ДОПШ ((Dopsch) Альфонс) (14.6.1868, г. Ловасіцы, Чэхія — 1.9.1953),
аўстрыйскі гісторык. Праф. Венскага ун-та (1900—38). Аўтар прац «Эканамічнае развіццё ў эпоху Каралінгаў, галоўным чынам у Германіі» (т. 1—2, 1912—13), «Эканамічныя і сацыяльныя асновы культурнага развіцця Еўропы ад часоў Цэзара да Карла Вялікага» (т. 1—2, 1918—20), «Натуральная гаспадарка і грашовая эканоміка ў сусветнай гісторыі» (1930), «Улада і селянін у часы Германскай імперыі» (1939) і інш., у якіх сцвярджаў бесперапыннасць гіст. працэсу ад антычнасці да сярэдневякоўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІМЕ́ЛЕ Мікалай, бел. этнограф і археолаг сярэдзіны 19 ст. Вольнаадпушчаны селянін Віцебскай губ. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру паўн.-ўсх. Беларусі. На падставе яго апісанняў Рускае геагр.т-ва выдала працу «Побыт беларускіх сялян» (Этнографический сборник. Спб., 1854. Вып. 2). У ёй апісаны жыллё, хатняе начынне, адзенне, ежа,сямейныя і каляндарныя абрады, вытв. заняткі, звычаі, сац. і маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства напярэдадні адмены прыгоннага права. У працы змешчаны таксама нар. прыказкі, песні, паданні. Аўтар высока цаніў працавітасць, маральныя і інтэлектуальныя якасці беларусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ПА́НА З ХЛО́ПАМ»,
«Размова пана з хлопам» («Як маешся, Сцяпане...»), ананімны вершаваны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. антыпрыгонніцкага зместу. Упершыню апубл. М.Федароўскім у кн. «Люд беларускі» (т. 3, ч. 2, 1903). Відаць, «Гутарка...» з’явілася пасля скасавання паншчыны, бо селянін на пытанне пана, чаму яго жонка не прыходзіць у двор, дзе добра плацяць за работу, адказвае: «Ужо панскі хлеб дакучыў, як нас пан добра мучыў». Твор адрозніваецца ад традыц.бел. гутарак.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЕ́РКА,
старадаўні мужчынскі галаўны ўбор, пашыраны на Беларусі ў 16—19 ст. Паводле спосабу вырабу былі лямцавыя (валеныя з воўны) і шытыя з 4 кавалкаў тоўстага валенага сукна. Лямцавыя М. мелі выгляд каўпака або ўсечанага конуса. Завернуты да палавіны вышыні аколыш шчыльна прылягаў да верху (паўдвайная М.) або даходзіў да самага донца (двайная М.). Рабілі М. выш. 15—20 см белага, шэрага, карычневага і чорнага колераў. Насілі круглы год.
М.Ф.Раманюк.
Селянін ў магерцы. Пач. 20 ст. Вёска Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАШМА́К»
(ням. «Bundschun»),
тайныя сялянскія саюзы ў Паўд.-Зах. Германіі ў канцы 15 — пач. 16 ст. Назва ад выявы сял. чаравіка на сцягу змоўшчыкаў. Праграма «Башмака» была накіравана супраць князёў і кляштараў, прадугледжвала барацьбу за «божае права» (рашучая перабудова грамадства «па справядлівасці»), скасаванне ўсіх улад, акрамя імператарскай (пры ўмове, што імператар далучыцца да паўстання «Башмака») і інш.Гал. арганізатар — селянін Фрыц Іос. Няўдалыя спробы «Башмака» падняць паўстанні ў 1493, 1502, 1513 і 1517 з удзелам гарадскіх нізоў сталі пярэдаднем Сялянскай вайны 1524—26 у Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЕСТЬЯ́НИН»,
сельскагаспадарчы і грамадска-паліт. штотыднёвы часопіс; орган т-ва«Селянін». Выдаваўся ў 1906—15 у Вільні на рус. мове. Заснавальнік і выдавец С.Кавалюк. Прызначаўся для заможных бел. праваслаўных сялян. Прапагандаваў палітыку самадзяржаўя, выступаў у падтрымку сталыпінскай агр. рэформы, супраць нац.-вызв. руху. Не прызнаваў самастойнасць бел. народа, яго мовы і культуры. Змяшчаў матэрыялы супраць газ. «Наша ніва» і бел. л-ры ўвогуле, але друкаваў творы мясц. аўтараў, урыўкі з твораў М.Някрасава, Л.Талстога і інш. Змест і дзейнасць «К.» высмейваў у сваіх эпіграмах і сатыр. вершах Я.Купала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКУПНА́Я АПЕРА́ЦЫЯ,
дзяржаўная крэдытная аперацыя па выкупе сялянамі зямлі ў Рас. імперыі, састаўная частка сялянскай рэформы 1861. Паводле яе ўмоў селянін меў права выкупіць сядзібны ўчастак без згоды памешчыка, а палявы надзел — са згоды памешчыка. Выкупны кошт надзельнага ўчастка вызначаўся шляхам капіталізацыі з 6% гадавога грашовага аброку. Фактычна сяляне выкуплялі не зямлю, а феад. павіннасці, г.зн. асабістую свабоду. 20—25% выкупнога кошту селянін выплачваў памешчыку адразу пры заключэнні выкупной здзелкі. На астатнія 75—80% давалася пазыка на 49 гадоў (па 6% штогод).
