РУ́СКА-АЎСТРЫ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ 1781, 1877, 1897, 1907, 1908.
Саюзны дагавор 1781 заключаны 18 мая — 4 чэрв. ў форме абмену лістамі паміж рас. імператрыцай Кацярынай II і аўстр. імператарам Іосіфам II. Гарантаваў тэр. недатыкальнасць уладанняў абедзвюх дзяржаў, узаемадапамогу ў вайне з Турцыяй і Швецыяй, адмову ад сепаратных перагавораў у выпадку сумеснага вядзення вайны. У 1789 тэрмін дзеяння дагавора прадоўжаны на 8 гадоў. Канвенцыя 1877 (сакрэтная) аб умовах нейтралітэту Аўстра-Венгрыі ў ходзе падрыхтоўкі Расіі да рус.-тур. вайны 1877—78. Падпісана 15.1.1877 у Будапешце.
Паводле канвенцыі Аўстра-Венгрыя атрымлівала Боснію і Герцагавіну, бакі абавязваліся не пашыраць сферы сваіх ваен. дзеянняў. Апошнія 3 пагадненні датычыліся балканскага пытання. Пагадненне 1897 (сакрэтнае) аформлена праз абмен лістамі паміж міністрамі замежных спраў Аўстра-Венгрыі А.Галухоўскім (ліст ад 8 мая) і Расіі М.М.Мураўёвым (ліст ад 17 мая). Бакі абавязаліся падтрымліваць статус-кво на Балканах, а ў выпадку немагчымасці яго захавання меркавалі заключыць асобае пагадненне. Пагадненне 1907 падпісана 28 вер. ў Вене міністрамі замежных спраў Расіі А.П.Ізвольскім і Аўстра-Венгрыі А. фон Эрэнталем. Працягвала паўнамоцтвы ваен. і цывільных чыноў міжнар. еўрап. адміністрацыі ў 3 вілаетах еўрап. часткі Турцыі, устаноўленыя ў 1903. Але аўстра-тур. Пагадненне 1908 аб буд-ве чыгункі Сараева—Салонікі фактычна прывяло да спынення яго дзейнасці. Пагадненне 1908 (вуснае) — папярэдняе сакрэтнае пагадненне паміж Ізвольскім і Эрэнталем у час іх сустрэчы 15 вер. ў замку Бухлаў (Чэхія). Аўстра-Венгрыя пагаджалася на змяненне рэжыму Чарнаморскіх праліваў на карысць Расіі і на вырашэнне шэрагу балканскіх праблем на карысць Балгарыі, Грэцыі, Сербіі; Расія пагаджалася на анексію Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй, але прапаноўвала канчаткова вырашыць балканскія праблемы на агульна-еўрап. канферэнцыі. Аднабаковае абвяшчэнне анексіі Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй, што выклікала Баснійскі крызіс 1908—09, вымусіла Расію ў кастр. 1908 афіцыйна дэнансаваць пагадненне.
В.М.Пісараў.
