група вірусных хвароб, якая характарызуецца мазаічнай (стракатай) афарбоўкай пашкоджаных органаў, пераважна лісця і пладоў. У залежнасці ад малюнка адрозніваюць кальцавую мазаіку, палосчатую, рабую і інш. Змяняецца форма ліставой пласцінкі, расліны адстаюць у росце. Моцнае пашкоджанне вірусам выклікае некроз (адміранне) лісця, парасткаў, расліны. Хваробы перадаюцца праз насенне, пры пасынкаванні, сутыкненні здаровых і хворых раслін з іх узаемным траўміраваннем і інш. Пераносчыкі — тлі, клапы, глебавыя нематоды. Вірусы захоўваюцца ў раслінных рэштках, насенні. Найб. шкодныя М.х.р. — мазаіка тытуню і памідораў, зялёная мазаіка агуркоў і звычайная агурочная мазаіка, рабая і маршчыністая мазаіка бульбы, мазаіка буракоў, гароху, капусты, фасолі і інш.
Літ.:
Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;
Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.
Ж.В.Блоцкая.
Мазаічныя хваробы раслін: 1 — маршчыністая мазаіка бульбы (а — пашкоджаны ліст, б — расліна, в — некроз жылак); 2 — жоўтая мазаіка фасолі; 3 — мазаіка азімай пшаніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ (біял.),
здольнасць раслін, а таксама арганізмаў і іх згуртаванняў (часцей раслін) пераносіць вял. канцэнтрацыі шкодных газападобных рэчываў атмасферы (серавадарод, вокіслы вугляроду, серы, азоту, фтор, фторысты вадарод, хларыды і інш.). У выніку пранікнення газаў у раслінныя клеткі ў іх назапашваюцца ядавітыя рэчывы, якія парушаюць працэсы абмену рэчываў. Пры высокай газаўстойлівасці раслін адбываецца эфектыўнае ачышчэнне паветра ў прамысл. гарадах. Для гэтай мэты выкарыстоўваюць віды раслін, якія ўтвараюць вял. біямасу і маюць інтэнсіўны газаабмен: з травяністых — аўсяніцу, мятліцу, райграс, кавыль і інш., з дрэвавых і кустовых — лох серабрысты, вяз, клён серабрысты, брызгліну, бружмель і інш. На Беларусі даследаванні па падборы газаўстойлівых раслін для азелянення тэр.прамысл. прадпрыемстваў пачаліся ў 1970-я г. ў Цэнтр.бат. садзе АН. Для прамысл. і гарадскіх умоў рэкамендавана больш за 150 відаў і сартоў дрэвава-кустовых і кветкава-дэкар.раслін, устойлівых да фітатаксікантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГГЕМАГЛАБІ́Н, легаглабін,
складаны бялок — гемапратэід. Гем малекулы Л. сінтэзуюцца клубеньчыкавымі бактэрыямі, што жывуць у сімбіёзе з бабовымі раслінамі, а бялковая частка (глабін) — клеткамі раслін. Надае чырв. афарбоўку каранёвым клубеньчыкам бабовых раслін, якія актыўна фіксуюць атмасферны азот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ГРУНТ,
зямельныя ўчасткі без укрыццяў для вырошчвання агародніны або дэкар.раслін. У адкрытым грунце насенне холадаўстойлівых раслін (з сям. парасонавых, крыжакветных, а таксама буракоў, салаты, шпінату, гароху) высяваюць ранняй вясной, як толькі паспее глеба, пры сярэднясутачнай т-ры 1—5 °C, насенне цеплалюбівых раслін (з сям. гарбузовых, паслёнавых, а таксама фасолі, кукурузы) — пры т-ры 10—15 °C; расаду высаджваюць пры сярэднясутачнай т-ры адпаведна 5—10 і 15 °C, пасля заканчэння веснавых замаразкаў. На Беларусі ў адкрытым грунце вырошчваюць каля 98% агародніны і кветак. Гл. таксама Ахаваны грунт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНАЯ КУЛЬТУ́РА,
