РАМАНО́ЎСКІ (Пётр Міхайлавіч) (21.9.1919, г. Орша Віцебскай вобл. — 23.9.1977),

бел. жывапісец. Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна (1948). У 1948—54 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Сярод твораў: сюжэтна-тэматычныя карціны «На канікулах» (1951), «Сяброўкі» (1952), «Уборка капусты» (1958), «Падрыўнікі» (1962); пейзажы «Мінск» (1954), «Хутар Альбуць» (1959), «Жыта» (1960), «Зямля кліча» (1961), «Залатая восень» (1963), «У горадзе-героі Мінску» (1977); партрэты «Сын» (1967), «Мастак А.​Шаўчэнка» (1970), «Паэт А.​Русак» (1975).

Б.​А.​Крэпак.

П.Раманоўскі. Мастак А.​Шаўчэнка. 1970.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЯДЗІ́КТАЎ (Георгій Міхайлавіч) (8.11.1916, г. Саратаў, Расія — 18.11.1992),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна (1943). З 1954 працаваў у ін-тах Белдзяржпраект, Белдзіпрагандаль, з 1982 выкладаў у Бел. політэхн. акадэміі. Гал. кірунак творчасці — архітэктура грамадскіх будынкаў і збудаванняў. Асн. работы: будынкі Белдзяржфілармоніі (1963), Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны (1967), Дома прафесіянальных саюзаў (1982, усе ў сааўт.), Палаца культуры трактарнага з-да ў Мінску. Па яго праектах пабудаваны гасцініцы «Юбілейная» і «Планета» ў Мінску, «Магілёў» у Магілёве, «Інтурыст» у Брэсце і інш.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАСЁЎ (Іван Васілевіч) (11.9.1910, с. Новы Ропск Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 22.1.1983),

бел. жывапісец-пейзажыст. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1933). Працаваў мастаком у т-рах Беларусі і Расіі (1936—47). Творы вылучаюцца тонкім адчуваннем хараства бел. прыроды, вобразнай выразнасцю, напоўненасцю філас. роздумам: «Маладая зеляніна» (1957), «Восень» (1961), «Маладое жыта» (1964), «Край беларускі» (1969), «Сакавіцкі вечар у вёсцы (1973), «Зжатае поле» (1975), «Веснавы дзень» (1978), «Бярэзіна» (1969—78) і інш. Стварыў серыю пейзажаў купалаўскіх мясцін (1967—73). Творчай манеры ўласціва пленэрнасць, абагульненасць і лаканічнасць форм, мяккасць каларыту.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 8, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯПРЫ́НЦАЎ (Юрый Міхайлавіч) (15.8.1909, Тбілісі — 20.10.1996),

расійскі мастак. Нар. маст. СССР (1965). Правадз. чл. АМ СССР (1970). Вучыўся ў Ленінградскай АМ (1934—38). З 1948 выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна ў Ленінградзе (з 1954 праф.). Ствараў пераважна жанравыя творы, прысвечаныя Вял. Айч. вайне. Аўтар серыі афортаў «Ленінградцы» (1960—67), карціны «Прывітанне, Ленінград!» (1947), «Адпачынак пасля бою» (1951), «Трамвай прыйшоў на фронт» (1964), «Памяці загінуўшых» (1967), «Балтыйцы» (1970), «Вось салдаты ідуць» (1971). Дзярж. прэмія СССР 1952.

Літ.:

Мямлин И.Г. Ю.​Непринцев. Л., 1976.

Ю.Няпрынцаў. Адпачынак пасля бою. 1951.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАВУ́МАВА-ЛЕ́БЕДЗЕВА (Ганна Пятроўна) (17.5.1871, С.-Пецярбург — 5.5.1955),

рускі гравёр і жывапісец. Нар. мастак Расіі (1946), правадз. чл. АМ СССР (1949). Вучылася ў Цэнтр. вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца, у Пецярбургскай АМ (1892—1900) у І.​Рэпіна і В.​Матэ. Уваходзіла ў аб’яднанне «Свет мастацтва». Адрадзіла рус. арыгінальную чорна-белую і каляровую гравюру па дрэве, працавала ў галіне кніжнай ілюстрацыі, стварыла серыю паэтычных гравюр-пейзажаў: «Пецярбург» (1908), «Крукаў канал» (1910), «Марсава поле» (1922), «Паўлаўск» (1922—23), «Смольны» (1924), партрэты і інш.

Тв.:

Автобиографические записки. Т. 1—3. М., 1974.

Літ.:

Синицын Н. Гравюры Остроумовой-Лебедевой. М., 1964.

М.​М.​Паграноўскі.

Г.Астравумава-Лебедзева. Крукаў канал. 1910.