т. 13, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1990-х г.,
палітыка-этнаграфічны канфлікт у Босніі і Герцагавіне, які ўзнік на пачатку 1990-х г. ва ўмовах распаду Югаславіі (СФРЮ) на самаст. краіны. Мясц. паліт. эліта, абапіраючыся на Сербію і Харватыю, у сваіх сепаратысцкіх інтарэсах выкарыстала спецыфіку Босніі і Герцагавіны — падзел яе насельніцтва па нац.-канфесійным прынцыпе на правасл. (сербы — 37%), католікаў (харваты — 20%) і мусульман (наз. сябе асобнай этн. супольнасцю — мусліманамі — 40%). У ліст. 1990 у выніку першых шматпартыйных выбараў у Босніі і Герцагавіне да ўлады прыйшлі партыі, якія прадстаўлялі асн. нац.-рэліг. групы насельніцтва: мусульманская Партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Большасць у парламенце атрымала Партыя дэмакр. дзеяння, яе кіраўнік А.Ізетбегавіч стаў старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны. Пачала праводзіцца лінія на стварэнне адзінай дзяржавы ісламскай арыентацыі. Паліт. проціборства бакоў адносна нац. тэр. ўладкавання краіны пасля абвяшчэння суверэнітэту Босніі і Герцагавіны (кастр. 1991), правядзення рэферэндуму па пытаннях незалежнасці (сак. 1992, сербы яго байкатавалі) і прызнання міжнар. супольнасцю незалежнасці Босніі і Герцагавіны (крас.—май 1992) прывяло да стварэння сербамі сваёй рэспублікі з парламентам і прэзідэнтам. Харваты таксама аформіліся як адасобленая этн. група са сваім паліт. Кіраўніцтвам. Паліт. рознагалоссі выліліся ва ўзбр. сутычкі вайск. фарміраванняў этн. абшчын, якія перараслі ў грамадз. вайну. Міжнар. супольніцтва віну за эскалацыю насілля ўсклала на сербскі бок. Сербія была абвінавачана ў падтрымцы сепаратысцкіх дамаганняў баснійскіх сербаў і агрэсіі супраць Босніі і Герацагавіны. Савет Бяспекі ААН увёў супраць новай Югаславіі (Сербія і Чарнагорыя) эканам. санкцыі (зняты ў снеж. 1995). Баявыя дзеянні, у якіх прымалі ўдзел і наёмнікі, вяліся пераважна паміж сербамі і мусульманамі, мусульманамі і харватамі. Пазней аформіўся мусульм.-харвацкі альянс супраць сербаў. Этн. чысткі, дзесяткі тысяч забітых, каля 3 мільёнаў бежанцаў, масавыя парушэнні правоў чалавека, разбураныя гарады (у т. л. Сараева) — такі вынік грамадз. вайны. На паглыбленне Баснійскага крызісу ўплывала і сутыкненне ў гэтым рэгіёне інтарэсаў Сербіі і Харватыі, а таксама вял. дзяржаў. Міжнар. дыпламат. намаганні і перагаворы аб урэгуляванні Баснійскага крызісу доўгі час не мелі поспеху. Пры садзейнічанні ЗША у вер. 1995 паміж варагуючымі бакамі дасягнута пагадненне пра спыненне агню. У ліст. 1995 у г. Дэйтан (ЗША) прайшлі перагаворы прэзідэнтаў Босніі і Герцагавіны (Ізетбегавіч), Сербіі (С.Мілошавіч) і Харватыі (Ф.Туджман). На аснове дэйтанаўскіх дамоўленасцяў у снеж. 1995 прайшлі перагаворы у Парыжы, у выніку якіх прадугледжана захаванне адзінай і суверэннай дзяржавы Боснія і Герцагавіна з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (51% тэрыторыі) і Сербскай Рэспублікі Боснія. Раўнапраўе 3 народаў краіны забяспечваецца прапарцыянальным іх прадстаўніцтвам у вышэйшых органах улады. Мерапрыемствы па мірным урэгуляванні Баснійскага крызісу маюць ваенны і грамадз. аспекты: ваенны прадугледжвае раз’яднанне варагуючых бакоў, забеспячэнне перамір’я, кантроль над узроўнем узбраення, садзейнічанне Міжнар. трыбуналу па ваен. злачынствах у пошуку і прыцягненні да суда ваен. злачынцаў; грамадз. блок мераў — правядзенне выбараў, фарміраванне мясц. органаў улады, забеспячэнне правоў чалавека і нац. меншасцяў, вырашэнне праблем бежанцаў, аднаўленне эканомікі і інш. Для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў у зону канфлікту, якая падзелена на сектары, уведзены міжнар. міратворчыя сілы, у складзе якіх вайск. кантынгенты з 33 краін, у т. л. ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Расіі.
М.С.Даўгяла.
т. 2, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)