ГАРЭ́ЦКІ Максім Іванавіч (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),

бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац. маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ. «Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ. «Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.

Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел. літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.​Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.​Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.​Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.​Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.​Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб. тв. У.​І.​Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1973;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1984—1986;

Творы. Мн., 1990.

Літ.:

Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;

Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;

Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;

Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;

Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;

Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;

Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;

Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.

М.​І.​Мушынскі.

М.І.Гарэцкі.

т. 5, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ЛЮТАЎСКАЙ І КАСТРЫЧНІЦКАЙ РЭВАЛЮЦЫЙ 1917

Абвастрэнне ў ходзе 1-й сусв. вайны праблем і супярэчнасцей, якімі было абцяжарана рас. грамадства, прывяло ў 1917 да выбуху новай рэвалюцыі. 23.2(8.3). 1917 у сталіцы Рас. імперыі Петраградзе з-за перабояў у гандлі хлебам пачаліся пагромы булачных, узніклі стыхійныя мітынгі і дэманстрацыі. 25 лют. сталіца была паралізавана ўсеагульнай паліт. забастоўкай. 27 лют. рух перарос ва ўзбр. паўстанне з удзелам салдат Петраградскага гарнізона, што забяспечыла перамогу рэвалюцыі ў сталіцы імперыі. У час паўстання прадстаўнікі ліберальнай думскай апазіцыі (акцябрысты і кадэты) сфарміравалі Часовы камітэт Дзярж. думы, які абвясціў аб узяцці ўлады ў краіне. Але адначасова ў ходзе паўстання ўтварыўся Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў на чале з меншавікамі і эсэрамі. Савет здолеў устанавіць кантроль над часцямі Петраградскага гарнізона. Гэта прымусіла кіраўнікоў думскага Часовага к-та пайсці на перагаворы з лідэрамі Савета, у выніку чаго быў сфарміраваны Часовы ўрад Расіі на чале з кн. Г.​Я.​Львовым. Дамінуючыя пазіцыі ва ўрадзе занялі кадэты. Часовы ўрад абавязваўся забяспечыць дэмакратызацыю краіны і склікаць Устаноўчы сход, якому належала канчаткова вызначыць дзярж. лад Расіі.

Цара Мікалая II рэвалюцыя заспела ў Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. Яго спроба падавіць паўстанне ў Петраградзе з дапамогай карнай экспедыцыі правалілася, і 2(15).3.1917 Мікалай II падпісаў адрачэнне ад трона.

Насельніцтва Беларусі і салдаты Зах. фронту ў большасці з энтузіязмам сустрэлі факт перамогі рэвалюцыі. Паліцыя і жандармерыя былі раззброены, царскі дзярж. апарат паралізаваны. Каб забяспечыць парадак і бяспеку насельніцтва, па ініцыятыве гар. дум і земстваў, палітычна актыўных груп інтэлігенцыі на месцах ствараліся камітэты грамадскай бяспекі — часовыя калегіяльныя органы кіравання. На працягу сакавіка 1917 яны ўзніклі ва ўсіх губ. і павятовых гарадах, многіх мястэчках усх. (неакупіраванай) Беларусі. Аднак, з’яўляючыся паводле спосабу ўтварэння грамадскімі арганізацыямі, к-ты не атрымалі ўсёй паўнаты ўлады на месцах. Паступова іх роля звялася да грамадскай падтрымкі губ. і павятовых камісараў Часовага ўрада, якія перанялі функцыі ранейшых губернатараў, павятовых спраўнікаў і земскіх начальнікаў.

Поруч з агульнадэмакр. органамі кіравання па прыкладу Петраграда на месцах ствараліся класавыя арганізацыі працоўных — Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Адным з першых на Беларусі ў сак. 1917 утварыўся Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, затым — Гомельскі, Віцебскі, Магілёўскі, Бабруйскі, Полацкі, Слуцкі і інш. Саветы сял. дэпутатаў арганізоўваліся ў крас.—ліп. 1917 у ходзе правядзення губ. і павятовых сял. з’ездаў. З сакавіка па ліпень 1917 на Беларусі ўзнікла каля 150 Саветаў розных назваў. Партыйны склад Саветаў вызначаўся абсалютнай перавагай у іх меншавікоў, бундаўцаў, эсэраў. Адносна ўплывовая бальшавіцкая група склалася толькі ў Мінскім Савеце. Саветы Беларусі па прыкладу Петраградскага падтрымлівалі Часовы ўрад і яго органы на месцах пры ўмове, што іх дзейнасць не супярэчыць усталяванню дэмакр. ладу. Для каардынацыі працы Саветаў у агульнарас. маштабе ў Петраградзе былі скліканы 1 Усерас. з’езд Саветаў сял. дэпутатаў (май 1917) і Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў (чэрв. 1917), якія сфарміравалі адпаведныя цэнтр. выканаўчыя к-ты (ЦВК).

Ва ўмовах небывалай для Расіі дэмакратыі, што ўсталявалася ў ходзе Лютаўскай рэвалюцыі, актывізавалася дзейнасць шматлікіх паліт. партый — агульнарасійскіх і нацыянальных. На Беларусі, у адрозненне ад іншых нац. рэгіёнаў, з прычыны невысокай нац. самасвядомасці беларусаў і змяншэння на працягу вайны іх долі ў складзе насельніцтва пераважным уплывам на паліт. арэне завалодалі агульнарас. партыі. У першыя месяцы рэвалюцыі вядучую ролю спрабавала адыгрываць партыя кадэтаў (Партыя народнай свабоды, ПНС), якая выступала за мадэрнізацыю Расіі на зах.-еўрап. ўзор (прававая дзяржава, рыначная эканоміка, грамадзянская супольнасць). Разам з тым кадэты былі праціўнікамі ўтварэння дзяржаўнасці нярускіх народаў (нават у форме аўтаноміі), настойвалі на працягу вайны да поўнай перамогі Расіі, што супярэчыла настроям асн. часткі насельніцтва. Таму яны не атрымалі масавай падтрымкі; на Беларусі ўлетку 1917 функцыянавала не больш за 10 іх парт. арг-цый.

Найб. сугучнай спантанным памкненням народа да справядлівага ладу аказалася ідэалогія сацыяліст. партый, самай шматлікай сярод іх стала Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР, эсэры). Яна выступала за сацыялізацыю зямлі і ўраўняльнае размеркаванне яе паміж сялянамі, за пераўтварэнне Расіі ў федэратыўную рэспубліку з тэр. і нац.-культ. аўтаноміяй народаў. У бел. губернях дзейнічалі не менш чым 22 эсэраўскія арганізацыі, на Зах. фронце ў арг-цыях ПСР налічвалася больш за 30 тыс. чал. Эсэры дамінавалі ў Саветах сял. дэпутатаў, займалі моцныя пазіцыі ў Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў, гар. думах, зямельных і харчовых к-тах.

Шырокай папулярнасцю карысталіся таксама сацыял-дэмакраты (меншавікі-абаронцы, меншавікі-інтэрнацыяналісты, бальшавікі-ленінцы). На Беларусі моцную сац. апору меў Бунд, які прымыкаў да меншавіцкага крыла РСДРП. Усе сацыял-дэмакраты, за выключэннем бальшавікоў, лічылі немагчымым непасрэдны пераход краіны да сацыяліст. рэвалюцыі, выступалі за паступовае рэфармаванне грамадскіх адносін пры захаванні асноў капіталістычнай эканомікі і прынцыпаў парламенцкай дэмакратыі. Таму яны былі прыхільнікамі кааліцыі з ліберальна-бурж. партыямі і падтрымлівалі Часовы ўрад. У процівагу гэтаму бальшавікі ўзялі курс на перарастанне бурж.-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную. Яны адмовіліся падтрымліваць Часовы ўрад і абвясцілі лозунг «Уся ўлада Саветам!». На Беларусі і Зах. фронце ўлетку 1917 лінію бальшавіцкага кіраўніцтва падтрымлівалі каля 4 тыс. сацыял-дэмакратаў, супраць яе выступалі 14 тыс. членаў с.-д. арг-цый.

Поруч з агульнарасійскімі на Беларусі і Зах. фронце дзейнічалі польскія, яўрэйскія, латышскія, літоўскія, украінскія і інш. нац. партыі і арг-цыі. Значна актывізаваўся ў ходзе рэвалюцыі і бел. нац. рух. З’езд бел. дзеячаў у Мінску [25—27.3(7—9.4). 1917] выпрацаваў асн. праграмнае палажэнне бел. руху ў новых умовах — дасягненне дзярж.-тэр. аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі. Для ажыццяўлення гэтай ідэі з’езд утварыў Бел. нац. камітэт на чале з Р.​Скірмунтам. Пра неабходнасць для Беларусі аўтаноміі ў складзе агульнарас. федэрацыі заявілі адноўленая Бел. сацыялістычная грамада (БСГ), новаўтвораныя Бел. народная партыя сацыялістаў, Бел. народная грамада, Хрысціянска-дэмакратычная злучнасць беларусаў. Аднак Часовы ўрад, зыходзячы з эканам. і геапаліт. інтарэсаў Расіі, не падтрымаў аўтанамісцкай платформы. На Беларусі супраць яе выступілі арганізацыі агульнарас. партый, а таксама мясц. групоўкі, што кіраваліся дактрынай заходнерусізму. Пад іх уплывам некаторыя сял. і настаўніцкія з’езды бел. губерняў прынялі ў 1917 рэзалюцыі супраць аўтаноміі Беларусі і развіцця самабытнай бел. культуры.

Выразнай дамінантай на паліт. ландшафце Беларусі выступаў Зах. фронт рас. армій, у якіх у 1917 налічвалася больш за 1,6 млн. вайскоўцаў. Паводзіны гэтай масы ўзброеных людзей сур’ёзна ўплывалі на перспектывы рас. рэвалюцыі ў цэлым і на далейшы лёс Беларусі. Гал. тэндэнцыяй вайсковага жыцця ў час рэвалюцыі стала яго імклівая палітызацыя. Паводле загада № 1 Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад 1(14).3.1917 ва ўсіх падраздзяленнях (ротах, батальёнах, палках, дывізіях, карпусах і арміях) выбраны органы салдацкага самакіравання — вайсковыя камітэты. Стварэнне агульнафрантавой сістэмы салдацкіх арг-цый завершана на 1 з’ездзе ваенных і рабочых дэпутатаў Зах. фронту (крас. 1917, Мінск). З’езд выбраў Выканаўчы к-т Зах. фронту (Франтавы к-т), які размясціўся ў Мінску і, дзякуючы наяўнасці ўзбр. апоры ў асобе салдат, атрымаў вял. магчымасці ўплываць на ход падзей на Беларусі. Фарміраванне на фронце сістэмы салдацкага самакіравання не стасавалася з прынцыпам адзінаначалля ў войску. Вайсковыя к-ты ўмешваліся ў дзейнасць камандзіраў, часта выказвалі ім недавер па паліт. матывах і дамагаліся адхілення ад пасад. Палітызацыя фронту няўхільна вяла да зніжэння кіруемасці, развалу дысцыпліны і баяздольнасці вайск. часцей.

Тым не менш Часовы ўрад, захоўваючы вернасць саюзнікам па Антанце, трымаўся курсу на працяг вайны, хоць яна выклікала ўсё большую незадаволенасць сярод насельніцтва. Улетку 1917 урад і камандаванне арганізавалі наступленне супраць немцаў, спадзеючыся пераламаць ход вайны на карысць Расіі. Аднак першы і гал. ўдар па праціўніку ў чэрв. 1917 сіламі Паўд.-Зах. фронту на Украіне скончыўся няўдачай. Гэта, аднак, не адмяніла прызначанага наступлення Зах. фронту на тэр. Беларусі. Асн. ўдар 9—10 ліп. наносіла тут 10-я армія ў напрамках на Слонім і Вільню. Амаль не сустрэўшы супраціўлення, часці 10-й арміі прайшлі 2—3 лініі ням. акопаў, пабывалі на непрыяцельскіх батарэях, знялі прыцэлы з гармат і вярнуліся назад. Нежаданне салдат працягваць вайну, масавае дэзерцірства, братанне з праціўнікам прывяло да поўнага правалу наступлення.

