поўная адсутнасць лібіда. Уласціва пераважна жанчынам. Найчасцей вынік прыроджаных або набытых нейраэндакрынных расстройстваў, якія прыводзяць да недаразвіцця ўсёй палавой сферы (інфантылізму) або да другаснага зніжэння (амаль да поўнага знікнення) палавой цягі. Прычынай алібідэміі з’яўляюцца таксама інтаксікацыі наркотыкамі, нейралептыкамі, транквілізатарамі, постінфекц. пашкоджанні гіпаталамуса, узроставая інвалюцыя (гл. Клімакс). У выключных выпадках А. можа быць вынікам няправільнага выхавання. У мужчын надзвычай рэдкая і абумоўлена ў асноўным глыбокай паталогіяй гіпаталама-гіпафізарна-ганаднай сістэмы, часцей недаразвіццём усёй палавой сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́Т,
мінерал, рэдкая празрыстая разнавіднасць хрызаберылу. Састаў берыліева-алюмініевага вокіслу (BeAl2O4), з прымессю вокіслу хрома (Cr2O3). Крышталі тоўстатаблітасныя, псеўдагексаганальныя. Колер ізумрудна-зялёны, пры штучным асвятленні — вішнёва- ці фіялетава-чырвоны, ружовы. Бляск шкляны. Цв. 8,5. Шчыльн. каля 3,7 г/см³. Трапляецца ў пегматытавых жылах. Радовішчы на Урале, у Бразіліі, на Пд Афрыкі, Мадагаскары і Цэйлоне. Александрыт масай больш за 2—3 караты і густа афарбаваныя лічаць каштоўнымі камянямі. Александрытам называюць таксама светла-зялёную разнавіднасць штучнага карунду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРШФЕ́ЛЬДЫЯ
(Hirschfeldia),
род кветкавых раслін сям. капуставых. 2 віды. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі як рэдкая занесеная расліна трапляецца гіршфельдыя шэрая (Н. incana). Расце па чыгунках, на сухіх камяністых адхонах і ўздоўж дарог.
Апушаныя шэра-зялёныя аднагадовыя травяністыя расліны з моцнаразгалінаваным сцяблом, выш. да 0,6 м. Ніжняе лісце лірападобнае, з яйцападобнымі выемчата-зубчастымі сегментамі, у разетцы, верхняе — нешматлікае, маленькае, лінейнае. Кветкі дробныя, бледна-жоўтыя, з суцэльнымі пялёсткамі і трохлопасцевымі мядовымі залозкамі. Плод — цыліндрычны бугрысты стручок. Меданосныя расліны, месцамі — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎКА,
кедраўка (Nucifraga caryocatactes), птушка сямейства крумкачовых атрада вераб’інападобных. Пашырана ў цемнахвойных лясах Еўразіі. На Беларусі рэдкая; гняздуецца пераважна ў паўночным і цэнтральным раёнах, у паўднёвых раёнах трапляецца спарадычна; жыве падвід арэхаўка еўрапейская, часам залятае арэхаўка сібірская.
Даўжыня цела да 36 см, маса да 200 г. Дзюба тоўстая, прамая, чорная. Ногі чорныя. Апярэнне буравата-карычневае з белымі плямкамі. На канцы хваста белая паласа. Гнёзды на хвойных дрэвах на вышыні 4—12 м. Яйцы 3—4, радзей 2—6, нясе ў красавіку. Корміцца насеннем кедра, елкі, хвоі, дуба, насякомымі і іх лічынкамі. Разносіць і хавае ў глебе насенне дрэў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУНГА́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Джунгарыя,
раўнінная вобласць паміж гарамі Алтая і Усх. Цянь-Шаня, на ПнЗ Кітая. Пл. каля 700 тыс.км2, пераважныя выш. 600—800 м. Складзена з магутнага покрыва рыхлых адкладаў. Пустыні з масівамі градавых і барханавых пяскоў, саланчакі. Асобныя невысокія горныя кражы і драбнасопачнік. Клімат умераны кантынентальны, з гарачым сухім летам і халоднай сухой зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -20 да -25 °C, ліп. ад 20 да 25 °C з рэзкімі ваганнямі на працягу сутак. Рачная сетка рэдкая. Разрэджаная ксерафітная расліннасць (саксаул, тамарыск, палыны, салянкі). Пашавая жывёлагадоўля, месцамі аазісы. Радовішчы нафты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙДА
(Isatis),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца вайда фарбавальная (І. tinctoria). Расце ўздоўж чыгунак як рэдкая занесеная расліна. Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце суцэльнае, чаргаванае, сядзячае. Кветкі дробныя, жоўтыя, сабраныя ў гронкі. Плод — аднанасенны звіслы пляскаты стручок. Лек. (антыбіятычны і проціцынготны сродак, выкарыстоўваецца супраць хвароб селязёнкі), тэхн. (лісце мае фарбавальнікі — індыга і басму, у насенні да 30% тлустага алею тыпу льнянога), кармавыя і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУТО́РЫ
(Neomys),
род млекакормячых сям. землярыйкавых. 2 віды: К. звычайная, або вадзяная (N. fodiens), і К. малая (N. anomalus). Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць каля вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. На Беларусі — абодва віды, К. малая больш рэдкая, трапляецца пераважна на Пд.
