САЛЮТА́ЦІ ((Salutati) Калуча) (16.2.1331, Стыньяна, каля г. Пістоя, Італія — 4.5.1406),

італьянскі дзярж. дзеяч, гуманіст. Паводле адукацыі натарыус. Вучань і паслядоўнік Ф.​Петраркі. У 1375—1406 канцлер Фларэнційскай рэспублікі, дзе ўзвёў гуманізм у ранг афіц. дзярж. ідэалогіі. Адыграў вял. ролю ў арганізацыі гуманіст. гурткоў, збіранні і вывучэнні ант. рукапісаў. У шматлікіх трактатах абараняў свабоду волі чалавека, выступаў супраць саслоўных прывілеяў, адмаўляў правы рым. пап на свецкую ўладу, крытыкаваў заганы духавенства, адстойваў рэсп. свабоды, абгрунтоўваў права падданых забіць тырана, але апраўдваў сац. няроўнасць.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЎЧАНКА (Пётр Кузьміч) (н. 13.8.1950, г. Смалявічы Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, гісторык, дыпламат. Канд. гіст. н. (1976). Скончыў БДУ (1972). З 1975 выкладчык у БДУ, адначасова на парт. рабоце. З 1985 сакратар Мінскага гаркома КПБ. У 1990—94 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла СССР (1990). Кіраўнік дэлегацыі Беларусі на 45—48-й сесіях Ген. Асамблеі ААН. З 1998 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі. Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995—96, старшыня камісіі па міжнар. справах Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1996).

П.К.Краўчанка.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПСКІ УРБАНІЯ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адна са старэйшых рымска-каталіцкіх навуч. устаноў. Засн. ў 1622 папам Грыгорыем XV як Кангрэгацыя прапаганды веры, якая падпарадкоўвала місіянерскую дзейнасць царквы цэнтральнай папскай уладзе. Яго пераемнік Урбан VIII стварыў у 1627 Папскую калегію прапаганды веры (прапаганда і падрыхтоўка місіянераў, іх адукацыя і выхаванне); мела факультэты тэалогіі і філасофіі. У 1933 папа Пій XI стварыў і ўключыў у калегію прапаганды веры Папскі навук. місіянерскі ін-т з правам прысваення акад. ступеняў з галіны місіялогіі і царк. права. У 1962 папа Іаан XXIII узняў ранг «Урбаніяны» і прысвоіў ёй сучасную назву.

т. 12, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВІ́Д (лац. subspecies),

таксанамічная катэгорыя (ранг) у сістэматыцы раслін і жывёл, рангам ніжэйшая за від. Сукупнасць геаграфічна (радзей экалагічна або геахраналагічна) адасобленых папуляцый віду, у якіх большасць асобін адрозніваецца адным або некалькімі (звычайна марфал.) прыкметамі ад асобін інш. папуляцый таго ж віду. Бел. назва П. складаецца з 2 слоў. Лац. назву П. ўтвараюць дадаткам трэцяга слова (падвідавога эпітэта) да назвы віду. Напр., адзін з П. ліса звычайнага (Vulpes vulpes) — ліс сярэднярускі, абазначаецца як Vulpes vulpes vulpes. Міжнар. кодэкс заал. наменклатуры прызнае П. за найніжэйшую таксанамічную адзінку. Міжнар. кодэкс бат. наменклатуры прызнае і інфрападвідавыя (ніжэйшыя за П.) катэгорыі (варыетэт, форма і інш.).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫНО́ВІЧ (Анатоль Емяльянавіч) (н. 9.9.1924, в. Слатвін Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1949), Вышэйшую дыпламат. школу МЗС СССР (1951). Удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З 1944 на сав. і гасп. рабоце. З 1951 у МЗС БССР, з 1957 у прадстаўніцтвах СССР і БССР пры ААН, заг. аддзела міжнар. эканам. арг-цый МЗС БССР, з 1961 нам. міністра, у 1966—90 міністр замежных спраў БССР. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1966—90 узначальваў дэлегацыі БССР на сесіях Ген. Асамблеі ААН. Чл. ЦК КПБ у 1971—90. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1967—90.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПЕРЭ́ ПРА́ВІЛА,

філагенетычнага росту закон, эмпірычнае абагульненне даных аб характары гіст. развіцця асобных сістэматычных груп. Сфармуляваў франц. вучоны Ш.​Дэперэ (1907). Паводле Д.п., у кожнай філагенетычнай лініі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння памераў цела арганізмаў або гіст. развіццё ідзе ад дробных продкавых груп да ўсё буйнейшых. Пасля дасягнення крытычных памераў і парушэння асн. прапорцый цела адбываецца выміранне групы. Д.п. ўзводзіць асобныя філагенетычныя з’явы ў ранг агульнай эвалюц. заканамернасці і заснавана на прызнанні ўнутр. тэндэнцыі развіцця, незалежнай ад матэрыяльных узаемадзеянняў. Зрэдку Д.п. называюць і закон прагрэсіруючай спецыялізацыі (сфармуляваны Дэперэ), паводле якога група арганізмаў, што стала ў працэсе эвалюцыі на шлях спецыялізацыі, непазбежна павінна ісці да ўсё больш глыбокай і вузкай спецыялізацыі, у выніку чаго вымірае.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТЫ́ПАЎ (Урал Рамдракавіч) (н. 28.2.1951, в. Катаева Бакалінскага р-на, Башкортастан),

вучоны-юрыст, дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь. Д-р юрыд. н. (1993), праф. (1994). Скончыў Казанскі ун-т (1973), Вышэйшыя курсы КДБ СССР у Мінску (1974). З 1974 праходзіў службу ў тэр. органах КДБ СССР на пасадах аператыўнага і кіруючага саставу. З 1989 нач. кафедры спец. дысцыплін, нам. нач. Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь па навук. рабоце. З 1994 пам. Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па знешняй палітыцы. Са снежня 1998 міністр замежных спраў — нам. прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.