спосаб вырошчвання раслін на водных растворах пажыўных рэчываў. Упершыню прапанаваў англ. вучоны Дж.Вудвард (1699). Дэталёвая распрацоўка пачалася з сярэдзіны 19 ст. У Расіі водную культуру выкарыстаў К.А.Ціміразеў (1872). Асяроддзе — раствор пажыўных сумесей на дыстыляванай вадзе. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях жыўлення, росту і развіцця раслін, а таксама ў вытв. умовах (гл.Гідрапоніка). У воднай культуры рэгулююцца аб’ём, састаў, канцэнтрацыя, асматычны ціск, рэакцыя і інш. ўласцівасці пажыўнага раствору. Метад воднай культуры даў магчымасць устанавіць элементы, неабходныя для жыўлення і развіцця раслін, высветліць ролю мікраэлементаў у жыцці раслін. Ва ўмовах воднай культуры добра развіваюцца ўсе с.-г. расліны. Асобныя даследчыкі пашыраюць паняцце воднай культуры на прамысл.аквакультуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІКАРПІ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія шматразова цвітуць і пладаносяць на працягу жыцця. Да П.р. належаць усе голанасенныя і большасць пакрытанасенных раслін. У флоры Беларусі П.р. — усе дрэвы і кусты, а таксама большасць травяністых шматгадовых раслін. Гл. таксама Монакарпічныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРЫ́ЧНЫ ПУЧО́К,
сасудзіста-валакністы цяж праводзячай тканкі раслін, у якім драўніна (ксілема) знаходзіцца ў цэнтры пучка, алуб (флаэма) — звонку ці наадварот. З’яўляецца закрытым пучком, бо адсутнічае камбій. Характэрны для вегетатыўных органаў папарацепадобных і аднадольных раслін. Гл. таксама Калатэральны пучок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНАКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inoculatio прышчэпка),
увядзенне жывых мікраарганізмаў, інфіцыраванага матэрыялу, сывараткі і інш. рэчываў у тканкі раслін, жывёл або чалавека (а таксама ў пажыўнае асяроддзе). У лабараторнай практыцы выкарыстоўваюць сінонім — пасеў, у сельскай гаспадарцы, біялогіі і медыцыне — заражэнне (напр., клубеньчыкавымі бактэрыямі насення бабовых раслін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРА́РЫУС ((Camerarius) Рудольф Якаб) (12.2.1665, г. Цюбінген, Германія — 11.9.1721),
нямецкі батанік і ўрач. Праф. Цюбінгенскага ун-та і дырэктар універсітэцкага бат. саду (1688). Эксперыментальна абгрунтаваў наяўнасць полу ў раслін, вызначыў тычынкі як мужчынскія, а песцікі як жаночыя палавыя органы. Зрабіў шэраг доследаў над двухдомнымі і аднадомнымі раслінамі і прыйшоў да высновы пра наяўнасць у іх палавой дыферэнцыроўкі, адзначыў магчымасць апладнення раслін аднаго віду пылком іншага віду, пашыранасць гермафрадытызму ў свеце раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТА́ЦЫІ (ад лац. nutatio ваганне, калыханне),
кругавыя або вагальныя рухі органаў раслін. Уласцівы кветаносам, лісцю, караням, калеоптылям, сталонам і інш. органам вышэйшых, а таксама спарангіяносцам ніжэйшых раслін. Кругавыя Н. абумоўлены нераўнамерным ростам розных ч. органаў (рухі росту). Выражаны ў сцёблаў і вусікаў павойных і лазячых раслін. Хістальныя і кругавыя Н. органаў, што спынілі рост, напр., лісця і прылісткаў, адбываюцца ў выніку паслядоўных змен тургару ў клетках лісцевых сучляненняў.