ГІКСО́СЫ,
група качавых плямён, якія каля 1700 да н.э. ўварваліся з Пярэдняй Азіі праз Суэцкі перашыек у Егіпет, захапілі яго і валодалі ім да 1570 да н.э. Пасяліліся ў Ніжнім Егіпце і заснавалі там сваю сталіцу Аварыс. Упершыню ўвялі ў Егіпце конегадоўлю і колавы транспарт (магчыма, вертыкальны ткацкі станок, аліву і гранат), спрасцілі егіпецкую пісьменнасць, стварылі алфавітнае пісьмо. Гіксосы парушылі ізаляванасць Егіпта і стварылі ўмовы для росквіту культуры Новага царства. У пач. 16 ст. да н.э. правіцелі Фіваў пачалі вызвал. барацьбу супраць гіксосаў і прымусілі іх адступіць у Палесціну.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́НДЗІ МО́ВА,
адна з індыйскіх моў. Афіц. і адна з асн. моў Індыі. Існуе 2 групы дыялектаў: зах. і ўсх., якія маюць значныя структурныя адрозненні. Х.м. ўласцівы: у фанетыцы — сэнсаадрознівальная працягласць і назалізацыя галосных; у марфалогіі — мноства аналіт. форм імя і дзеяслова; у сінтаксісе — эргатыўная канструкцыя сказа з выказнікам у форме дзеяслова закончанага трывання залежнага стану. У адрозненне ад блізкароднаснай урду мовы Х.м. шырока выкарыстоўвае санскрыцкія лексічныя і словаўтваральныя сродкі. Сучасная літ. Х.м. пачала фарміравацца ў пач. 19 ст. Пісьменнасць на аснове алфавіту дэвангары (гл. Індыйскае пісьмо).
Літ.:
Катенина Т.Е. Язык хинди. М., 1960.
А.Я.Міхневіч.
т. 17, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБЕ́РЫЯ (грэч. Ibēria, лац. Hiberia),
1) старажытная назва Усх. Грузіі (наз. таксама Іверыя). Сустракаецца ў ант. і візант. гісторыкаў. На мяжы 4—3 ст. да н.э. на тэр. І. ўзнікла дзяржава (царства) са сталіцай у г. Мцхета. Асн. масу жыхароў складалі сяляне-абшчыннікі, на цяжкіх работах і ў палацавай гаспадарцы выкарыстоўвалася праца рабоў (пераважна ваеннапалонных). У гарадах развіваліся рамёствы і гандаль, грэч. і арамейская пісьменнасць. І. дасягнула росквіту пры цару Фарсмане II (2 ст.). З 4 ст. развіваліся раннефеад. адносіны. З 337 хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй. У канцы 4 ст. І. трапіла пад панаванне Сасанідаў.
2) Адна са стараж. назваў Іспаніі.
т. 7, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Пашырана ў Іспаніі (аўт. вобл. Каталонія, Валенсія, Балеарскія а-вы), Францыі (гіст. вобл. Русільён, дэпартамент Усх. Пірэнеі), Андоры і ў г. Альгера (в-аў Сардзінія, Італія). Мае 2 групы дыялектаў: усходнюю (барселонскі, балеарскі, русільёнскі, альгерскі) і заходнюю (лерыданскі, валенсійскі). У фанетыцы складаны кансанантызм, варыятыўнасць фанем, у марфалогіі і лексіцы блізкасць да аксітанскай (правансальскай) мовы. Асаблівасць К. м. — наяўнасць абвеснага ладу (vaig cantar — «Я спяваў»). У сінтаксісе і лексіцы моцны ўплыў ісп. мовы. Першыя помнікі пісьменнасці датуюцца 11—12 ст. З сярэдзіны 13 ст. развіваецца літ. мова, у яе аснове барселонскі дыялект. Пісьменнасць на аснове лац. алфавіта.
т. 8, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЙГУ́РСКАЯ МО́ВА, новауйгурская мова,
адна з цюркскіх моў. Пашырана ў Кітаі, Казахстане, Сярэдняй Азіі. Тэрміны «уйгуры» і«У.м.» для адзінага этналінгвістычнага калектыву прыняты ў 1921 на з’ездзе сав. уйгураў (раней У.м. наз. татарскай мовай Зах. Кітая, мовай кіт. мусульман, усх.-туркестанскай мовай і інш.). Не з’яўляецца працягам стараж.-уйгурскай мовы — адной з літ. цюркскіх моў ранняга сярэдневякоўя. Мае 3 дыялекты: цэнтр., хатанскі, або паўд., і лабнорскі, або ўсходні. У.м. ўласцівы непаслядоўны сінгарманізм, рэдукцыя галосных, выпадзенне ў некат. формах слова зычных. Пісьменнасць з канца 20 ст. пераважна на аснове араб. алфавіта.
Літ.:
Кайдаров А.Т. Уйгурский (новоуйгурский) язык // Языки народов СССР. М., 1966. Т. 2.
А.Я.Міхневіч.