Мае дыпламат. ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла. Аўтар навук. прац па міжнар. праве, праблемах супрацоўніцтва Беларусі з замежнымі краінамі.

У.Р.Латыпаў.

т. 9, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ (Кузьма Венядзіктавіч) (1.11.1903, в. Лабковічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 4.5.1977),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, дыпламат. Канд. мед. н. (1936). Скончыў Варонежскі ун-т (1928). З 1928 на навук. рабоце. З 1937 нарком аховы здароўя БССР. У 1938—40 старшыня Савета нар. камісараў БССР. З 1940 нам. дырэктара Ін-та эксперым. медыцыны, дырэктар дзярж. мед. выд-ва (Масква), старшыня Ульянаўскага аблвыканкома. У 1943—58 першы нам. старшыні СНК БССР, з 1944 нарком (з 1946 міністр) замежных спраў БССР. Меў ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. На чале дэлегацыі БССР у 1945 на канферэнцыі ў Сан-Францыска падпісаў Статут ААН, у 1947 па выніках Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946 — мірныя дагаворы БССР з Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй. Узначальваў дэлегацыі БССР на сесіях Ген. Асамблеі ААН 1946—65. Чл. ЦК КПБ у 1938—66. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—67, Вярх. Савета СССР у 1937—38.

К.В.Кісялёў.

т. 8, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕАМЕ́НТ (ад лац. lineamentum лінія, контур) у геалогіі, лінейныя або дугападобныя геал. структуры планетарнага значэння, часта зоны глыбінных разломаў, таксама выпрастаныя элементы ландшафту асобных раёнаў, якія адлюстроўваюць разрыўныя парушэнні і трэшчынаватасць. Тэрмін прапанаваны амер. геолагам У.​Хобсам (1904). Л. планетарнага ранг у прасочваюцца ўздоўж рухомых паясоў і краёў платформ, вулканічных і астраўных дуг, шыротных разломаў Ціхага ак., рыфтавых зон Сярэдзінна-Атлантычнага хр. і інш. Праз тэр. Беларусі праходзіць Л. Сармацка-Туранскі. Распасціраецца на 4 тыс. км. ад Падляска-Брэсцкай упадзіны на З да паўд.-зах. адгор’яў Гісарскага хр. (Узбекістан) на У. Шыр. 100—150 км. Сетка рэгіянальных Л. (прамалінейныя ўчасткі далін рэк, эразійныя ўступы, ланцугі азёр, балот, крыніц і інш.) на тэр. Беларусі мае даўжыню суцэльных адрэзкаў 5—100 км. Плошчы з найб. шчыльнасцю Л. ствараюць працяглыя лінейныя зоны, якія абмяжоўваюцца разрыўнымі парушэннямі. Участкі інтэнсіўнага згушчэння Л. адпавядаюць найб. высокаму заляганню паверхні фундамента (антэклізы, выступы, падняцці, седлавіны). Л. вызначаюцца па аэра- і космафотаматэрыялах, тапакартах, у час палявых даследаванняў, выкарыстоўваюцца пры геолага-разведачных работах. Гл. таксама Тэктанічны разрыў.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНД (ад назвы стараж. слав. племя венды ці венеды),

вендская сістэма (перыяд), вендскі комплекс, верхняе, самае маладое падраздзяленне пратэразою, якое папярэднічала кембрыйскай сістэме (перыяду). Доўжыўся ад 650 да 570 млн. гадоў назад. Вылучаны рус. геолагам Б.​С.​Сакаловым у 1950 на ПнЗ Усх.-Еўрап. платформы як вендскі комплекс або серыя. У 1991 у межах СССР венду нададзены ранг сістэмы або перыяду. Адклады венду пашыраны таксама на Сібірскай платформе. Стратыграфічныя аналагі венду ёсць у Паўд. Кітаі, Канадзе, Аўстраліі, Паўд. Амерыцы, на Брытанскіх а-вах.

На Беларусі адклады венду трапляюцца на глыб. ад 80 да 800 м, займаюць каля 80% тэр., маюць магутнасць да 400—500 м. Залягаюць на пародах рыфею або крышт. фундамента, перакрыты ніжнекембрыйскімі або больш маладымі адкладамі фанеразою. Складзены ў ніжняй ч. з тэрыгенных парод вільчанскай серыі — тылітаў (стараж. марэны), пясчанікаў, глін вільчанскага (лапландскага) покрыўнага зледзянення. Сярэднюю ч. венду ўтвараюць вулканічныя (базальты, андэзідацыты, трахідацыты), вулканагенныя і вулканагенна-асадкавыя (туфы, туфіты, туфапясчанікі і інш.) пароды валынскай серыі. Верхнюю, валдайскую серыю, складаюць асадкавыя пароды — пясчанікі, алеўраліты, гліны. У тоўшчах і пластах абломкавых парод венду значныя запасы падземных водаў.

М.​В.​Вераценнікаў.

т. 4, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)