Няўдачы на фронце, а таксама канфлікт з нац.-вызв. рухамі нярускіх народаў выклікалі ліпеньскі крызіс Часовага ўрада. 3—4 ліп. сотні тыс. салдат, матросаў і ўзбр. рабочых, узбуджаныя антыўрадавай прапагандай бальшавікоў і анархістаў, выйшлі на вуліцы Петраграда з патрабаваннямі адхілення Часовага ўрада і перадачы ўсёй улады Саветам. Сутычкі з вернымі ўраду часцямі прывялі да чалавечых ахвяр. З мэтай прадухіліць паўтарэнне на месцах петраградскіх эксцэсаў, палітычна актыўныя сілы ў Беларусі і на Зах. фронце (Саветы, вайсковыя к-ты, парт. і нац. арг-цыі) не дапусцілі тут масавых выступленняў. Часовы ўрад, які ўзначаліў сацыяліст А.​Ф.​Керанскі, 9 ліп. быў абвешчаны цэнтральнымі органамі Саветаў «урадам выратавання рэвалюцыі» з шырокімі прэрагатывамі. На фронце ўводзіліся смяротная кара і ваенна-рэв. суды. Узмацніўся адм. націск у адносінах да нац. рухаў.

Адзін са шляхоў стабілізацыі ўнутрыпаліт. становішча кіруючыя колы бачылі ў правядзенні дэмакр. выбараў органаў гар. і земскага самакіравання, якія адбыліся ў 2-й пал. 1917. Упершыню ў Беларусі, як і ва ўсёй імперыі, уводзілася ўсеагульнае, роўнае, прамое і тайнае галасаванне. Большасць месцаў у гар. думах Беларусі заваявалі агульнарасійскія сацыялістычныя партыі. Пэўнае прадстаўніцтва атрымалі нац. арг-цыі: бел., яўрэйскія, польскія. Адначасова пацвердзіўся невысокі рэйтынг ліберальнай Партыі нар. свабоды. У адрозненне ад гараджан, большасць вяскоўцаў фактычна праігнаравала выбары ў земствы. Сяляне з падазронасцю ставіліся да тайнай працэдуры галасавання, выявілі неразуменне дэмакр. механізмаў.

З мэтай спынення дэструктыўных працэсаў кансерватыўныя і ліберальныя сілы (генералітэт, дваранства, частка буржуазіі) патрабавалі згортвання рэвалюцыі, ліквідацыі Саветаў і вайсковых к-таў, задушэння нац.-вызв. рухаў і ўсталявання цвёрдай улады. У якасці правадніка такой лініі і магчымага будучага дыктатара разглядаўся Вярх. галоўнакамандуючы ген. Л.​Г.​Карнілаў, які 25—31.8(7—13.9).1917 узняў мяцеж. Сумеснымі дзеяннямі левых сіл (эсэраў, меншавікоў, бальшавікоў) мяцеж быў хутка і практычна бяскроўна ліквідаваны. Пасля гэтага ў грамадстве адбыўся яшчэ большы зрух улева. Кадэты, замешаныя ў падрыхтоўцы мяцяжу, цалкам страцілі аўтарытэт і адышлі ў цень. Гал. роля на паліт. сцэне перайшла да сацыяліст. партый. Але сярод іх адсутнічала адзінства поглядаў на далейшыя шляхі развіцця краіны. Большасць эсэраў і меншавікоў лічылі, што ўлада павінна абапірацца не толькі на рабочых і сялян, але на ўсе пласты насельніцтва, у т. л. на буржуазію, без падтрымкі якой немагчыма справіцца з эканам. праблемамі. Фарміраванне агульнанар. улады бачылася ім праз дэмакр. выбранне Устаноўчага сходу, які разглядаўся як вяршыня рэвалюцыі.

Бальшавікі працягвалі кіравацца пастулатам аб дыктатуры пралетарыяту і шлях да яе ўсталявання бачылі праз пераход усёй улады ў рукі Саветаў. Рабочыя, сяляне, салдаты, якія страцілі надзею дачакацца ад Часовага ўрада сацыяльных рэформ, вырашэння пытанняў аб міры і зямлі, усё больш траплялі пад уплыў бальшавікоў. Пра гэта сведчыць хуткі рост бальшавіцкіх арг-цый, асабліва на фронце. Калі на I Паўн.-Зах. абласной канферэнцыі РСДРП(б) у Мінску [15—18.9(28.9—1.10).1917] было прадстаўлена 9,2 тыс. членаў партыі і спачувальнікаў (з іх 69% — у франтавых арганізацыях), то на II канферэнцыі [5—7(18—20). 10.1917] — ужо 56,4 тыс. бальшавікоў (з іх 94% — франтавікі). Па патрабаванні бальшавікоў на канец кастр. 1917 у Петраградзе быў прызначаны II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які ў адпаведнасці з ленінскай задумай павінен быў легітымізаваць вынікі запланаванага на тыя ж дні бальшавіцкага ўзброенага паўстання.

Паглыбленне агульнарасійскага сац.-паліт. крызісу ўзмацняла сярод нярускіх народаў краіны цягу да стварэння ўласнай нац. дзяржаўнасці. Гэтая тэндэнцыя ўсё больш выразна праяўлялася і на Беларусі. Паколькі Бел. нац. камітэт не змог дамагчыся аўтаноміі Беларусі, на з’ездзе нац. арганізацый і партый у Мінску [8—10(21—23).7.1917] ён быў скасаваны і заменены Цэнтральнай радай бел. арг-цый, у якой дамінуючая роля належала БСГ. Кола ўдзельнікаў бел. нац. руху паступова пашыралася: да яго далучалася вучнёўская моладзь, рабочыя, бежанцы. Асабліва важнае значэнне мела падтрымка нац. лозунгаў беларусамі-вайскоўцамі. 18—24.10(31.10—6.11).1917 у Мінску адбыўся з’езд воінаў-беларусаў Зах. фронту з удзелам прадстаўнікоў ад інш. франтоў і Балтыйскага флоту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі і прызнаў неабходным стварэнне бел. войска. Для арганізацыі нац. войска была выбрана Цэнтр. бел. вайсковая рада (ЦБВР) на чале з С.​Рак-Міхайлоўскім. Адначасова Цэнтр. рада бел. арг-цый была рэарганізавана ў Вялікую Беларускую раду (ВБР) пад старшынствам В.​Адамовіча, у склад якой увайшоў і выканаўчы камітэт ЦБВР. ВБР разглядалася як зародак вышэйшага органа дзярж. улады аўтаномнай Беларусі. Аднак у канкрэтна-гіст. абставінах тагачаснай Беларусі з яе размытай этнакультурнай ідэнтычнасцю і глыбокай інтэграванасцю ў агульнарас. арганізм гэтыя нац.-дзяржаўніцкія памкненні выглядалі досыць лакальна, яны патаналі ў агульным супрацьстаянні сацыяльна-паліт. сіл і інтарэсаў у маштабах усёй ахопленай крызісам Рас. дзяржавы.

Скарыстаўшы няздольнасць дэмакр. сіл сфарміраваць устойлівыя ўладныя структуры, што змаглі б давесці краіну да Устаноўчага сходу, бальшавікі арганізавалі 24—26.10(6—8.11). 1917 у Петраградзе новае ўзбр. паўстанне і дамагліся звяржэння кааліцыйнага Часовага ўрада. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10(7—9.11).1917, Петраград], на якім бальшавікі мелі колькасную перавагу, зацвердзіў вынікі паўстання. Не з’яўляючыся органам агульнанар. прадстаўніцтва (дэлегатаў ад самай шматлікай часткі насельніцтва — сялянства — амаль не было), з’езд тым не менш прыняў рашэнне канстытуцыйнага ўзроўню: абвясціў аб пераходзе ўсёй улады ў краіне ў рукі Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Для атрымання лаяльнасці з боку салдацкіх і сял. мас вял. палітычна-прапагандысцкае значэнне мелі зацверджаныя з’ездам Дэкрэт аб міры (утрымліваў прапанову да ўсіх дзяржаў—удзельніц сусв. вайны неадкладна пачаць перагаворы аб міры на ўмовах адмаўлення ад анексій і кантрыбуцый) і Дэкрэт аб зямлі (абвяшчаў зямлю «ўсенародным набыткам» і абяцаў размеркаванне яе паміж сялянамі на прынцыпах ураўняльнага землекарыстання). З’езд утварыў новы, «рабоча-сялянскі» ўрад Расіі — Савет Народных Камісараў (старшыня У.​І.​Ленін). 2(15).11.1917 СНК прыняў «Дэкларацыю правоў народаў Расіі», у якой абвяшчалася роўнасць і суверэннасць народаў і іх права на самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойных дзяржаў.

На Беларусі і Зах. фронце адным з найважнейшых цэнтраў барацьбы за ўладу з’яўляўся Мінск. 26.10(8.11).1917 бальшавікі — члены прэзідыума Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў ад імя яго выканкома выдалі загад № 1 «Да насельніцтва горада Мінска і яго ваколіц», у якім абвясцілі пра пераход улады да Саветаў. У той жа дзень яны прынялі рашэнне аб арганізацыі надзвычайнага органа па правядзенні ўзбр. паўстання — Ваенна-рэвалюцыйнага к-та (ВРК) Зах. фронту (старшыня К.​І.​Ландар). Абапіраючыся на вызваленых з турмы і гаўптвахт салдат, сабраных у І-ы Рэвалюцыйны імя Мінскага Савета полк, і інш. часці гарнізона, бальшавікі Мінска накіравалі свае патрулі на чыгунку, пошту, тэлеграф і ў штаб Зах. фронту. Спроба захопу ўлады выклікала процідзеянне з боку іншых паліт. сіл. 25—27.10(7—9.11).1917 у Мінску прадстаўнікамі Выканаўчага к-та Зах. фронту, гар. думы, сялянскіх, прафесійных, нац. арг-цый быў створаны надзвычайны кааліцыйны орган улады — Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту, у якім пераважалі эсэры, правыя і левыя меншавікі, бундаўцы. Камітэт не прызнаў вынікаў Петраградскага ўзбр. паўстання і выказаўся за фарміраванне ўлады на аснове шырокага левага блока. Вайсковыя сілы К-та выратавання рэвалюцыі напачатку шматразова пераўзыходзілі сілы бальшавікоў Мінска, што прымусіла апошніх заявіць аб падпарадкаванні камітэту. Але адначасова яны, выкарыстоўваючы дэкрэты аб міры і зямлі, разгарнулі ў часцях Зах. фронту інтэнсіўную агітацыю і здолелі дамагчыся падтрымкі з боку значнай колькасці салдат. Гэта дазволіла падцягнуць да Мінска ўзбр. падмогу, у т. л. браніраваны цягнік, і змяніць суадносіны сіл у горадзе на карысць бальшавікоў. 2(15).11.1917 на пашыраным пасяджэнні Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў было абвешчана аб поўным пераходзе ўлады ў яго рукі.

