транс...,

першая частка слоў, якая абазначае рух ці перадачу цераз нешта.

т. 15, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯТЫ́ЎНЫ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, у якім фіксуюцца семантычныя сувязі паміж словамі (з указаннем іх частаты), выяўленыя ў выніку прамога псіхалінгвістычнага апытання носьбітаў мовы (інфармантаў).

Інфармантам даецца слова-стымул і прапануецца адказаць на яго першым словам-рэакцыяй (свабодны асацыятыўны эксперымент) альбо сінанімічнымі, антанімічнымі, тэматычна звязанымі і інш. словамі-рэакцыямі (накіраваны асацыятыўны эксперымент). Вынікі такіх эксперыментаў афармляюцца ў выглядзе розных тыпаў асацыятыўных слоўнікаў. Прамы асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-стымулаў і ўсіх выяўленых на іх слоў-рэакцый ці толькі тых, што сустрэліся ў адказах 10 і больш інфармантаў, т.зв. ўстойлівыя асацыяцыі. Адваротны асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-рэакцый і ўсіх слоў-стымулаў, што выклікалі іх, ці толькі тых, якія з’яўляюцца ўстойлівай асацыяцыяй. Слоўнік асацыятыўных нормаў сумяшчае рысы прамога і адваротнага асацыятыўных слоўнікаў. Асацыятыўны тэзаўрус на падставе выяўленых сувязяў паміж словамі пэўнай мовы групуе іх у семантычныя палі, вызначае ўзаемаадносіны паміж імі і гэтак далей

На Беларусі выдадзены толькі прамы «Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы» А.​І.​Цітовай (1981).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЛАГІ́ЗМ (ад неа... + грэч. logos слова),

слова або спалучэнне слоў, утвораныя для абазначэння новых прадметаў, паняццяў, з’яў ці для замены іх старых назваў. Напр., «газамабіль» (аўтамабіль, які працуе на газавым паліве). Прыналежнасць слоў да Н. — уласцівасць адносная і гістарычная. З часам Н. ўваходзяць у актыўны слоўнікавы склад лексікі і перастаюць успрымацца як новыя словы («саўгас», «касмадром» і інш.), або, наадварот, пераходзяць у разрад гістарызмаў («камбед»), Н. — пераважна назоўнікі, радзей — прыметнікі, дзеясловы; сярод займеннікаў, лічэбнікаў, службовых слоў не сустракаюцца. Н. падзяляюць на лексічныя, якія выступаюць у мове як назвы прадметаў, з’яў («гагарыніт»), і семантычныя — новыя значэнні вядомых слоў: «банк» (у выразе «банк новых ідэй»), Лексічныя і семантычныя Н. ўваходзяць у лексічную сістэму мовы і з’яўляюцца агульнамоўнымі. У бел. мове сярод сучасных Н.: «луніт», «гідробус», «акванаўт», «брыфінг» і інш. Шырокае распаўсюджанне атрымалі індывідуальна-стылістычныя, або аўтарскія, Н. — аказіяналізмы, якія створаны пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі толькі ў пэўным кантэксце. Напр., «заістужыць», «распарасоніцца» (У.​Дубоўка), «грыбазбіры» (П.​Панчанка), «ад’юбілеіць» (В.​Вітка). Асобныя аўтарскія Н. могуць пераходзіць у катэгорыю агульнаўжывальных слоў.

Літ.:

Брагина А Неологизмы в русском языке. М., 1973;

Новые слова и словари новых слов. Л., 1978—83;

Казейка І.П. Паняцце неалагізма ў сучасным мовазнаўстве // Бел. лінгвістыка. Мн., 1988. Вып. 34.

т. 11, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРА... (ад грэч. mikros малы), 1) дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10​−6 зыходным адзінкам. Пазначаецца мк. Напр., 1 мкг (мікраграм) = 10​−6 г, 1 мкКл (мікракулон) = 10​−6 Кл.

2) Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малы памер чаго-небудзь (напр., мікраарганізм, мікрасхема), а таксама слоў, звязаных з вывучэннем або вымярэннем малых велічынь (напр., мікраскоп, мікрабіялогія).

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАМБУ́Р (франц. calembour),

гульня слоў, стылістычны зварот у вершы, мове, жарце, пабудаваны на камічным абыгрыванні аднолькавых ці блізкіх па гучанні слоў або словазлучэнняў пры іх розным значэнні. Звычайна ўтвараюцца пры дапамозе амонімаў, амафонаў, паронімаў. Напр., К. з верша Р.​Барадуліна «Тры прыступкі»:

У суседзяў стрэхі саламелі
Мелі хлеб тут і да сала мелі,
Тут багата чулася Літва.
Ды пчалою сэрца Саламеі
Рвалася з зацішнага лятва.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХІ... (ад грэч. брахі... кароткі),

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае «кароткі», напр., брахікалан, брахікефалія.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРА... (ад грэч. pyr агонь), першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь з агнём.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

...АРХІЯ (ад грэч. archē улада, вяршэнства),

частка складаных слоў, якая абазначае форму ўлады, кіравання, напр., алігархія, манархія.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АА... (грэч. ōon яйцо),

частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да яйца (яйцаклеткі), напр., аагамія, ааспора.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТ... (ад лац. post пасля), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае «пасля», «пазней», напр. постадаптацыя, постмадэрнізм.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)