АКЦЯБРЫ́СТЫ, «Саюз 17 кастрычніка»,
праваліберальная партыя чыноўнікаў, памешчыкаў і буйной гандлёва-прамысл. буржуазіі ў Рас. імперыі ў 1905—17. Створана пасля апублікавання Маніфеста 17 кастрычніка 1905 (октября — адсюль назва). Лідэры — А.І.Гучкоў, П.Л.Корф, М.У.Радзянка, Дз.М.Шыпаў і інш. Праграма партыі прадугледжвала спадкаемную канстытуцыйную манархію, захаванне «адзінай і непадзельнай Расіі» (з правам на аўтаномію толькі для Фінляндыі), дэмакр. свабоды, зямельную рэформу (ліквідацыя абшчыны, падтрымка заможных сялян) і інш. Акцябрысты падтрымлівалі ўнутр. і знешнюю палітыку царскага ўрада, выступалі супраць рэв. руху. Друкаваныя органы газ. «Слово» (1905—06), «Голос Москвы» (1906—15) і інш. (усяго больш за 50). Агульная колькасць чл. каля 80 тыс. чал. Самая шматлікая фракцыя ў 3-й Дзярж. думе, папераменна блакіравалася з умерана-правымі і кадэтамі. У 1915 акцябрысты ўступілі ў апазіцыйны «Прагрэсіўны блок». Вясной 1917 на базе партыі акцябрыстаў утварылася Ліберальная рэсп. партыя на чале з Гучковым і Радзянкам.
На Беларусі аддзелы акцябрыстаў дзейнічалі ў Віцебску, Гродне (158 чал.), Магілёве, Мінску (100 чал.), некаторых пав. гарадах; выдаваліся газ. «Минская речь», «Минское слово», «Витебский голос».
т. 1, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
штотыднёвая паліт. і літ. газета афіцыёзнага вялікадзярж., шавіністычнага кірунку; неафіц. частка «Минских губернских ведомостей». Выдавалася з 11(24).7 да 25.12.1911(7.1.1912) у Мінску на рус. мове. Падтрымлівала палітыку П.А.Сталыпіна, выступала супраць рэв. руху, прапагандавала адзінства царызму і народа, аднак імкнулася стрымліваць чарнасоценны экстрэмізм газ. «Минское слово». Друкавала творы Д.Бохана (вершы, гіст. аповесць «У мінскім трыбунале», краязнаўчыя нарысы), вершы, эцюды, допісы мясц. аўтараў. Пераўтворана ў газ. «Минские ежедневные ведомости».
У.М.Конан.
т. 10, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕКСЕ́МА (ад грэч. lexis слова, выраз),
адзінка лексічнага ўзроўню мовы, яго лексікі. Вылучаецца разам з інш. абстрактнымі адзінкамі мовы (фанема, марфема, семема, графема). Уяўляе сабой сукупнасць форм і значэнняў, што ўласцівы аднаму і таму ж слову ва ўсіх яго ўжываннях і рэалізацыях. Напр., усе формы слова «мова» («мову», «мовам» і інш.) і розныя значэнні гэтых форм у розных спалучэннях: «беларуская мова», «мова твора», «мёртвая мова» і інш. — тоесныя як прадстаўнікі лексемы «мова».
Літ.:
Слово в грамматике и словаре. М., 1984.
т. 9, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎ (Міхаіл Аляксеевіч) (17.9.1840, г. Ялта, Украіна — 31.1.1873),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім і Пецярбургскім ун-тах. У 1858 пазнаёміўся з М.Г.Чарнышэўскім (да 1861 быў яго асабістым сакратаром і даверанай асобай). Дэбютаваў аўтабіягр. дылогіяй «Маё дзяцінства» (1861) і «Маё юнацтва» (1862). Друкаваўся ў час. «Время», «Современник», «Русское слово», «Колокол», «Будильник» і інш.
У 1863 пераехаў у Маскву. Асн. тэмай яго творчасці стала жыццё люмпен-пралетарыяту, сац. «дна»: зб. «Маскоўскія норы і трушчобы» (т. 1—2, 1866—69, з А.І.Левітавым), «Багна» (1870).
Тв.:
Повести и рассказы. М., 1961.
т. 4, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖИЗНЬ ПРОВИ́НЦИИ»,
грамадска-палітычная, эканам. і літ. газета. Выходзіла з 11(24).4 да 18(31).5.1907 у Мінску штодзённа на рус. мове. Рэдактар І.М.Глоба-Міхайленка. Прадаўжала праграму забароненай газ. «Голос провинции». Ацэньвалася цэнзурай як газета «апазіцыйнага кірунку... са схільнасцю да чыста рэвалюцыйных выхадак». З пазіцый, блізкіх да меншавізму, асвятляла рабочы і сацыяліст. рух. У памфлетах і вершах-пародыях выкрывала лідэраў чарнасоценных партый, іх мясц. орган «Минское слово», палітыку царызму. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе. Прызнавала нац. самастойнасць беларусаў, крытыкавала шавіністычную палітыку царызму і польскай буржуазіі ў Беларусі. Праграму «Ж.п.» прадаўжала газета «Окраина».
У.М.Конан.
