КІДА́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,

зброя далёкага бою, прызначаная для паражэння праціўніка на адлегласці, недасягальнай для ўступлення з ім у рукапашны бой. Складаецца са снарада і механізма для кідання або толькі са снарада. У эпоху позняга палеаліту з’явіўся першы ўзор спецыялізаванай К.з. — лук. У антычнасці распаўсюдзілася кідальная артылерыя ў выглядзе машын рознай канструкцыі, якія кідалі снарады значнай вагі (гл. Кідальныя машыны). У той час узнік арбалет — механізаваны лук, прымацаваны да ложа-прыклада. Па-ранейшаму выкарыстоўваліся прашча і лук. На Беларусі выкарыстоўваліся практычна ўсе віды К.з., вядомыя ў старажытнасці. З пашырэннем агнястрэльнай зброі К.з. траціць актуальнасць.

Літ.:

Бехайм В. Энциклопедия оружия: Пер. с нем. СПб., 1995;

Медведев А.Ф. Ручное метательное оружие (лук и стрелы, самострел) VIII—XIV вв. М., 1966.

Ю.​М.​Бохан.

Кідальная зброя і кідальныя машыны: 1 — кап’ё; 2 — бумеранг; 3, 6, 7 — прашча; 4, 5 — лук; 8 — арбалет (самастрэл); 9 — аркбаліста; 10 — баліста; 11 — катапульта.

т. 8, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАПУ́ЛЬТА (лац. catapulta ад грэч. katapeltēs: kata уніз + pallō кідаю),

1) ваенная кідальная машына, якая прыводзілася ў дзеянне сіламі пругкасці скручаных валокнаў (сухажылляў, рамянёў, валасоў і інш.). Кідала па крутой траекторыі камяні, стрэлы, ядры, запальныя снарады і інш. на 250—850 м. Выкарыстоўвалася пры аблозе крэпасцей і ў палявым баі з 5 ст. да н. э. (Стараж. Грэцыя і Рым, затым Візантыя і інш.) да 15 ст. (Еўропа), калі была заменена артылерыяй. У Кіеўскай Русі К. наз. парокай.

2) Механізм для паскарэння або забеспячэння ўзлёту (старту) самалётаў, планёраў і інш. лятальных апаратаў.

3) Прыстасаванне для аўтам. выкідвання (катапультавання) лётчыка ці касманаўта з кабіны лятальнага апарата ў час аварыі. З’яўляецца часткай катапультнага крэсла, у якім у вышынна-кампенсавальным касцюме знаходзіцца лётчык (касманаўт). Катапультаванне (адстрэл) ажыццяўляецца піратэхн. прыстасаваннем. Наземная К. — стэнд для трэніроўкі лётчыкаў і касманаўтаў.

Катапульты: 1 — заснаваная на сіле пругкасці скручаных валокнаў; 2 — на сіле пругкасці сагнутага дрэва (на прынцыпе лука).

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯВА́Я МАШЫ́НА РЭАКТЫ́ЎНАЙ АРТЫЛЕ́РЫІ,

самаходная шматзарадная пускавая ўстаноўка, звычайна залпавага агню. Складаецца з артыл. часткі (пакет накіравальных — рэек ці танкасценных трубаў, паваротная рама, механізмы наводкі і ўраўнаважвання, прыцэльныя прыстасаванні, пускавое абсталяванне) і самаходнага шасі высокай праходнасці.

Упершыню сав. эксперым. ўстаноўка БМ-13 (нар. назва «кацюша») выкарыстана ў Вял. Айч. вайну ў 1941 пад Оршай. Мела 16 накіравальных, калібр рэактыўных снарадаў 132 мм, маса 42,5 кг, далёкасць стральбы да 8,5 км. У час вайны выкарыстоўваліся таксама БМ-8, БМ-31. Пасля вайны распрацаваны БМ-14, БМ-24, БМД-20, БМ-21 і інш. Напрыклад, БМ-24 на шасі ЗІЛ-151 мае 12 накіравальных, турбарэактыўныя снарады калібру 240 мм, масай 110 кг, далёкасць стральбы да 11 км. У арміях замежных краін баявыя машыны рэактыўнай артылерыі на гусенічным ці аўтамаб. хаду, колькасць накіравальных ад 12 да 48, калібр снарадаў ад 110 да 240 мм, маса ад 36 да 310 кг, далёкасць стральбы да 30 км і болей. Сярод іх 110-мм 36-ствольная «Ларс» (ФРГ), 240-мм 12-ствольная MLRS (ЗША). Гл. таксама Артылерыя.