т. 16, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРЭ́РСКАЯ МО́ВА,
адна з астраўных скандынаўскіх моў. Разам з найб. блізкай ісландскай мовай уваходзіць у паўн. групу герм. моў. Адна з афіц. моў жыхароў Фарэрскіх астравоў. Мае значную дыялектную дыферэнцыяцыю (6 дыялектных зон). Фанетычна блізкая да зах.-нарв. дыялектаў, лексічна — да дацкай мовы. Ф.м. ўласціва пэўная архаічнасць грамат. ладу (багатая сістэма формаўтварэння імя і дзеяслова). Да пач. 19 ст. была беспісьмовай (функцыі пісьмовай выконвала дацкая мова). Да канца 18 ст. адносяцца першыя запісы фарэрскіх нар. балад, якія ствараліся ў 14—17 ст. У 1846 В.У.Хамершаймб распрацаваў пісьменнасць для Ф.м. на лац. аснове. З 1906 выкладаецца ў школах.
А.Я.Міхневіч.
т. 16, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́НДСКАЯ МО́ВА,
адна з зах. сканд. моў (адносіцца да сканд. моў — паўн. падгрупы германскіх моў). Пашырана ў Ісландыі (афіц. мова), а таксама ў Канадзе і ЗША. Дыялектных адрозненняў амаль няма. У 12—13 ст. фаналагічная сістэма амаль не адрознівалася ад фаналагічнай сістэмы нарвежскай мовы. З таго часу ў І.м. адбыліся значныя фанет. змены (страта насавых галосных, дыфтангізацыя доўгіх галосных, прысутнасць толькі глухіх узрыўных і інш.). У лексіцы мала запазычанняў, новыя паняцці атрымліваюць уласна ісландскае абазначэнне. Пісьменнасць з канца 12 — пач. 13 ст. на лац. аснове. Найб. стараж. помнікі датуюцца 2-й пал. 12 ст., першыя друкаваныя кнігі з’явіліся ў 16 ст.
Літ.:
Стеблин-Каменский М.И. Древнеисландский язык. М., 1955.
А.М.Рудэнка.
т. 7, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІДА́НІ, кітаі,
саюз манголамоўных плямён, якія ў сярэднія вякі качавалі на тэр. Манголіі і Маньчжурыі. Вядомы з 4 ст. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, рэлігія — шаманізм. У 907 К. ўзначаліў Елюй Абаоцзы, які заснаваў імперыю Ляо (916—1125). У 926 К. заваявалі дзяржаву Бахай, пазней пакарылі Паўн. Кітай і дзяржаву чжурчжэняў. Развіваліся горадабудаўніцтва, рамёствы, навука, л-ра, вынайдзены пісьменнасць і кнігадрукаванне (ксілаграфія). У пач. 12 ст. імперыя Ляо разгромлена чжурчжэнямі і ў 1125 спыніла існаванне. Частка К. на чале з Елюй Дашы ў 1124 адкачавала ва ўсх. Туркестан і Сярэднюю Азію, дзе стварыла Каракітаяў дзяржаву.
Літ.:
Е Лун-ли. История государства киданей: Пер. с кит. М., 1979;
Пиков Г.Г. Западные кидани. Новосибирск, 1989.
т. 8, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ТЛА (ад грэч. titlos надпіс),
надрадковы знак, які ўжываўся ў стараж. (грэч., слав.) пісьменнасці і ўказваў на скарочанае напісанне слоў або лікавае значэнне літар.
У старабел. пісьменнасць Ц. перайшла са стараж.-рускай. Спачатку мела форму, блізкую да простай гарыз. рыскі над словам, потым колькасць яе варыянтаў павялічылася. Звычайна пісалася над агульнавядомымі кніжнымі словамі, Дзе апускаліся пераважна літары, якія абазначалі галосныя гукі: «г︮л︦с︦ъ︯» («голосъ»), «д︮н︦ь︯» («день»), «к︮р︦с︦т︦ъ︯» («крестъ»), «с︮н︦ъ︯» («сынъ»), «ц︮р︦ъ︯» («царъ»). Ужывалася над літарамі, якія абазначалі лікі і даты («купили жита з҃ копъ», «розделъ к҃г, «року≠афме месяца мая иі Дня»), над вынаснымі літарамі («праⷡ҇да», «чаⷭ҇). Розныя графічныя варыянты Ц. служаць палеаграфічнай прыкметай пры датаванні стараж. рукапісаў.
А.М.Булыка.
т. 17, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБА́НІЯ КАЎКА́ЗСКАЯ, Аран,
стараж. дзяржава ва Усх. Закаўказзі ў 4—3 ст. да н.э. — 10 ст. н.э. (у ніжнім цячэнні Аракса і Куры). Сталіцы Кабалака, Партаў (Барда), Ардэбіль. Першапачаткова саюз роднасных плямёнаў (албаны, уціі, каспіі і інш.), пазней рабаўладальніцкая, каля 3—5 ст. н.э. феад. дзяржава. Найб. магутнасці дасягнула ў час праўлення цара Урнайра (370-я г.), які распаўсюдзіў у Албаніі каўказскай хрысціянства. У пач. 5 ст. з’явілася алб. пісьменнасць. З канца 4 ст. пад уладай Сасанідскага Ірана, супраць якога ў 451, 484, 571 адбыліся паўстанні. У 7 ст. іранскае панаванне змянілася візант. і хазарскім. У 713 заваявана арабамі. У 9 ст. распалася на княствы і з пач. 10 ст. большасць зямель Албаніі каўказскай увайшла ў склад Шырвана і інш. дзяржаў.
т. 1, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)