ДА́ФНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа, дачка багіні зямлі Геі і рачнога бога Пенея. Яна дала зарок захаваць цнатлівасць і бясшлюбнасць. Калі за ёю пагнаўся закаханы Апалон, Д. паклікала на дапамогу бацьку і ён ператварыў дачку ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў любімай і свяшчэннай раслінай Апалона. На міф пра Д. напісана паэма «Метамарфозы» Авідзія, творы жывапісцаў Джарджоне, Н.​Пусэна, Дж.​Цьепала, кампазітараў Г.​Шутца, А.​Скарлаці і інш.

Апалон і Дафна. Л.​Берніні. 1622—24.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЖА (франц. barge),

пласкадоннае грузавое несамаходнае судна без аснасткі з невялікай асадкай. Перацягваецца буксірам. У залежнасці ад грузаў, якія перавозяцца, баржы падзяляюцца на сухагрузныя (для пяску, руды, кам. вугалю) і наліўныя (вадкае паліва, вада); ад раёна плавання — на марскія, рэйдавыя (прыбярэжныя) і рачныя. На Беларусі з’явілася ў канцы 19 ст. і паступова стала асн. тыпам рачнога грузавога транспарту (з часам драўляныя судны заменены металічнымі). Сучасныя баржы, якія выкарыстоўваюць на ўсіх буйных рэках рэспублікі, пераважна сухагрузныя; грузападымальнасць 100—700 т.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛЬТА (назва ад абрысу вял. літары грэч. алфавіта Δ дэльта),

нізіна ў вусці ракі, складзеная рачнымі наносамі і парэзаная сеткай рукавоў і праток. Утвараецца ў выніку ўзаемадзеяння рачнога сцёку, хвалявання мора, прыліваў і згонна-нагонных цячэнняў, нарастае ад некалькіх метраў да соцень метраў за год. Адрозніваюць Д. трохвугольныя (р. Ніл), лопасцевыя (р. Місісіпі), дугападобныя (р. Лена), дзюбападобныя (р. Тыбр), запоўненыя (р. Кубань), высунутыя (р. Волга) і інш. Д. часта займаюць вял. плошчы (Амазонкі — 100 тыс. км², Волгі — 13 тыс. км²).

т. 6, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЦЫ́С, Наркіс,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі юнак-прыгажун, сын беатыйскага рачнога бога Кефіса і німфы Лірыёпы. Паводле пашыранага міфа, Н. не прыняў кахання німфы Эха, за што быў пакараны Афрадытай: закахаўся ва ўласнае адлюстраванне ў вадзе і памёр ад непадзеленага кахання. Ператвораны багамі ў аднайм. кветку. Вобраз Н. ўвасоблены ў скульптурах Паліклета Старэйшага і Б.Чэліні, карцінах Я.Тынтарэта і М.Караваджа, п’есах П.Кальдэрона дэ ла Баркі і Ж.Ж.Русо, операх Д.Скарлаці, К.В.Глюка і Ж.Маснэ, інш. творах мастацтва і л-ры. У пераносным сэнсе Н. — самаўлюбёны чалавек.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЕ́СНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

прафесійна-тэхнічныя навуч. ўстановы ў СССР для падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых. Існавалі ў 1940—59. Створаны замест школ фабрычна-заводскага вучнёўства адначасова са школамі фабрычна-заводскага навучання. Рыхтавалі металургаў, гарнякоў, нафтавікоў, работнікаў марскога і рачнога транспарту, прадпрыемстваў сувязі і інш. Прымаліся асобы ва ўзросце 14—15 гадоў з 7-гадовай адукацыяй, пераважна гарадская моладзь. Тэрмін навучання 2 гады. Падлеткі знаходзіліся на дзярж. забеспячэнні. З 1943 дзейнічалі спец. Р.в. з 4-гадовым тэрмінам навучання для сірот, дзяцей воінаў, якія загінулі на фронце, і партызан. На Беларусі ў 1940 было 15 Р.в. Пераўтвораны ў прафес.-тэхн. вучылішчы.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЛАКІ́,

