Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭФІ́РЫ,
сінтэтычныя палімеры, якія ў асн. ланцугу макрамалекулы маюць простую эфірную C—O—C (простыя П.) ці складанаэфірную —C(O)O— групу (складаныя П.).
Паводле прыроды вуглевадароднага фрагмента асн. ланцуга падзяляюць на аліфатычныя і араматычныя. Простыя П. атрымліваюць катыённай полімерызацыяй цыклічных аксідаў ці полікандэнсацыяй, складаныя — поліэтэрыфікацыяй (полікандэнсацыя, якая прыводзіць да ўтварэння ў макрамалекуле складанаэфірных сувязей) дыкарбонавых кіслот ці іх вытворных (дыэфіраў, дыхлорангідрыдаў) з гліколямі або паліоламі. Простыя П. — цвёрдыя крышт. ці шклопадобныя рэчывы. Аліфатычныя маюць нізкія т-ры плаўлення (ад 40 да 180 °C). найб. тэрмаўстойлівыя поліэтылен- і поліпрапіленаксіды раскладаюцца пры t > 300 °C. Раствараюцца ў вадзе (акрамя поліфармальдэгіду; за выключэннем поліэтыленаксіду растваральнасць П. памяншаецца з павелічэннем іх малекулярнай масы), хлараваных і араматычных вуглевадародах, эфірах, кетонах; гідралізуюцца к-тамі. Араматычныя не раствараюцца ў вадзе, устойлівыя ў растворах шчолачаў і кіслот; тэрмаўстойлівыя (раскладаюцца пры т-ры 350—400 °C). Найб. шырока выкарыстоўваюць поліфармальдэгід, поліэтылен- і поліпрапіленаксіды, пентапласт, полівінілацэталі. Складаныя П. — высокавязкія вадкасці ці цвёрдыя аморфныя або крышт. рэчывы. шчыльн. 900—1500 кг/м³, мал. м. (0,5—500) 103 (для аліфатычных меншая за 50 тыс.). Звычайна не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў арган. растваральніках. Найб. тэрмаўстойлівыя — поліарылаты (складаныя П. двухатамных фенолаў і дыкарбонавых кіслот) раскладаюцца пры т-ры вышэй за 300 °C. Уступаюць у рэакцыі, характэрныя для складаных эфіраў. Найб. пашыраны алкідныя смолы, поліэтылентэрэфталат, поліарылаты (у т. л.полікарбанаты), П. малеінавай і фумаравай кіслот (гл.Поліэфірныя смалы) і поліэфірурэтаны (гл.Поліурэтаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕЙРО́НАВЫЯ ЗЯРНЯ́ТЫ (ад грэч. aleuron мука), пратэінавыя зярняты,
бясколерныя невял. круглаватыя адкладанні запасных бялкоў у клетках тканак раслін, пераважна ў насенні. Пажыўнымі рэчывамі алейронавых зярнят жывіцца зародак пры прарастанні насення. Утвараюцца пры выспяванні насення з высыхаючых вакуолей. Адрозніваюць алейронавыя зярняты простыя (дробныя зярняткі аднароднай структуры) і складаныя, у якіх знаходзяцца бялковыя крышталі і мінер. ўключэнні — глабоіды. Простыя алейронавыя зярняты ёсць у клетках мучністых (пшаніцы, жыта, кукурузы і інш.), складаныя — у алеістым насенні (клешчавіны, тунгу, крыжакветных і інш.) раслін.
Да арт.Алейронавыя зярняты. Алейронавы слой: 1 — просты ў жытнёвым зярняці; 2 — просты ў семядолях гароху; 3 — складаны ў эндасперме клешчавіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКСНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, якія маюць 2—3 пажыўныя элементы, найб. неабходныя для раслін (азот і фосфар, азот і калій, фосфар і калій ці 3 элементы разам). У састаў К.ў. часам уключаюць і мікраэлементы (бор, марганец, медзь і інш.). У асн. К.ў. — высокаканцэнтраваныя ўгнаенні, якія выкарыстоўваюць пад усе с.-г. культуры.
К.ў. падзяляюць на складаныя, змяшаныя і складаназмяшаныя. Складаныя К.ў. — асобныя солі, абодва іоны якіх маюць пажыўны элемент (напр., фасфаты амонію; гл.Амафос, Дыамафос), ці ўгнаенні, атрыманыя сумеснай крышталізацыяй ці сплаўленнем некалькіх солей (напр., нітрафос, нітрафоска). Асн. сыравіна для вытв-сці складаных К.ў. — газападобны і вадкі сінт. аміяк, чыстыя фосфарная і азотная к-ты, хларыд калію, сінт. мачавіна. Змяшаныя К.ў. — мех. сумесь грануляваных простых тукаў. Рыхтуюць іх непасрэдна ў гаспадарках ці на вял. складах. Складаназмяшаныя К.ў. атрымліваюць грануляваннем сумесей гатовых простых угнаенняў пасля іх хім. апрацоўкі фосфарнай ці сернай к-тамі і аміякатамі.