У Віцебску мясц. Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў не падтрымаў Петраградскае ўзбр. паўстанне і не прызнаў створаных у выніку яго перамогі цэнтр. органаў улады. У адказ бальшавікі Віцебска выйшлі з кіраўніцтва Савета і з апорай на салдат гарнізона стварылі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт. ВРК ануляваў паўнамоцтвы дзеючага Савета і адміністрацыйна-сілавым шляхам скамплектаваў новы, т.зв. Рэвалюцыйны Савет салдацкіх дэпутатаў. У канцы ліст. 1917 было абвешчана аб усталяванні ў Віцебску і павеце сав. улады, аднак найвышэйшым уладным органам заставаўся ВРК.

Вынікі барацьбы за ўладу ў Магілёве, дзе знаходзілася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, мелі не толькі мясцовае, але і агульнарас. значэнне. Паліт. і грамадскія арг-цыі Магілёва адмоўна паставіліся да Кастрычніцкага ўзбр. паўстання ў Петраградзе. Пасля звестак аб звяржэнні Часовага ўрада прадстаўнікі гар. думы, паліт. партый, нац., прафесійных арг-цый Магілёва ўтварылі Камітэт грамадскай бяспекі, які заклікаў да захавання парадку і падрыхтоўкі да выбараў ва Устаноўчы сход. Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў 28.10(10.11).1917 асудзіў выступленне бальшавікоў і выказаўся за ўтварэнне «аднароднага сацыялістычнага ўрада» (ад бальшавікоў да народных сацыялістаў). 9(22). 11.1917 петраградскі СНК адхіліў ад пасады в.а. Вярх. галоўнакамандуючага ген. М.​М.​Духоніна і накіраваў для заняцця Стаўкі экспедыцыйныя атрады салдат і матросаў на чале з бальшавіком прапаршчыкам М.​В.​Крыленкам. З набліжэннем іх да Магілёва выканком Магілёўскага Савета прыняў 18 ліст. (1 снеж.) рэзалюцыю аб прызнанні бальшавіцкага ўрада і ўтварыў Ваенна-рэв. камітэт, да якога перайшла ўлада ў горадзе і павеце. Паводле яго загаду Духонін быў узяты пад хатні арышт, а ў час заняцця Стаўкі сав. войскамі загінуў у выніку матроскага самасуду.

Выступаючы пад лозунгам «Уся ўлада Саветамі», бальшавікі ў большасці выпадкаў не дапускалі пераходу ўлады да рэальна існаваўшых Саветаў, паколькі ў іх мелі перавагу эсэры, меншавікі, бундаўцы і інш. памяркоўныя сацыялісты. Як у губернскіх, так і ў павятовых цэнтрах, інш. гарадах і мястэчках Беларусі захоп улады ажыццяўляўся, як правіла, праз ваенна-рэв. к-ты, якія фарміраваліся бальшавікамі пераважна з вайскоўцаў, што перайшлі на бальшавіцкія пазіцыі. ВРК займалі стратэгічна важныя аб’екты (арсеналы, тэлеграф, чыг. станцыі, штабы), затым дамагаліся перавыбараў эсэра-меншавіцкіх Саветаў з тым, каб большасць у іх атрымалі бальшавікі і левыя эсэры. Пасля гэтага Саветы ў новым складзе зацвярджалі меры, фактычна ўжо ажыццёўленыя ваенна-рэв. камітэтамі. Дзейнасць апошніх у кастр.—ліст. 1917 каардынаваў ВРК Зах. фронту ў Мінску.

Устанаўленне сав. улады на Беларусі і Зах. фронце было аформлена скліканымі ў Мінску III з’ездам Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. [18—20.11(1—3.12).1917], з’ездам Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Зах. вобласці (19—21.11(2—4.12).1917] і II з’ездам армій Зах. фронту [20—25.11(3—8.12).1917], З’езды выбралі свае выканаўчыя органы, якія 26.11 (9.12). 1917 аб’ядналіся і разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў сфарміравалі вышэйшы орган улады — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Зах. вобласці і фронту (Аблвыкамзах; старшыня М.​У.​Рагазінскі, са студз. 1918 А.​Ф.​Мяснікоў), у якім абсалютная большасць месц (100 са 187) належала прадстаўнікам фронту. Органам выканаўчай улады стаў Савет народных камісараў Зах. вобласці і фронту (старшыня К.​І.​Ландар). Паводле спосабу фарміравання і асабовага складу гэта былі пераважна франтавыя органы, укамплектаваныя вайскоўцамі розных нацыянальнасцей Расіі, але пры амаль поўнай адсутнасці беларусаў. Кампетэнцыя Аблвыкамзаха не распаўсюджвалася на Віцебскую і Магілёўскую губ., там дзейнічалі Віцебскі губ. Савет сял., салдацкіх, рабочых і батрацкіх дэпутатаў і Магілёўскі губ. Савет рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. Кіраўніцтва Аблвыкамзаха і СНК Зах. вобласці і фронту фактычна адмаўляла права бел. народа на самавызначэнне і стварэнне сваёй нац. дзяржаўнасці.

Для вырашэння пытання аб самавызначэнні па ініцыятыве Вял. Бел. рады (Мінск) і Бел. абласнога к-та (Петраград) 5—18(18—31).12.1917 у Мінску адбыўся першы ў гісторыі агульнанац. форум бел. народа — Усебеларускі з’езд. У ім удзельнічалі 1872 дэлегаты ад земстваў, гар. дум, Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Саветаў сял. дэпутатаў Беларусі, бел. паліт. партый, бежанскіх, прафесійных і інш. арг-цый. Выпрацаваная з’ездам канцэпцыя дэмакр. шляху да бел. дзяржаўнасці прадугледжвала ўтварэнне Усебеларускага Савета сял., салдацкіх і рабочых дэпутатаў, якому даручалася скліканне Бел. Устаноўчага сходу для канчатковага вызначэння дзяржаўна-палітычнага статусу Беларусі і фарміравання легітымных органаў улады. Такая перспектыва супярэчыла імкненням бальшавікоў Зах. фронту да ўстанаўлення сваёй манаполіі на ўладу на Беларусі. Паводле загаду СНК Зах. вобласці і фронту ў ноч на 18(31) снежня Усебел. з’езд быў разагнаны ўзбр. салдатамі.

З паліт. курсам бальшавікоў на ўсталяванне ў краіне класавай пралетарскай дыктатуры не стасавалася і скліканне Усерас. Устаноўчага сходу як агульнанароднага дэмакр. прадстаўнічага органа. На выбарах ва Устаноўчы сход (ліст.—снеж. 1917) у бел. губернях і на Зах. фронце 50,7% галасоў атрымалі бальшавікі, 32,2% — эсэры, астатнія галасы размеркаваліся паміж інш. партыямі. Аднак у цэлым па Расіі 62% выбаршчыкаў прагаласавалі за эсэраў і меншавікоў, 25% — за бальшавікоў, 5% — за кадэтаў. За адмову на пасяджэнні 5.1.1918 прыняць ультыматыўнае патрабаванне бальшавікоў аб прызнанні дэкрэтаў сав. улады Устаноўчы сход быў разагнаны, а дэманстрацыя ў Петраградзе ў яго падтрымку расстраляна. Працэс станаўлення ў Расіі парламентарызму быў гвалтоўна перапынены.

Лінія бальшавіцкага ўрада Расіі на падаўленне паліт. апазіцыі выявілася таксама ў прыняцці 27.10(9.11). 1917 Дэкрэта аб друку, паводле якога быў закрыты шэраг небальшавіцкіх газет; у забароне 28.11(11.12).1917 дзейнасці партыі кадэтаў; у разгоне ў студз. 1918 Усерасійскага Устаноўчага сходу; у паступовай ліквідацыі органаў мясц. самакіравання — земстваў і гар. дум. Фактычна была знішчана ранейшая судовая і праваахоўная сістэма, замененая партыйна-класавымі «рэвалюцыйнымі трыбуналамі». Новай сістэме ўлады былі ўласцівы цэнтралізацыя, аўтарытарызм, выкарыстанне дыктатарскіх метадаў кіравання. Пачалі ажыццяўляцца захады па стварэнні новай мадэлі эканомікі, заснаванай на «грамадскай», фактычна — дзяржаўнай уласнасці на сродкі вытворчасці. У ліст. 1917 пачалося ўвядзенне рабочага кантролю над вытворчасцю, размеркаваннем і фінансавай дзейнасцю. Да лют. 1918 рабочы кантроль устаноўлены на 67 найбуйнейшых прадпрыемствах Беларусі. Гэту меру бальшавікі разглядалі як важны крок да нацыяналізацыі прадпрыемстваў. У снеж. 1917 сав. ўлада нацыяналізавала ўсе прыватныя банкі, канфіскавала грашовыя сродкі насельніцтва, набытыя «непрацоўным шляхам». Нацыяналізацыі падлягалі чыгункі, чыг. майстэрні, пошта і тэлеграф, лесапільныя заводы, млыны, торфапрадпрыемствы. У лют. 1918 пачалася нацыяналізацыя кніжных кіёскаў, аптэк, кафэ, рэстаранаў і інш. У адпаведнасці з Дэкрэтам аб зямлі сав. ўлада пачала аграрныя пераўтварэнні. У канцы 1917—пач. 1918 у бел. вёсцы было экспрапрыіравана каля 13 тыс. прыватнаўласніцкіх гаспадарак.

Радыкальныя паліт. і сац.-эканам. эксперыменты бальшавіцкай улады на большай частцы Беларусі перапыніла наступленне германскай арміі ў лютым 1918.

Літ.:

Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1957;

Победа советской власти в Белоруссии. Мн., 1957;

Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство — союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917—1918). Мн., 1962;

Яго ж. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;

Яго ж. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Башко П.К. Советы рабочих, солдатских и крестьянских депутатов Белоруссии (март—октябрь 1917 г). Мн., 1987;

Нестеренко Е.И., Осмоловский В.П. Советы Белоруссии, окт. 1917 — янв. 1919. Мн.г 1989;

Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г. Мн., 1991;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Сяменчык М.Я. Грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый (сакавік 1917 — сакавік 1918 гг.). Ч. 1—2. Мн., 2001;

Рудовіч С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г. Мн., 2001.

С.​С.​Рудовіч.

Маніфестацыя ў Мінску ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1917.
Беларускія дэлегаты на 1-м Усерасійскім з’ездзе сялянскіх дэпутатаў. 1917.
Мітынг у Лунінцы. Лістапад 1917.
Выканком Магілёўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Лістапад 1917.
Загад №1 выканкома Мінскага Савета ад 25.10.1917.

т. 18, кн. 2, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЁ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ БЕЛАРУСІ ПАСЛЯ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ (2-я палова 1940-х—1950-я г.)

Народная гаспадарка. З пачатку вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў неабходна было за кароткі тэрмін ліквідаваць вынікі спусташальнай вайны, аднавіць і забяспечыць развіццё нар. гаспадаркі, знайсці рэсурсы для паляпшэння жыцця людзей. Людскія страты Беларусі за гады Вял. Айч. вайны (1941—44) склалі каля 3 млн. чал., што было больш за 11% ад агульных страт СССР. На катаржныя работы акупанты вывезлі каля 380 тыс. чал. У выніку ў 1945 у гаспадарцы рэспублікі рабочых і служачых было на 474 тыс. (на 53,3%) менш, чым у 1940. Толькі прамыя нар.-гасп. страты дасягалі 75 млрд. руб. (у цэнах 1941). Знішчана больш за палавіну нац. багацця Беларусі (страты па СССР складалі каля 30% нац. багацця). Па некаторых важных галінах (прамысловасць, энергетыка) эканоміка Беларусі была адкінута да ўзроўню 1913, а па агульным узроўні развіцця — да 1928. За гады вайны на Беларусі знішчана 209 (з 270) гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 сёл і вёсак, разбурана больш за 10 тыс. прадпрыемстваў (85% даваен. фабрык і заводаў).

