ВАРА́ЖСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

адно з самых стараж. зледзяненняў у Еўропе. Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1961—65 як зледзяненне, якое ўкрывала амаль усю Паўн. Еўропу. Атаясамлівалася з першым з 2 міндэльскіх зледзяненняў, з 1971 — з нараўскім зледзяненнем. З 1990-х г. з варажскім зледзяненнем звязваюць варажскі гарызонт эаплейстацэну, які адпавядае скандынаўскаму зледзяненню. На тэр. Беларусі азёрныя і рачныя адклады варажскага зледзянення (алеўрыты, супескі, пяскі з рэшткамі арктабарэальных раслін) найб. пашыраны на Палессі. У час варажскага зледзянення адбылася змена палеамагнітных эпох: адмоўна намагнічаныя пароды эпохі Матуяма змяніліся дадатна намагнічанымі пародамі сучаснай эпохі Брунас каля 730 тыс. г. назад (гл. Палеамагнетызм).

А.​Ф.​Санько.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁЕВА (Вера Паўлаўна) (н. 10.8.1926. в. Горкі Цвярской вобл., Расія),

бел. фізіёлаг раслін. Д-р біял. н. (1974), праф. (1990). Скончыла Маскоўскую с.-г. акадэмію (1949). З 1961 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні фізіёлага-біяхім. асноў накіраванай рэгуляцыі росту і развіцця раслін з дапамогай фізіялагічна актыўных рэчываў (гербіцыдаў, рэтардантаў, стымулятараў).

Тв.:

Физиология устойчивости сортов растений к гербицидам и ретардантам. Мн., 1976 (разам з З.​І.​Шэлег);

Ретарданты — регуляторы роста растений. Мн., 1980;

Избирательное действие химических регуляторов роста на растения: Физиол. основы. МН., 1988 (разам з З.​І.​Шэлег і Н.​В.​Санько).

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЙСТАЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), плейстацэн (ад грэч. pleistos найбольшы + kainos новы),

ніжні аддзел антрапагенавай сістэмы (перыяду), апошні адрэзак ледавіковай гісторыі Зямлі, які адпавядае найб. працяглай эпосе антрапагенавага (чацвярцічнага) перыяду. Паводле розных ацэнак П.а.(э.) доўжыўся 0,7—3,5 млн. г. і завяршыўся 0,1 млн. г. назад. Ён падзелены на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) плейстацэн або эа-, меза- і неаплейстацэн. Характарызуецца глабальным пахаладаннем клімату Зямлі і чаргаваннем у сярэдніх шыротах халодных (ледавіковых) і адносна цёплых (міжледавіковых) інтэрвалаў. Тэр. Беларусі належыць да рэгіёнаў класічнага развіцця ледавіковых з’яў і падзей у плейстацэне.

А.​Ф.​Санько.

т. 12, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́ННЫ РЭЛЬЕ́Ф,

рэльеф, створаны дзейнасцю ледавікоў. Фарміраванне М.р. звязана з ледавіковай экзарацыяй, акумуляцыяй марэннага матэрыялу (гл. Марэна) і флювіягляцыяльных адкладаў. Вылучаюць тыпы М.р.: марэнныя раўніны (роўныя або злёгку хвалістыя паверхні, якія ўскладняюцца асобнымі марэннымі ўзгоркамі, катлавінамі, лагчынамі); канцова-марэнны (сістэмы моцна расчлянёных канцова-марэнных узвышшаў і град, выцягнутых на дзесяткі кіламетраў уздоўж краю былога ледавіка); узгорыста-марэнна-азёрны (спалучэнне марэнных і камавых узгоркаў з озамі, катлавінамі, лагчынамі і паніжэннямі, занятымі азёрамі і балотамі). У горных далінах М.р. прадстаўлены бакавымі марэнамі, градамі канцавых марэн, цыркамі, трогамі і інш. На Беларусі найб. выразны ў зоне паазерскага зледзянення.

А.​Ф.​Санько, В.​П.​Якушка.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАВІКО́ВЫ ПЕРЫ́ЯД,

этап геал гісторыі Зямлі, на працягу якога шматразова чаргаваліся адрэзкі часу з вельмі халодным (ледавікоўе) і з больш цёплым (міжледавікоўе) кліматам на фоне агульнага пахаладання. Вядомы ў ніжнім пратэразоі Паўн. Амерыкі, верхнім рыфеі Афрыкі і Аўстраліі, вендзе Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, канцы карбону — пач. пярмі на стараж. мацерыку Гандвана і ў плейстацэне (найб. даследаваны). Змены клімату прыводзілі да перамяшчэнняў геагр. зон на Пд, міграцыі флоры і фауны, утварэння вял. плошчаў і аб’ёмаў мацерыковых зледзяненняў і пашырэння горных ледавікоў. У час міжледавікоўяў ва ўмераных шыротах значная частка ледавікоў раставала. Перыяды слабейшых пацяпленняў наз. міжстадыяламі (інтэрстадыяламі). На тэр. Беларусі добра захаваліся ледавіковыя адклады, ледавіковы рэльеф, рэшткі раслін і жывёл плейстацэну. Яны далі магчымасць высветліць падзеі, што адбыліся 1,65 млн. гадоў назад.

