштофам, Альбрыхтам і Станіславам з нясвіжскай лініі Р. заключана пагадненне пра стварэнне Нясвіжскай, Клецкай і Алыцкай ардынацый (непадзельных уласных маёнткаў, што перадаваліся ў спадчыну толькі па мужчынскай лініі, пасля — толькі старэйшаму сыну). У 19 ст. ўтворана і Давыд-Гарадоцкая ардынацыя. Іншыя маёнткі Р. знаходзіліся на аладыяльным праве (маглі перадавацца ў спадчыну жанчынам, свабодна адчужацца). У 16—18 ст. Р. мелі сваё войска са шляхты і ваеннаслужылых людзей — зямян, выбранцаў, баяр і татараў, якія атрымлівалі за службу зямлю «навечна»; мелі свае крэпасці — Нясвіж, Біржы, Кейданы, Мір, Любчу і інш. — з гарнізонамі. У 1528 у маёнтках Р. налічвалася 18 240 дымоў, з якіх ставілі ў войска ВКЛ 760 коннікаў, у 1567 ад 28 170 дымоў выстаўлялі 939 коннікаў і 1586 пехацінцаў. У сярэдзіне 18 ст. Р. заснавалі кадэцкія корпусы ў Слуцку і Нясвіжы. Напр., войска Гераніма Фларыяна налічвала 6 тыс.чал. (столькіж мела ўся армія ВКЛ). Р. адыгрывалі значную ролю ў культ. і рэліг. жыцці. У 16—17 ст. частка з іх перайшла ў кальвінізм і кіравала пратэстанцкай супольнасцю краіны. Большасць Р. засталася католікамі. У сваіх гарадах і маёнтках яны адкрывалі школы і друкарні, збіралі архівы, б-кі (гл.Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы). Многія з іх вядомы як мецэнаты і кампазітары (гл.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівілаў), заснавальнікі мануфактур, у т. л.Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. У радаводах да аднолькавых імён Р. дадавалі парадкавыя нумары ці мянушкі, як у пануючых еўрапейскіх дынастыях. Заснавальнік роду — Радзівіл Осцікавіч, сын віленскага кашталяна Осціка. Яго сын Мікалай Стары меў 4 сыноў, ад якіх пайшлі 3 галіны роду. Старэйшы сын Мікалай атрымаў 25.2.1515 тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі», яго лінія ў мужчынскім родзе згасла ў 1546. 2-і сын Мікалая Старога Ян стаў пачынальнікам сярэдняй, нясвіжска-алыцкай галіны роду. Яго сын Мікалай Чорны 10.12.1547 атрымаў імперскі княжацкі тытул для сябе і інш. прадстаўнікоў роду. Ён меў 4 сыноў, 3 з якіх заснавалі асобныя лініі гэтай галіны. Мікалай Крыштоф Сіротка — заснавальнік нясвіжскай лініі, якая ў старэйшым адгалінаванні згасла ў 1813 са смерцю нясвіжскага ардыната Дамініка Гераніма, а ў малодшых працягваецца і цяпер. Лінія 1-га клецкага ардыната Альбрыхта згасла са смерцю Станіслава Казіміра і Клецкая ардынацыя перайшла ў нясвіжскую лінію да канцлера Дамініка Мікалая, ад якога паходзілі нясвіжскія ардынаты з 1814. Малодшы сын Мікалая Чорнага Станіслаў стаў 1-м алыцкім ардынатам. Лінія згасла са смерцю яго малодшага сына Альбрыхта Станіслава, і Алыцкая ардынацыя перайшла да нясвіжскай лініі. Ад 4-га сына Мікалая Старога Юрыя пачалася біржанска-дубінкаўская галіна роду Р., якая скончылася ў мужчынскай лініі са смерцю Багуслава, а ў жаночай — Людвікі Караліны. Уладанні гэтай галіны пасля 50-гадовага валодання імі нойбургскай (пфальцкай) лініі баварскага дома Вітэльсбахаў таксама перайшлі да нясвіжскай. Са смерцю ў 1813 Дамініка Гераніма, апошняга прадстаўніка гал. нясвіжскай галіны Р., яго шматлікія маёнткі перададзены сваякам: ардынацыі — Антонію Генрыку, аладыяльныя маёнткі — дачцэ Стафаніі (1809—32), якую рас. імператар выдаў замуж за сына ген.