Пасля вызвалення дзейнічалі толькі 2% даваен. энергетычных магутнасцей. Асабліва вял. страты панёс транспарт. У сельскай гаспадарцы захопнікі разрабавалі і спустошылі 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС. У параўнанні з 1940 на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйн. раг. жывёлы — прыблізна на ​2/3, коней — на 61%, свіней — на 89%, авечак і коз — на 78%.

З вызваленнем усх. раёнаў Беларусі ў вер. 1943 пачаліся аднаўленчыя работы. Аднак гэты працэс ускладняўся тым, што яшчэ больш як 1,5 года ішла вайна Сав. Саюза супраць фаш. Германіі і значная частка сродкаў накіроўвалася на патрэбы фронту. У гэтай сувязі гал. ўвага аддавалася аднаўленню цяжкай прамысловасці і транспарту, якія забяспечвалі наступленне сав. войск. У пач. 1944 адраджэнне эканомікі пачалося ў 36 вызваленых раёнах Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абл. У маі 1944 уведзены ў дзеянне гомельскія паравозарамонтны і цагельны з-ды, у жніўні — з-д «Гомсельмаш». У вызваленым 3.7.1944 Мінску ў пач. жніўня далі прадукцыю 13 фабрык і заводаў. Хутка аднаўляўся транспарт. Першы цягнік у Мінск прыйшоў на сёмы дзень пасля вызвалення — 10 ліпеня, у Маладзечна — 11, у Ліду — 19 ліпеня. За 1944 адноўлена і здадзена ў эксплуатацыю 196 маш.-буд. прадпрыемстваў, у т. л. 18 буйных, якія выраблялі ваен. матэрыялы, рамантавалі і збіралі самалёты, танкі, аўтамашыны і інш. тэхніку для патрэб фронту. Да мая 1945 пачалі працаваць каля 12 тыс. прамысл. аб’ектаў, у т. л. 8 тыс. прадпрыемстваў, 4 тыс. арцелей і майстэрань. З поўным вызваленнем рэспублік ад акупацыі пачаўся наступны этап адраджэння эканомікі Беларусі. У 1945 выраблена прамысл. прадукцыі ў 3,7 раза больш, чым у 1944; але яе аб’ём за гэты перыяд складаў каля 20% (па СССР — 92%), выпрацоўка электраэнергіі — 16, металарэзных станкоў — 3, фанеры і абутку — па 5%. Да канца 1945 адноўлена 2574 км гал. чыгуначных пуцей. Больш марудна адраджалася харч. прамысловасць. Да канца 1945 на Беларусі працавала 118 прадпрыемстваў гэтай галіны, якія давалі 18% валавой прадукцыі даваен. ўзроўню. У сельскай гаспадарцы вясной 1945 пасяўныя плошчы дасягнулі 73,8% даваенных. Валавы збор збожжа ў 1945 складаў каля 50% ад даваеннага, слаба развівалася грамадская жывёлагадоўля. Цяжкія вынікі вайны, захаванне пазаэканам. прымусу, адсутнасць матэрыяльнага заахвочвання абумовілі нізкія тэмпы аднаўлення агр. вытворчасці.

Пасля завяршэння вайны аднаўленчыя работы ў рэспубліцы яшчэ больш актывізаваліся. Матэрыяльная база аднаўлення фарміравалася за кошт цэнтралізаваных фін. асігнаванняў, паставак саюзнага ўрада, рээвакуацыі абсталявання бел. прадпрыемстваў і мат.-тэхн. каштоўнасцей з сав. тылу, дапамогі сав. рэспублік. Некаторай кампенсацыяй страт гаспадаркі Беларусі былі рэпарацыйныя пастаўкі з былых краін гітлераўскага блока. Падтрымку бел. народу аказвала міжнар. грамадства. На працягу 1945—47 Беларусь атрымала пэўную колькасць прадуктаў харчавання, адзення, абутку, мед. абсталявання, лекаў і інш. аб’ёмам каля 142 тыс. т на суму амаль 61 млн. долараў ЗША па лініі Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА).

Закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі БССР на 1946—50 гал. задачай ставіў аднаўленне нар. гаспадаркі ў межах даваен. ўзроўню і яе далейшае развіццё. Значную ролю ў яго выкананні адыгрывалі энтузіязм насельніцтва, парт. прапаганда ў спалучэнні з цвёрдым вытв. рэжымам, што захаваўся ад ваен. часу, сацыяліст. спаборніцтва. Найб. ўвага аддавалася цяжкай прамысловасці, найперш машынабудаванню. Ужо ў 1946 у параўнанні з папярэднім годам аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 1,5 раза, павысілася прадукцыйнасць працы. Паступова аднаўлялася паліўна-энергетычная база. У 1948 здабыча торфу складала 116,6% ад узроўню 1940. Да пач. 1949 агульная магутнасць электрастанцый рэспублікі дасягнула 116,3% даваен. ўзроўню. Змянялася структура прамысл. вытворчасці, зніжалася ўдзельная вага лёгкай, харч., лясной, дрэваапрацоўчай галін, затое расла доля электраэнергетыкі, машынабудавання, металаапрацоўкі. Пры агульным росце аб’ёму вытворчасці ўсёй прамысловасці на 115% у параўнанні з 1940 аб’ём машынабудавання і металаапрацоўкі вырас амаль у 2,4 раза, у т. л. машынабудавання ў ​3/4 раза. З мэтай удасканалення тэрытарыяльнай структуры прамысл. вытворчасці больш хуткімі тэмпамі ішло эканам. развіццё зах. абласцей БССР, дзе аб’ём валавой прадукцыі ў 1950 павялічыўся ў параўнанні з 1940 амаль удвая. Доля зах. абласцей у агульным аб’ёме прамысл. вытворчасці рэспублікі вырасла амаль да 15%. Марудна аднаўлялася вытворчасць тавараў нар. ўжытку. Лёгкая прамысловасць у 1950 у параўнанні з даваен. узроўнем выпусціла баваўняных тканін толькі 17,7%, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 33, бялізнавага трыкатажу 31,6%. Адставала і вытворчасць харч. прадукцыі. У канцы 4-й пяцігодкі мясаперапрацоўчая прамысловасць дала толькі 65% прадукцыі ў параўнанні з 1940, вытворчасць макаронных вырабаў склала 73, хлебабулачных — 57,3%.

На аднаўленні сельскай гаспадаркі неспрыяльна адбілася засуха 1946 (не выкананы планы сяўбы збожжавых і развіцця жывёлагадоўлі). Нізкія тэмпы развіцця с.-г. вытворчасці былі абумоўлены адсутнасцю матэрыяльнага стымулявання працы ў калгасах, непрадуманай падатковай палітыкай і планаваннем. Асаблівасці аднаўлення зах.-бел. вёскі выяўляліся ў пераводзе прыватнаўласніцкіх гаспадарак на «калектыўны шлях развіцця». Да канца 1946 там арганізаваны 133 калгасы (0,6% усіх сял. гаспадарак). Пасля некаторых падрыхтоўчых мерапрыемстваў у 1949 пачалася прымусовая масавая калектывізацыя, без уліку вопыту 1930-х г. Да канца 1950 пераважная частка сялян зах. абласцей Беларусі ўцягнута ў калгасы, якія аб’ядналі каля 84% гаспадарак. Разбурэнне традыцыйнага сялянскага ўкладу прывяло там да істотнага скарачэння пагалоўя жывёлы: буйн. раг. жывёлы прыкладна ў 8 разоў (у т. л. кароў — больш чым у 9), свіней — у 8 разоў. У цэлым за 4-ю пяцігодку ў агр. сектары Беларусі адбыліся пазітыўныя змены. Вытворчасць збожжа павялічылася на 12%, бульбы — на 15, ільновалакна — на 36%, цукр. буракоў — у 2,5 раза. Аднак па шэрагу важных галін сельская гаспадарка не выканала заданняў. У параўнанні з даваенным перыядам у 1950 пасяўныя плошчы складалі 94,3%, валавы збор збожжа — 98,4, бульбы — 80,3, пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 96,6, коней — 62, свіней — 64,4, авечак — 54,7%.

У 5-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі БССР на 1951—55 пастаўлены задачы павышэння матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця насельніцтва, актыўнага ўключэння ў навукова-тэхн. рэвалюцыю. Ажыццяўленню іх садзейнічаў перагляд эканам. палітыкі ў бок змяшчэння акцэнтаў у нар.-гасп. развіцці на карысць вытв-сці тавараў нар. ўжытку, павелічэння капіталаўкладанняў у лёгкую і харч. прамысловасць, сельскую гаспадарку. У 1-й пал. 1950-х г. уведзены ў дзеянне заводы падшыпнікавы, гадзіннікавы і буд. матэрыялаў у Мінску, цукровы ў Скідзелі, швейных машын у Оршы, шаўкаткацкая ф-ка ў Віцебску і інш. За 1951—55 пабудавана 1010 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных, аб’ём прамысловасці Беларусі павялічыўся больш чым у 2 разы, а колькасць прадпрыемстваў — толькі на 9%. Павялічыўся асартымент прамысл. вырабаў, наладжаны серыйны выпуск трактароў, грузавых аўтамабіляў, металарэзных станкоў. Пераадолена адставанне лёгкай і харч. прамысловасці, што дазволіла павялічыць амаль удвая вытворчасць тавараў нар. ўжытку. У гэты перыяд праведзены шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на аднаўленне матэрыяльнага стымулявання, удасканаленне планавання с.-г. вытворчасці, павышэнне яе самастойнасці: павышаны нарыхтоўча-закупачныя цэны, адменены абавязковыя пастаўкі з уласнай дапаможнай гаспадаркі і інш. У агр. сектары ўпершыню за пасляваен. гады адбыліся пэўныя зрухі, больш стала буйн.-раг. жывёлы, пабольшаў валавы збор с.-г. культур, пашырыліся механізацыя і электрыфікацыя. У параўнанні з 1950 вытворчасць мяса ў калгасах павялічылася на 41%, малака — на 28%, пасяўныя плошчы расшыраны на 540 тыс. га, магутнасць трактарнага парка вырасла ў 2 разы, колькасць збожжавых камбайнаў — у 4,8, грузавых аўтамабіляў — у 2,6 раза. Аднак карэнных змен у развіцці сельскай гаспадаркі не адбылося. Заданні 5-га пяцігадовага плана не былі выкананы па ўсіх асн. паказчыках, а па вытворчасці збожжа, бульбы, пагалоўі кароў, свіней, авечак не быў дасягнуты даваен. ўзровень. У 1958 для павышэння эфектыўнасці агр. вытворчасці былі ліквідаваны МТС, на іх базе створаны станцыі па рамонце с.-г. тэхнікі, а тэхніка перададзена калгасам за выкуп. Але неадкладны выкуп зношанага парка МТС паставіў шматлікія эканамічна слабыя калгасы ў цяжкае фін. становішча.

Грамадска-палітычнае жыццё. Гал. асаблівасцю сав. паліт. сістэмы, якая складалася з Камуніст. партыі, сав. дзяржавы, прафсаюзаў, камсамола, каап. аб’яднанняў, грамадскіх арг-цый, быў яе замкнуты характар. Ядром з’яўлялася Камуніст. партыя. Усе грамадска-паліт. арг-цыі дзейнічалі пад яе непасрэдным кіраўніцтвам.