А.​Ф.​Санько.

т. 9, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПААЗЕ́РСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ, валдайскае зледзяненне, вістуліянскае зледзяненне,

апошняе зледзяненне на тэр. Беларусі ў плейстацэне. Доўжылася па розных ацэнках 105 ці 85 тыс. гадоў ад муравінскага міжледавікоўя да галацэну. Было самым халодным сярод плейстацэнавых зледзяненняў. Складалася з трох этапаў — анагляцыялу (раннеледавікоўя), пленігляцыялу (сярэдне- ці ўласна ледавікоўя) і катагляцыялу (позналедавікоўя). На працягу анагляцыялу адбывалася паступовая (з «цёплымі» інтэрстадыяльнымі перапынкамі) змена міжледавіковага клімату на перыгляцыяльны. Пленігляцыял, у якім панавала шматгадовая мерзлата і інш. крыягенныя з’явы, завяршыўся пашырэннем на тэр. Беларусі мацерыковага ледавіка (да паўд. мяжы Беларускага Паазер’я). Ледавік пакінуў пасля сябе свежы марэнны рэльеф і тоўшчу адкладаў сярэдняй магутнасцю каля 15 м. У катагляцыяле паскорана-рытмічнае пацяпленне прывяло да канчатковага знікнення пахаванага (мёртвага) лёду, шматгадовай мерзлаты і інш. прыкмет зледзянення. З адкладамі П.з. звязаны многія радовішчы жвіру, пяску, гліны.

А.​Ф.​Санько.

т. 11, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНАЯ МЕРЗЛАТА́, шматгадовая мерзлата,

верхні слой зямной кары з устойлівымі адмоўнымі тэмпературамі на працягу тысяч гадоў; частка крыясферы. Пашырана ў арктычным і антарктычным паясах, часткова ва ўмераным поясе, дзе існуе рэзка кантынентальны клімат. Развіта таксама пад покрыўнымі і горнымі ледавікамі. У зоне вечнай мерзлаты горныя пароды сцэментаваны замёрзлай вільгаццю. Магутнасць слоя з адмоўнымі т-рамі дасягае 4 км у Антарктыдзе, 1,5 км у Арктыцы. Пашырана на пл. каля 35 млн. км², у т. л. 11 млн. км² у Сібіры. На тэр. Беларусі існавала ў ледавіковыя эпохі. Слядамі вечнай мерзлаты з’яўляюцца крыягенныя тэкстуры, што захаваліся ў горных пародах, — псеўдамарфозы на месцы ледзяных кліноў і маразабойных шчылін, сляды цячэння і сціскання расталага грунту і інш. З часоў дэградацыі вечнай мерзлаты ў рэльефе захаваліся тэрмакарставыя западзіны і катлавіны азёр, псеўдатэрасы, валы і інш. Вечную мерзлату вывучае крыялогія.

А.​Ф.​Санько.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАВІКО́ВЫ РЭЛЬЕ́Ф, гляцыяльны рэльеф,

тыпы і формы зямной паверхні, якія ўтварыліся ў выніку дзейнасці мацерыковых і горных ледавікоў і іх расталых вод. Л.р. разам з ледавіковымі адкладамі ўтварае ледавіковы комплекс. Адрозніваюць экзарацыйны і ледавікова-акумулятыўны тыпы Л.р. Да экзарацыйнага адносяцца формы рэльефу, утвораныя ў цвёрдых горных пародах («барановы лбы», «кучаравыя» скалы), гарах (трогі, кары і рыгелі), рыхлых адкладах (ледавіковыя лагчыны). Ледавікова-акумулятыўны тып рэльефу ўтвараюць марэнныя, водналедавіковыя (флювіягляцыяльныя) і азёрна-ледавіковыя (лімнагляцыяльныя) раўніны і нізіны, зандры, а таксама краявыя ледавіковыя ўтварэнні (канцова-марэнныя ўзвышшы і грады), тэрасы, камы, озы, гляцыякарставыя (тэрмакарставыя) западзіны і катлавіны (запоўненыя і незапоўненыя вадой) і інш. На Беларусі пераважае ледавікова-акумулятыўны рэльеф. Найб. выразна ён захаваўся ў паўн. ч. ў межах пашырэння апошняга паазерскага зледзянення (каля 20—15 тыс. гадоў назад). Гл. таксама Марэнны рэльеф.