-фельдмаршала П.Х.Вітгенштэйна Льва (гл.Вітгенштэйны). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. Р. ўваходзілі ў склад арыстакратыі Расіі, Прусіі і Аўстрыі, валодалі маёнткамі ў Францыі, Італіі. У Рас. імперыі княжацкі тытул Р. зацверджаны ў 1845 і 1899, у Прусіі — у 1859 і 1861, у Аўстрыі — у 1784, 1882 і 1905. Найб. вядомыя Р.:
Радзівіл Осцікавіч (?—1477). У 1420—28 маршалак гаспадарскі вял. князя Вітаўта. 15.10.1432 як сведка падпісаў акт уніі ВКЛ з Польшчай. Маршалак земскі (вялікі) у 1433—34 і 1463—74. Удзельнічаў у заключэнні мірнага дагавора паміж ВКЛ, Польшчай і Ням. ордэнам у Растэнбургу (1448). У 1-й пал. 1450-х г. узначаліў магнацкую апазіцыю супраць вял.кн. Казіміра і ёй вылучаны кандыдатам на велікакняжацкі пасад. Пасля адышоў ад апазіцыі, з 1463 ваявода трокскі і з 1475 кашталян віленскі. Разам з М. і Я.Кезгайламі кіраваў ВКЛ у час адсутнасці ў дзяржаве вял. князя.
Мікалай (мянушка Стары: ?—1509), гл.Радзівіл М.
Мікалай (каля 1470—1521), сын Мікалая Старога. Крайчы ВКЛ у 1488—93, падчашы ВКЛ у 1493—1505, маршалак вялікі ВКЛ у 1505, ваявода трокскі ў 1505—10, ваявода віленскі і канцлер ВКЛ з 1510. У 1515 атрымаў ад імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Максіміліяна I тытул князя «на Гонёндзы і Меделях».
Ян (каля 1474—1522), сын Мікалая Старога. Намеснік вількійскі ў 1495—1501 і слонімскі з 1505, маршалак гаспадарскі ў 1499—1514 і земскі ў 1514—22, кашталян трокскі ў 1522. Падпісаў Мельніцкі акт 1501. Пасол у Маскву ў 1507 і 1508.
Войцах (Альбрыхт; 1476—19.4.1519), сын Мікалая Старога. Біскуп луцкі з 1502, віленскі з 1507 (першы з магнатаў ВКЛ на гэтай пасадзе). Выступаў за унію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў.
Юрый (мянушкі Віктор, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — крас. 1541), гл.Радзівіл Ю.
Мікалай (мянушка Руды; 1512—27.4.1584), гл.Радзівіл М.
Мікалай (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж — 28/29.5.1565), гл.Радзівіл М.
Ян (? — 1542), сын Мікалая. Падчашы ВКЛ з 1517 дзяржаўца маркаўскі ў 1520—34 і васілішскі з 1523, староста бельскі з 1522 і жамойцкі з 1535. У 1530—40-х г. трыумвірат у складзе Яна і Юрыя Р. і А.Гаштольда фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці ў дзяржаве Жыгімонта I Старога.
Ян (1516—27.9.1551), сын Яна. У 1544 увайшоў у склад Рады ВКЛ. Набліжаны да вял. князя ВКЛ Жыгімонта Аўгуста. З 1547 князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі» «на Алыцы і Нясвіжы».
Барбара (6.12.1520—8.5.1551), каралева польская і вял. княгіня ВКЛ, гл.Барбара Радзівіл.
Мікалай (каля 1546—18.12.1589), сын Мікалая Рудога. Лоўчы ВКЛ у 1574—80, ваявода навагрудскі з 1579. На чале ўласных атрадаў удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, вызваленні Полацка ў 1579.
Мікалай Крыштоф (мянушка Сіротка; 2.8.1549, г. Цьмелеў Свентакшыскага ваяв., Польшча — 28.2.1616), гл.Радзівіл М.К.
