Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРКУЛЕ́С (лац. Hercules),
сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Самая яркая зорка 2,8 візуальнай зорнай велічыні; 140 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У Геркулесе знаходзіцца тыповае шаравое зорнае скопішча. У напрамку да Геркулеса рухаецца Сонечная сістэма (гл.Апекс). У Геркулесе выяўлены рэнтгенаўскі пульсар Her X-1, які атаясамліваецца з аптычна пераменнай зоркай HZ Her. На тэр. Беларусі сузор’е найлепей відаць вясной і летам. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ФАНТА́Н,
прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт на Украіне, у складзе Адэскай групы курортаў. За 9 км ад чыг. ст. Адэса. Засн. ў 1946. Інтэнсіўная сонечная радыяцыя спрыяе кліматалячэнню, гразі Куяльніцкага лімана — гразелячэнню. Марская вада выкарыстоўваецца для штучных мінер., газавых, радонавых і інш. ваннаў, мінер. вада — на лячэнне хвароб страўніка, кішэчніка. Практыкуецца фізіятэрапія. Праводзіцца лячэнне органаў дыхання, апоры і руху, перыферычнай нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм.