пігменты жоўтага, аранжавага ці чырв. колеру, якія сінтэзуюцца бактэрыямі, грыбамі і вышэйшымі раслінамі; поліненасычаныя вуглевадароды тэрпенавага раду. Да іх належаць караціны, ксантафілы і інш. У клетках мікраарганізмаў і раслін прымаюць удзел у фотаперыядычных рэакцыях, пераносе кіслароду, абумоўліваюць афарбоўку пладоў, восеньскага лісця, калоній некат. мікраарганізмаў. У арганізм жывёлы і чалавека К. трапляюць з ежай, маюць вял. значэнне ў сінтэзе вітаміну A. Ужываюцца ў медыцыне, харч. прам-сці, жывёлагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЦЫЯ́Т,
вышэйшая, найб. багатая ч. насельніцтва сярэдневяковых гарадоў Зах. Еўропы, якая замацавала за сабою асобныя правы і прывілеі ў гар. абшчыне (гандляры, ліхвяры, землеўладальнікі). П. захапіў уладу ў гарадах, якія дамагліся самакіравання, прысвоіў сабе выключнае права выбіраць гар.раду і замяшчаць пасады ў гар. магістратуры, каб уводзіць выгадную для яго сістэму падаткаў, набыцця прыбытковых водкупаў, размеркавання гар. сродкаў. З уключэннем гарадоў у агульнадзярж. адм. сістэму П. страціў значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́Й УЛАДЗІ́МІРАВІЧ (каля 1390—1457?),
князь, адзін з найбуйнейшых праваслаўных магнатаў ВКЛ. Сын кіеўскага кн. Уладзіміра з роду Альгердавічаў, брат Алелькі (Аляксандра, гл. ў арт.Алелькавічы) і Івана Бельскага (гл. ў арт.Бельскія). У адрозненне ад братоў удзельнага княства не атрымаў, але займаў высокае становішча ў ВКЛ, уваходзіў у велікакняжацкую раду. Уладальнік маёнткаў Лагойск, Гайна і Камянец (Менскі пав.), Славенск (Ашмянскі пав.), Палонна і Лемніца (Віцебская зямля) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БЦК) у Аўстраліі, арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў 1963 у г. Мельбурн прыхільнікамі Бел.Нар. Рэспублікі і Бел.цэнтр. рады. Займаецца культ.-асв. дзейнасцю. З 1972 член Федэральнай рады бел. арг-цый у Аўстраліі. Супрацоўнічае з міжнар. арг-цыямі і ўваходзіць у Аўстрал.нац. этнічную раду, штогод ладзіць святкаванні нац. угодкаў, традыцыйныя сяброўскія вечарыны, сустрэчы беларусаў Аўстраліі (з 1976) і інш. Пры БЦК дзейнічае бел. хор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІ́ТУЛ, капітула (ад лац. capitulum),
1) у каталіцкай і англіканскай цэрквах калегія канонікаў кафедральнага сабора, якая стварае пры епіскапераду па кіраванні епархіяй. Складаецца з пробашча, дэкана, схаластыка, кантара, кусташа і інш. канонікаў. К. ствараецца таксама ў касцёле, які мае ганаровае званне калегіята і знаходзіцца на іерархічнай лесвіцы паміж кафедральным касцёлам і парафіяльным.
2) У каталіцкіх духоўна-рыцарскіх і манаскіх ордэнах (у т. л. ў грэка-каталіцкім ордэне базыльян) калегія кіруючых асоб ордэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНЫ ГУКАРА́Д,
паслядоўнасць тонаў, якая складаецца з асн. тону і гарманічных прыгукаў (абертонаў), што ўтвараюць гук музычны. Гучанне асн. тону абумоўлена ваганнямі вібратара (струны, паветр. слупа і інш.), у выніку якіх узнікаюць абертоны. Іх частотныя суадносіны адпавядаюць натуральнаму раду лічбаў (1, 2, 3, 4, 5 ...). Ніжнія абертоны ўтвараюць мажорнае трохгучча (гл. нотны прыклад). Вучэнне пра Н.г. выклаў франц.муз. тэарэтык М.Мерсен у кн. «Усеагульная гармонія» (1636—37).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З,
прафесійна-палітычная арг-цыябел. настаўнікаў у 1919 — сярэдзіне 1920-х г.Засн. 24.8.1919 у Вільні. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Прадстаўнік саюза В.Ластоўскі ўваходзіў у Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны. Змагаўся супраць закрыцця польск. ўладамі бел. школ на тэр.Зах. Беларусі, заклікаў настаўнікаў не пераходзіць на працу ў польск. школы і не наведваць польскія настаўніцкія курсы, парушальнікаў гэтай умовы закляйміў як «здраднікаў прафесіянальных, сялянства і ўсяго беларускага народа».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПСІ́Д (ад ды... + грэч. opsis выгляд),
мінерал з групы піраксенаў, сілікат кальцыю і магнію, CaMg[Si2O6]. Крайні член ізаморфнага раду Д. — гедэнбергіт. Прымесь хрому Cr2O3 (да 2% у хромдыяпсідзе). Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, кароткаслупкаватыя. Агрэгаты зярністыя або радыяльна прамяністыя. Колер белы да светла-зялёнага.
Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,3—3,4 г/см³. Пародаўтваральны мінерал асн. і ультраасн. вывергнутых парод, а таксама кантактава-метасаматычны ў скарнах. Празрыстыя разнавіднасці выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУМБІ́Т, ніабіт,
мінерал падкласа складаных аксідаў (Fe, Mn)Nb2O6, крайні чл. ізаморфнага раду К. — танталіт (Fe, Mn)Ta2O6. Змяшчае Nb2O5 да 80% і 20% FeO, прымесі тытану, волава, урану, вальфраму і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, пласціністыя, прызматычныя. Агрэгаты зярністыя, суцэльныя масы. Колер чорны, буравата-чорны. Бляск металападобны. Цв. 6. Шчыльн. 5,2—6 г/см³. Радыеактыўны. Трапляецца ў магматычных пародах, пегматытавых жылах і ў россыпах. Радовішчы ў Нігерыі, Бразіліі, ЗША, Аўстраліі і інш. Руда ніобію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎСТАБІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. kaustos гаручы + бія... + літ(ы)],
гаручыя карысныя выкапні арган. паходжання. З’яўляюцца прадуктамі пераўтварэння раслінных і жывёльных рэшткаў пад дзеяннем геолага-геахім. фактараў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на 2 групы: К. вугальнага раду ахопліваюць сінгенетычныя асадкаўтварэнню пароды (торф, выкапнёвыя вуглі, гаручыя сланцы і інш.) і мінералы (бурштын); К. нафтавага і нафтоіднага радоў маюць міграцыйную прыроду (нафта, азакерыт, асфальт і інш.). На Беларусі ёсць радовішчы гэтых груп (торф, буры вугаль, сапрапель, нафта, гаручы сланец).