ГУЛД, Гульд (Gould) Глен Херберт (25.9.1932, г. Таронта, Канада — 4.10.1982), канадскі піяніст, арганіст, кампазітар; адзін з буйнейшых піяністаў 20 ст. Скончыў кансерваторыю ў Таронта (1952). З 1952 выступаў як піяніст у многіх краінах свету. Вядомы арыгінальнымі інтэрпрэтацыямі твораў І.​С.​Баха, Л.​Бетховена, В.​А.​Моцарта, І.​Брамса, а таксама кампазітараў 20 ст. П.​Хіндэміта, А.​Берга і інш., якія спалучалі інтэлектуалізм і абвостраную экспрэсію. У 2-й пал. 1960-х г. спыніў канцэртную дзейнасць, запісваўся на грампласцінкі, выступаў як дырыжор і кампазітар. Аўтар камерна-інстр. твораў.

Г.Гулд.

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАК (Якаў Ізраілевіч) (20.11.1913, г. Адэса, Украіна — 27.6.1976),

расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1932) і аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі (1935, кіраўнік Г.Нейгаўз). Выступаў як піяніст-канцэртант. Яго вялікі рэпертуар уключаў творы рус. і замежных кампазітараў-класікаў. Першы выканаўца многіх твораў сав. кампазітараў. З 1935 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1947 праф.). Сярод яго вучняў: Я.​Магілеўскі, М.​Пятроў, Э.Вірсаладзе. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1935), пераможца Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.​Шапэна (1937, Варшава, 1-я прэмія і спец. прыз — маска Шапэна).

Літ.:

Яков Зак. Статьи. Материалы. Воспоминания. М., 1980.

т. 6, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́НІН (Яўген Васілевіч) (н. 8.11. 1930, Масква),

расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954, клас Г.Нейгаўза), з 1957 выкладае ў ёй (з 1974 праф.). З 1958 саліст Маскоўскай філармоніі. Яго творчай індывідуальнасці найб. блізкая музыка рамант. плана. Выкананне адметнае паэт. адухоўленасцю, мяккасцю, лірызмам. У рэпертуары творы І.​С.​Баха, Л.​Бетховена, І.​Брамса, Ф.​Ліста, Ф.​Шапэна, М.​Мяскоўскага, С.​Пракоф’ева, С.​Рахманінава, А.​Скрабіна, Дз.​Шастаковіча, Р.​Шчадрына і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў піяністаў імя Ф.​Шапэна (Варшава, 1949) і імя М.​Лонг—Ж.​Цібо (Парыж, 1953; Вял. прыз).

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЖА́НАЎ (Віктар Карпавіч) (н. 15.8.1919, г. Тамбоў, Расія),

расійскі піяніст, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1941). Вучань С.​Фейнберга (фп.) і А.Гедыке (арган). З 1946 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1947 выкладчык Маскоўскай кансерваторыі (з 1964 праф., з 1985 заг. кафедры), у 1973—78 адначасова праф. Вышэйшай муз. школы ў Варшаве. Выступае як саліст і ансамбліст. Вядзе курсы фп. майстэрства. Аўтар артыкулаў па муз. педагогіцы. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў у Маскве (1945), Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.​Шапэна ў Варшаве (1949). Дзярж. прэмія Расіі 1996.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУХА́ЛЬСКІ (Уладзімір Вячаслававіч) (2.4.1848, Мінск — 23.2.1933),

рас. і ўкр. піяніст, педагог, кампазітар і муз. дзеяч. Засл. праф. Украіны (1928). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1874) і выкладаў у ёй. З 1876 у Кіеўскім муз. вучылішчы (з 1877 дырэктар). З 1913 праф. Кіеўскай кансерваторыі (у 1913—14 першы дырэктар). Зрабіў значны ўклад у развіццё ўкр. муз. культуры і адукацыі. Стварыў школу піяністаў, вядомую за межамі Украіны. Аўтар оперы «Валерыя» (паст. 1923), «Маларасійскай (Украінскай) фантазіі» для аркестра, канцэрта для фп. з арк., «Эцюдаў у арпеджыях», фп. п’ес, рамансаў і інш. Сярод вучняў А.​Браілоўскі, У.Горавіц, Р.​Коган, Л.Нікалаеў і інш.

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАВІЦ ((Horowitz) Уладзімір Самойлавіч) (1.10.1904, г. Бярдзічаў, Украіна — 5.11.1989),

амерыканскі піяніст укр. паходжання. Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1921). Шмат канцэртаваў. З 1928 у Нью-Йорку. Адзін з буйнейшых піяністаў-віртуозаў 20 ст. Яго выкананне вызначалася бліскучай тэхнікай, бурным тэмпераментам, дынамічным напорам і разам з тым рамант. адухоўленасцю, паэт. вытанчанасцю, своеасаблівасцю трактоўкі. Сусв. вядомасць атрымаў перш за ўсё выкананнем буйных твораў Ф.​Ліста (многія ва ўласных, больш віртуозных апрацоўках), а таксама Ф.​Шапэна, П.​Чайкоўскага, С.​Рахманінава, А.​Скрабіна, Р.​Шумана, М.​Мусаргскага, Д.​Скарлаці і інш. Сярод вучняў Б.​Джайніс.

