БАРАВЕ́Ц (Тарас Дзмітрыевіч) (мянушка Бульба; 9.3.1908, с. Быстрычы Бярэзнаўскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 15.5.1981),

дзеяч украінскага нац. руху. З 1933 адзін са стваральнікаў і кіраўнік падп. арг-цыі «Украінскае нацыянальнае адраджэнне», мэтай якой была барацьба за адраджэнне Укр. нар. рэспублікі (УНР). З пач. Вял. Айч. вайны ператварыў арг-цыю ў Палескую сеч Украінскай паўстанцкай арміі (ПС УЛА), што дзейнічала на тэр. Укр. і Бел. Палесся. Летам 1941 разам з бел. групамі вёў барацьбу за «вызваленне Палесся ад бальшавікоў». Імкнуўся аб’яднаць усе ўкр. антыкамуніст. арг-цыі ў адзіную армію з мэтай адраджэння УНР як адзінай дэмакр. шматпарт. дзяржавы. Летам 1943 ПС УПА сілай падпарадкавана Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Неаднойчы быў арыштаваны польскімі і ням. ўладамі. Пасля вайны жыў у ФРГ, Канадзе.

У.​І.​Гуленка.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЧЭ́ЎСКІ (Міхайла) (у каталіцтве Станіслаў; ?, каля г. Брэст — 3.8.1649),

казацкі военачальнік, удзельнік вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54, палкоўнік кіеўскі (1648—49). З бел. шляхецкага роду. У 1620-я г. служыў у каронным войску Рэчы Паспалітай. У 1627 удзельнічаў у вайне са Швецыяй. З 1643 палкоўнік казацкіх рэестравых войск Рэчы Паспалітай. У 1647 садзейнічаў уцёкам Б.Хмяльніцкага з турмы ў Крылове ў Запарожскую Сеч. Пасля бітвы пад Жоўтымі Водамі (5—6.5.1648) у крымскім палоне. Выкуплены Хмяльніцкім за 4 тыс. талераў (12 тыс. польскіх злотых). Летам 1649 пасланы Хмяльніцкім на Беларусь. Да 15 тыс. казакоў К. далучылася амаль столькі ж сялян-паўстанцаў Беларусі. У ходзе Лоеўскай бітвы 1649 войска К. было разбіта, а сам ён цяжка паранены. Памёр ад ран на 3-і дзень пасля бітвы.

В.​І.​Мялешка.

М.Крычэўскі. Пасмяротны партрэт (з гравюры па рыс. 1649).

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКІ́ (цюрк., удалец, вольны чалавек),

казацтва, 1) вольныя людзі — жыхары паўд. ускраін Усх. Еўропы ў канцы 15 — пач. 18 ст., потым асобае ваен. саслоўе ў Расійскай імперыі ў 18 — пач. 20 ст., якое валодала зямлёй пры ўмове абавязковай воінскай павіннасці. Утвараліся ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай са збеглых сялян, у т. л. з Беларусі, і пасадскіх людзей, што сяліліся ў нізоўях Дняпра, у т.зв. Дзікім полі. У сярэдзіне 16 ст. князь Дз.І.Вішнявецкі заснаваў Запарожскую Сеч. У сярэдзіне 17 ст. вярхі К. мелі намер ажыццявіць ідэю стварэння ўкр. дзяржавы з уключэннем у яе склад паўд.-ўсх. зямель Беларусі. Спробы рэалізацыі ідэі мелі месца ў час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З канца 15—16 ст. уздоўж Дона, Церака, Волгі і Урала ствараліся самакіравальныя абшчыны К. (як і ўкр., мелі выбарных атаманаў і кіруючы орган — старшыну). У канцы 17 — пач. 18 ст. яны падпарадкаваны рас. ўладамі; узнікла саслоўе К. (уключала К.-воінаў і іх сем’і). Найбольшай ваен.-адм. адзінкай К. было войска (стваралася і з рус. перасяленцаў для аховы межаў дзяржавы ў Сярэдняй Азіі, Сібіры і на Д. Усходзе). У пач. 20 ст. было 11 войскаў (Данское, Кубанскае, Арэнбургскае, Забайкальскае, Сямірэчанскае, Церскае, Сібірскае, Астраханскае, Усурыйскае, Уральскае, Амурскае), больш за 4,4 млн. К., у т. л. 474 тыс. на службе (1916). З 1874 К. адбывалі воінскую павіннасць ва ўзросце 18—38 гадоў і падзяляліся на падрыхтоўчы, страявы і запасны разрады, у 1909 тэрмін іх службы скарочаны на 2 гады; зброю, коней і амуніцыю К. набывалі за свой кошт. У грамадз. вайну К. падтрымлівалі пераважна «белы» рух. У 1920 казацтва ліквідавана як саслоўе, да 1936 служба К. у Чырв. Арміі абмежавана. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па аднаўленні самакіравання і культ. традыцый К.

2) Тып войска (пераважна лёгкая нерэгулярная конніца) у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі і СССР. У войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. — атрады ўкр. К., нанятыя на службу каралём і вял. князем, або наёмная конніца, узброеная «па-казацку» (шабля, піка, стрэльба, панцыр). Апошніх, у адрозненне ад запарожцаў, называлі «панцырнымі» К. (у 17 ст. складалі больш за палавіну конніцы Рэчы Паспалітай). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 дзейнічаў (1654—55) Бел. казацкі полк, сфарміраваны магілёўскім шляхціцам К.Паклонскім. У Расіі ў 14 — пач. 18 ст. былі і служылыя К. — вольныя людзі, якія за грошы або за права карыстання зямлёй неслі ваен. службу ў аддаленых раёнах краіны (гарадавыя К., вартавыя К.), як і стральцы, але мелі падначаленых ваяводам выбарных атаманаў. У той жа час падобныя служылыя К. былі і ў ВКЛ. У 16—17 ст. у баявых дзеяннях рас. войск удзельнічалі атрады вольных К. Пазней казацкія войскі выстаўлялі пэўную колькасць конных, пешых і артыл. часцей, каманды для паліцэйскай службы. Конны казацкі полк складаўся з 4—6 соцень, брыгада — з 2—3 палкоў. Пешыя (з 1842 пластунскія) падраздзяленні зводзіліся ў батальёны. У 1-ю сусв. вайну (да 1917) К. выставілі 164 конныя палкі, 54 артыл. батарэі, 30 пластунскіх батальёнаў, 179 асобных соцень і інш. (усяго 200 тыс. чал.). У 1920 як саслоўе скасаваны, адначасова праводзілася палітыка «расказачвання», якая суправаджалася рэпрэсіямі. 20.10.1936 ЦВК СССР адмяніў абмежаванні для службы К. у Чырв. Арміі. Перад Вял. Айч. вайной сфарміраваны казацкія кав. дывізіі, а ў вайну (снеж. 1941) — і карпусы. Ням.-фаш. войскі мелі ў сваім складзе конныя і пешыя «казацкія» часці з ваеннапалонных і добраахвотнікаў — ураджэнцаў казацкіх абласцей пераважна для барацьбы з партызанамі, у т. л. і на Беларусі. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па фарміраванні новых казацкіх часцей. Асобныя казацкія фарміраванні ўзнікалі стыхійна і ўдзельнічалі ва ўзбр. канфліктах на тэр. б. СССР (напр., у Прыднястроўі). Спробы стварэння невял. грамадскіх аб’яднанняў К. прадпрымаюцца ў 1990-я г. на Беларусі (напр., у Віцебску).

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)