Баявая машына рэактыўнай артылерыі «Ларс» (ФРГ).

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРАСКО́П (ад гіра... + ...скоп),

сіметрычнае цвёрдае цела, якое хутка верціцца і вось вярчэння якога можа мяняць свой напрамак у прасторы. Уласцівасці гіраскопа маюць нябесныя целы, артыл. снарады, ротары турбін, вінты самалётаў, колы веласіпедаў і матацыклаў і інш. целы, якія верцяцца. Найпрасцейшы гіраскоп — дзіцячая цацка ваўчок.

Свабодны паварот восі гіраскопа ў прасторы забяспечваецца замацаваннем яго ў кольцах т.зв. карданавага падвесу, у якім восі ўнутр. і знешняга кольцаў і вось гіраскопа перасякаюцца ў адным пункце (у цэнтры падвесу). Такі гіраскоп мае 3 ступені свабоды. Калі цэнтр цяжару гіраскопа супадае з цэнтрам падвесу, гіраскоп наз. ўраўнаважаным ці свабодным, калі не — цяжкім. Вось ураўнаважанага гіраскопа ўстойліва трымае нязменны напрамак у прасторы. Пад уздзеяннем прыкладзенай да гіраскопа пары сіл яго вось прэцэсіруе (гл. Прэцэсія) і адначасова робіць нутацыйныя ваганні (гл. Нутацыя). Гіраскоп з 3 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца пры канструяванні гіраскапічных прылад для аўтам. кіравання рухам самалётаў (гл. Аўтапілот), ракет, марскіх суднаў, тарпед і інш. Гіраскоп з 2 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца як паказальнікі павароту, розныя віды стабілізатараў (напр., гіраскапічны заспакойвальнік — гірарама). Камбінацыя 3 гірарам з узаемна перпендыкулярнымі восямі можа служыць для прасторавай стабілізацыі рухомага аб’екта, напр., штучнага спадарожніка Зямлі. Гл. таксама Квантавы гіраскоп.

Літ.:

Булгаков Б.В. Прикладная теория гироскопов. 3 изд. М., 1976;

Новиков Л.З., Шаталов М.Ю. Механика динамически настраиваемых гироскопов. М., 1985;

Гироскопические системы. Т. 1—3. 2 изд. М., 1986—88.

А.​І.​Болсун.

Гіраскоп у карданавым падвесе: AA′, BB′, CC′ — восі вярчэння.

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВЕ́ДКА ПАРТЫЗА́НСКАЯ ў Вялікую Айчынную вайну,

