МАКРА... (ад грэч. makros вялікі, доўгі), першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнні словам «вялікі», «буйны» (супрацьлеглае мікра...), напр., макраклімат, макраструктура.

т. 9, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІ... (ад лац. quasi быццам бы, нібыта), першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «несапраўдны», «уяўны» (напр., квазінавуковы, квазідэмакратычны), а таксама амаль, блізка (напр., квазіоптыка, квазічасціцы).

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТА..., мата... (ад лац. motor які прыводзіць у рух), састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнні словам: «маторны» (напр., мотаблок, мотапіла); «матарызаваны» (напр., мотапяхота); «матацыклетны» (напр., мотабол, мотаролер).

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

...ГЕНЕЗ (ад грэч. genesis паходжанне), другая састаўная частка складаных слоў, што па значэнні адпавядае словам «род», «паходжанне» і абазначае: які звязаны з працэсам утварэння, узнікнення і далейшага развіцця, напр., гістагенез, алагенез.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІМІ́Я,

тып семантычных адносін лексічных адзінак, якія маюць процілеглае значэнне (антонімаў). Антанімічныя пары належаць да адной часціны мовы: назоўнікаў («дабро — зло»), прыметнікаў («шырокі — вузкі»), дзеясловаў («браць — аддаваць»), прыслоўяў («далёка — блізка»). Паводле структуры падзяляюцца на аднакарэнныя («замкнуць — адамкнуць») і рознакарэнныя («сумны — вясёлы»). Вылучаюць поўную, няпоўную (частковую) і кантэкстуальную антанімію. Поўныя антонімы адрозніваюцца ўсімі сваімі значэннямі («будаваць — разбураць»); частковыя супрацьпастаўляюць па адным або некалькіх значэннях («радасць — смутак»); кантэкстуальныя ўспрымаюцца толькі ў пэўным кантэксце: «Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця» (Я.​Колас). Мнагазначнае слова можа мець антонімы да кожнага ці некалькіх сваіх значэнняў («глыбокая рака — мелкая рака», «глыбокія веды — павярхоўныя веды»). Антанімія не ўласцівая словам з канкрэтным значэннем («шафа», «бяроза», «стадыён»), вузкаспец. тэрмінам, уласным імёнам, лічэбнікам, займеннікам і службовым словам.

Г.​К.​Усціновіч.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́ІЗМ (ад грэч. archaios старадаўні, старажытны),

устарэлая назва сучаснай рэаліі, што абазначаецца новым словам: напр., «раць» — войска, «рамёны» — плечы. Архаічнымі могуць быць і формы слоў. Адрозніваюцца архаізмы: уласна-лексічныя («каморнік» — землямер), лексіка-семантычныя («жывот» — жыццё), лексіка-фанетычныя («кроніка» — хроніка), лексіка-акцэнталагічныя («рапо́рт» — ра́парт), лексікасловаўтваральныя («лгар» — лгун), лексіка-марфалагічныя («паэта» — паэт). Выкарыстоўваюцца ў мове як стылістычны сродак.

І.​Л.​Бурак.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКИЙ МЕРИДИА́Н»,

штотыднёвая гарадская грамадска-інфарм. газета. Выходзіць з ліп. 1991 у Мінску на рус. мове. Асвятляе пытанні паліт., эканам. і культ. жыцця бел. сталіцы і Кастрычніцкага р-на г. Мінска. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «За словам — справа!», «На скрыжаванні», «Зорны праспект», «Культурная хроніка», «Маленькая краіна», «Урач дае параду» і інш. Пры рэдакцыі створаны клуб «Чарадзей і К°».

М.​І.​Барысенка.

т. 10, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭХ,

у рэлігійнай этыцы маральнае зло, якое заключаецца ў парушэнні дзеяннем, словам ці думкай волі Бога. Да граху адносяць невыкананне пэўных рэліг.-царк. нормаў, устаноўленых асобна кожнай канфесіяй. Тэалогія вылучае першародны грэх першых людзей, вынікі якога наследуюць нашчадкі. Сутнасцю праваслаўнага вучэння пра грэх з’яўляецца збавенне, якое магчыма толькі верай і справамі. Лічыцца, што без веры ў Бога, без хрысц. зносін, без хрышчэння нельга заслужыць даравання.

т. 5, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСКРЫ́ПТАР (позналац. descriptor ад describo апісваю),

лексічная адзінка (слова ці словазлучэнне) інфарм.-пошукавай мовы ў ЭВМ. Апісвае асн. сэнсавы змест дакументаў, структуру даных або праграму; служыць таксама для фармулявання інфарм. запыту пры пошуку дакументаў у інфарм.-пошукавай сістэме (гл. Інфармацыйны пошук). У якасці Д. можна выбраць любое (звычайна найб. характэрнае) ключавое слова (групу слоў) ці лічбавы код. Мнагазначным словам адпавядае некалькі Д., сінонімам — адзін Д.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНС,

адзін з найб. старажытных рым. аграрных багоў, што шанаваліся разам з багіняй Опс. Ушаноўваўся як абаронца запасаў збожжа, схаваных пад зямлёй. Яго падземны алтар адчынялі раз на год у час свята кансуалій, калі К. прыносілі ахвяры і наладжвалі ў яго гонар гульні і спаборніцтвы. Пазней кансуаліі зліліся са святам коннага Нептуна, а сам К. з прычыны сугучча яго імя са словам «савет» (лац. consilium) лічыўся богам добрых парад.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)