1) наёмныя рабочыя, якія перамяшчалі рачныя судны ўручную пры дапамозе канатаў і вёслаў. У Расіі з’явіліся з 16 ст. Бурлацтва было выклікана ростам перавозак пры тэхн. недасканаласці рачнога транспарту. На Беларусі працавалі на ўсіх вял. рэках: Дняпры, Прыпяці, Нёмане, Бугу, Зах. Дзвіне, Бярэзіне, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Агінскім каналах. У 17—19 ст. бурлацтва на Беларусі стала самастойным і адыходніцкім промыслам (гл. Адыходніцтва). У бурлакі наймаліся мужчыны (зрэдку і жанчыны) з вял. фізічнай сілай ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў. Узнікненне і пашырэнне параходства ў канцы 19 ст. выцесніла бурлацтва.

2) Бяздомныя халастыя або ўдовыя бяздзетныя людзі, якія вялі гаспадарку адасоблена.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА, сетка гідралагічных назіранняў,

сукупнасць гідралагічных станцый і пастоў, размешчаных у межах пэўнай тэрыторыі (рачнога басейна, адм. раёна, краіны). Ствараецца з мэтай сістэм. атрымання інфармацыі для вывучэння гідралагічнага рэжыму (у т. л. забруджвання радыенуклідамі) і катастрафічных з’яў на рэках, азёрах і вадасховішчах. На Беларусі дзейнічае з сярэдзіны 19 ст. Гідралагічныя назіранні і іх апрацоўку ў 1996 ажыццяўлялі цэнтры па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах (у Гомелі і Магілёве і радыяцыйны кантроль), 7 станцый (балотная, азёрная і 5 рачных) і 135 пастоў К-та па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАГО́Ў (Міхаіл Міхеевіч) (н. 25.1.1933, г. Арцёмаўск Краснаярскага краю, Расія),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Новасібірскі інж.-буд. ін-т (1957). Працаваў у Новасібірску. З 1975 у «Белдзяржпраекце» (гал. архітэктар ін-та), з 1978 кіраўнік майстэрні, з 1988 гал. архітэктар праектаў. Асн. работы: у Новасібірску — манумент Славы (1967), комплекс рачнога вакзала з гасцініцай (1973), адм. будынак (1980, усе ў сааўт.); на Беларусі: у Бабруйску — т-р драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча (1979, інтэр’ер), у Мінску — станцыі метро «Акадэмія навук» і «Плошча Якуба Коласа» (1984, у сааўт.), Палац Рэспублікі (2000, кіраўнік аўтарскага калектыву); прафілакторый у Валожынскім р-не (1986, у сааўт.).

М.І.Пірагоў.

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Войкаўскае вадасховішча. У Лагойскім р-не Мінскай вобл., каля зах. ускраіны г.п. Плешчаніцы. Створана на р. Дзвінаса ў 1958. Пл. 2 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 6,3 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Катлавіна выцягнута з ПдУ на ПнЗ. Берагі пад лесам, правы забалочаны, левы высокі (ад 1,5 да 3 м). Дно выслана ілам. на мелкаводдзі — пяском. Замярзае ў пач. снеж., лёд (таўшчыня 40—50 см) трымаецца да 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 50 см. Зарастае каля 40% плошчы. Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, адпачынку і спарт. мерапрыемстваў.

Плешчаніцкае вадасховішча.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙСІН (Вульф Борухавіч) (Уладзімір Барысавіч; 1906, г. Гомель — 1982),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР і СССР. З 1929 на камсамольскай і гасп. рабоце ў Гомелі і Добрушы, з 1938 нарком лясной прам-сці БССР. У 1941—44 нам. старшыні СНК БССР. У 1942—43 камісар тылу 41-й арміі, нам. нач. тылу Калінінскага фронту. У 1943—51 нам. наркома (з 1946 — міністра) рачнога флоту СССР. У 1951 арыштаваны і ў 1952 прыгавораны да 10 гадоў зняволення па абвінавачванні ў шкодніцтве на транспарце. У 1954 рэабілітаваны і вызвалены. Працаваў у Маскоўскім рачным параходстве. Чл. ЦК КП(б)Б у 1941—45. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1940—47.

Э.​Р.​Іофе.

т. 4, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)