ГЕДЫ́Н (Hedin) Свен Андэрс (19.2.1865, Стакгольм — 26.11.1952),

шведскі падарожнік. У 1893—1902 даследаваў Тыбет і ПнЗ Цэнтр. Азіі. У 1905—08 з Трапезунда (цяпер г. Трабзон, Турцыя) праз Паўн.-Усх. Іран, Кашмір дасягнуў вытокаў рэк Брахмапутра і Сатледж. Адкрыў Гандысышань. У 1923 здзейсніў кругасветнае падарожжа праз Паўн. Амерыку, Японію, Манголію і Сібір. У 1927—35 вывучаў Кітай, Манголію, Зах. Тыбет і Усх. Туркестан.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬВЕ́Н (Alfven) Хуга (1.5.1872, Стакгольм — 8.5.1960),

шведскі кампазітар, дырыжор, скрыпач. У 1890—97 саліст Каралеўскага сімф. аркестра ў Стакгольме, у 1910—39 кіраўнік муз. аддзялення ун-та ў Упсале. Упершыню ў свецкай сімф. музыцы выкарыстаў нац. фальклор. Сярод тв.: балеты «Горны кароль» (1923), «Блудны сын» (1957); 12 кантат; 5 сімфоній; 3 рапсодыі для арк.; камерныя творы; хары; музыка да кінафільмаў.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛАРЭН (Mälaren),

возера ў сярэдняй ч. Швецыі. Пл. 1163 км², глыб. больш за 60 м, даўж. каля 120 км. Катлавіна тэктоніка-ледавіковага паходжання (0,3—0,6 м над узр. м). Берагі моцна парэзаныя, шматлікія залівы, бухты, мысы, каля 1200 астравоў. Злучана пратокамі і каналамі з Балтыйскім м. і воз. Ельмарэн. Суднаходства, водны турызм. На берагах рэзерваты Энгсё і Ельставікен. Каля ўсх. берага — г. Стакгольм.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СПЛУНД (Asplund) Эрык Гунар (22.9.1885, Стакгольм — 20.10.1940),

шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і ў АМ у Стакгольме (да 1909). Збудаванні Асплунда 1920-х г. (Гар. б-ка ў Стакгольме, 1924—27) — узоры неакласіцызму. У 1930-я г. пачынальнік функцыяналізму ў Швецыі (Бактэрыялагічны ін-т у Стакгольме, 1933—37). Асплунд спалучаў класічную раўнавагу кампазіц. вырашэнняў будынкаў і ансамбляў з выкарыстаннем сучасных канструкцый і буд. матэрыялаў.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФВЕ́Н (Alfvén),

Альвен Ханес (н. 30.5.1908, г. Норчэпінг, Швецыя), шведскі фізік і астрафізік. Чл. Шведскай АН (1947), замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў ун-т Упсалы (1934). З 1937 у Нобелеўскім ін-це фізікі, з 1940 праф. Каралеўскага тэхнал. ін-та (Стакгольм). Навук. працы па электрадынаміцы, фізіцы плазмы, касм. фізіцы і астрафізіцы. Развіў тэорыю ўзнікнення палярных ззянняў, геамагн. бур і Сонечнай сістэмы. Нобелеўская прэмія 1970.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕ́ГІН (Onegin; сапр. Хофман; Hoffman) Сігрыд

(1.6.1891, Стакгольм — 16.6.1943),

нямецкая спявачка (кантральта, мецца-сапрана). Жонка рус. піяніста і кампазітара Я.​Б.​Львова (псеўд. Анегін). У 1912—31 салістка оперных т-раў Штутгарта, Мюнхена, Нью-Йорка («Метраполітэн-опера»), Берліна. Удзельніца Байройцкіх фестываляў. Найб. поспеху дасягнула выкананнем гал. партый у операх Р.​Вагнера. Сярод інш. партый: Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.​В.​Глюка), Азучэна, Амнерыс («Трубадур», «Аіда», Дж.​Вердзі).

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НТЫНГ (Branting) Карл Яльмар (23.11.1860, Стакгольм — 24.2.1925),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Швецыі. Адзін з заснавальнікаў (1889) і лідэраў с.-д. партыі Швецыі (СДПШ), 2-га Інтэрнацыянала, Бернскага інтэрнацыянала. Дэпутат рыксдага (1896—1902). Старшыня выканкома СДПШ (з 1907). Прэм’ер-міністр Швецыі ў 1920, 1921 — 23 і 1924—25. Узначаліў у Швецыі рух за далучэнне да Лігі Нацый. Вядомы вырашэннем міжнар. спрэчак па правах малых нацыянальнасцей. Нобелеўская прэмія міру 1921 (разам з К.Ланге).

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЕРН (Vänern),

возера на Пд Швецыі. Размешчана на выш. 44 м. Пл. 5,5 тыс. км². Даўж. каля 140 км, шыр. да 80 км, глыб. да 100 м. Шмат астравоў. Берагі пераважна нізкія, моцна расчлянёныя. У Венерн упадае больш за 30 рэк (найб. Кларэльвен). Выцякае р. Гёта-Эльв (сцёк у праліў Катэгат). Замярзае са снеж.—студз. да канца красавіка, Венерн — частка ўнутр. суднаходнага воднага шляху Стакгольм—Гётэбарг. На Венерне гарады Карлстад, Марыестад, Венерсбарг.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́КЕШЫ (Békésy) Дзьёрдзь фон (3.6.1899, Будапешт — 13.6.1972),

амерыканскі фізік, біяфізік і фізіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Будапешцкі ун-т (1923), дзе працаваў з 1936. З 1946 у Каралінскім ін-це (Стакгольм), з 1947 у Гарвардскім ун-це (ЗША). У 1966—72 у Гавайскім ун-це. (Ганалулу). Навук. працы па акустыцы і фізіялогіі слыху. Адкрыў фіз. механізм узбуджэння ва ўнутр. вуху. Нобелеўская прэмія 1961.

В.​Ф.​Ермакоў.

Дз.Бекешы.

т. 18, кн. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НДХАЛЬМ (Lindholm) Берыт Марыя (н. 18.10.1934, Стакгольм),

шведская спявачка (драм. сапрана). Скончыла оперна-драм. школу ў Стакгольме (1963). З 1966 выступае ў буйнейшых т-рах Еўропы і Амерыкі. Адна з лепшых сучасных выканальніц сапранавых партый у операх Р.​Вагнера: Брунгільда, Ізольда, Лізавета і Венера, Эльза («Валькірыя», «Трыстан і Ізольда», «Тангейзер», «Лаэнгрын»). Сярод інш. партый: Аіда, Амелія («Аіда», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Леанора («Фідэліо» Л. Бетховена), Тоска, Турандот (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Электра («Электра» Р.​Штрауса), Касандра («Траянцы» Г.​Берліёза).

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)