АРЫ́ЙСКАЯ РА́СА,

тэрмін у заходнееўрапейскай антрапалогіі і расазнаўстве, уведзены ў 19 стагоддзі. Абгрунтоўваў перавагу белай расы, у т. л. існаванне «вышэйшага» расавага тыпу — бялявых арыйцаў, заснавальнікаў вялікай цывілізацыі. Памылковасць тэрміна вынікала з блытаніны паняццяў моўнай і расавай класіфікацыі. У мовазнаўстве арыйскімі называюць індаіранскія мовы, але іх носьбіты не маюць агульных фізічных уласцівасцяў і не ўтвараюць адзінай расы. Тэорыя расавай перавагі, неабходнасці захавання чысціні крыві і пануючага становішча нямецкай нацыі стала асновай ідэалогіі германскіх фашыстаў, выкарыстоўвалася імі для абгрунтавання палітыкі захопу і заняволення іншых народаў.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДЫ,

народ, карэннае насельніцтва Шры-Ланкі (пераважна ўсх. правінцый). Каля 1 тыс. чал. (1987). Належаць да ведоіднай расы. Мова індаіранскай групы. Сярод вернікаў пераважаюць будысты і індуісты.

т. 4, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАЦЭНТРЫ́ЗМ (ад мона... + цэнтр),

вучэнне ў антрапалогіі аб паходжанні чалавека сучаснага тыпу (Homo sapiens) і чалавечых рас ад адной формы стараж. чалавека на адной тэрыторыі (процілеглае вучэнне — поліцэнтрызм). Гл. таксама Расы.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕГРО́ІДНАЯ РА́СА,

афрыканская галіна экватарыяльнай (негра-аўстралоіднай) расы. Адрозніваецца цёмнай скурай, кучаравымі валасамі, шырокім носам, тоўстымі губамі, прагнатызмам. Пашырана ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Тэрмін «Н.р.» зрэдку ўжываецца як сінонім паняцця «экватарыяльная раса».

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРДЫ́ЗМ (ад норд),

тэорыя, паводле якой прадстаўнікі «вышэйшай» паўн. (нардычнай) расы з’яўляюцца стваральнікамі сусв. цывілізацыі; разнавіднасць расізму. Заснавальнікамі Н. лічацца франц. сацыёлагі А.​Габіно і Ж.​Лапуж. Узяты на ўзбраенне тэарэтыкамі герм. фашызму і ўзведзены ў ранг афіц. ідэалогіі гітлераўскай Германіі.

т. 11, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШМЕ́НЫ (галанд. bosjesman літар. лясны чалавек),

народ, карэннае насельніцтва Паўд. і Усх. Афрыкі. Качуюць у пустынях Калахары, Наміб і суседніх раёнах, куды выцеснены ў 16—19 ст. народамі банту. Каля 75 тыс. чал. (1983). Адносяцца да бушменскай расы. Карыстаюцца бушменскімі мовамі. Захоўваюць традыц. вераванні.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЗМ,

сукупнасць канцэпцый, аснову якіх складаюць палажэнні аб фізічнай і псіхічнай няроўнасці чалавечых рас і ўплыве расавых адрозненняў на гісторыю і культуру грамадства, аб спрадвечным падзеле людзей на вышэйшыя і ніжэйшыя расы. Сцвярджае, што вышэйшыя расы з’яўляюцца адзінымі стваральнікамі цывілізацыі і закліканымі да панавання, а ніжэйшыя не здольны да стварэння і нават да засваення высокай культуры і асуджаны на эксплуатацыю. Першая расісцкая канцэпцыя распрацавана французам Ж.​А.​Габіно, які абвясціў арыйцаў «вышэйшай расай» («Эсэ аб няроўнасці чалавечых рас», 1884). У далейшым Р. пераплёўся з сац. дарвінізмам, мальтузіянствам, еўгенікай (Д.​Хайкрафт і Б.​Кід у Вялікабрытаніі, Ж.​Лапуж у Францыі, Л.​Вольтман, Х.​Чэмберлен, О.​Аман у Германіі). Стаў афіц. ідэалогіяй фашызму выкарыстоўваецца для апраўдання расавай дыскрымінацыі, сегрэгацыі і апартэіду. Р. асуджаны Міжнар. супольнасцю. Гл. таксама Нардызм.

т. 13, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАНАМІ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,

сукупнасць кліматычных фактараў, якія вызначаюць ступень прыдатнасці пэўнай мясцовасці да астранамічных назіранняў. Характарызуецца колькасцю ясных дзён і начэй з макс. празрыстасцю паветра, устойлівасцю аптычных характарыстык атмасферы, яркасцю фону начнога неба, частатой расы і туманаў, інтэнсіўнасцю атмасфернай турбулентнасці і інш. Астранамічны клімат улічваецца пры вызначэнні месца буд-ва астр. абсерваторый.

т. 2, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААЛЕСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. coalesco зрастаюся, злучаюся),

зліццё кропель вадкасці ці бурбалачак газу пры іх сутыкненні ў рухомым асяроддзі (вадкасць, газ). Ідзе самаадвольна пры пастаяннай т-ры з памяншэннем свабоднай энергіі сістэмы і ступені дысперснасці эмульсій і пен, што прыводзіць да іх распластавання на 2 фазы: вадкасць 1 — вадкасць 2 ці вадкасць — газ. К. — прычына выпадзення атм. ападкаў (дажджу, расы) з воблакаў і туману. Адбываецца пры абязводжванні нафты, нанясенні лакафарбавых пакрыццяў аэразольным метадам, пенатушэнні.

т. 7, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛО́ІДНАЯ РА́СА,

група антрапалагічных тыпаў карэннага насельніцтва Аўстраліі, Паўд. Азіі і Акіяніі, якія маюць агульнае паходжанне і пэўнае марфалагічнае падабенства. У прадстаўнікоў расы буры колер скуры, цёмныя хвалістыя валасы, развітое трацічнае валасяное покрыва, цёмныя вочы, шырокі нос, тоўстыя губы, чэрап прадаўгаваты, вузкі, памеры твару сярэднія з добра развітымі надброўнымі дугамі, рост высокі. Блізка да іх стаяць веды Цэйлона і негроіды Паўд.-Усх. Азіі.

Літ.:

Алексеев В.П. География человеческих рас. М., 1974.

А.​І.​Мікуліч.

Да арт. Аўстралоідная раса. Аўстралійцы.

т. 2, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)