Даўж. цела да 10 см, хваста да 8 см, маса да 20 г. Поўсць чорная або бурая, на брушку белая або шараватая, кароткая, аксаміцістая. Пыска падоўжаная з вібрысамі. На задніх лапах плавальная аблямоўка з цвёрдых валаскоў. Кормяцца насякомымі, чарвямі, жабамі, ікрой, маляўкамі рыб. Гнёзды ў норах або на купінах у траве. Нараджаюць да 14 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБРО́ЗА (Lombroso) Чэзарэ
(6.11.1835, г. Верона, Італія — 9.10.1909),
італьянскі судовы псіхіятр і крыміналіст, заснавальнік антрапалагічнай школы права. Скончыў Павійскі ун-т (1858). З 1862 праф. Павійскага, з 1896 Турынскага ун-таў. Л. сцвярджаў, што злачынства звычайная з’ява, што існуе асобы тып «прыроджанага злачынцы», які не можа не рабіць злачынства; ён валодае асобымі фіз. прыкметамі («стыгматамі»), напр., у яго нізкі лоб, сплюшчаны нос, рэдкая барада і да т. п. Пазней Л. прызнаваў значэнне сац. прычын злачыннасці, што дало падставу лічыць яго тэорыю біясацыялагічнай. Паводле сваіх паліт. поглядаў Л. — прыхільнік расавай тэорыі.
Тв.:
Рус.пер. — Гениальность и помешательство: [Сб. работ]. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКМА́НІЯ
(Beckmannia),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 2 віды. Пашыраны ў нетрапічных раёнах Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі на заліўных лугах і каля вадаёмаў трапляецца бекманія звычайная (Beckmannia eruciformis); бекманія ўсходняя (Beckmannia syzigachne) — рэдкая заносная расліна.
Шмат- або двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з кароткімі паўзучымі парасткамі або без іх; утвараюць рыхлыя ці шчыльныя дзярніны. Сцябло (саломіна) выш. 30—150 см, прамастойнае. Лісце лінейнае, плоскае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 1—2-кветкавыя сціснутыя з абодвух бакоў каласкі. Суквецце — густая аднабокая коласападобная мяцёлка даўж. да 30 см. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны. Культывуецца (ураджайнасць да 30 ц/га), выкарыстоўваецца ў травасумесях пры залужэнні поймаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛЮ́ХА,
гарчак жоўты (Picris), род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Міжземнамор’і і Паўн. Афрыцы. На Беларусі зрэдку ў лясах, хмызняках, на лугах, як пустазелле на палях трапляецца гарлюха ястрабковая (P. hieracioides) і як рэдкая занесеная расліна каля дарог — гарлюха цвёрдая (Р. rigita).
Адна-, двух-, радзей шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. Да 1 м. Лісце цэльнае, чаргаванае, падоўжана- або эліпсоідна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных на канцы сцябла ў парасона- ці шчыткападобныя мяцёлкі Плод — сямянка з чубком. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, крыху слабіцельны і болепатольны сродак) і меданосныя расліны; некат. віды — пустазелле.