«РОЛС-РОЙС»

(Rolls-Royce),

сям’я легкавых аўтамабіляў вышэйшага класа англ. фірмы «Ролс-Ройс мотарс» (RollsRoyce Motors). Аўтамабілі ручной зборкі выпускаюцца з 1904. Вызначаюцца высокай якасцю, маюць аўтам. каробку перадач, кузаў —4-дзверны седан, бензінавы рухавік з рабочым аб’ёмам 6,75 л і магутнасцю да 155 кВт; найб. скорасць да 215 км/гадз.

Да арт. «Ролс-Ройс»: легкавы аўтамабіль «Ролс-Ройс-Сілвер Спур».

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЗАЎ аўтамабіля,

частка аўтамабіля (або прычэпа), прызначаная для перавозкі грузаў, пасажыраў ці спец. абсталявання. Паводле тыпу К. адрозніваюць аўтамабілі (прычэпы) агульнага прызначэння (К. у выглядзе бартавой платформы) і спецыялізаваныя (самазвалы, фургоны, цыстэрны і інш.). Пасажырскія аўтамабілі маюць нясучы або рамны К. У легкавых аўтамабіляў найб. пашыраныя закрытыя К. тыпу седан, лімузін, купэ, адкрытыя (з адкідным верхам) — кабрыялет і фаэтон, а таксама двухмесныя (закрытыя і адкрытыя) тыпу «спорт».

т. 8, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕА́Т»

(SEAT, скар. ад Sociedad Espafiola de Automoviles de Turismo),

сям’я легкавых аўтамабіляў аднайм. ісп. фірмы. Аўтамабілі асабліва малога і малога класаў выпускаюцца ў асн. па ліцэнзіі італьян. канцэрна «ФІ́АТ» з 1950. Кузаў 2- ці 4-дзверны седан або хэтчбэк. Усе мадэлі пярэднепрывадныя і з пярэднім размяшчэннем рухавіка. Магутнасць рухавіка ад 29 да 110 кВт, найб. скорасць да 218 км/гадз.

Легкавы аўтамабіль «СЕАТ»: мадэль «Ібіза» з кузавам хэтчбэк.

т. 14, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГКАВЫ́ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

аўтамабіль, прызначаны для перавозкі людзей (умяшчальнасць да 8 чал.) і багажу. Выпускаюцца з закрытымі кузавамі (седан, лімузін, купэ, універсал) і кузавамі з адкідным верхам (кабрыялет, ландо, фаэтон). Найб. пашыраныя 4—5-месныя Л.а. з закрытымі кузавамі. У залежнасці ад рабочага аб’ёму рухавіка, масы аўтамабіля, яго прызначэння, камфартабельнасці і інш. Л.а. падзяляюць на класы і групы, напр., мікралітражныя, малалітражныя. На Беларусі серыйная вытв-сць Л.а. пачата ў 1997 на з-дзе «Форд-Юніён» пад Мінскам.

Легкавы аўтамабіль «Форд Эскорт».

т. 9, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗ,

сям’я легкавых аўтамабіляў, якія выпускаюцца Волжскім аўтамаб. з-дам з 1970 (г. Тальяці, Расія). Кузаў нясучы тыпу седан, універсал або комбі. Мадэлі 2101—2107 класічнай кампаноўкі маюць назву «Жыгулі», поўнапрывадная мадэль 2121 — «Ніва», пярэднепрывадныя 2108 — «Лада-Спадарожнік», 2109 і 21099 — «Лада-Самара» і асабліва малая мадэль — «Лада-Ака» (аб’ём цыліндраў 0,65 л; разам з КАМАЗам); мадэлі, што ідуць на экспарт, — «Лада». Рабочы аб’ём рухавіка да 1,6 л, магутнасць да 58 кВт, скорасць да 155 км/гадз.

Аўтамабілі ВАЗ: «Лада Ніва 4ВД» (уверсе); «Лада Самара 5д».

т. 3, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАА́С, Мёз (флам. Maas, франц. Meuse),

рака ў Францыі, Бельгіі і Нідэрландах. Даўж. 925 км, пл. бас. 36 тыс. км². Бярэ пачатак у Францыі на плато Лангр, перасякае Ардэны ў глыбока ўрэзанай даліне, працякае па Сярэднееўрап. раўніне, упадае ў паўд. рукаў дэльты р. Рэйн. Жыўленне пераважна дажджавое і снегавое. Зімой і вясной моцныя паводкі, узровень вады падымаецца да 5—8 м. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 300—400 м³/с. Суднаходная да вярхоўяў, злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Сена, Рэйн і інш. Вышэй г. Седан рэчышча шлюзаванае. На М. гарады Вердэн (Францыя), Льеж (Бельгія), Маастрыхт (Нідэрланды).

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)