Літ.:

Коган Г. Владимир Горовиц // Сов. Музыка. 1965. № 1;

Schonberg H. The great pianists. New York, 1963.

У.С.Горавіц.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАН (Hofman, Hofmann) Іосіф (Юзаф; 20.1.1876, г. Кракаў, Польшча — 16.2.1957), польскі піяніст, педагог, кампазітар; адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу. Вучыўся ў Берліне ў М.​Машкоўскага і А.Рубінштэйна. У 1886—1946 канцэртаваў у краінах Еўропы і ЗША. З 1898 у ЗША. Заснавальнік (1924), праф. (з 1924), дырэктар (1926—38) Муз. ін-та Кёртыс у Філадэльфіі. Вядомы найперш як выканаўца твораў Ф.​Шапэна, а таксама Р.​Шумана, Ф.​Мендэльсона, Р.​Шуберта, Ф.​Ліста, Машкоўскага. Аўтар арк. і фартэпіянных твораў, кніг па тэхніцы фартэпіяннай ігры, якія маюць значную практычную каштоўнасць.

Тв.:

Рус. пер. — Фортепианная игра: Ответы на вопр. о фортепианной игре. М., 1961.

т. 5, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́ЙБЕРН, Кліберн (Cliburn) Харві Лаван (Ван; н. 12.7.1934, г. Шрыўпарт, ЗША), амерыканскі піяніст. Скончыў Джульярдскую муз. школу ў Нью-Йорку (1954). Лірычная пранікнёнасць яго ігры спалучаецца з імклівым дынамізмам і маштабнасцю гучання. У рэпертуары творы П.​Чайкоўскага, С.​Рахманінава, С.​Пракоф’ева, Ф.​Шапэна, Ф.​Ліста, І.​Брамса, К.​Дэбюсі, С.​Барбера, Э.​Грыга і інш. 1-я прэміі на міжнар. конкурсах імя Э.​Левентрыта ў Нью-Йорку (1954) і імя П.​І.​Чайкоўскага ў Маскве (1958). З 1962 у г. Форт-Уэрт (ЗША) праводзіцца міжнар. конкурс піяністаў яго імя.

Літ.:

Чэйсинс А., Стайлз В. Легенда о Вэне Клайберне: Пер. с англ. М., 1959;

Хентова С.М. Ван Клайберн. 3 изд. М., 1966.

т. 8, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУ́МАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (21.8.1907, Масква — 5.9.1944),

бел. кампазітар, піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934, клас Г.​Нейгаўза), кампазіцыі вучыўся ў М.​Гнесіна. У 1937—41 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Вёў канцэртна-выканальніцкую дзейнасць, аддаваў перавагу творчасці кампазітараў-рамантыкаў. Аўтар аднаго з першых бел. фп. канцэртаў (1940), які значна паўплываў на развіццё гэтага жанру ў бел. музыцы. З інш. твораў: муз. камедыя «Прыгоды Фрыца» (лібр. А.​Астрэйкі і У.​Няфёда, 1944), «Беларуская танцавальная сюіта» і Варыяцыі для фп., капрычыо на тэму бел. нар. песні «Чаму ж мне не пець» для фп., апрацоўкі бел. нар. песень для хору. Дыпламант Усесаюзнага конкурсу піяністаў (1938).

Літ.:

Назина И.Д. Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977. С. 11—16.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОНГ ((Long) Маргерыт Мары Шарлот) (13.11.1874, г. Нім, Францыя — 13.2.1966),

французская піяністка, педагог. Вучылася ў Муз. ін-це ў Німе, потым у А.​Мармантэля ў Парыжскай кансерваторыі (у 1906—40 выкладала ў ёй, з 1920 праф.). Шмат канцэртавала. Прапагандавала творчасць франц. імпрэсіяністаў і кампазітараў «Шасцёркі», выконвала прысвечаныя ёй творы М.​Равеля, Д.​Міё, Г.​Фарэ і інш. Арганізавала з Ж.Цібо конкурс піяністаў і скрыпачоў (1943; з 1946 Міжнар. конкурс імя Л. — Ж.​Цібо). Заснавала ўласную школу ігры на фп. на аснове распрацаванай ёю методыкі. Складальнік школы «Фартэпіяна» (1959). Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг па фп. мастацтве.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Исполнительское искусство зарубежных стран. М., 1981. Вып. 9.

Літ.:

Хентова С. М.​Лонг. М., 1961.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)