т. 6, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВЕ́НКА (Сяргей Мікалаевіч) (1.2.1847, г. Барысаглебск Варонежскай вобл., Расія — 18.6.1906),
расійскі публіцыст, рэвалюцыянер-народнік. Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча ў Пецярбургу (1867). У 1873—83 на старонках час. «Отечественные записки» распрацоўваў праграму і тактыку народніцтва, адстойваў прынцып вярх. права народа на зямлю, прапагандаваў кааператыўныя прадпрыемствы, здольныя канкурыраваць з капіталіст. вытв-сцю. З 1876 чл. «Народнай волі». У 1884—90 у ссылцы ў Вяцкай і Табольскай губ. У 1891—95 рэдактар час. «Русское богатство», у 1896—97 — «Новое слово», дзе прапагандаваў «малых спраў тэорыю». Аўтар успамінаў пра І.С.Тургенева і М.Я.Салтыкова-Шчадрына.
т. 8, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫКО́ЎСКІ (Іаан) (царк. Іаіль; 1707, Мінскае ваяв. — жн. 1798),
бібліяфіл, царк. дзеяч. Меў шырокую свецкую і царк. адукацыю. Працаваў на Міншчыне, Чарнігаўшчыне, дзе вывучаў гісторыю Кіеўскай Русі. Ведаў шмат моў. У 1776—87 архімандрыт Спаса-Яраслаўскага манастыра, рэктар духоўнай семінарыі ў Яраслаўлі. Сабраў каштоўную б-ку. У ліку манускрыптаў меў «Слова пра паход Ігаравы», які прадаў А.І.Мусіну-Пушкіну. Некаторыя даследчыкі прыпісваюць Быкоўскаму магчымае аўтарства «Слова...». Аўтар кнігі-трактата пра ісціну (1787).
Літ.:
Моисеева Г.Н. Спасо-Ярославский хронограф и «Слово о полку Игореве». 2 изд. Л., 1984;
Каханоўскі Г.А. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1984.
Г.А.Каханоўскі.
т. 3, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕГА́ЛЬНЫ МАРКСІ́ЗМ»,
ідэйна-палітычная плынь рас. інтэлігенцыі ў 1890-я г. Прадстаўнікі «Л.М.» (П.Б.Струвэ, М.І.Туган-Бараноўскі, С.М.Булгакаў і інш.), выступаючы ў легальных часопісах «Новое слово» (1894—97), «Жизнь» (1897—1901), «Начало» (1899) і інш., выкарыстоўвалі палажэнні марксісцкай эканам. тэорыі для абгрунтавання развіцця капіталізму ў Расіі як прагрэсіўнай з’явы, але адмаўлялі ці рэвізавалі марксісцкую рэв. тэорыю. Яны выступалі супраць самадзяржаўя, за дэмакр. свабоды, развівалі ліберальныя тэорыі сац. рэфармавання капіталіст. грамадства. У сярэдзіне 1890-х г. разам з сацыял-дэмакратамі змагаліся супраць народніцтва і інш. тэорый, якія адмаўлялі капіталіст. шлях развіцця Расіі. З канца 1890-х г. перайшлі ад марксізму да лібералізму, іх лідэры сталі ядром партыі кадэтаў.
т. 9, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛЕ́ННЕ ДАНІІ́ЛА ЗАТО́ЧНІКА»,
помнік стараж.-рус. літаратуры 13 ст. Прыпісваецца гіст. або літ. герою — Даніілу Заточніку. Захаваўся ў спісах 15—16 ст. Існуюць 2 яго рэдакцыі: «Слова Данііла Заточніка» (12 ст.?) і «М.Д.З.». «Маленне» напісана ў форме паслання і спалучае ў сабе апалогію моцнай княжацкай улады і асабістае самасцвярджэнне. У ім выкарыстоўваюцца традыцыі кніжнай культуры, цытуецца Біблія і інш. літ. творы. Стыль вызначаецца афарыстычнасцю, іншасказальнасцю, выкарыстаннем элементаў сатыры і жывой гаворкі.
Публ.: Слово Даниила Заточеника... // Златоструй: Древняя Русь X—XIII вв. М., 1990.
Літ.:
Лихачев Д.С. Даниил Заточник // Словарь книжников и книжности Древней Руси. Л., 1987. Вып. 1.
С.Ф.Кузьміна.
т. 10, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЕ ЕЖЕДНЕ́ВНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
штодзённая паліт., эканам. і літ. газета праваакцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 1(14).1 да 16(29).6.1912 у Мінску на рус. мове. Абвясціла сябе «незалежнай» газетай. Працягвала праграму газ. «Минские ведомости». Выступала супраць рэв. руху, бальшавікоў. Прапагандавала сталыпінскую агр. палітыку. Надрукавала юбілейныя артыкулы пра А.Герцэна, І.Ганчарова, у якіх падкрэслівала іх рускі патрыятызм, але пазбягала асвятлення рэв.-дэмакр. ідэалогіі, прынцыпаў крытычнага рэалізму. З «ахоўніцкіх» пазіцый крытыкавала творчасць М.Арцыбашава, Н.Вярбіцкай і інш. прадстаўнікоў натуралізму і мадэрнізму, прылічвала да гэтых кірункаў пісьменнікаў-рэалістаў М.Горкага, Л.Андрэева, А.Купрына, проціпастаўляла ім творчасць А.Пушкіна, І.Тургенева, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага. Пераўтворана ў газ. «Минское русское слово».
У.М.Конан.
т. 10, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)