ВКП(б) (потым КПСС).была не столькі палітычнай, колькі дзярж. арг-цыяй, мела ўсе функцыі заканадаўчай і выканаўчай улады. КП(б)Б з’яўлялася яе састаўной часткай. У 1945—46 пярвічныя парт. арг-цыі створаны на большасці прадпрыемстваў, у шэрагу калгасаў і саўгасаў. На 1.1.1946 у БССР было 48,2 тыс. членаў партыі, а ў пач. 1958—172,7, тыс. Парт. к-ты займаліся падборам і расстаноўкай кадраў. Пад гэты прынцып падпадала выбарчая сістэма ў саміх парт. органах, Саветах, усіх грамадскіх арг-цыях. Выбары павінны былі дэманстраваць поўную згоду мас з парт. ўстаноўкамі. Усе кандыдаты ў дэпутаты вылучаліся са згоды і па рэкамендацыі парт. органаў.

Паводле Канстытуцыі СССР гал. функцыі дзярж. кіраўніцтва і арганізацыі грамадскага жыцця належалі Саветам. У 1947 адбыліся выбары ў Вярх. Савет БССР (абраны 371 дэпутат), у 1948 — у мясц. Саветы (абрана 65 тыс. дэпутатаў). У задачы Саветаў уваходзіла аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне гарадоў і вёсак, развіццё культуры і адукацыі, паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва. Але яны не з’яўляліся сапраўднымі органамі народаўладдзя, а знаходзіліся на службе парт. апарату, які праз камуністаў праводзіў у жыццё свае рашэнні і дырэктывы. Колькасць членаў партыі ў мясц. Саветах пастаянна павялічвалася. Так, у 1948 пасля выбараў у мясц. Саветах Беларусі камуністы складалі 26,68%, у 1950—30,4, у 1953—35,6, у 1955—40,79%. З сярэдзіны 1950-х г. рабіліся спробы павысіць ролю Саветаў у кіраўніцтве краінай і грамадствам. У выніку роля рэсп. і мясц. Саветаў у кіраўніцтве эканомікай і грамадска-паліт. жыццём вырасла, актывізавалася заканадаўчая дзейнасць Вярх. Савета БССР. Ствараліся новыя камісіі па кіраўніцтве гасп. дзейнасцю ў мясц. Саветах.

Прафесійныя саюзы ў пасляваен. гады займаліся ў асн. арганізацыяй працоўных на выкананне вытв. планаў, сац. абарона рабочых і служачых ажыццяўлялася недастаткова. У 1946 у БССР налічвалася больш за 350 тыс. членаў прафсаюзаў (каля 70% агульнай колькасці працаўнікоў). Была адроджана ўся структура прафес. органаў (фабрычна-заводскія і мясц. к-ты, якія арганізоўвалі спаборніцтва працоўных, наладжвалі работу клубаў, дамоў культуры, садзейнічалі тэхн. творчасці, клапаціліся пра жыллёва-быт. ўмовы і інш.). У 1948 створаны Бел. рэсп. савет прафсаюзаў, абласныя саветы і к-ты, гар. і раённыя к-ты прафсаюзаў, адначасова дзейнічалі і галіновыя к-ты. Такім чынам, у будове прафсаюзаў спалучаліся галіновы і вытв.-тэр. прынцыпы, што адпавядала структуры парт. арг-цый. У адпаведнасці з рашэннямі снежаньскага (1957) пленума ЦК КПСС прадугледжваліся меры па павышэнні ролі прафсаюзаў у жыцці сав. грамадства, кіраўніцтве вытворчасцю, абароне правоў і інтарэсаў працоўных. Пад кіраўніцтвам прафсаюзаў на прадпрыемствах сталі дзейнічаць вытв. нарады. Але ўдасканаленне структуры, форм і метадаў іх дзейнасці адбывалася ў рамках адм.-каманднай сістэмы кіравання, якая выключала самастойнасць прафсаюзаў.

У жыцці моладзі вызначальную ролю адыгрываў камсамол (у СССР — ВЛКСМ, у БССР — ЛКСМБ), які займаўся пытаннямі патрыят. выхавання моладзі, яе шэфствам над новабудоўлямі і інш. Спробы перабудовы работы камсамола ў 2-й пал. 1950-х г. не выходзілі за межы структурных змен і ўмацавання ўлады бюракратычнага апарату над моладдзю. У Беларусі існавалі і інш. грамадскія арг-цыі тыпу ДТСААФ, ДНД, дваровыя і вулічныя к-ты, культ., навук.-спарт. і інш. аб’яднанні. Такім чынам, у першыя пасляваен. гады ў СССР і Беларусі захоўвалася паліт. сістэма, якая склалася ў 1920—30-я г. Прыкметай таго, што яна стала менш жорсткай, быў і ўказ Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 26.3.1947 аб скасаванні ў краіне смяротнага пакарання. На працягу 1948—49 у СССР не было вынесена ніводнага смяротнага прысуду. Аднак у студз. 1950 выйшаў новы ўказ, паводле якога смяротнае пакаранне зноў аднаўлялася. Відаць, гэта было звязана з пачаткам працэсаў па т.зв. «ленінградскай справе», па якой больш за 200 парт. і сав. работнікаў асудзілі, а некаторых прыгаварылі да расстрэлу. Актывізаваліся рэпрэсіі і ў Беларусі. Як і ў перадваен. час, да ліст. 1951 іх арганізатарам быў міністр дзярж. бяспекі БССР Л.​Ф.​Цанава. У канцы 1940-х г. ён паспрабаваў расправіцца з С.​В.​Прытыцкім, які ўзначальваў Гродзенскі абком партыі. I толькі дзякуючы прынцыповай пазіцыі ЦК КП(б)Б, найперш яго 1-га сакратара М.​С.​Патолічава, Прытыцкага здолелі абараніць. Шырокую агалоску ў 1951 атрымала т.зв. «справа Саевіча». Міністр асветы БССР П.​В.​Саевіч быў абвінавачаны ў змове з «югаслаўскімі рэвізіяністамі», трацкізме, нацыяналізме, «валютных махінацыях». Ваен. трыбунал БВА прыгаварыў яго да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У пасляваен. гады былі зноў рэпрэсіраваны бел. пісьменнікі А.​Александровіч, У.​Дубоўка, А.​Звонак, П.​Пруднікаў. Усяго ў студз. 1953 у лагерах СССР знаходзіліся 2 468 524 вязні. Пры гэтым асуджаныя па паліт. матывах складалі 21%.

Адукацыя, навука, культура. За гады вайны на Беларусі было знішчана каля 7 тыс. будынкаў навучальных устаноў, што значна ўскладніла працэс аднаўлення сістэмы адукацыі. Аднак ужо ў 1945/46 навуч. г. ў рэспубліцы працавала амаль 11 тыс. навуч. устаноў (1,3 млн. вучняў), з якіх 82% былі пачатковымі, 15% — сямігадовымі і толькі 3% — сярэднімі. На бел. мове заняткі вяліся ў 96,5% школ (у Мінску ў 50%). Больш за 40% навуч. устаноў размяшчаліся ў часовых і прыстасаваных памяшканнях. Адраджалася сістэма вячэрняй адукацыі (у 1951 дзейнічала 230 школ рабочай і 714 сельскай моладзі). На працягу 1949—52 уведзена абавязковае сямігадовае навучанне з пераводам выкладання на двухмоўную аснову. Значныя сродкі выдзяляліся на развіццё сярэдняй спец. адукацыі (у сярэдзіне 1950-х г. на Беларусі былі 123 тэхнікумы і вучылішчы). У 1950-я г. істотна скарацілася колькасць пачатковых школ пры адначасовым пашырэнні сярэдніх і сямігадовых навуч. устаноў. У 1955/56 навуч. г. ў рэспубліцы было 11,4 тыс. школ з 1,2 млн. вучняў, але ў гарадах практычна не засталося беларускамоўных школ.

Да канца вайны працу аднавілі 12 ВНУ (з 25), у іх было 600 выкладчыкаў, 5 тыс. студэнтаў. Цэнтрам вышэйшай адукацыі БССР быў Мінск, дзе акрамя 8 даваен. ВНУ (БДУ, ін-ты — пед., мед., політэхн., юрыд., нар. гаспадаркі, фіз. культуры, кансерваторыя) у 1945 адкрыты лесатэхн. (з 1961 тэхналагічны) і тэатральны (з 1953 тэатральна-мастацкі) ін-ты. Асаблівая ўвага звярталася на стварэнне пед. ін-таў, якіх у 1953 у БССР налічвалася 11 — у Гродне (1944), Брэсце (1950), Полацку (1953) і інш. Пры заснаванні новых ВНУ у 1-е пасляваен. дзесяцігоддзе перавага аддавалася спецыяльнасцям, неабходным для развіцця нар. гаспадаркі. Былі адкрыты Гродзенскі с.-г. ін-т (1951), Гомельскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1953), Мінскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1954). Недахоп выкладчыкаў вымушаў запрашаць на працу ў айч. ВНУ спецыялістаў з інш. рэспублік, што паскорыла русіфікацыю бел. вышэйшай школы, вяло да заняпаду вывучэнне нац. гісторыі і культуры (у БДУ нават часова была скасавана кафедра гісторыі Беларусі). Пры гэтым у 1950-я г. 1 студэнт у БССР прыпадаў на 550 чал. (у Украіне на 300).

Нягледзячы на амаль поўнасцю разбураную за час акупацыі доследна-эксперыментальную базу айч. навук. устаноў, ужо ў 1944 у Мінску аднавілі дзейнасць ін-ты гісторыі, эканомікі і сельскай гаспадаркі АН Беларусі. У 1946 працавала 38 навук. устаноў, у т. л. 21 НДІ. Запрашэнне на працу ў АН Беларусі спецыялістаў з вядучых навук. цэнтраў СССР дазволіла істотна павялічыць колькасны склад навук. супрацоўнікаў. У 1955 у 76 навук. установах рэспублікі працавала 4,1 тыс. чал. (125 дактароў і 1354 канд. навук). Былі адкрыты ін-ты філасофіі і права (1947), энергетыкі (1952), фізіялогіі (1953), фізікі і матэматыкі (1955), мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957). Паводле новага (1957) статута АН Беларусі падзялялася на 5 аддзяленняў: грамадскіх, фізіка-тэхн., фізіка-матэматычных, біял., хім. і геал. навук; было 38 акадэмікаў і 28 член-карэспандэнтаў, пад кіраўніцтвам якіх распрацоўвалася 258 навук. тэм (60 мелі агульнасаюзнае значэнне). Навук. праца шэрагу бел. вучоных была высока ацэнена: Дзярж. прэмію СССР атрымалі Г.​В.​Багамолаў (1947, 1952) і П.​І.​Альсмік (1951). За крытыку «лысенкаўскага» кірунку ў развіцці сав. біялогіі і абарону генетыкі ў кастр. 1947 зняты з пасады прэзідэнт АН Беларусі А.​Р.​Жэбрак; член-карэспандэнт А.​М.​Жырмунскі падвергся праследаванню за выступленне на Міжнар. кангрэсе геолагаў.