збор, апрацоўка і перадача ваен., эканам. і паліт. інфармацыі аб праціўніку; адзін з відаў забеспячэння баявой дзейнасці партызан і адна з форм дапамогі Чырв. Арміі. Праводзілася спец. падраздзяленнямі разведкі і разведчыкамі, якія складалі каля 10% (1944) асабовага складу партыз. фарміраванняў, а таксама сувязнымі, падпольшчыкамі і інш. патрыётамі. У 1942 у тыле ворага дзейнічалі 5150 разведчыкаў, у канцы 1943 — больш за 8 тыс., да ліп. 1944—24 тыс. Р.п. кіравалі Паўн.-Зах. аператыўная група ЦК КП(б)Б, развед. аддзелы Цэнтр. і Бел. штабоў партыз. руху, аператыўныя групы і прадстаўніцтва БШПР пры штабах франтоў, развед. органы партыз. фарміраванняў. У дапамогу Чырв. Арміі Р.п. ў вер. 1941 здабыла звесткі пра сканцэнтраванне буйных сіл ворага для наступлення на Маскву і прыблізныя тэрміны яго пачатку; у жн. 1942 — пра перакідку ням. войск у раён Ленінграда; загадзя перадала даныя пра маючае адбыцца наступленне герм. войск у раёне Арла і Курска, пра план контрудараў на Палессі, у раёне Кіева і інш. Толькі з кастр. да канца 1943 бел. партызаны перадалі камандаванню сав. войск звесткі пра размяшчэнне 338 аэрадромаў і пасадачных пляцовак, 871 склад, 152 прадпрыемствы, што выраблялі ваен. прадукцыю. Р.п. здабыла звесткі пра сакрэтную зброю вермахта — самалёты-снарады і ракеты Фау-1 і 2 (гл. Фау), вытворчасць у Германіі фаустпатронаў і інш. (аб выніках дзейнасці бел. партызан і Р.п. гл. таксама Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Каля 6 тыс. партыз. разведчыкаў і сувязных загінулі пры выкананні заданняў. Сярод тых, каму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, разведчыкі Г.І.Маслоўская, М.А.Міхайлашаў, М.Тапівалдыеў, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.

т. 13, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБРО́Я (ваен.),

устройствы і сродкі для паражэння праціўніка ва ўзброенай барацьбе; састаўная ч. ўзбраення. Уключае сродкі паражэння і сродкі дастаўкі іх да цэлі; у больш складаную З. ўваходзяць таксама прылады і прыстасаванні кіравання і навядзення. Сучасная З. падзяляецца; на зброю масавага знішчэння (ядз., хім., біял.) і звычайную; стратэгічную, аператыўна-тактычную і тактычную; агнястрэльную зброю, рэактыўную зброю і ракетную зброю; стацыянарную з нерухомай і рухомай асновай, самаходную, буксірную і перавозную (пераносную); індывідуальную (асабістую) і групавую (калектыўную); аўтаматычную зброю, паўаўтам. і неаўтаматычную; некіроўную і кіроўную. Да звычайнай адносяцца: агнястрэльная (артылерыйская — гарматы, пушкі, гаўбіцы, мінамёты і інш., гл. Артылерыя; стралк. і сродкі бліжняга бою — аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты, кулямёты, ручныя гранатамёты і гранаты і інш.); рэактыўная (наземныя, авіяц. і марскія сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты; гл. Рэактыўная артылерыя); ракетная; мінная (процітанк., проціпяхотныя і марскія міны) і тарпедная (тарпеды рознага тыпу) З., а таксама бамбамёты, авіяц., глыбінныя і інш. бомбы; халодная зброя (сучасная — штык, армейскі нож, корцік).

