даданы член сказа, які паясняе словы са значэннем дзеяння або прыкметы, паказваючы на час, месца, прычыну, умову, мэту, спосаб дзеяння, характар выяўлення, інтэнсіўнасць прыкметы. У бел. мове акалічнасці сінтаксічна звязваюцца з гал. словамі пры дапамозе прымыкання і кіравання. Ролю акалічнасці выконваюць прыслоўе («вельмі здольны»), дзеепрыслоўе («разглядаць не спяшаючыся»), інфінітыў («зайсці развітацца»), назоўнік з прыназоўнікам ці без яго («ехаць лесам», «зрабіць насуперак жаданню»), лічэбнік («уваходзіць па аднаму»), а таксама свабодныя словазлучэнні розных тыпаў («важыць тры тоны», «чытаць з ранку да вечара», «апрацаваны з дапамогай новага прыстасавання») і фразеалагізмы («жыць абы дзень да вечара»). У залежнасці ад сінтаксічнага значэння падзяляюцца на разрады — акалічнасці часу, прычыны, умовы, мэты, спосабу дзеяння і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАСПО́РТ,
спорт сярод інвалідаў. Заняткі І. садзейнічаюць рэабілітацыі інвалідаў і іх інтэграцыі ў грамадстве. На Беларусі 3 рэсп. федэрацыі І.: інвалідаў апорна-рухальнага апарату, па зроку, па слыху, якія ўваходзяць у Параалімпійскі Камітэт Рэспублікі Беларусь, створаны ў 1996. У ліст. 1997 прыняты ў Міжнар. Параалімпійскі Камітэт (штаб-кватэра ў г. Бон, Германія). У федэрацыях культывуюцца 18 відаў спорту, па іх праводзяцца рэсп. чэмпіянаты. У відах І. ўстаноўлены нарматывы, па якіх інвалідам прысвойваюцца спарт.разрады і званні, у т. л. майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнар. класа. Бел. спартсмены-інваліды ўдзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. На X Параалімпійскіх гульнях у г. Атланта, ЗША (1996) яны заваявалі 13 медалёў (3 залатыя, 3 сярэбраныя, 7 бронзавых).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСКРАВА́Я КА́МЕРА,
кіроўны трэкавы дэтэктар часціц, дзеянне якога заснавана на ўзнікненні іскравага разраду ў газе ў месцы праходжання зараджанай часціцы. Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы (даследаванне ядз. рэакцый), фізіцы элементарных часціц (эксперыменты на паскаральніках), астрафізіцы (вывучэнне касм. прамянёў), медыцыне.
І.к. мае разрадны прамежак, запоўнены газам. Тэлескоп лічыльнікаў (сцынтыляцыйных, чаранкоўскіх) па-за І.к. фіксуе з’яўленне часціцы і падае на электроды камеры высакавольтны імпульс напружання. Апошні паскарае электроны, што ўзнікаюць у газавай камеры на шляху зараджанай часціцы, і выклікае іскравы разрад уздоўж следу (трэку) часціцы. Разрады фіксуюцца фатаграфічным, акустычным, відыконным і інш. метадамі. У параўнанні з інш. трэкавымі дэтэктарамі ядзерных выпрамяненняў І.к. вызначаецца малой інерцыйнасцю, прастатой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЫЯ [лац. curia ад co(cum) з, разам + vir муж, мужчына],
1) у Стараж. Рыме з 8—6 ст. да н.э. аб’яднанне некалькіх родаў патрыцыяў. Звычайна было 30 К., па 10 у кожнай родавай трыбе (акрузе); паводле іх збіралі курыятныя нар. сходы (каміцыі). Кожная К. мела асобнае месца для сходаў і свае святыні. У часы рэспублікі (510/509—30 або 27 да н.э.) усе К. ўзначальваў вял. курыён, да галасавання ў каміцыях былі дапушчаны і плебеі.
2) У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы савет і суд пры феадале.
3) Сукупнасць устаноў, падпарадкаваных рым. папу (гл.Рымская курыя).
