МІЖНАРО́ДНЫ КААПЕРАТЫ́ЎНЫ АЛЬЯ́НС (МКА; International Cooperative Alliance),

міжнародная няўрадавая арг-цыя, якая аб’ядноўвае нац. і рэгіянальныя саюзы кааператываў. Засн. ў 1895. Асн. мэты: развіццё каап. руху, супрацоўніцтва паміж каап. арг-цыямі розных краін. Аб’ядноўвае арг-цыі каля 80 краін, больш за 540 млн. чл. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН. Месцазнаходжанне — Жэнева.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫЯ АБ’ЯДНА́ННІ,

блокі, зоны, саюзы краін, валюты якіх залежаць ад валюты дзяржаў, што стаяць на чале гэтых аб’яднанняў. Валютныя блокі пачалі ўзнікаць у час сусв. эканам. крызісу 1929—33. Асн. з іх: стэрлінгавы (створаны ў 1931 пасля адмены залатога стандарту ў Вялікабрытаніі, уключаў большасць краін Брытанскай імперыі і інш.), доларавы (узнік у 1933 пасля адмены залатога стандарту ў ЗША, уключаў Канаду і краіны Лац. Амерыкі), «залаты блок» (узнік у 1933, уключаў краіны, якія прытрымліваліся залатога стандарту: Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Швейцарыя, Італія і Партугалія). Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны Германія і Японія стварылі свае валютныя блокі, у якія былі ўключаны акупіраваныя імі краіны. Валютныя блокі былі важным сродкам выкарыстання замежных краін у якасці рынкаў збыту, крыніц сыравіны і сферы прыкладання капіталу. На месцы гэтых блокаў у 2-ю сусв. вайну і пасля яе ўзніклі валютныя зоны, сярод іх найб. буйныя стэрлінгавая, доларавая, зона франка. Створаны таксама валютныя саюзы: Заходне-Афрыканскі валютны саюз, валютны саюз Экватарыяльнай Афрыкі і Камеруна, Еўрапейскі валютны саюз.

В.​Ф.​Дашкевіч.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЛКІ́ДАЎ МІР, царскі мір,

заключаны ў 387 (ці 386) да н.э. паміж Спартай і кааліцыяй грэч. полісаў на чале з Афінамі і Фівамі пасля Карынфскай вайны 395—387. Падпісаны спартанскім дыпламатам Анталкідам (адсюль і назва міру). Паводле Анталкідава міру ўсе грэч. гарады на малаазіяцкім узбярэжжы і Кіпры пераходзілі пад уладу персаў, забараняліся саюзы дзяржаў, акрамя Пелапанескага. Кантроль за выкананнем умоў Анталкідава міру ўскладаўся на Спарту, што забяспечвала яе гегемонію над Грэцыяй.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МАНС ((Commons) Джон Роджэрс) (13.10.1862, Холансберг, штат Агайо, ЗША — 11.5.1945),

амерыканскі гісторык-эканаміст і сацыёлаг, прадстаўнік інстытуцыяналізму, тэарэтык правага трэд-юніянізму. Праф. Вісконсінскага ун-та (1904—32). Вылучыў эканам. фактар як адзін з вызначальных момантаў развіцця прац. руху, падмяняў аналіз аб’ектыўных законаў капіталіст. вытв. адносін апісаннем і класіфікацыяй інстытуцый, пад якімі меў на ўвазе розныя сац. ўтварэнні: акцыянерныя т-вы, саюзы прадпрымальнікаў, дзяржаву, сям’ю і інш. Аўтар прац «Прававыя асновы капіталізму» (1924), «Інстытуцыянальная эканамічная тэорыя» (1934) і інш.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭДЭ́НЦА (італьян. credenza літар. давер),

1) савет у сярэдневяковых італьян., пераважна ламбардскіх, гарадах-камунах. Выбіраўся з багатых гараджан у дапамогу кіраўнікам гарадоў (консулам) для вырашэння найб. значных, звычайна сакрэтных, пытанняў паліт. і эканам. жыцця.