З. ўзнікла ў палеаліце як універсальная прылада для апрацоўкі дрэва, палявання і самаабароны (каменныя рубілы, нажы), потым як спец. ўдарная і кідальная зброя: дубіна, па́ліца (у т. л. бумеранг), кап ’ё з крамянёвым наканечнікам, прашча, бола. У канцы палеаліту з’яўляецца кап’якідалка, лук і стрэлы, каменная сякера, у неаліце — булава і кінжал, пазней — бярдыш, алебарда. Развіццё З. выклікала стварэнне засцерагальнага ўзбраення. З бронзавага веку пачалі вырабляцца бронз., пазней жал. мячы (гл. Меч), чаканы, коп’і і інш. У дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма выкарыстоўваліся кідальныя машыны (балісты, катапульты, франдыболы, брыколі), інш. аблогавая тэхніка. З 8 ст. качэўнікі прычарнаморскіх стэпаў карысталіся шабляй (на Русі вядома з 10 ст., з 19 ст. сталі выкарыстоўваць шашку). Да канца 14 ст. на Русі меч выцеснены шабляй, у Зах. Еўропе — шпагай. З вынаходствам пораху з’явілася агнястрэльная З. (з 11 ст. ў Кітаі, з 12 ст. ў арабаў, з 14 ст. ў Зах. Еўропе, на Русі і Беларусі). Першыя яе ўзоры — араб. модфа, ручная пішчаль (ручніца), з 15 ст. аркебуза, з 16 ст. мушкеты, пісталеты. У 17 ст. ручная агнястрэльная З. аснашчана штыком. Да канца 17 ст. пашырылася гладкаствольная крамянёвая зброя. Наразное ружжо (штуцэр) вядома з 16 ст., аднак з-за цяжкасці вырабу наразная З. стала пашыранай толькі ў 19 ст. (вінтоўкі, карабіны). У сярэдзіне 19 ст. пачалі выкарыстоўвацца міны, потым тарпеды; у канцы 19 ст. з’явілася аўтам. З. — аўтам. пушкі, кулямёты і інш. У час рус.-яп. вайны 1904—05 пачалі выкарыстоўваць мінамёты, у 1-ю сусв. вайну — танкавыя, авіяц. і зенітныя пушкі, агнямёты, хім. З. (у 1915 хлор, у 1916 фасген, у 1917 іпрыт і ядавітыя дымы). У гады 2-й сусв. вайны ўпершыню выкарыстаны сав. рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша» (1941), ням. кіроўныя самалёты-снарады ФАУ-1 і ФАУ-2 (1944), амер. атамныя бомбы (1945). У 1950-я г. з’явілася ракетна-ядзерная зброя, у 1980—90-я г. касмічная зброя (у т. л. лазерная, пучковая, кінетычная, эл.-магн. выпрамянення, ЭМВ-зброя і інш.), працягвалася развіццё і звычайных відаў З. Для сучаснай З. характэрна паскоранае абнаўленне (цыклы замены ўзораў З. складаюць каля 10 гадоў). У стварэнні розных сістэм З. бралі ўдзел прамысл. прадпрыемствы і НДІ Беларусі.

Літ.:

Маркевич В.Е. Ручное огнестрельное оружие. СПб., 1994;

Жук А.Б. Стрелковое оружие. М., 1992;

Современное стрелковое оружие: Справ. пособие. Мн., 1997;

Разин Е.А. История военного искусства. (СПб.], 1994;

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986.

Р.​Ч.​Лянькевіч, У.​М.​Сацута.

Некаторыя віды зброі (ад старажытнасці да 19 ст.): 1 — старажытнае кап’ё; 2 — каменная сякера; 3 — па́ліца; 4 — пума; 5, 6 — наканечнікі крамянёвы і бронзавы; 7 — рускі дроцік (суліца); 8 — лук усходні (мангольскага воіна); 9 — сякера вікінгаў; 10 — жалезная булава (пачатак н.э.); 11 — баявы молат (клявец) рыцара; 12 — грэчаскі меч; 13, 14 — рыцарскія меч і булава; 15 — рапіра; 16 — шпага; 17 — ручная бамбарда канца 14 ст.; 18 — куляўрына 15 ст.; 19 — еўрапейскі мушкет 16—17 ст. з кнотавым замком (унізе апора для стральбы); 20 — нямецкі мушкетон 1480 (прататып пісталета); 21 — рускі самапал (ручніца) 16—17 ст.; 22 — ручная марціра 1712; 23 — руская фузея 1723; 24 — багінет да фузеі; 25 — рускі трохгранны штык; 26 — драгунская вінтоўка Бердана 1870; 27 — капсульны рэвальвер Кольта 1835; 28 — вінтоўка Вінчэстэра 1895.
Некаторыя ўзоры стралковай зброі 20 ст.: 1 — рэвальвер Нагана 1910 (Бельгія); 2 — пісталет «Парабелум» 1908 (Германія); 3 — пісталет Маўзера 1920 (Германія); 4 — рэвальвер Сміта і Весана 1955 (ЗША); 5 — пісталет Берэты 1960-я г. (Італія); 6 — пісталет Браўнінга 1983 (Бельгія); 7 — пісталет-кулямёт «Узі» (Ізраіль); 8 — снайперская вінтоўка Драгунова 1963 (СССР); 9 — аўтаматычная вінтоўка «Галіл» (Ізраіль); 10 — аўтамат АКС-74У (Расія).

т. 7, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)