ГАЙДУКО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН І ПЯСКО́Ў,
у Мінскім р-не, за 34 км на ПнЗ ад Мінска, каля в. Гайдукоўка; адно з найб. на Беларусі. Разведана ў 1967, распрацоўваецца з 1984. Гліны стужачныя, азёрна-ледавіковыя, сярэднеплейстацэнавага ўзросту, запаўняюць катлавіну на паўн. схіле Мінскага ўзвышша. Разведаныя прамысл. запасы глін 34,8 млн. м³, перспектыўныя 50,1 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 1,5—25,5 м, пяскоў, што залягаюць вышэй і выкарыстоўваюцца як дадатак да глін, 0,6—16,4 м. Ускрыша 0,2—1,8 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы і дрэнажных труб.
т. 4, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНА́Я,
радовішча фармовачных і шкловых пяскоў каля в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Паклад кварцавых пяскоў алігацэнавага ўзросту. Разведаныя запасы больш за 15 млн. м³, у т. л. шкловых — больш за 8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—17,7 м, ускрышы 0,2—7,4 м. Пяскі прыдатныя на выраб высакаякаснага ліставога шкла, посуду, для ліцейнай вытв-сці.
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАБА́СКА (Athabaska),
радовішча бітумінозных пяскоў у Канадзе, у правінцыі Альберта, у вярхоўях р. Атабаска. Адкрыта ў 1778. Распрацоўка радовішча праводзілася ў 1936—47, адноўлена з 1967. Пл. 25,6 тыс. км². Прымеркавана да зоны выкліньвання кварцавых пяскоў ніжнемелавога ўзросту на схіле Канадскага шчыта. Глыб. залягання прадукцыйнай тоўшчы да 610 м. Бітуманасычанасць ад 2 да 18%. Запасы бітумаў 101—128 млрд. т. Атрымліваюць нафту, серу, кокс, паліўны газ, бітумы і інш.
т. 2, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫГА́НГА,
вулканічная вобласць на У Манголіі. Патухлыя вулканы (выш. да 1778 м), палі базальтавых лаў, буйныя масівы пяскоў. Расліннасць паўпустынная і стэпавая.
т. 6, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАША́НЬ,
пустыня ў Цэнтр. Азіі, у Кітаі, на ПнУ ад гор Наньшань. Пл. 170 тыс. км². Хвалістая раўніна (выш. 800—1660 м). Чаргуюцца групы невял. скалістых кражаў, драбнасопачніка і плоскіх выцягнутых паніжэнняў, занятых масівамі рухомых пяскоў, барханамі, салёнымі азёрамі, саланчакамі і такырамі. Цэнтр. ч. складзена з дакембрыйскіх парод, перакрытых плашчом чацвярцічных пяскоў; на ўзвышшах у паўд. і паўн. частках выходзяць на паверхню палеазойскія і мезазойскія адклады. Радовішчы вугалю, нафты, соляў. Клімат рэзка кантынентальны. Рачная сетка прадстаўлена часовымі вадацёкамі, рэчышчы якіх напаўняюцца вадой толькі летам у перыяд мусонных дажджоў ці ліўневых ападкаў. Найб. рэкі Жашуй і Шуйхэ. Азёры Саго-Нур і Шара-Бурду. Асноўныя ландшафты: гобі — драбнасопачнік і астраўныя хрыбты, раскіданыя на раўніне з шчэбеневымі глебамі і рэдкай хмызняковай расліннасцю (парналіснік, эфедра і інш.); масівы барханных пяскоў з беднай стэпавай расліннасцю (карагава, салянкі, палын і інш.); цайдамы — паніжэнні з блізкімі грунтавымі прэснымі водамі і травяністай расліннасцю (рагоз, трыснёг, чарот, пажарніца); саланчакі з галафільнай флорай (паташнікі, семітранкі, салянкі); саксаульнікі з чорнага саксаулу з семітранкамі ў ніжнім ярусе. Жывёльны свет: сайгакі, пустынны заяц, суслікі, пясчанкі, тушканчыкі, паўзуны (чарапахі, яшчаркі, змеі), трапляюцца дзікія аслы. Насельніцтва рэдкае. Качавая жывёлагадоўля.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯЧА́РСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
на Пн Забайкалля, паміж хрыбтамі Кодар і Удакан, у Чыцінскай вобл. Расіі. Працягласць каля 120 км, выш. да 1100 м. Дрэніруецца р. Чара. Хваёвыя і лістоўнічныя лясы чаргуюцца з участкамі стэпавай расліннасці і масівамі рухомых пяскоў.
т. 4, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУГРЫ́СТЫЯ ПЯСКІ́,
нерухомыя намнажэнні пяскоў у выглядзе невял. узгоркаў круглаватай ці падоўжанай формы вакол асобных хмызнякоў. Адрозніваюць сыпучыя кучавыя пяскі і зацвярдзелыя бугры. Фарміруюцца ў раёнах залягання прэсных і саленаватых грунтавых вод (на глыб. 3—5 м). Характэрны для пустыняў Цэнтр. Азіі.
т. 3, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ШТЫ-МАРГО́,
пустыня на ПдЗ Афганістана, паміж далінамі рэк Гільменд і Хашруд. Пл. каля 150 тыс. км² Выш. 500—700 м. Друзаватыя і гліністыя раўніны з рэдкай палына-салянкавай расліннасцю; на ПдЗ — масівы пяскоў, такыры, саланчакі, па ўскраінах — аазісы. Адгонная жывёлагадоўля. Вярблюдагадоўля.
т. 6, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭМА́ЙЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Жмудскае ўзвышша,
у зах. ч. Літвы, у бас. рэк Вянта, Юра, Мінія і Дубіса. Выш. да 234 м (г. Мядзвегаліс). Складзена з глін, пяскоў, мергеляў. Характэрны згладжаны марэнна-ўзгоркавы рэльеф. Шмат азёр. Хвойныя і мяшаныя лясы, лугі, пашы, ворная зямля.
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)