Актывізацыя знешнепалітычнай дзейнасці БССР. Новы этап знешнепаліт. дзейнасці Беларускай ССР пачаўся ў 1944, калі Вярх. Савет СССР прыняў 1 лютага Закон «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны камісарыят». У выніку саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Адначасова прыняты законы аб стварэнні вайсковых фарміраванняў саюзных рэспублік, аб скасаванні ўпраўленняў упаўнаважаных НКЗС СССР пры СНК саюзных рэспублік. На Беларусі такое ўпраўленне, створанае ў 1923 замест ліквідаванага тады рэсп. НКЗС, фактычна спыніла сваю дзейнасць у пач. 1930-х г. У сак. 1944 6-я сесія Вярх. Савета БССР, якая сабралася ў нядаўна вызваленым ад акупантаў Гомелі, абмеркавала пытанне аб стварэнні саюзна-рэсп. наркаматаў замежных спраў і абароны. У дакладзе Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР Н.​Я.​Наталевіча падкрэслівалася, што пашырэнне правоў саюзных рэспублік у галіне абароны і знешніх зносін з’яўляецца важным крокам у развіцці бел. дзяржаўнасці, адзначалася вялікае практычнае значэнне выхаду Беларусі на міжнар. арэну. Ён вылучыў 3 асноватворныя прынцыпы будучай знешнепаліт. дзейнасці рэспублікі: БССР выходзіць на міжнар. арэну як самастойная дзяржава ў складзе Саюза ССР; у сваёй знешняй палітыцы яна будзе абапірацца на ўзрастаючую гасп., паліт. і культурную моц усяго СССР; на міжнар. арэне Беларусь зойме належнае ёй месца, бо па ўзроўні прамысловай і с.-г. вытворчасці, культурнага развіцця, багатай гіст. мінуўшчыны, колькасці насельніцтва і тэрыторыі яна з поспехам вытрымлівае параўнанні з многімі дзяржавамі Еўропы і інш. кантынентаў. Наталевіч сфармуляваў бліжэйшыя мэты і задачы знешняй палітыкі Беларусі: рабіць усё магчымае для хутчэйшай перамогі над фашызмам і рыхтаваць рахунак Германіі за страты, якія Беларусь панесла ў гады вайны; умацоўваць палітыку міру, наладжваць і пашыраць сувязі з усімі свабодалюбівымі краінамі, найперш з дзяржавамі, саюзнымі па антыгітлераўскай кааліцыі; усталяваць дружалюбныя і добрасуседскія адносіны з Польшчай. У дакладзе былі вызначаны прынцыпы, мэты і задачы знешнепаліт. дзейнасці, якімі рэспубліка збіралася кіравацца ў перыяд заканчэння вайны і пасляваен. гады. 24.3.1944 Вярх. Савет БССР прыняў Закон «Аб стварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР». У адпаведнасці з ім Канстытуцыя БССР 1937 дапоўнена арт. 16а, паводле якога рэспубліка атрымала права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Змены, што тычыліся знешнепаліт. паўнамоцтваў вышэйшых органаў дзярж. улады, былі ўнесены і ў інш. артыкулы Канстытуцыі БССР. 30.3.1944 нам. Старшыні СНК БССР К.​В.​Кісялёў прызначаны наркомам замежных спраў Беларусі. У 1946 НКЗС перайменаваны ў Мін-ва замежных спраў БССР. Гал. прычынай прадастаўлення, а дакладней вяртання, саюзным рэспублікам знешнепаліт. правоў былі разлікі тагачаснага сав. кіраўніцтва атрымаць у асобе 16 саюзных рэспублік СССР дадатковыя галасы ў Арг-цыі Аб’яднаных Нацый (ААН) і на пасляваен. міжнар. канферэнцыях.

Першы этап знешнепаліт. дзейнасці БССР пасля аднаўлення НКЗС ахоплівае 1944—53. Гэта час другога (пасля 1918—22) выхаду Беларусі на міжнар. арэну, фарміравання асн. кірункаў дыпламат. актыўнасці Беларусі, станаўлення яе дыпламат. школы. У апошнія ваен. і першыя пасляваен. гады знешнепаліт. дзейнасць БССР была асабліва актыўная і прыкметная. Дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала ў працы Падрыхтоўчай камісіі ААН у Лондане (ліст.—снеж. 1945), 1-й і наступных сесій Ген. Асамблеі ААН, была абрана ў 1946 у члены Эканам. і Сац. Савета. Па ініцыятыве бел. дэлегацыі ў лют. 1946 прынята адна з першых рэзалюцый Ген. Асамблеі — аб выдачы і пакаранні ваен. злачынцаў. На працягу 1946—48 Беларусь прынята ў 4 спецыялізаваныя ўстановы ААН: Міжнар. саюз электрасувязі, Сусв. паштовы саюз, Сусв. метэаралагічную арг-цыю, Сусв. арг-цыю аховы здароўя (СААЗ). Аднак актыўнага ўдзелу ў іх працы не прымала, а з пачаткам «халоднай вайны» засяродзілася на канфрантацыі з зах. дзяржавамі. У 1949 дэлегацыі СССР, УССР, БССР і інш. краін Усх. Еўропы па распараджэнні саюзнага кіраўніцтва пакінулі СААЗ і працягвалі ўдзельнічаць толькі ў 3 з 11 спецыялізаваных устаноў ААН. У 1948 бел. дэлегацыя ўстрымалася ў ліку 8 дэлегацый у час прыняцця Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека, у 1950 байкатавала працу Ген. Асамблеі і астатніх органаў і камітэтаў ААН. Пазіцыя БССР па ўсіх пытаннях парадку дня Ген. Асамблеі і інш. органаў ААН дыктавалася неабходнасцю строгага выканання дырэктыў Палітбюро ЦК ВКП(б)—КПСС і асабіста І.​В.​Сталіна.

У 1946—53 дэлегацыя БССР унесла ў розныя органы ААН 21 прапанову, з якіх, аднак, былі прыняты толькі 3. У прыватнасці адхілены неаднаразовыя бел. прапановы па праблемах бежанцаў, перамешчаных асоб, апатрыдаў (асоб без грамадзянства) і беспадданых, якія прадугледжвалі прымусовую рэпатрыяцыю грамадзян Беларусі і асоб бел. нацыянальнасці. СССР, УССР і БССР галасавалі супраць стварэння Міжнар. арг-цыі па справах бежанцаў і Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў, адмовіліся ўдзельнічаць у іх працы і падпісаць Канвенцыю аб статусе бежанцаў ад 25.7.1951. Да канца 1950-х г. БССР падпісала 54 міжнар. дагаворы, канвенцыі і пагадненні, у т. л. Канвенцыю аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго (1948), Жэнеўскія канвенцыі аб абароне ахвяр вайны (1949). Амаль усе яны былі шматбаковымі і заключаліся ў рамках ААН і яе спецыялізаваных устаноў.

8.2.1947 Кісялёў выступіў з заявай урада БССР па германскім пытанні на нарадзе намеснікаў Савета Міністраў замежных спраў (СМЗС) у Лондане. У заяве патрабавалася ад Германіі выплаціць рэпарацыю на карысць Беларусі ў суме 1,5 млрд. долараў, што складала не больш за 10% ад агульнай сумы яе страт у гады вайны. Бел. ўрад выступаў за дэмілітарызацыю, дэмакратызацыю і дэнацыфікацыю Германіі, супраць яе расчлянення, але за ўстанаўленне кантролю над яе паліт. і эканам. жыццём з боку 4 дзяржаў-пераможцаў. У парадку разлікаў па рэпарацыях з Германіі на Беларусь вывезены 182 прадпрыемствы (больш за 30 тыс. адзінак абсталявання). 16.4.1948 Кісялёў выступіў на нарадзе намеснікаў СМЗС з заявай урада БССР па пытанні аб былых італьянскіх калоніях.

Статус паўнапраўнага члена ААН дазволіў Беларусі прыняць удзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі (29.7—15.10.1946), прысвечанай распрацоўцы мірных дагавораў дзяржаў-пераможцаў з былымі саюзнікамі фаш. Германіі (Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй). У рабоце канферэнцыі ўдзельнічалі дэлегацыі 21 дзяржавы, якія зрабілі найб. ўклад у перамогу над фаш. кааліцыяй, у т. л. СССР, УССР і БССР. У склад дэлегацыі БССР уваходзілі 7 паўнамоцных дэлегатаў (Кісялёў — кіраўнік, А.​Г.​Бондар, П.​В.​Лютаровіч, А.​А.​Чыжоў, Ф.​П.​Шмыгаў, Г.​Г.​Навіцкі, В.​І.​Фясько) і 2 прадстаўнікі (Н.​П.​Новак і У.​М.​Яшумаў). Бел. дэлегацыя, якая дзейнічала ў адпаведнасці з агульнасаюзнай лініяй і падзелам працы паміж 3 сав. дэлегацыямі, падтрымлівала праекты мірных дагавораў і выступала са сваімі прапановамі і заўвагамі. Члены дэлегацыі ўдзельнічалі ў рабоце 10 камісій, зрабілі 50 выступленняў у камісіях і на пленарных пасяджэннях канферэнцыі. Беларусь была абрана ў склад мандатнай камісіі, а Кісялёў узначальваў камісію па паліт. і тэр. пытаннях для Балгарыі і выступаў у абарону яе інтарэсаў. У італьянскай камісіі бел. дэлегацыя прапанавала свой варыянт італа-югаслаўскай граніцы, які прадугледжваў адыход да Югаславіі спрэчных тэрыторый са слав. насельніцтвам, аднак большасцю галасоў «беларуская лінія» была адхілена. Не прайшла і бел. папраўка аб удакладненні мяжы паміж Югаславіяй і Трыестам. Бел. дэлегацыя выказалася ў падтрымку ’рэпарацыйных патрабаванняў сав. ўрада да былых саюзнікаў фаш. Германіі, аднак не ставіла пытанне пра задавальненне рэпарацый непасрэдна на карысць Беларусі. У атмасферы вострай паліт. і дыпламат. барацьбы паміж сав. і зах. блокамі прадстаўнікі БССР часам праяўлялі спрошчаны, прапанаваны з Масквы, падыход да вырашэння канкрэтных пытанняў мірнага ўрэгулявання, выступалі супраць выкарыстання Міжнар. суда для вырашэння спрэчак адносна тлумачэння ці выканання мірных дагавораў з былымі саюзнікамі Германіі. У час канферэнцыі і пасля яе завяршэння кіраўніцтва Балгарыі і Югаславіі выказвала падзяку дэлегацыі Беларусі за адстойванне інтарэсаў гэтых дзяржаў. Тэксты гэтых мірных дагавораў канчаткова ўзгоднены ў ліст.—снеж. 1946 на сесіі СМЗС — СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі ў Нью-Йорку. 10.2.1947 міністр замежных спраў БССР Кісялёў падпісаў у Парыжы мірныя дагаворы з Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Італіяй і Фінляндыяй. 13.9.1947 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў іх.

Членства БССР у ААН дазволіла рэспубліцы атрымаць міжнар. дапамогу з боку Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА), якая ў 1943—47 дзейнічала з мэтай аказання дапамогі ў аднаўленні эканомікі краінам, што пацярпелі ад дзяржаў фаш. «восі» ў выніку 2-й сусв. вайны. 18.12.1945 у Вашынгтоне падпісана пагадненне паміж урадам БССР і ЮНРРА аб пастаўках тавараў, абсталявання і харчавання ў Беларусь на суму 61 млн. дол. да 30.6.1946 (пазней яго тэрмін прадоўжаны да 31 снежня). Праграма паставак ЮНРРА для Беларусі выконвалася з канца 1945 да 31.3.1947 (некаторыя тавары паступалі і пасля яе заканчэння). Беларусь атрымала тавараў на суму 60 820 000 дол. агульнай вагой каля 142 тыс. т. На падставе пагаднення ў Мінску дзейнічала місія ЮНРРА, якая назірала за размеркаваннем паставак. Асн. катэгорыямі паставак былі харч. тавары, прамысл. і с.-г. абсталяванне, адзенне і абутак, мед. абсталяванне і лекі. Большую частку складалі тавары з ЗША. Памер атрыманай Беларуссю дапамогі складаў 2,6% паставак ЮНРРА для Еўропы ў доларах і 0,9% у вазе. Дапамога ЮНРРА, нягледзячы на ўсю яе эканам. і маральна-паліт. значнасць, задавальняла толькі самыя неабходныя патрэбы рэспублікі.

