КРЫЗ (франц. crise ад грэч. krisis рашэнне, пераломны момант),
раптоўны, адносна кароткачасовы стан хворага, які характарызуецца новымі сімптомамі хваробы ці ўзмацненнем тых, што ёсць. Бывае ў выглядзе атакі, прыступу; найчасцей патрабуе неадкладнай дапамогі.
т. 8, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАНО́ВА СУДА́,
любое, апрача прыгавору і вызначэння, рашэнне, якое вынесена суддзёй або судом пры вядзенні суд. разгляду па крымін., цывільнай або адм. справе. Парадак вынясення П.с. і яго прававыя вынікі вызначаюцца адпаведным працэсуальным заканадаўствам.
т. 12, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ (ад англ. літары C),
універсальная мова праграмавання высокага ўзроўню. Распрацавана спачатку для пераносу матэматычнага забеспячэння з ЭВМ аднаго тыпу на ЭВМ інш. тыпаў. Пазнейшыя версіі (Сі+, Сі++ і інш.) арыентаваны на рашэнне задач павышанай складанасці.
т. 14, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРТРА́Н [ад англ. for(mula) tran(slator) формульны транслятар],
адна з першых найб. пашыраных моў праграмавання высокага ўзроўню. Арыентавана на рашэнне навук.-тэхн. задач з дапамогай ЭВМ. Простая ў вывучэнні, зручная для напісання праграм і іх наладкі.
т. 16, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕБІСЦЫ́Т (ад лац. plebiscitum рашэнне народа),
апытанне народа, звычайна з мэтай вызначэння лёсу адпаведнай тэрыторыі. У некаторых краінах (напр., у Францыі) лічыцца сінонімам рэферэндуму. З фармальна-юрыд. пункту гледжання працэдура правядзення П. нічым не адрозніваецца ад працэдуры рэферэндуму.
т. 12, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЦЕ́ЙСКІ СУД, арбітражны суд,
суд, які выбіраецца па ўзгадненні бакоў для вырашэння імі спрэчак цывільна-прававога і гасп. характару. У залежнасці ад суб’ектаў спрэчных праваадносін адрозніваюць 2 віды Т.с.: суды для вырашэння спрэчак паміж фіз. асобамі і суды для вырашэння спрэчак паміж юрыд. асобамі. У Рэспубліцы Беларусь трацейскі разбор спрэчак рэгулюецца адпаведна нормамі цывільнага працэсуальнага або гасп. працэсуальнага кодэксаў. Т.с. можа вырашаць любыя спрэчкі паміж грамадзянамі, акрамя тых, што вынікаюць з працоўных і сямейных праваадносін. Дагавор аб перадачы спрэчкі на Т.с. заключаецца ў пісьмовай форме, дзе спрэчныя бакі бяруць на сябе абавязацельства выканаць яго рашэнне. Рашэнне Т.с., не выкананае добраахвотна, можа быць прыведзена ў выкананне прымусова праз адпаведныя тэр. суды. Для трацейскага вырашэння спрэчак паміж удзельнікамі знешнеэканам. дзейнасці юрыд. асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у Рэспубліцы Беларусь у 1999 створаны міжнар. арбітражны (трацейскі) суд (гл. Арбітраж міжнародны).
т. 15, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХ ЦЕЛ ЗАДА́ЧА (у астраноміі),
задача нябеснай механікі пра рух 2 цел, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой пры дапамозе гравітацыйных сіл (гл. Сусветнага прыцягнення закон). Рашэнне Д.ц.з. паказвае, што целы (планеты) рухаюцца па адным з канічных сячэнняў (эліпс, парабала, гіпербала) паводле Кеплера законаў.
т. 6, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́КТНЫЯ І НЕКАРЭ́КТНЫЯ ЗАДА́ЧЫ,
класы матэм. задач, якія адпавядаюць пэўным умовам вызначанасці іх рашэнняў.
Задача наз. карэктнай, калі яе рашэнне існуе, пры гэтым яе рашэнне адзінае і ўстойлівае. Задача, якая не задавальняе гэтым умовам, наз. некарэктнай. Напр., сістэма алг. ураўненняў з нулявым дэтэрмінантам некарэктная, з ненулявым — карэктная. Некарэктнымі з’яўляюцца многія задачы геафізікі, аэра-, тэрма- і электрадынамікі, аптымальнага кіравання і асабліва адваротныя задачы матэм. фізікі, у якіх характарыстыкі фіз. працэсаў выяўляюцца па выкліканым імі эфекце. Некарэктныя задачы доўгі час лічыліся пазбаўленымі фіз. сэнсу. У 1960-я г. А.М.Ціханаў абгрунтаваў набліжаныя метады рашэння такіх задач.
На Беларусі тэорыя некарэктных задач распрацоўваецца ў Ін-це матэматыкі Нац. АН з 1965 і ў БДУ з 1972.
Літ.:
Тихонов А.Н., Арсенин В.Я. Методы решения некорректных задач. 3 изд. М., 1986;
Лаврентьев М.М., Савельев Л.Я. Линейные операторы и некорректные задачи. М., 1991;
Лисковец О.А. Вариационные методы решения неустойчивых задач. Мн., 1981.
А.А.Ліскавец.
т. 8, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІ́ЖАНАЕ ІНТЭГРАВА́ННЕ,
раздзел вылічальнай матэматыкі, які вывучае метады набліжанага вылічэння вызначаных інтэгралаў і набліжанага рашэння (інтэгравання) дыферэнцыяльных ураўненняў. Выкарыстоўваецца, калі дакладнае вылічэнне немагчыма або вельмі складанае.
Набліжанае вылічэнне вызначаных інтэгралаў выконваецца аналітычнымі і графічнымі (гл. Графічныя вылічэнні) метадамі, а таксама з дапамогай спец. прылад (планіметр, інтэгратар). Сярод аналітычных найб. пашыраны метады, заснаваныя на замене падынтэгральнай функцыі адрэзкам яе Тэйлара шэрагу, інтэрпаляцыйным паліномам (гл. квадратурная формула) і інш. Для многіх правіл інтэгравання складзены табліцы вузлоў і каэфіцыентаў квадратурных формул. Нявызначаныя інтэгралы зводзяць да вызначаных з пераменнай верхняй мяжой інтэгравання. Кратныя інтэгралы вылічваюць як паўторныя, з дапамогай кубатурных формул або спец. метадамі, напр., Монтэ-Карла метадам. Для набліжанага рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў карыстаюцца пераважна лікавымі метадамі (Рунге—Кута, Эйлера, рознаснымі метадамі і інш.), якія дазваляюць даць рашэнне ў выглядзе табліцы. Аналітычнымі метадамі (напр., шэрагаў, Чаплыгіна, варыяцыйнымі) рашэнне выяўляецца ў аналітычным выглядзе; графічнымі метадамі — у выглядзе графіка. Існуюць таксама метады, заснаваныя на выкарыстанні аналагавых вылічальных машын.
Л.А.Янавіч.
т. 11, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДЫ́КТ (англ. verdict ад лац. vere dictum літар. дакладна сказанае),
рашэнне (прыгавор) прысяжных засядацеляў у судзе прысяжных па пытанні вінаватасці ці невінаватасці падсуднага па крымінальнай справе (вердыкт абвінаваўчы або апраўдальны). Вердыкт прымаецца аднагалосна (суды некаторых штатаў ЗША) або большасцю галасоў (суды Вялікабрытаніі, дарэв. Расіі і інш.); на аснове абвінаваўчага вердыкту суд назначае пакаранне.
т. 4, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)