4) У шэрагу дзяржаў, у т. л. былой Рас. імперыі, асобыя разрады (выбарчыя К.), на якія падзяляліся выбаршчыкі паводле маёмасных, нац. і інш. адзнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Васіль Уладзіміравіч) (19.7.1761, г. Абаянь Курскай вобл., Расія — 3.8.1834),
рускі фізік і электратэхнік. Акад.Пецярб.АН (1809, чл.-кар. з 1802). Скончыў Харкаўскі калегіум (1785), вучыўся ў Пецярб. настаўніцкай семінарыі. У 1795—1833 праф.пецярб. Медыка-хірургічнай акадэміі. Раннія работы па тэорыі гарэння, потым адзін з першых у Расіі вёў даследаванні па электратэхніцы. Стварыў найбуйнейшую гальванічную батарэю (1802), з дапамогай якой адкрыў электрычную дугу. Паказаў магчымасць яе выкарыстання для асвятлення, электраплаўлення, зваркі і аднаўлення металаў з вокіслаў. Устанавіў залежнасць сілы току ад плошчы папярочнага сячэння правадніка. Прапанаваў пакрываць праваднікі ізаляцыйным слоем. Даследаваў электралітычнае дзеянне эл. току, разрады ў газах, электрызацыю трэннем, люмінесцэнцыю. Стварыў шэраг эл. прылад. Яго даследаванні паклалі пачатак практычнаму выкарыстанню электрычнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́Н (грэч. Solōn; паміж 640 і 635 — каля 559 да н.э.),
афінскі (Стараж. Грэцыя) палітычны дзеяч, рэфарматар. Паходзіў са збяднелага арыстакратычнага роду Кадрыдаў. Пасля абрання ў 594 на пасаду архонта ажыццявіў шэраг рэформ у інтарэсах афінскага дэмасу: скасаваў пазыковае рабства, уніфікаваў меры вагі і грашовую сістэму, увёў закон пра свабоду завяшчання і інш. Ранейшы падзел грамадзян паводле родавага паходжання С. замяніў на 4 маёмасныя разрады (філы), якія вызначалі правы і абавязкі грамадзян паводле памераў прыбытку. Усе грамадзяне атрымалі права браць удзел у эклесіі (нар. сход). Заснаваў новы орган кіравання — Раду 400, куды выбіралася па 100 чал. ад кожнай з 4 разрадных філ, і геліэю (суд прысяжных). Рэформы С. сталі важным этапам на шляху ўсталявання афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі. С. — адзін з першых атычных паэтаў. Стараж. грэкі прылічалі яго да «сямі мудрацоў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГАНАМЕ́ТРЫЯ (ад палі... + грэч. gonia вугал + ...метрыя),
адзін з метадаў вызначэння становішча апорных геад. пунктаў зямной паверхні. Выкарыстоўваецца пры тапаграфічнай здымцы, планіроўцы нас. пунктаў, інжынерна-буд. і інш. работах. Пры П. на мясцовасці складаюць сеткі хадоў, вымяраюць даўжыні ліній (мернымі прыладамі) і гарыз. вуглы паміж імі (тэадалітам). На вял. тэрыторыях, дзе ствараюць апорную геадэзічную сетку, пракладваюць палігонаметрычныя хады, якія ўзаемна перасякаюцца. Пачатковы пункт палігонаметрычнага ходу — геад.апорны пункт з вядомымі геадэзічнымі каардынатамі, зыходным (дырэкцыйным) вуглом. Пункты П. адпавядаюць геадэзічным пунктам (гл. таксама Геадэзічныя знакі). Вылучаюць дзярж. і гар. палігонаметрычныя сеткі. Дзяржаўныя паводле дакладнасці падзяляюцца на 4 класы (памылкі вымярэнняў вуглоў ±0,4″, ±1″, ±1,5″, ±2″; ліній — ±1 м на 300 м, 250 м, 200 м, 150 м ходу); гарадскія на 3 разрады (памылкі вымярэнняў вуглоў ±3″, ±5″, ±10″, ліній — ±1 м на 20 м, 10 м, 5 м ходу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,
установа, якая праводзіць рэгулярныя метэаралагічныя назіранні за станам атмасферы і атмасферных працэсаў. Пры дапамозе метэаралагічных прылад вызначаюць сонечную радыяцыю, атм. ціск, напрамак і скорасць ветру, тэмпературу і вільготнасць паветра і глебы, атм. ападкі, снегавое покрыва, воблачнасць, атм. з’явы (раса, іней, шэрань, туман, мяцеліца, навальніца і інш.). Складаецца з метэаралагічнай пляцоўкі, дзе размешчаны метэаралагічныя прылады, і памяшканні, дзе ўстаноўлены аўтам. прылады-рэгістратары і вядзецца апрацоўка даных назіранняў. У залежнасці ад аб’ёму назіранняў і работ падраздзяляюцца на 3 разрады. М.с. 1-га разраду праводзіць і апрацоўвае даныя, ажыццяўляе тэхн. кіраўніцтва станцыямі 2-га і 3-га разрадаў, а таксама абслугоўвае зацікаўленыя ўстановы і прадпрыемствы звесткамі аб метэаралагічных умовах і матэрыяламі па клімаце. М.с. 2-га разраду праводзіць назіранні, апрацоўвае і перадае даныя па выніках назіранняў. М.с. 3-га разраду выконвае назіранні па скарочанай праграме. На некаторых станцыях дадаткова праводзяцца аэралагічныя, актынаметрычныя і градыентныя назіранні. На Беларусі першыя М.с. з’явіліся ў пач. 19 ст. (у 1809 у Магілёве, 1810 у Віцебску, 1834 у Брэсце, 1841 у Горках, у 1849 у Мінску). У 1999 назіранні па праграме М.с. праводзіліся ў 51 пункце Беларусі (гл. карту-схему).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗ (франц. gaz ад грэч. chaos хаос),
агрэгатны стан рэчыва, у якім слаба звязаныя малекулярнымі сіламі часціцы рухаюцца свабодна і пры адсутнасці знешніх палёў раўнамерна запаўняюць увесь дадзены ім аб’ём. Газ, у якім энергію ўзаемадзеяння паміж часціцамі можна не ўлічваць, наз.ідэальным газам. Яго стан апісваецца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем.