Яскравай праявай знешнепаліт. дзейнасці Беларусі было пагадненне паміж урадам БССР і Польскім к-там нац. вызвалення (ПКНВ) ад 9.9.1944 аб эвакуацыі бел. насельніцтва з тэр. Польшчы і польскіх грамадзян з тэр. Беларусі. Яго падпісалі старшыні СНК БССР П.​К.​Панамарэнка і ПКНВ Э.​Асубка-Мараўскі. Пагадненне датычылася рэпатрыяцыі бел. і польскага насельніцтва ў сувязі са зменай савецка-польскай граніцы ў выніку падпісання адпаведнага дагавора 16.8.1945. У адпаведнасці з пагадненнем рэпатрыяцыі падлягалі ўсе грамадзяне бел., укр., рус. і русінскай нацыянальнасцей, што пражывалі на тэр. Польшчы (на З ад «Керзана лініі») і жадалі перасяліцца на Беларусь, а таксама ўсе палякі і яўрэі, якія былі ў польскім грамадзянстве да 17.9.1939, пражывалі ў Зах. Беларусі і жадалі перасяліцца ў Польшчу. Асн. хваля рэпатрыяцыі адбылася ў 1944—46. У 1944—48 у Польшчу з СССР перасяліліся 1 417 583 чал., у т. л. з Украіны амаль 788 тыс. (каля 52%), Беларусі 274 163 (18%). Пераважная частка перасяленцаў накіроўвалася на зах. землі Польшчы, якія яна атрымала за кошт тэр. Германіі паводле Патсдамскіх пагадненняў 1945. Паміж урадамі СССР і Польшчы 6.7.1945 падпісана пагадненне аб праве на выхад з сав. грамадзянства асоб польскай і яўр. нацыянальнасцей, што пражывалі ў СССР, аб іх эвакуацыі ў Польшчу і аб праве на выхад з польскага грамадзянства асоб рус., укр., бел., русінскай і літоўскай нацыянальнасцей, якія пражывалі на тэр. Польшчы, і аб іх выездзе ў СССР. Гэта пагадненне датычыла гал. чынам палякаў і яўрэяў, дэпартаваных у аддаленыя раёны СССР у 1939—41. Усяго ў Польшчу, паводле падліку бел. эмігранцкага гісторыка М.​Волаціча, у 1944—49 пераселена 674 тыс. выхадцаў з бел. этнічнай тэрыторыі (з улікам Віленшчыны і тых, хто пераехаў з інш. краін), у т. л. 120 тыс. палякаў, 469 тыс. беларусаў (пераважна католікаў, якія падалі сваю нацыянальнасць як польскую), 85 тыс. яўрэяў. З Польшчы ў СССР за перыяд з вер. 1944 да снеж. 1946 перасялілася 518 219 чал., у т. л. ў БССР 35 961 чал. Кіраўніцтва БССР аддавала значную ўвагу пытанням перасялення. У 1944—46 на пасяджэннях бюро ЦК КП(б)Б яны разглядаліся 16 разоў, прынята 5 сумесных пастаноў СНК БССР і ЦК КП(б)Б. Парт.-дзярж. кіраўніцтва БССР неаднаразова звяртала ўвагу парт. і сав. органаў на сур’ёзныя недахопы ў правядзенні перасяленчай кампаніі, у т. л. на рэгістрацыю беларусаў-католікаў на выезд у Польшчу, факты безгаспадарнасці і бяздушныя адносіны да беларусаў, якія прыбывалі з Польшчы. Пасля заканчэння рэпатрыяцыі ў СССР засталося каля 680 тыс. т.зв. «забужанскіх» палякаў, у т. л. 250 тыс. жыхароў Беларусі. 25.3.1957 у Маскве падпісана пагадненне аб тэрмінах і парадку далейшай рэпатрыяцыі з СССР асоб польскай нацыянальнасці.

Сав. ўрад выказаў гатоўнасць садзейнічаць добраахвотнай рэпатрыяцыі палякаў, якія мелі сем’і ў Польшчы, а таксама тых, хто раней не змог скарыстацца правам на рэпатрыяцыю, сваякам рэпатрыянтаў у СССР.

Паводле дагавора паміж СССР і Польшчай аб сав.-польскай дзярж. граніцы ад 16.8.1945 сав. ўрад перадаў Польшчы са складу БССР Беластоцкую вобл. і частку Белавежскай пушчы. Ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобл. з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. Польскі бок перадаваў БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. Ад Беларусі была адрэзана тэрыторыя плошчай 14,3 тыс. км² з насельніцтвам каля 638 тыс. чал. (паводле польскага перапісу 1946). Дэмаркацыя граніцы завяршылася ў крас. 1947. Да 1955 бел.-польская граніца, паводле рашэнняў сав. ўрада, перасоўвалася на У 4 разы. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора былі зроблены без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў Беларусі, чые інтарэсы ён непасрэдна закранаў. Беларусь і Украіна не мелі дыпламат. адносін з замежнымі дзяржавамі. У 1945 сав. ўрад не падтрымаў прапанову польскага боку пра адкрыццё консульстваў Польшчы ў Кіеве, Мінску і Вільнюсе.

Пасля смерці Сталіна і прыходу да ўлады новага кіраўніцтва, асабліва пасля XX з’езда КПСС (1956) знешнепаліт. дыктат цэнтра ў адносінах да саюзных рэспублік аслабеў, пашырыліся магчымасці ўдзелу Беларусі ў міжнар. жыцці. У 1958 адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН у Нью-Йорку, у 1962 — пры Еўрап. аддзяленні ААН у Жэневе, пры ЮНЕСКА у Парыжы; пашырылася і кола спецыялізаваных устаноў ААН, у якія разам з СССР і Украінай уступіла Беларусь. У 1954 яна стала членам Міжнар. арг-цыі працы і ЮНЕСКА, у 1957 — МАГАТЭ, пачала ўдзельнічаць у праграмах тэхн. дапамогі ААН слабаразвітым краінам. Аднак для знешнепаліт. дзейнасці БССР было ўласціва прамаруджванне ў далучэнні да асобных міжнар. пактаў ці іх ратыфікацыі, неадпаведнасць рэсп. заканадаўства пэўным палажэнням міжнар. пактаў (асабліва па правах чалавека). У 1953 пры Савеце Міністраў БССР створана Упраўленне па замежным турызме. У 1955 Беларусь наведалі першыя групы іншаземных турыстаў, больш за 100 яе пасланцоў пабывалі за мяжой. Пачало функцыянаваць Бел. аддзяленне Усесаюзнай гандл. палаты. Аднак гандл. сувязі былі невялікія па памерах і асартыменце. Экспартныя пастаўкі з Беларусі ў гэты час уключалі 15—18 таварных пазіцый, большасць якіх прыпадала на сыравіну. Толькі з сярэдзіны 1950-х г. у экспарце павялічылася доля машын і абсталявання. Напр., Фінляндыя ў 1955 набыла 25 трактароў Мінскага з-да; у 1956 больш за 100 прадпрыемстваў рэспублікі пастаўлялі сваю прадукцыю ў 47 краін. Асн. частка прадукцыі бел. прадпрыемстваў накіроўвалася краінам — членам Савета Эканам. Узаемадапамогі (СЭУ), прыкладна ​1/3 яе — усім астатнім дзяржавам.

З сярэдзіны 1950-х г. развіваліся сувязі прыгранічных, а пазней — і ўнутраных абласцей, краёў, гарадоў, раёнаў на аснове дагавораў аб супрацоўніцтве з аналагічнымі адм.-тэр. адзінкамі краін — членаў СЭУ. У 1956 Гродзенская і Брэсцкая вобл. першыя заключылі пагадненні з прыгранічнымі Беластоцкім і Люблінскім ваяв. Польшчы. Па лініі мясц. органаў улады новы імпульс набылі сувязі параднёных гарадоў СССР, у т. л. і БССР, і замежных дзяржаў. Першымі былі Мінск і Нотынгем (Вялікабрытанія), якія сталі пабрацімамі ў 1957. Актывізацыі міжнар. кантактаў насельніцтва садзейнічала стварэнне новых грамадскіх арг-цый. К-т маладзёжных арг-цый БССР, засн. ў 1958, наладзіў сувязі з саюзамі і аб’яднаннямі моладзі больш як 20 краін свету. Падтрымліваючы міжнар. рух прыхільнікаў міру, Бел. к-т абароны міру (засн. ў 1951) і працоўныя рэспублікі сталі ўдзельнікамі многіх акцый, што праводзіліся на тэр. рэспублікі: мітынгаў, міжнар. сустрэч, кангрэсаў. Пашырыліся функцыі і сац. база Бел. т-ва культурных сувязей з заграніцай (засн. ў 1952, у 1958 рэарганізавана ў Бел. т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі). Хоць сфера знешнепаліт. дзейнасці БССР (як і УССР) была шырэйшая, чым інш. саюзных рэспублік, але практычна ўсе пытанні адносін з замежнымі дзяржавамі, міжнар. арг-цыямі вырашаліся сав. урадам і саюзнымі органамі.

Расшырэнне правоў БССР. У першыя пасляваен. гады дзейнасць заканадаўчых органаў засяроджвалася найперш на адраджэнні нар. гаспадаркі рэспублікі. У гэтых умовах грамадзянскае права было скіравана на ўмацаванне дзярж. уласнасці, планавага пачатку ў нар. гаспадарцы, удасканаленне прававых форм эканам. сувязей паміж гасп. арг-цыямі. Напр., пытанні, звязаныя з устанаўленнем дагаворных адносін, урэгуляваны пастановай Савета Міністраў СССР ад 21.4.1949 «Аб заключэнні гаспадарчых дагавораў», дзе падкрэслівалася неабходнасць заключэння дагавораў, па якіх прадпрыемствы абавязваліся афармляць гасп. сувязі па пастаўках прадукцыі. З 1950 гэтыя дагаворы заключаліся ў нарматыўна ўстаноўленыя тэрміны.

Было некалькі пашырана права асабістай уласнасці. У адпаведнасці з указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Аб праве грамадзян на куплю і будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў» ад 26.8.1948, грамадзяне маглі купіць або пабудаваць 1 - ці 2-павярховы дом з 1—5 пакоямі. У сувязі з тым, што гэты дакумент устанаўліваў адзіную норму для ўсяго СССР, Прэзідыум Вярх. Савета БССР указам ад 4.3.1949 прыняў нормы Грамадзянскага кодэкса БССР аб праве грамадзян на куплю і будаўніцтва жылога дома. У вер. 1953 забаронена адм. высяленне грамадзян з ведамасных дамоў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам.

Адбыліся змены і ў грамадзянска-працэсуальным заканадаўстве. Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 24.7.1946 удакладнены правамоцтвы нар. судоў. З гэтага часу разгляду нар. суда падлягалі ўсе справы па спрэчках, што ўзнікалі з грамадзянскіх адносін: калі адным ці абодвума бакамі былі прыватныя асобы; дзярж. і грамадскіх арг-цый паміж сабой па камунальных паслугах; калгасаў паміж сабой і з дзярж. і грамадскімі арг-цыямі (акрамя зямельных спрэчак калгасаў), аб працоўных канфліктах рабочых і служачых. Адпаведныя змены ў 1955 унесены ў Грамадзянска-працэсуальны кодэкс. Цяпер па спрэчках паміж дзярж., каап. (акрамя калгасаў) і інш. грамадскімі арг-цыямі нар. суды разглядалі толькі справы, што вынікалі з дагавораў аб карыстанні камунальнымі паслугамі на суму больш за 100 руб., а з дагавораў перавозак — на суму ад 100 да 1000 руб.