Крыштоф (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603), гл.Радзівіл К.
Юрый (Ежы; 31.5.1556, Вільня — 23.1.1600), сын Мікалая Чорнага. У 1574—81 каад’ютар (памочнік-намеснік) біскупа віленскага В.Пратасевіча. Біскуп віленскі ў 181—91, кардынал (1583). У 1582—84 адначасова намеснік караля ў Інфлянтах. З 1591 біскуп кракаўскі.
Альбрыхт (8.3.1558, Вільня — 13.7.1592), сын Мікалая Чорнага. З 1579 надворны маршалак ВКЛ, адначасова староста ковенскі. Удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582. З 1586 вял. маршалак ВКЛ. У 1586 далучыўся да сямейнага дагавора Р. пра ўтварэнне родавых ардынацый і стаў 1-м клецкім ардынатам.
Станіслаў (12.5.1559, Вільня — 19.3.1599), сын Мікалая Чорнага. Маршалак вялікі ВКЛ у 1592—95, староста жамойцкі з 1595. У 1586 удзельнічаў у заснаванні 3 радзівілаўскіх ардынацый і стаў 1-м алыцкім ардынатам. Аўтар рэліг. твораў, перакладаў.
Юрый (14.12.1578—13.2.1613), сын Мікалая. З 1589 староста мазырскі, з 1590 дзяржаўца анішкінскі. Кашталян трокскі з 1600, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1599 і 1605. На чале ўласных атрадаў удзельнічаў у антыкаралеўскім мяцяжы М.Зебжыдоўскага 1606—07 у Польшчы.
Януш (21.7.1579, Вільня — 6 або 7.11.1620), сын Крыштофа Перуна. Падчашы ВКЛ у 1599—1619, кашталян віленскі з 1618, староста барысаўскі. У 1606—07 разам з Зебжыдоўскім узначаліў мяцеж супраць абсалютысцкай палітыкі караля. На сеймах адстойваў рэліг. і паліт. правы некатолікаў. З 1600 муж і спадкаемца Соф’і Алелькаўны.
Крыштоф (15.3.1585—19.9.1640), сын Крыштофа Перуна. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, перагавораў, якія скончыліся падпісаннем Палянаўскага міру 1634. За ваен. заслугі атрымаў пасады ваяводы віленскага (1633) і вял. гетмана (1635).
Ян Юрый (8.1.1588, в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на — 18.12.1625), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. З 1613 кашталян трокскі, пасол на сейм 1611, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1616. Неаднаразова быў сенатарам-рэзідэнтам пры каралю.
Альбрыхт Уладзіслаў (16.6.1589, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 20.7.1636), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. У 1614—20 староста рыжскі, стольнік ВКЛ у 1620, крайчы ВКЛ у 1622, кашталян трокскі ў 1626, кашталян віленскі ў 1633. Пасол на сеймы 1613 і 1615.
Жыгімонт Кароль (4.12.1591, г. Нясвіж — 5.11.1642), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. У 1612 уступіў у рыцарскі Мальтыйскі ордэн. Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы. Крайчы ВКЛ у 1633—38, падчашы ВКЛ у 1638—42, ваявода навагрудскі ў 1642.
Альбрыхт Станіслаў (мянушка Абаронца Правоў; 1.7.1593, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 12.11.1656), сын Станіслава. Пасол на сеймы 1613 і 1619, дзе прызначаны падканцлерам ВКЛ. З 1623 канцлер ВКЛ. Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіум. Аўтар твора «Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казіміра» і падрабязнага «Дзённіка» за 1632—56 — каштоўнай крыніцы па ўнутр. і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай.
Аляксандр Людвік (4.8.1594, г. Нясвіж — 23.3.1654), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. Стольнік ВКЛ з 1626, крайчы ВКЛ з 1630, ваявода брэсцкі з 1631, надворны маршалак ВКЛ з 1635, маршалак вялікі ВКЛ з 1637, ваявода полацкі ў 1654, староста слонімскі ў 1635—42, войт магілёўскі з 1632. З 1636 нясвіжскі ардынат.
