АНТЫПІРАГЕ́НЫ

(ад анты... + грэч. pyr агонь + genos нараджэнне),

рэчывы, якія прадухіляюць самазагаранне вугалю, рудаў, торфу і інш. Як антыпірагены выкарыстоўваюць ваду, сілікаты натрыю, плёнкаўтваральныя растворы, інгібітары акіслення і інш. Прызначаны для прадухілення пажараў у рудніках.

т. 1, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНШЛІ́Ф

(ням. Anschliff),

непразрысты кавалак мінералу, горнай пароды, руды, акамянеласці, вугалю або металу з адшліфаванай і адпаліраванай адной або некалькімі паверхнямі. Выкарыстоўваецца для вызначэння мінералаў, вывучэння структуры рудаў і інш. у адлюстраваным святле палярызацыйнага мікраскопа.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЛЬГАМА́ЦЫЯ ў металургіі,

спосаб атрымання металаў з рудаў з дапамогай ртуці. Пры змочванні ртуццю металы ўтвараюць амальгамы і ў такім выглядзе аддзяляюцца ад пустой пароды і пяску. Амальгамацыю выкарыстоўваюць для выдзялення высакародных металаў (пераважна золата) са здробненых рудаў ці канцэнтратаў (у спалучэнні з тэхнічна больш дасканалымі працэсамі, напр. цыянаваннем), перапрацоўкі адходаў лёгкіх металаў (у другаснай металургіі), электралітычнага атрымання рэдкіх металаў (індыю, галію і інш.).

Амальгамы пасля насычэння металам адмываюць, фільтруюць, адціскаюць і награваюць да 800—850 °C, выдаляюць ртуць. Атрыманы «чарнавы» метал ідзе на афінаж, ртуць вяртаюць на амальгамацыю. Пры неабходнасці амальгамацыю актывуюць растворамі сернай к-ты ці вапны, выкарыстоўваюць таксама ртуць з дамешкамі натрыю ці цынку. Спосабам амальгамацыі выдзяляюць з руды 50—70% золата.

т. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЦЕ́ХЦІН Анатоль Георгіевіч

(8.3.1897, с. Стрыгіна, Валагодская вобл., Расія — 20.4.1962),

савецкі геолаг, мінералог. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1946). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1924). З 1937 у Ін-це геал. навук АН СССР (Масква), з 1956 у Ін-це геалогіі рудных радовішчаў, петраграфіі, мінералогіі і геахіміі АН СССР. Навук. працы па тэорыі рудаўтварэння і мінераграфіі. Развіваў новы кірунак у даследаванні рудаў, звязаны з вывучэннем іх тэкстуры, структуры і парагенезісу мінералаў Распрацаваў тэорыі гідратэрмальнага мінералаўтварэння і ўтварэння рудаў марганцу. Аўтар манаграфіі «Прамысловыя марганцавыя руды СССР» (1946). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія СССР 1947. Імем Бяцехціна названы мінерал бецехцяніт.

Літ.:

Шадлун Т.Н. Памяти академика А.Г.Бетехтина // Геология руд. Месторождений. 1963. № 3.

т. 3, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІТУ́НГ

(Belitung),

Білітон, востраў у Малайскім архіпелагу, паміж а-вамі Суматра і Калімантан, тэр. Інданезіі. Пл. 4850 км². Паверхня пераважна раўнінная, з асобнымі масівамі выш. да 510 м. Складзены з архейскіх гранітаў і гнейсаў. Клімат экватарыяльны. Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы. Здабыча алавяных рудаў. Трапічнае земляробства. Гал. горад — Танджунгпандан.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДО́ЎСКІ Васіль Андрэевіч

(4.3.1874, с. Беражняны Смаленскай вобласці — 10.2.1914),

расійскі радыехімік. Скончыў Юр’еўскі (Тартускі) ун-т (1902). З 1903 працаваў там жа. З 1912 у Галоўнай палаце мер і вагі ў Пецярбургу. Сфармуляваў «закон Барадоўскага», які дазваляе вызначыць ат. масы элементаў-ізатопаў. Даследаваў радыяц. астаткі ферганскіх рудаў, знайшоў у іх радый.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАДЫ́Р,

горад на ПдЗ Марока. Адм. ц. правінцыі Агадыр. Засн. ў 16 ст. 779 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990). Порт на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Міжнар. аэрапорт. Буйны рыбапрамысл. цэнтр. Вываз рыбных кансерваў, цытрусаў, ранняй агародніны, рудаў каляровых металаў. Цэм. з-д. Цэнтр турызму і адпачынку. Моцна пацярпеў ад землетрасення ў 1960.

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКА́ТВАННЕ, акамкаванне,

метад атрымання камякоў пылападобнай руды, мінер. угнаенняў ці танказдробненых канцэнтратаў, спяканне якіх ускладнена. Увільготнены матэрыял у вярчальным барабане ці талерчатым гранулятары ператвараецца ў камякі, трываласць якім надаецца хім. спосабам, абпальваннем ці высушваннем. Канчатковы прадукт наз. акатышам. У каляровай металургіі акатваюцца свінцовыя, медныя, нікелевыя канцэнтраты, для жал. рудаў акрамя акатвання выкарыстоўваюць агламерацыю.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГЕНТЫ́Т

(ад лац. argentum серабро),

сярэбраны бляск, мінерал класа сульфідаў, кубічная паліморфная мадыфікацыя Ag2S. Прымесі медзі, свінцу, жалеза і інш. Утварае масіўныя агрэгаты, плёнкі, пражылкі, украпанні. Колер свінцова-шэры да чорнага. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 7,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчах сярэбраных рудаў. У прыродзе рэдкі, назва «аргентыт» часта выкарыстоўваецца да псеўдамарфозаў акантыту па аргентыце.

т. 1, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШАРЫ́Т

(ад назвы месца знаходкі каля г. Ашэрслебен у Германіі),

сайбелііт, мінерал класа баратаў, Mg2(OH)[B2O4(OH)]. Мае прымесі жалеза, марганцу. Вядомы дзве манаклінныя і адна рамбічная мадыфікацыі. Крышталі рэдкія, часцей тонкавалакністыя агрэгаты, шчыльныя і зямлістыя масы, канкрэцыі. Колер белы, шараваты, жаўтаваты. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 2,69 г/см³. Пашыраны мінерал эндагенных радовішчаў борных рудаў і саляносных асадкавых тоўшчаў. Борная руда.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)