2) Саюзы рамеснікаў і дробных гандляроў у канцы 12 — пач. 13 ст. у італьян. гарадах Ламбардыі і Тасканы. Ствараліся з мэтай барацьбы супраць гар. знаці і багатага купецтва. Частка гэтых саюзаў (напр., «К. св. Амвросія» ў Мілане) дамаглася ўдзелу ў кіраванні ў гарадах-камунах.

т. 8, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАШМА́К»

(ням. «Bundschun»),

тайныя сялянскія саюзы ў Паўд.-Зах. Германіі ў канцы 15 — пач. 16 ст. Назва ад выявы сял. чаравіка на сцягу змоўшчыкаў. Праграма «Башмака» была накіравана супраць князёў і кляштараў, прадугледжвала барацьбу за «божае права» (рашучая перабудова грамадства «па справядлівасці»), скасаванне ўсіх улад, акрамя імператарскай (пры ўмове, што імператар далучыцца да паўстання «Башмака») і інш. Гал. арганізатар — селянін Фрыц Іос. Няўдалыя спробы «Башмака» падняць паўстанні ў 1493, 1502, 1513 і 1517 з удзелам гарадскіх нізоў сталі пярэдаднем Сялянскай вайны 1524—26 у Германіі.

т. 2, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ САВЕ́Т НАВУКО́ВЫХ САЮ́ЗАЎ (МСНС; International Council of Scientific Unions),

навуковая арг-цыя, якая аб’ядноўвае міжнар. саюзы, нац. навук. ўстановы і асацыяцыі па прыродазнаўчых і дакладных навуках. Бярэ пачатак ад Міжнар. асацыяцыі акадэмій (засн. ў 1899), у 1918—19 рэарганізавана ў Міжнар. даследчы савет, з 1931 сучасная назва. Аб’ядноўвае больш за 20 міжнар. навук. і нац. навук. устаноў розных краін. Садзейнічае правядзенню міжнар. навук. праграм, навук. кангрэсаў і інш. У сістэме савета дзейнічаюць навук. і спецыялізаваныя к-ты па антарктычных і водных даследаваннях, праблемах навакольнага асяроддзя і інш.

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЎЦЫ,

руская назва зах. адгалінавання сярэдневяковага цюркамоўнага народа, вядомага ў Азіі як кіпчакі (кыпчакі), у Еўропе — як куманы (каманы). У 11 ст. прыйшлі з тэр. Паўн.-Зах. Казахстана ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я і Каўказа. Падзяляліся на плем. саюзы на чале з ханамі. Займаліся качавой жывёлагадоўляй, жылі ў юртах. З 1055 рабілі спусташальныя набегі на Русь, Венгрыю, Візантыю. У 1223 пераможаны мангола-татарамі. Пры нашэсці Батыя (1237—43) адышлі ў Венгрыю, потым часткова ў Балгарыю. Апошнія групы П. канчаткова асіміляваны венграмі ў канцы 19 ст.

Літ.:

Плетнева С.А. Половцы. М., 1990.

т. 12, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Усерасійскі земскі саюз дапамогі хворым і параненым воінам, гл. Саюзы земстваў і гарадоў

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІ ФОНД БЕЛАРУ́СІ,

грамадская арганізацыя, якая існавала ў 1944—90 пры Саюзе мастакоў Беларусі. Прапагандаваў творы мастацтва, наладжваў выстаўкі, конкурсы, заказы на стварэнне твораў выяўл. мастацтва, вёў работу з нар. майстрамі, не аб’яднанымі ў маст. саюзы, арцелі і промыслы, займаўся пытаннямі буд-ва і арэнды майстэрняў, маст. вытв. прадпрыемстваў. Меў Мінскі маст.-вытв. камбінат, Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва, маст.-вытв. майстэрні ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, салоны-магазіны. У 1990 маст. фонд Беларусі і Саюз мастакоў Беларусі рэарганізаваны ў адзіную структурную арганізацыю Саюз мастакоў Беларусі (з 1995 Беларускі саюз мастакоў).

Л.​Ф.​Салавей.

т. 10, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)