Януш (2.12.1612, Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655), гл.Радзівіл Я.
Багуслаў (3.5.1620, г. Гданьск, Польшча —31.12.1669), гл.Радзівіл Б.
Міхал Казімір (26.10.1635—14.11.1680), сын Аляксандра Людвіка. Стольнік ВКЛ у 1652—53, крайчы ВКЛ у 1653—56, падчашы ВКЛ у 1656—61, кашталян віленскі ў 1661—66, ваявода віленскі 1666—68, гетман польны і падканцлер ВКЛ з 1668; пасол на сеймы 1648, 1659, 1661, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1664. З 1654 ардынат нясвіжскі, адначасова з 1667 і алыцкі.
Міхал Кароль (?—1656), сын Януша. Харунжы вялікі ВКЛ у 1644, крайчы ВКЛ у 1645—53, падчашы ВКЛ з 1653; пасол на сеймы 1641, 1649, 1652. З 1641 ардынат клецкі.
Станіслаў Казімір(1648—8.12.1690), сын Міхала Караля. Стольнік ВКЛ у 1670—80, маршалак вялікі ВКЛ з 1680; пасол на сеймы 1664—65, 1670, 1678—79. З 1683 ардынат клецкі. Пасля яго смерці Клецкая ардынацыя перайшла ў лінію нясвіжскіх ардынатаў.
Дамінік Мікалай (1648 або 1653—27.7.1697), сын Аляксандра Людвіка. Падскарбі надворны ВКЛ у 1677—81, падканцлер ВКЛ у 1681—90, канцлер ВКЛ з 1690; маршалак Трыбунала ВКЛ у 1685, староста лідскі, ваўкавыскі, вярбілаўскі. Пасол на сеймы 1669, 1674, 1676, 1681, 1697. З 1690 ардынат клецкі.
Людвіка Караліна (27.2.1667—23.3.1695), дачка Багуслава. Пасля шлюбу з сынам брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма маркграфам Людвігам (1681) пераехала ў Берлін. Сваёй вял. латыфундыяй кіравала праз адміністратараў. Падтрымлівала грашыма і будавала кальвінскія зборы ў Літве і Беларусі. Утрымлівала Слуцкую друкарню 1672—1705. У 1688 выйшла замуж за князя Нойбургскага Карла Філіпа. Пасля яе смерці латыфундыя, т.зв. «Нойбургскія маёнткі», стала аб’ектам спрэчак паміж магнатамі ВКЛ і ням. князямі.
Ежы Юзаф (10.3.1668, г. Бяла-Падляска Люблінскага ваяв., Польшча — 2/3.1.1689), сын Міхала Казіміра. Падчашы ВКЛ у 1685—88, ваявода трокскі з 1688; пасол на сейм 1688. З 1680 ардынат нясвіжскі, адначасова з 1688 і алыцкі.
Кароль Станіслаў (27.11.1669, г. Кракаў, Польшча — 2.8.1719), сын Міхала Казіміра. Канюшы ВКЛ у 1686—90, падканцлер ВКЛ у 1690—98, канцлер ВКЛ з 1698; пасол на сеймы 1687, 1688, 1690, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1694 і 1700. Узначальваў рух бел. шляхты супраць Сапегаў, якія былі разбіты ў Алькеніцкай бітве 1700. Далучыўся да Віленскай канфедэрацыі 1716. З 1689 ардынат нясвіжскі і алыцкі.
Ян Мікалай Аляксандр (17.5.1681—20.1.1729), сын Дамініка Мікалая. Крайчы ВКЛ у 1699—1706 і 1707—08, кашталян віленскі у 1706—07, ваявода навагрудскі з 1708. З 1697 ардынат клецкі.
Мікалай Фаўстын (21.5.1688, г. Дзятлава Гродзенскай вобл. — 2.2.1746), сын Дамініка Мікалая. Чашнік ВКЛ у 1706—09, мечнік ВКЛ у 1710—29, ваявода навагрудскі з 1729; пасол на сеймы 1718, 1720, 1722, 1726; ген.-лейтэнант (1725). Выконваў абавязкі камандуючага войскамі ВКЛ.