Абавязковы выкуп на Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве ўведзены ў 1863 (у інш. рэгіёнах Расіі з 1883). Пад уплывам паўстання 1863—64 і масавага руху сялян ім вярнулі частку адрэзкаў і паменшылі выкупныя плацяжы. Рэв. сітуацыя ў канцы 1870 — пач. 1880-х г., значны недабор выкупных плацяжоў зноў прымусілі царскі ўрад на пач. 1880-х г. крыху скараціць памеры выкупу ў шэрагу рэгіёнаў (на Беларусі — у Магілёўскай губ., у Віцебскім і Гарадоцкім пав. Віцебскай губ.).
Пад уплывам рэв. падзей 1905 урад быў вымушаны адмяніць выкупныя плацяжы. Выкупная аперацыя фактычна азначала рабаванне сялян памешчыкамі і царызмам. У 1861—1906 б. памешчыцкія сяляне 5 зах. губерняў Расіі заплацілі 170 млн.руб. выкупу. У выніку дзяржава атрымала даходу каля 100 млн.руб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНКЕ́ВІЧ (Іван Міхайлавіч) (1888, в. Трасцівец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобласці — 27.6.1942),
празаік, нарысіст, перакладчык. Пісаў на рус. мове. Удзельнік рэв. 1905—07. У 1931 і 1941 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1982. Друкаваўся з 1913. У 1914 супрацоўнік час. «Вестник Могилевского земства», у 1923—25 — газ. «Соха и молот» («Магілёўскі селянін»), дзе друкаваў апавяданні і нарысы пра жыццё вёскі. Перакладаў на рус. мову творы Я.Коласа, К.Чорнага, М.Зарэцкага.
Тв.:
Н. Ленин. Пг., 1919;
Старый Нил. М., 1920.
Літ.:
Скалабан В. Под псевдонимом «Белорус»: История одного поиска // Неман. 1983. № 12;
Яго ж. Сцежкі вяртання // Братэрства-83. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШЫ́ЛАЎ (Міхаіл Сяргеевіч) (3.1.1821, Жлобінскі р-н Гомельскай вобласці — 29.11.1870),
мастак. Скончыў Харкаўскі ун-т (1844). У 1859 адкрыў вячэрнія рысавальныя класы пры Кіеўскім ун-це. У 1866—70 інспектар Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Пісаў партрэты, палотны на бел. і ўкр. тэмы, ілюстраваў класічныя творы рус. (ілюстрацыі да камедыі А.Грыбаедава «Гора ад розуму», 1862) і ўкр. літаратур. Найб. вядомыя партрэты: бацькі (1838), С.Бяленкі, укр. пісьменнікаў І.Катлярэўскага і Р.Квіткі-Аснаўяненкі (1840-я г.), жанравыя карціны: «Прыйшло пісьмо ад сына» (1854), «Наймічка» (1857), «Селянін у бядзе» (1866).
М.Башылаў. Ілюстрацыя да камедыі А.Грыбаедава «Гора ад розуму». 1862.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́ННЫ (Юрка) (сапр.Юркевіч Леанід Мікалаевіч; 29.7.1908, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 1937),
бел.паэт. Скончыў Бел. вышэйшы пед.ін-т (1934). Працаваў у газ. «Магілёўскі селянін», «Звязда», час. «Работніца і калгасніца Беларусі». Восенню 1936 беспадстаўна арыштаваны. Расстраляны ў Мінску. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб-каў паэзіі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» (абодва 1930), «Жалезныя віхуры» і «Разбег» (абодва 1931), «Стала і мужна» (1932), нарысаў «Крок пяцігодкі» (1931), прасякнутых рамантыкай сацыяліст.буд-ва. У некаторых творах пераважала рыторыка, палітычна-агітацыйны пачатак.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1960.
Літ.:
Грахоўскі С. Савецкая, № 68: Трыццатыя гады...: Успаміны // Дзень паэзіі. Мн., 1978.