На Беларусі складаныя (амафос, аманізаваны суперфасфат) і складаназмяшаныя К.ў. (азотнафосфарна-калійныя) з рознымі суадносінамі пажыўных рэчываў вырабляюць на Гомельскім хімічным заводзе. Гл. таксама Вадкія ўгнаенні, Мінеральныя ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФІ́РЫ,
арганічныя кіслародныя злучэнні агульнай формулы R-O-R′ ( простыя Э.) ці R-COO-R′ (складаныя), дзе R, R′ — аднолькавыя ці розныя арган. радыкалы.
Найб. важны просты Э. — дыэтылавы эфір. Да простых адносяцца таксама некат. вінілавыя эфіры, дыаксан. Усе простыя Э. — лятучыя вадкасці, дрэнна раствараюцца ў вадзе, добра — у арган. растваральніках, устойлівыя да дзеяння шчолачаў і шчолачных металаў. Простыя Э. выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе. Складаныя Э. — гал. састаўная ч.тлушчаў, воскаў, спермацэту. уваходзяць у састаў многіх эфірных алеяў. Э. складаныя ніжэйшых карбонавых к-т і найпрасцейшых спіртоў — бясколерныя лятучыя вадкасці; вышэйшых карбонавых к-т — цвёрдыя бясколерныя рэчывы; мінер.к-т — масляністыя вадкасці. Растваральнікі (напр., этылацэтат). пластыфікатары. лек. сродкі (напр., нітрагліцэрына). прысадкі для масла і паліва. сыравіна для сінтэзу палімераў і інш. Эфіры фосфарнай к-ты (ДНК, РНК і фосфаліпіды) адыгрываюць важную ролю ў жыццядзейнасці арганізмаў. Гл. таксама Ацэтавоцатны эфір, Вінілацэтат, Гліцэрыды, Метылметакрылат.
Літ.:
Чичибабин А.Е. Основные начала органической химии. Т. 1. 7 изд. М., 1963;
Фримантл М. Химия в действии: Пер. с англ. Ч. 2. 2 изд. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАНУКЛЕАПРАТЭІ́ДЫ,
складаныя комплексы рыбануклеінавых кіслот з бялкамі. Паводле амінакіслотнага саставу падобныя да бялкоў мышцаў, валодаюць скарачальнымі ўласцівасцямі.
Уваходзяць у мітатычны апарат. Гл. таксама Нуклеапратэіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКВЕ́ЦЦЕ,
парастак (сістэма парасткаў), на якім знаходзяцца кветкі. Уласцівы большасці кветкавых раслін. Па ступені разгалінавання адрозніваюць С. простыя і складаныя. У залежнасці ад тыпу галінавання і парадку распускання кветак простыя С. падзяляюць на батрычныя (бакакветныя), або рацэмозныя (монападыяльнае галінаванне, распусканне кветак ад асновы да верхавінкі — галоўка, гронка, катах, каташок, колас, парасонік, шчыток), і цымозныя, верхакветныя (сімпадыяльнае галінаванне, распусканне кветак ад верхавінкі да асновы — просты плеяхазій, дыхазій і манахазій). Складаныя С. бываюць аднародныя (напр., складаная гронка, складаны колас), разнародныя (спалучэнне розных тыпаў С. у межах адной групы — батрычнай або цымознай — напр., мяцёлка з каласкоў, дыхазій з манахазіяў) і змяшаныя (камбінацыя батрычных і цымозных С., напр., плеяхазій з кошыкаў, парасонік з манахазіяў). Колькасць кветак у С. ад 1—3 (напр., у гароху) да некалькіх дзесяткаў тысяч (у некат. відаў агавы), даўж. — да 12 м (напр., у пальмаў роду каламус). Будова С. мае значэнне ў сістэматыцы раслін: яна адлюстроўвае кірункі эвалюцыі блізкіх у сістэм. адносінах груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТОЗАФАСФА́ТЫ,
складаныя эфіры, утвораныя пентозамі і адным або двума астаткамі фосфарнай кіслаты. Уваходзяць у склад нуклеінавых кіслот і шэрагу каферментаў, прымаюць удзел у абмене рэчываў, распадзе вугляводаў (пентозафасфатны цыкл) і іх утварэнні ў зялёных раслінах пры фотасінтэзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКСОЗАФАСФА́ТЫ,
складаныя эфіры, утвораныя гексозамі і адным або двума астаткамі фосфарнай к-ты (гексозамонафасфаты і гексозадыфасфаты); прамежкавыя прадукты гліколізу. Значныя прамежкавыя рэчывы вугляводнага абмену жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Утвараюцца пры фасфарыліраванні гексозаў, пераважна за кошт энергіі адэназінтрыфосфарнай к-ты.