Міхал Казімір (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка — 22.5.1762), гл.Радзівіл М.К.
Марцін Мікалай Кароль (11.11.1705, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.1.1782), сын Яна Мікалая Аляксандра. Крайчы ВКЛ у 1723—52, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1737. З 1729 ардынат клецкі. Арганізаваў лабараторыі, праводзіў даследаванні па фізіцы, медыцыне, хіміі, захапляўся алхіміяй. Верагодна, душэўна захварэў.
Удальрык Крыштоф (28.1.1712, г. Дзятлава — 21.7.1770), гл.Радзівіл У.К.
Геранім Фларыян (4.5.1715, г. Бяла-Падляска — 17.5.1760), сын Караля Станіслава. Падчашы ВКЛ у 1739—50, вял. харунжы ВКЛ з 1750. Задушыў Крычаўскае паўстанне 1743—44. Заснаваў Слуцкі тэатр Радзівілаў.
Альбрыхт (25.3.1717, г. Дзятлава — пасля 1790), сын Мікалая Фаўстына. Пасол на пацыфікацыйны сейм 1736, у 1750 маршалак Трыбунала ВКЛ. У 1740-х г. палкоўнік панцырнай кавалерыі ВКЛ, з 1755 ген.-маёр войска ВКЛ. У 1768 далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 абраны яе маршалкам у Рэчыцкім пав.; у 1743—73 староста рэчыцкі.
Ежы (4.2.1721—13.12.1754), сын Мікалая Фаўстына. Маршалак Трыбунала ВКЛ у 1744, пасол на сейм 1746, ваявода навагрудскі з 1746. Староста любашанскі і навагрудскі.
Станіслаў (3.5.1722, г. Дзятлава — 22.4.1787), сын Мікалая Фаўстына. Служыў у войску ВКЛ, ген.-маёр (1750), ген.-лейтэнант кавалерыі (1765). Крайчы ВКЛ у 1752—59, падкаморы ВКЛ у 1759—79, пасол на сеймы 1750, 1760, 1762, 1767, 1776, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1763.
Кароль Станіслаў (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж —21.11.1790), гл.Радзівіл К.С.
Юзаф Мікалай (13.11.1736, г. Кракаў — 1813), сын Марціна Мікалая Караля. Пісар вялікі ВКЛ у 1764—73, ваявода мінскі ў 1773—84, трокскі кашталян у 1784—88 і ваявода з 1788; пасол на сеймы 1760, 1764. Маршалак Трыбунала ВКЛ у 1782. З 1759 ардынат клецкі.
Міхал Геранім (29.9.1744—28.3.1831), сын Марціна Мікалая Караля. Мечнік ВКЛ у 1771—75, кашталян віленскі ў 1775—90, ваявода віленскі з 1790; пасол на сейм 1773, чл. Пастаяннай Рады ў 1780—83 і 1793—94, чл.Адукацыйнай камісіі з 1783 (старшыня ў 1793). З 1823 ардынат клецкі. Сабраў у Нябораўскім палацы (Польшча) каштоўную калекцыю медалёў, б-ку (уключала прыватную б-ку Людовіка XVIII), карцінную галерэю, збор гравюр.
Мацей (10.11.1749—2.9.1800), гл.Радзівіл М.
Геранім Вінцэнты (11.5.1759, г. Нясвіж — 18.9.1786), сын Міхала Казіміра Рыбанькі. Падкаморы ВКЛ з 1779, ротмістр гусарскай харугвы ў войску ВКЛ з 1780, староста мінскі з 1783, пасол на сеймы 1780 і 1784, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1782—83.
Антоні Генрык (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833), гл.Радзівіл А.Г.
Міхал Гедэон (24.9.1778, Варшава —24.5.1850), гл.Радзівіл М.Г.
Дамінік Геранім (4.8.1786, г. Бяла-Падляска — 11.11.1813), сын Гераніма Вінцэнтага. Камергер імператарскага двара. З 1810 у войску Варшаўскага княства У 1812 удзельнічаў у паходзе Напалеона на Маскву, палкоўнік войска Варшаўскага княства і гвардыі Напалеона. У 1813 удзельнічаў у бітвах пад Лютцэнам, Дрэздэнам і Лейпцыгам, смяротна паранены пад Ганаў. Апошні прадстаўнік гал. нясвіжскай галіны Р.