А.​Ф.​Санько.

т. 9, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАВІКО́ВЫЯ АДКЛА́ДЫ,

геалагічныя адклады, што ўзніклі ў выніку дзейнасці ледавіка і яго расталых вод на сушы. Падзяляюцца на ўласна ледавіковыя (гл. Марэна), флювіягляцыяльныя, лімнагляцыяльныя адклады. Л.а. лічыцца і абломкавы матэрыял, перанесены айсбергамі і адкладзены ў моры (ледавікова-марскія ці марынагляцыяльныя адклады). Флювіягляцыяльныя адклады ўтварыліся ў працэсе перамыву марэн і марэназмяшчальных пластоў ільду расталымі ледавіковымі водамі. Гэта пяскі, часта буйназярністыя, са жвірам і галькай. У месцах, дзе такі перамыў адбываўся ва ўмовах гідрастатычнага ціску, узнікалі магутныя пясчана-жвіровыя акумуляцыі з дамешкамі валунна-галечнай сумесі. Флювіягляцыяльныя адклады складаюць водна-ледавіковыя раўніны, зандры, озы, камы. Лімнагляцыяльныя адклады (стужачныя гліны, супескі, суглінкі, тонка- і дробназярністыя пяскі) сфарміраваліся ў прыледавіковых азёрах, у надледавіковых і ўнутрыледавіковых вадаёмах, а таксама ў адкрытых ледавіковых лагчынах. Беларусь — тыповая вобласць акумуляцыі Л.а. З Л.а. звязаны радовішчы цагельнай сыравіны, буд. пяскоў, жвіру, галькі, валуноў, падземных вод. Гл. таксама Ледавіковы комплекс.

А.​Ф.​Санько.

т. 9, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПА́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

паўночна-ўсх. адгалінаванне Альпійскай геасінклінальнай вобласці Еўропы ў выглядзе дугападобнай сістэмы складкавых гор (Карпаты). Падзяляецца на шэраг вял. структур, размежаваных насовамі: Перадкарпацкі перадавы прагін, Вонкавыя (Флішавыя) Карпаты, Унутраныя Карпаты, Закарпацкі тылавы прагін і Панонская ўпадзіна (Вял. Венгерская нізіна), якая не адносіцца да ўласна Карпат. Перадкарпацкі прагін прылягае да паўд.-зах. ускраіны Усх.-Еўрапейскай платформы, запоўнены неагенавымі маласамі, падзяляецца на вонкавую, цэнтр. і ўнутр. зоны. Унутр. і цэнтр. зоны маюць складаную структуру з лускападобных дыслакацый; уяўляюць сабой буйныя покрывы, насунутыя на 15—20 км на вонкавую зону, якая стварылася ў канцы неагену і мае ступеньчаты фундамент. Вонкавыя Карпаты складзены з мелавых і палеагенавых флішаў (магутнасць 4—5 км), уяўляюць сабой сістэму лінейных, разарваных насовамі лускападобных складак (скіб), павернутых і насунутых на Перадкарпацкі прагін у перадміяцэнавы перыяд. Вонкавыя і Унутр. Карпаты аддзелены зонай вял. глыбіннага насову. Ва Унутр. Карпатах на тэр. Украіны вылучаецца Мармарошскі крышт. масіў, складзены з покрываў, якія сфарміраваліся ў сярэднемелавы час з рознаўзроставых метамарфічных парод. Перамяшчэнні покрываў на 15—20 км у напрамку Вонкавых Карпат. Унутр. Карпаты складаюцца таксама з маладых магматычных інтрузій, вапнякоў і даламітаў, насунутых у познамелавы час у форме вярховых покрываў. Уздоўж унутр. краю Карпацкай дугі праходзіць найб. ў Еўропе ўнутрыкарпацкі вулканічны пояс, які развіваўся ў міяцэн-плейстацэнавы перыяд. Складзены з андэзітаў, трахітаў, базальтаў, туфаў. Унутр. Карпаты ўтварылі фундамент Закарпацкага прагіну, запоўненага маласамі неагену, сярод якіх месцамі развіты салянакупальныя структуры. Закарпацкі прагін аддзелены ад Панонскай упадзіны Прыпанонскім глыбінным разломам.

А.​Ф.​Санько, Т.​Каліцкі.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)