т. 2, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ВІЧ (Фёдар Іванавіч) (28.8.1905, г. Камянец Брэсцкай вобл. — 23.12.1986),

бел. жывапісец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1938). З 1938 выкладчык у маст. вучылішчы, у 1941—45 мастак агітмайстэрні ў Пермі. З 1951 жыў у Мінску, у 1960—66 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Аўтар станковых твораў «Пасля працы» (1954), «Гарманіст ідзе» (1955), «Трывога» (1961), тэматычных карцін «Страляйце, не шкадуйце нас!» (1964), «1941 год» (1967), лірычных пейзажаў «Над Прыпяццю» (1973), «Возера Мураці» (1975) і інш. Стварыў шэраг партрэтаў.

Літ.:

Масленікаў П. Мастак жыццёвасці і праўды // Мастацтва Беларусі. 1983. № 8.

Ф.Дарашэвіч. Возера Мураці. 1975.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБАЧЭ́ЎСКАЯ (Вольга Аляксандраўна) (н. 29.9.1951, г. Цюмень, Расія),

бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1988). Скончыла Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1977). Працавала ў Дзярж. маст. музеі Беларусі, у н.-д. маст.-эксперым. лабараторыі Упраўлення маст. прам-сці. З 1991 у Бел. ін-це праблем культуры. Даследуе нар. мастацтва, промыслы і рамёствы Беларусі, інсітнае мастацтва Аўтар навук. каталогаў «Народныя мастацкія промыслы Беларусі» (1985), «Жлобінская інкрустацыя» (1986), «Падвойныя дываны са збораў Польшчы і Беларусі» (1996), буклетаў «Народнае мастацтва Беларусі» (1988), «Беларуская саломка» (1989), «Мазырская кераміка» (1990) і інш.

Тв.:

Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.

І.​Л.​Чэбан.

т. 9, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА (Аляксандр Аляксандравіч) (7.9.1875, Кіеў — 14.6.1919),

украінскі жывапісец. Вучыўся ў Кіеўскай рысавальнай школе М.І.Мурашкі, Пецярб. АМ (1894—1900) у І.​Рэпіна, у Мюнхене ў школе А.​Ажбе (1901). У 1902—04 наведаў Парыж. Член т-ва перасоўнікаў (з 1916). З 1912 выкладаў у Кіеўскім маст. вучылішчы, у 1912—17 — у Маст. студыі, якую адкрыў у Кіеве разам з А.​Кругер-Прахавай. Творы адметныя натурнай пераканаўчасцю, дэкар. экспрэсіяй колеру: «Пахаванне кашавога» (1900), «На вуліцах Парыжа» (1902—03), «Сялянская сям’я» (1913). Аўтар партрэтаў «Дзяўчынка з сабачкам», «Дзяўчынка ў чырвоным капелюшы» (1902—03), Я.​Станіслаўскага (1906), М.​Мурашкі (1907), аўтапартрэта (1918).

В.​А.​Сімакова.

А.Мурашка. Дзяўчынка з сабачкам.

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (Ігар Мікалаевіч) (24.2.1923, в. Будзінка Калінінскай вобл., Расія — 18.4.1986),

бел. скульптар. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1956). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (1956—64), БПІ (1964—76). Працаваў у галіне манум. пластыкі, партрэта, станковай кампазіцыі. Сярод твораў: «На таку» (1957), «Жаночы партрэт (Наташа)» (1959), «Подзвіг народа» (1981) і інш. Аўтар помнікаў бел. воінам і партызанам у г. Стоўбцы (з С.​Селіханавым, 1963) і в. Вял. Бортнікі Бабруйскага р-на (1966), Ф.​Скарыне ў Полацку паводле праекта А.​Глебава (з А.​Заспіцкім, В.​Марокіным, 1974) і інш. Творчасці Глебава ўласцівы дакладнасць рэаліст. формы, мяккасць мадэліроўкі, жыццёвасць вобразаў.

Л.​Ф.​Салавей.

І.М.Глебаў. Жаночы партрэт (Наташа). 1959.

т. 5, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНО́ЎСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (н. 21.2.1952, в. Бечы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец, мастак. Вучыўся ў Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна (1986—89). Скончыў Бел. АМ (1993). З 1986 у Нац. маст. музеі Беларусі (з 1990 гал. хавальнік). У 1989—91 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, у 1994—99 — у Бел. АМ. Даследуе праблемы сучаснага бел. мастацтва. Аўтар творчых партрэтаў да каталогаў бел. мастакоў (У.​Слабодчыкава, Ю.​Герасіменкі, П.​Дурчыка, А.​Кузняцова і інш), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Rondo» (1998), «Пірасмані з Баранавічаў», «Intervert» (абодва 2000). Адзін з аўтараў альбома «Сяргей Ткачэнка. Жывапіс» (2000). Працуе таксама ў жывапісе і скульптуры.

Г.​А.​Фатыхава.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)