Рэальныя газы пры звычайных умовах мала адрозніваюцца ад ідэальнага, а пры памяншэнні ціску і павышэнні т-ры па ўласцівасцях набліжаюцца да яго; часцей іх стан апісваецца Ван-дэр-Ваальса ўраўненнем. Пры паніжэнні т-ры газы дасягаюць крытычнага стану, пры далейшым ахаладжэнні і павышэнні ціску адбываецца звадкаванне газаў. Калі рух часціц падпарадкоўваецца законам класічнай механікі, газ наз. нявыраджаным (рэальныя газы), а калі квантавыя ўласцівасці часцінак газа пераважаюць — выраджаным (электронны газ у металах пры тэмпературах, блізкіх да 0 К). Пры нізкіх т-рах газы добрыя дыэлектрыкі, але пры пэўных умовах могуць праводзіць эл. ток (гл.Электрычныя разрады ў газах). Мех. ўласцівасці газаў вывучаюцца ў газавай дынаміцы і аэрадынаміцы. Газы складаюць асн. масу атмасферы, пашыраны ў зямной кары, маюць вял. значэнне ў існаванні жывых арганізмаў (гл., напр., Дыханне, Газаабмен) і біягеахімічным кругавароце рэчываў, газы прыродныя гаручыя — кашт. сыравіна для хім. і газавай прам-сці, крыніца забеспячэння разнастайных бытавых, тэхн. і інш. патрэб гаспадаркі.
газаразрадныя прылады для візуальнага ўзнаўлення інфармацыі. Прынцып работы заснаваны на свячэнні тлеючага разраду катоднай вобласці (гл.Электрычныя разрады ў газах). Маюць высокую надзейнасць, даўгавечнасць, вял. яркасць, малую паглынальную магутнасць. Бываюць сігнальныя, лінейныя, знакавыя, матрычныя, газаразрадныя індыкатарныя панэлі, прызначаныя для ўзнаўлення найб. складанай інфармацыі (паўтонавай, знакаграфічнай і інш.). Выкарыстоўваюцца для індыкацыі і сігналізацыі ў вымяральных апаратах, сістэмах кантролю і кіравання ў прам-сці, сродках аргтэхнікі, медыцыне, на транспарце і інш.
Газаразрадныя індыкатары запаўняюць сумессю інертных газаў на аснове неону (ярка-аранжавае свячэнне) з дабаўленнем аргону, крыптону і ксенону, таксама на аснове гелію або ртутнай пары. Катоды вырабляюць з чыстага металу (напр., малібдэну) або актываваныя. У сігнальных газаразрадных індыкатарах інфармацыя выяўляецца ў выглядзе кропкі або невял. святлівай вобласці (напр., неонавыя індыкатарныя лямпачкі), у лінейных (аналагавых і дыскрэтных) — у выглядзе святлівага слупка, даўжыня якога прапарцыянальная сіле току, што працякае праз прыладу, або рухомага святлівага пункта, месцазнаходжанне якога залежыць ад колькасці пададзеных на прыладу імпульсаў (гл.Дэкатрон). Знакавыя газаразрадныя індыкатары ўзнаўляюць інфармацыю свячэннем электродаў пэўнай формы (асобныя элементы сімвалаў, сабраных у адно ці некалькі знакамесцаў, або лічбы, літары і інш. сімвалы цалкам), матрычныя — у выглядзе сукупнасці пунктаў, размешчаных на плоскім экране. Гл. таксама Індыкатар.