Канстанцін (5.4.1793—6.4.1869), гл.Радзівіл К.
Вільгельм (Фрыдэрык Вільгельм Павел; 19.3.1797, Берлін — 5.8.1870), сын Антонія Генрыка. З 1813 на вайсковай службе ў Прусіі; ген. пяхоты (1855). З 1833 ардынат нясвіжскі. Сабраў каштоўную калекцыю манет і медалёў Польшчы і ВКЛ, старшыня Нумізматычнага т-ва ў Берліне.
Антоні Вільгельм (Фрыдэрык Вільгельм Фердынанд Антоні; 31.7.1833, г. Цепліцы, Чэхія — 16.12.1904), сын Вільгельма. З 1852 на вайсковай службе ў Прусіі; ген. артылерыі (1889), ад’ютант Вільгельма I, Фрыдрыха III, Вільгельма II. Меў вял. зямельныя ўладанні ў Прусіі, усе ардынацыі Р. на тэр. Беларусі і Украіны.
Станіслаў Вільгельм (6.2.1880, Берлін — 28.4.1920), сын Антонія Вільгельма. Валодаў Давыд-Гарадоцкай ардынацыяй, прыняў рас. падданства. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05, 1-й сусв. вайны. Адзін з заснавальнікаў польскай Нац.-кансерватыўнай партыі ў Петраградзе (кастр. 1917), сакратар арг-цыі партыі ў Мінску. У лют. 1919 уступіў у 3-і полк уланаў у складзе Літоўска-беларускай дывізіі. Загінуў у баі на Украіне.
Альбрыхт (Антоні Альбрэхт Вільгельм; 30.10.1885, Берлін — 18.12.1935), сын Ежы Фрыдэрыка (1860—1914). У 1914 атрымаў ва ўласнасць Нясвіжскую і Клецкую ардынацыі. Пасля абвяшчэння Бел.Нар. Рэспублікі разам з Р.Скірмунтам ездзіў у Берлін і Швейцарыю, каб забяспечыць ёй падтрымку. Пазней — адзін з лідэраў кансерватыўнага лагера землеўладальнікаў, віцэ-прэзідэнт Саюз абаронцаў «крэсаў усходніх». З 1922 фінансаваў віленскую газ. «Słowo» («Слова»), дзе публікаваліся матэрыялы па гісторыі і сучасным стане Нясвіжа. Яго малодшы брат Леан Уладзіслаў (22.12.1886—8.4.1959) — апошні ардынат нясвіжскі і клецкі (да 1939). Памёр у Парыжы.
Літ.:
Kotłubaj E. Galerja Nieświeżska portretów Radziwilłowskich. Wilno, 1857;
Bartoszewicz K. Radziwiłłowie. Warszawa;
Kraków, 1928. SajkowskiA. Od Sierotki do Rybeńki: W kręgu radziwiłłowskiego mecenatu. Poznań, 1965;
Malczewska M. Latyfundium Radziwiłłów w XV do połowy XVI w. Warszawa;
Poznań, 1985;
Polski słownik biograficzny. T. 30. Wrocław etc. 1987;
Miscellanea historicoarchivistica. T. 3, 7. Warszawa;
Łódź, 1989, 1997. Mackiewicz S. Dom Radziwiłłów, Warszawa, 1990;
Канановіч У. Клецкія Радзівілы // Бел. мінуўшчына. 1994. № 3;
Badania księgozbiorów Radziwúuiow. Warezawa, 1995;
Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwilłów od początku XVI do połowy XVII w. Lublin, 1995;
Radziwiłłowie herbu Trąby. Warszawa, 1996.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Радзівілы. Ян Радзівіл (каля 1474—1522). Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.Да арт.Радзівілы. Юрый Радзівіл (1556—1600).Да арт.Радзівілы. Станіслаў Казімір Радзівіл (1648—1690).