АРЛІ́, Арліт (Arlit),

буйны уранаварудны раён на Пд Сахары ў Нігеры. Радовішчы уранзмяшчальных пясчанікаў, якія залягаюць на глыб. 40—50 м у каменнавугальных, юрскіх і мелавых кантынентальных адкладах чахла Афрыканскай платформы. Агульныя запасы урану ацэньваюцца ў 250 тыс. т (1978). Сярэдняя колькасць металу ў рудзе 0,2—0,4%. Радовішчы распрацоўваюцца з 1970 адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтр — г. Арліт.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА, Уэд-Дра,

рака на ПнЗ Афрыкі, у Марока. Даўж. каля 1150 км, пл. бас. 15,1 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схіле Высокага Атласа вытокамі Дадэ і Іміні, цячэ па зах. ускраіне Сахары. Упадае ў Атлантычны ак. толькі ў час паводкі, калі растаюць снягі ў гарах. Пастаяннае цячэнне ў гарах (каля 200 км), ніжэй воды ракі выкарыстоўваюцца на арашэнне. Даліна Д. густа населена.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫБЕ́СТЫ (Tibesti),

вулканічнае нагор’е ў Цэнтр. Сахары, на Пн Рэспублікі Чад. Выш. да 3415 м (вулкан Эмі-Кусі). Складзена з крышт. сланцаў, пясчанікаў, лаў. Расчлянёна глыбокімі цяснінамі з часовымі вадацёкамі. Тэрмальныя крыніцы. Ападкаў да 100 мм за год. Уздоўж падножжаў і па далінах да выш. 1200 м растуць фінікавая пальма, пальма дум, акацыі, з 1600—1800 м — паўпустынная і пустынная расліннасць.

т. 16, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКА-АФРЫКА́НСКАЯ ФАСФАРЫТАНО́СНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

на Аравійскім п-ве, на Пн Афрыкі, адна з найбуйнейшых у свеце. Пл. больш за 9 млн. км². Вылучаюцца 8 бас. з запасамі фасфарытаў 75 млрд. т, найбольшыя запасы ў Марока, Зах. Сахары, Егіпце, Тунісе. Прамысл. распрацоўка з пач. 20 ст. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі, абагачэнне. Экспарт пераважна ў краіны Зах. Еўропы. Буйнейшыя краіны-экспарцёры Марока, Іарданія, Туніс, Ізраіль, Сенегал, Сірыя, Алжыр.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́КДА,

горад на ПнУ Алжыра. Адм. ц. аднайм. вілайі. Вядомы са стараж. часоў. Каля 200 тыс. ж. (2001). Вузел аўтадарог, марскі порт (экспарт нафты і звадкаванага газу), канцавы пункт нафта- і газаправодаў з Сахары. Аэрапорт. Прам-сць: нафтахім., нафтаперапр., харч. (аліўкавы алей, садавінныя і рыбныя кансервы). Вытв-сць пластмас. Апрацоўка кары коркавага дуба. Музей (у т. л. карфагенскія і рым. зборы). Руіны рым. амфітэатра.

т. 14, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХА́НЫ (цюрк.), мацерыковыя дзюны,

паўмесяцавыя або серпападобныя ўзгоркі з сыпкага, навеянага ветрам пяску. Характэрныя для пясчаных пустыняў. Наветраны схіл барханаў выпуклы ў плане, доўгі, пакаты (5—14°), падветраны — увагнуты, кароткі, стромкі (30—33°), пераходзіць у выцягнутыя «рогі». Выш. да 10—20 м, зрэдку 40 м. Звіваючыся, утвараюць барханныя ланцугі. Пад уздзеяннем ветру перамяшчаюцца да сотняў метраў за год.

Барханы наступаюць на аазіс у Сахары.
Да арт. Барханы. Пясчаны бархан у пустыні Каракумы.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГРЫБ (араб. захад),

1) уласна М. — агульная назва ў геагр. і гіст. л-ры з часоў Араб. халіфата групы краін у Паўн. Афрыцы на З ад Лівіі (Туніс, Алжыр, Марока).

2) Вялікі М., або Араб. Захад (у адрозненне ад Араб. Усходу — Машрык), уключае дадаткова тэр. Лівіі, Маўрытаніі і Зах. Сахары. У сярэднія вякі ў паняцце М. ўключаліся таксама мусульманская Іспанія (Андалусія) і інш. ўладанні былога Араб. халіфата ў зах. ч. Міжземнага мора.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ДАВАЧНІК (Phacochoerus aethiopicus),

млекакормячая парнакапытная жывёла сям. свіных. Адзіны від у родзе. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, рэдкалессі, кустовых, прыбярэжных зарасніках на раўнінах і ў гарах.

Даўж. цела без хваста 1,5—1,9 м, выш. ў плячах 65—85 см, маса 50—150 кг. Цела ўкрытае рэдкім шчаціннем. У самцоў па баках галавы бародаўчатыя скурныя нарасты (адсюль назва). У верхняй сківіцы вял. іклы, якія загінаюцца ўверх. Дзённая ўсёедная жывёла, начуе ў норах; нараджае 3—4 парасят. Аб’ект промыслу (мяса, шкура).

Бародавачнік.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НА, эланд (Tragelaphus oryx),

млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Пашырана ў Афрыцы, на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, трымаецца статкамі.

Самая буйная антылопа кантынента, даўж. да 3,5 м, выш. ў карку каля 1,8 м, маса да 1 т. Рогі даўж. каля 1 м, скручаныя. Пад шыяй складка скуры (падгрудак). Афарбоўка ад шаравата-жоўтай да цёмна-рыжай. Нараджае 1 цяля. Корміцца травой, лісцем. Лёгка прыручаецца, гадуюць на фермах, у т. л. з 1892 у запаведніку Асканія-Нова (Украіна). Зах. падвід (T.o. derbianus) у Чырв. кнізе МСАП.

Э.​Р.​Самусенка.

Кана.

т. 7, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРБЕ́РСКІЯ МО́ВЫ,

група сваяцкіх моў карэннага белага насельніцтва Паўн. і Зах. Афрыкі. Належаць да семіта-хаміцкіх моў і ўтвараюць моўныя астраўкі ў араб. асяроддзі. Падзяляюцца на 2 дыялектныя групы: кабільская, берабер, шлех, туарэг, зенага і інш. (пераважна на тэр. Марока, Маўрытаніі і Сахары); сукупнасць моў пад агульнай назвай зенет (Алжыр, Туніс, Трыпалітанія). Берберскім мовам уласцівы афіксацыя і ўнутраная флексія кораня, які можа складацца з дзвюх ці трох зычных. Большая частка моў беспісьмовая. Да гэтай групы адносяцца і мёртвыя мовы: лівійская, нумідыйская і гетульская.

Літ.:

Завадовский Ю.Н. Берберский язык. М., 1967.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)