На аснове пастановы Савета Міністраў БССР ад 8.4.1946 Дзярж. арбітраж рэспублікі праводзіў абследаванне і інструктаж мясц. органаў, інструктаваў ведамасныя арбітражы. Органы арбітражу ўзмацнілі барацьбу з парушэннямі фін., планавай і дагаворнай дысцыпліны ў дзейнасці гасп. арг-цый, паведамлялі Савету Міністраў, аблвыканкомам, мін-вам і ведамствам пра выяўленыя недахопы ў рабоце дзярж. органаў і прадпрыемстваў, уносілі прапановы па іх устараненні, у неабходных выпадках даводзілі да ведама органаў пракуратуры аб парушэннях закона для прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Зямельнае права рэгулявалася рэсп. заканадаўствам і тычылася гал. чынам сферы с.-г. землекарыстання. З пач. узбуйнення дробных калгасаў у 1950 устаноўлена, што зямельныя ўгоддзі аб’яднаных с.-г. арцелей злучаюцца ў адзіны зямельны масіў. У сувязі з масавай калектывізацыяй сельскай гаспадаркі ў зах. абласцях Беларусі ўдакладнялася прававое рэгуляванне прысядзібнага землекарыстання калгаснікаў і сялян-аднаасобнікаў. У 1955 уведзены абавязковы дзярж. ўлік наяўнасці і размеркавання зямлі па ўгоддзях і землекарыстальніках, дзярж. рэгістрацыя ўсіх землекарыстанняў па адзінай агульнасаюзнай сістэме. Уліку падлягалі ўсе землі, якія знаходзіліся ў карыстанні калгасаў, саўгасаў, гарадоў і вёсак, дзярж., каап. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый, аднаасобных сял. гаспадарак і асобных грамадзян, а таксама землі дзярж. зямельнага запасу і дзярж. ляснога фонду.

Крымінальнае заканадаўства Беларусі значна ўзмацняла барацьбу з цяжкімі злачынствамі і павышала крымінальную адказнасць за іх учыненне, адначасова звужала сферу крымінальных рэпрэсій за дробныя правіннасці. Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 26.5.1947 адменена смяротная кара, а ў якасці вышэйшай меры пакарання прадугледжвалася зняволенне на 25 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Аднак 12.1.1950 смяротнае пакаранне адноўлена ў адносінах да здраднікаў радзімы, шпіёнаў і дыверсантаў, а ў 1954 пашырана і на асоб, што ўчынілі наўмысныя забойствы пры абцяжваючых абставінах. У 1950-я г. пачалося звужэнне сферы крымінальнай адказнасці. Так, у 1955 адменена крымінальная адказнасць за самавольны праезд у таварных цягніках, за продаж, абмен і водпуск на бок кіраўнікамі прадпрыемстваў і арг-цый абсталявання і матэрыялаў; у 1956 — у адносінах да рабочых і служачых за самавольнае пакіданне прадпрыемстваў і ўстаноў, прагул без уважлівай прычыны. 25.12.1958 Вярх. Савет СССР прыняў Асновы крымінальнага заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублік, у якім рэгламентаваліся найб. важныя пытанні сав. крымінальнага заканадаўства. Такім чынам, у пасляваенны перыяд заканадаўства развівалася ў рэчышчы ўмацавання пазіцый дзяржавы ва ўсіх сферах праваадносін. Галоўным у тагачаснай заканадаўчай палітыцы было аднаўленне нар. гаспадаркі і скасаванне шэрагу законаў ваен. часу.

У вер. 1946 Вярх. Савет БССР зацвердзіў 1-ы пасляваен. пяцігадовы план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі рэспублікі на 1946—50, а таксама ўказы Прэзідыума Вярх. Савета «Аб пераўтварэнні Савета Народных Камісараў БССР у Савет Міністраў БССР», «Аб утварэнні новых саюзна-рэспубліканскіх міністэрстваў» і інш. 9.2.1947 адбыліся выбары ў Вярх. Савет БССР, які адпаведна выбраў новы Прэзідыум Вярх. Савета, стварыў урад і Вярх. суд рэспублікі, рэдакцыйную камісію па ўнясенні змен і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларускай ССР, прыняў 55 розных актаў, у т. л. 15 законаў, 27 пастаноў па пытаннях фарміравання цэнтр. органаў дзярж. улады. У ліп. 1947 Вярх. Савет прыняў Закон «Аб змяненні і дапаўненні тэксту Канстытуцыі БССР», у адпаведнасці з якім за вышэйшымі органамі дзярж. улады замацавана права на прыняцце заканадаўства аб шлюбе і сям’і, зацвярджэнне справаздачы аб выкананні дзяржбюджэту БССР, унясенне ўдакладненняў у гарантыі правоў грамадзян на адпачынак, адукацыю і інш. Актыўную работу праводзіў Прэзідыум Вярх. Савета БССР, у складзе якога дзейнічалі канцылярыя Прэзідыума, прыёмная Старшыні Прэзідыума, а таксама аддзелы: інфармац.-статыстычны, юрыд., па ўліку і рэгістрацыі ўзнагароджаных, па падрыхтоўцы да разгляду хадайніцтваў аб памілаванні, фін.-гаспадарчы. На працягу 1946—55 ён кіраваў арганізац.-масавай работай мясц. Саветаў, зацвярджаў палажэнні аб выбарах, прымаў указы аб парадку іх правядзення, вырашаў пытанні адм.-тэр. падзелу ў рэспубліцы, ратыфікаваў міжнар. дагаворы, вырашаў міжнар.-прававыя пытанні і інш.

Пасля XX з’езда КПСС (лют. 1956) праца вышэйшых органаў дзярж. улады Беларусі актывізавалася. Прэзідыум Вярх. Савета стаў склікаць сесіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі — не радзей як 2 разы на год. У яго заканадаўчай дзейнасці пачала выяўляцца агульнасаюзная тэндэнцыя пашырэння правоў саюзных рэспублік у вырашэнні пытанняў гасп. і сац.-культ. будаўніцтва. Пашырыліся кантрольна-наглядная і гасп. функцыі Вярх. Савета БССР, створаны новыя камісіі: заканадаўчых прапаноў, па замежных справах, мандатная; у 1957 — па нар. адукацыі і культ.-асв. рабоце, ахове здароўя і сац. забеспячэнні, жыллёвым будаўніцтве, сельскай гаспадарцы. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР на кожнай сесіі Вярх. Савета новага склікання фарміраваўся склад урада — Савета Міністраў БССР. Гал. звёнамі яго апарату былі групы па галінах нар. гаспадаркі і сац.-культ. будаўніцтве (13 у 1949), 5 аддзелаў (арганізац.-інструктарскі, ваенны, прававы, кадраў, агульны) і сакратарыяты; у крас. 1949 арганізаваны групы па штатах і кантролі, у 1950 — па ўзнагароджанні перадавікоў сельскай гаспадаркі. У студз. 1955 у апараце Савета Міністраў БССР замест груп створаны 15 галіновых аддзелаў. 18.7.1955 апарат Савета Міністраў рэарганізаваны: галіновыя аддзелы скасаваны, замест іх створана рэферантура па мін-вах і ведамствах. У 1957 у краіне ажыццёўлена перабудова кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам. У адпаведнасці з Законам СССР ад 10.5.1957 «Аб далейшым удасканаленні арганізацыі кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам» з мэтай больш аператыўнага кіравання нар. гаспадаркай на Беларусі створаны эканам.-адм. раён, кіраўніцтва нар. гаспадаркай рэспублікі ад саюзна-рэсп. мін-ваў і ведамстваў перайшло да Савета нар. гаспадаркі БССР.

Асновай судовай сістэмы з’яўляліся нар. суды, на якія былі ўскладзены задачы па ахове сацыяліст. уласнасці, правоў і законных інтарэсаў грамадзян, умацаванні законнасці і правапарадку. На Беларусі нар. суды дзейнічалі ў кожным адм. раёне (горадзе), у буйных раёнах і гарадах стваралася некалькі ўчасткаў нар. судоў. У ліп. 1947 Савет Міністраў БССР зацвердзіў 262 участкі нар. судоў; да 1.11.1948 дадаткова створана 11 участкаў. Нар. суды разглядалі большасць крымінальных і грамадзянскіх спраў. Значна пашыраны паўнамоцтвы абласных судоў і Вярх. суда рэспублікі. У 1948 пры Вярх. судзе БССР створана калегія, якая разглядала справы аб дысцыплінарных парушэннях старшынь і членаў абласных судоў. У 1954 у Вярх. судзе ўтвораны прэзідыум, які ў парадку нагляду разглядаў крымінальныя і грамадзянскія справы па пратэстах Ген. пракурора СССР, Старшыні Вярх. Савета СССР, пракурора і старшыні Вярх. суда БССР на прыгаворы судовых калегій Вярх. суда БССР. 12.2.1957 Вярх. Савет СССР прыняў палажэнне аб Вярх. судзе СССР, паводле якога павышалася роля Вярх. судоў саюзных рэспублік у ажыццяўленні нагляду за разглядам спраў судамі рэспублік. У адпаведнасці з Палажэннем аб пракурорскім наглядзе ў кастр.—ліст. 1955 на Беларусі створаны міжраённыя пракуратуры, якія дзейнічалі на тэр. 2—3 адм. раёнаў. У канцы 1958 на Беларусі дзейнічалі раённыя, міжраённыя, гар. пракуратуры, пракуратура Мінска, абл. пракуратуры, пракуратура рэспублікі. Такім чынам, у пасляваен. перыяд заканадаўчая дзейнасць Вярх. Савета БССР і распарадчыя функцыі Савета Міністраў рэспублікі актывізаваліся. Але яны будаваліся на аснове заканатворчасці Саюза ССР. Суд і пракуратура выконвалі тыя пастановы, якія зыходзілі ад вышэйшых агульнасаюзных органаў: ЦК КПСС, Вярх. Савета СССР, Вярх. суда СССР, Ген. пракуратуры СССР.

Літ.:

Купрэвіч В.Ф. Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1958;

Белорусская ССР в международных отношениях: Междунар. договоры, конвенции и соглашения Бел. ССР с иностр государствами (1944—1959). Мн., 1960;

Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;

Белязо А.П. Беларуская вёска ў пасляваенныя гады. Мн., 1974;

Киселев К.В. Записки советского дипломата. М., 1974;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;

История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. Мн., 1976;

Снапковский В.Е. Белорусская ССР в ООН (1945—1985 гг.). Мн., 1985;

Яго ж. Путь Беларуси в ООН, 1944—45 гг. Мн., 1994;

Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі ў 1944—1953 гг. Мн., 1997;

Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1988;

На пороге кризиса: нарастание застойных явлений в партии и обществе. Мн., 1990;

Осипов А.Г. Крах административно-командной системы, М., 1990;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;

Яго ж. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000;

Нарысы гісторыі Беларусі, Ч. 2. Мн., 1995;

Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000;

Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 4—5. Мн., 2001—02;

История Беларуси. Мн., 2001;

Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

Ю.​Л.​Грузіцкі (народная гаспадарка), І.​І.​Гвардзееў (грамадска-палітычнае жыццё, расшырэнне правоў БССР), А.​Ф.​Самусік (адукацыя, навука, культура), У.​Е.​Снапкоўскі (актывізацыя знешнепалітычнай дзейнасці БССР).

Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага завода: МАЗ-200 (уверсе) і 1-ы 40-тонны самазвал 1950.
Сустрэча генеральнага сакратара ААН Д.​Хамаршэльда ў Мінскім аэрапорце. Чэрвень 1956.

т. 18, кн. 2, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)