АРЫЯБХА́ТА (476, Кусумапур, паблізу сучаснага горада Пата, Індыя — каля 550),

індыйскі астраном і матэматык. У творы «Арыябхатыям» выклаў некаторыя матэматычныя звесткі, неабходныя для астранамічных вылічэнняў: здабыванне квадратнага і кубічнага каранёў, найпрасцейшыя задачы на складанне і рашэнне ўраўненняў, правілы падсумавання радоў, табліцу сінусаў, прыбліжанае значэнне ліку π = 3,1416 і інш. Увёў запіс лікаў пры дапамозе літар санскрыту.

Літ.:

Володарский А.И. Ариабхата. М., 1977.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЭРЫ́ДЫЙ (ад грэч. anthēros квітнеючы),

мужчынскі орган палавога размнажэння (мужчынскі гаметафіт) споравых раслін (моха- і папарацепадобных, некаторых водарасцяў) і грыбоў (ааміцэтаў і аскаміцэтаў). У вышэйшых раслін — невял. авальнае або шарападобнае цельца з покрывам з аднаго або некалькіх радоў бясплодных клетак. Унутры антэрыдыю ўтвараюцца сперматагенныя клеткі, з іх потым узнікаюць мужчынскія гаметы — сперматазоіды, або спермацыі. У грыбоў змесціва антэрыдыю не падзелена на асобныя гаметы.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГА́Н (ваен.),

шматствольная артыл. гармата 16—18 ст. ў Еўропе, у т. л. на Беларусі; прататып шматствольнай артылерыі. Меў ад 6 да 50 і больш ствалоў (ружжаў, марцірак, малакаліберных пушак), якія замацоўваліся ў некалькі радоў на асобным вале або рамах, звычайна на калёсным лафеце. Страляў адначасова з усіх ствалоў аднаго раду. Выраблялі арганы ў многіх гарадах Беларусі: Быхаве, Нясвіжы, Полацку, Слуцку і інш. У Расіі такія гарматы наз. сарокамі.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́ННЕ (ваен.),

вайсковае фарміраванне, у якое ўваходзяць некалькі злучэнняў або меншых па складзе аб’яднання, а таксама часцей і ўстаноў. Паводле складу і задач, якія вырашаюцца, бывае: стратэгічнае (узбр. сілы, кааліцыйныя аб’яднаныя ўзбр. сілы на тэатрах ваен. дзеянняў), аператыўна-стратэгічнае (фронт, група армій, флот), аператыўнае (армія, флатылія, эскадра, авіяцыя флоту і інш.), аператыўна-тактычнае (злучэнні і часці розных радоў войскаў, спецвойскаў і службаў аднаго віду ўзбр. сіл), тэрытарыяльнае агульнавайсковае (гл. Ваенная акруга).

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЭСТЫ (ад ісп. cuesta адхон, схіл гары),

асіметрычныя грады і ўступы ў рэльефе, часам горныя хрыбты, утвораныя ў выніку размыву і дэнудацыі монаклінальна залягаючых горных парод, складзеных з пластоў рознай трываласці. Спусцісты схіл супадае з нахілам пластоў, стромкі абрываецца ў бок іх падзення. Часам К. размяшчаюцца ў некалькі паралельных радоў, утвараюць куэставы тып рэльефу, які трапляецца на паўн. схілах Вял. Каўказа (Скалісты хр.), у Сярэдняй Азіі, Крымскіх гарах і інш. месцах.

Папярочны профіль куэстаў.

т. 9, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАС,

у беларусаў плыт, звёны якога вязаліся з доўгіх бярвён. Даўжыня П. 100—150 м. На Прыпяці складаўся з некалькіх гонак даўжынёй каля 30 м. Па Цне, Смердзі сплаўлялі П. невял. памераў з 3—5 звёнаў. П. называлі таксама плыт з дубовай клёпкай, які складаўся з 8—10 звёнаў. Клёпку ўкладвалі ў 8—10 радоў на 2 брусах даўжынёй 6—8 м; 8 такіх плытоў складалі П. Плытагон на П. называўся пасаўніком.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БЫ ШТУ́ЧНЫЯ,

штучныя дэталі, што ўваходзяць у склад зубных пратэзаў для замяшчэння зубных радоў з мэтай нармалізацыі функцыі жавання, мовы, эстэтыкі. У 4—3 ст. да н.э. для вырабу З.ш. выкарыстоўвалі косць, пазней золата. У наш час З.ш. робяць з акрылавай пластмасы, керамікі; колер адпавядае натуральным зубам. Акрамя здымных і няздымных пратэзаў (гл. Пратэзаванне зубоў) З.ш. бываюць адзінкавыя. Пры адсутнасці каронкі і захаваным корані робяць штыфтавыя зубы. Іншы раз З.ш. фіксуюць на дэнтальных імплантантах.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎСТАБІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. kaustos гаручы + бія... + літ(ы)],

гаручыя карысныя выкапні арган. паходжання. З’яўляюцца прадуктамі пераўтварэння раслінных і жывёльных рэшткаў пад дзеяннем геолага-геахім. фактараў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на 2 групы: К. вугальнага раду ахопліваюць сінгенетычныя асадкаўтварэнню пароды (торф, выкапнёвыя вуглі, гаручыя сланцы і інш.) і мінералы (бурштын); К. нафтавага і нафтоіднага радоў маюць міграцыйную прыроду (нафта, азакерыт, асфальт і інш.). На Беларусі ёсць радовішчы гэтых груп (торф, буры вугаль, сапрапель, нафта, гаручы сланец).

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БЕЛЬ ((Abel) Нільс Генрык) (5.8.1802, каля г. Ставангер, Нарвегія — 6.4.1829),

нарвежскі матэматык. Скончыў ун-т у Осла (1825), працаваў у ім і ў Інж. школе. Даказаў невырашальнасць у радыкалах агульных алг. ураўненняў вышэй за 4-ю ступень (1824). Адначасова з К.​Якобі заклаў асновы тэорыі эліптычных функцый; даследаваў інтэгралы ад алг. функцый (абелевы інтэгралы). Аўтар даследавання па тэорыі лікаў і радоў. Працы пры жыцці не атрымалі прызнання.

Літ.:

Оре О. Замечательный математик Н.​Х.​Абель: Пер. с англ. М., 1961.

Н.Г.Абель.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛЕ́ЎСКІ (Аляксандр Якаўлевіч) (22.12.1838, г. Харкаў, Украіна — 18.7.1923),

расійскі біяхімік, заснавальнік рус. навук. школы біяхімікаў. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1898). Брат В.Я.Данілеўскага. Скончыў Харкаўскі ун-т (1860). З 1863 праф. Казанскага, з 1885 Харкаўскага ун-таў, з 1892 у Ваенна-мед. акадэміі ў Пецярбургу (у 1906—10 рэктар). Навук. працы па хім. будове і абмене бялкоў, энзімалогіі, біяхіміі харчавання. Распрацаваў метад выбіральнай адсорбцыі, прапанаваў навук. класіфікацыю бялкоў мозгу, «тэорыю элементарных радоў». Выдаў «Фізіялагічны зборнік» (т. 1—2, 1888—91, разам з братам В.Я.Данілеўскім).

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)