САХАРЧУ́К Васіль Якаўлевіч (н. 10.7.1953, в. Свадзьбічы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт і перакладчык. Скончыў БДУ (1975). Настаўнічаў. З 1979 працуе ў жабінкаўскай раённай газ. (Брэсцкая вобл.). Друкуецца з 1971. У зб. паэзіі «Даніна» (1988) філас. асэнсаванне складаных праблем сучаснасці. Асвойвае цвёрдыя формы верша — тэрцыны, актавы і інш. Пераклаў з балг. мовы на бел. зб. лірыкі П.​Яварава «Апалавы пярсцёнак» (1988, з Н.​Гілевічам), зб. нарысаў «Дзеці-героі» (1991), паасобныя творы Л.​Даскаловай, Х.​Радзеўскага, Ф.​Цютчава і інш.

т. 14, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎ (сапр. Левенсон) Аляксандр Міхайлавіч

(1872, маёнтак у Палтаўскай губ., Украіна — 28.6.1944),

расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Рэспублікі (1924). У 1889 — 1914 на опернай сцэне, у т. л. з 1900 у Марыінскім т-ры (Пецярбург). Адзін з лепшых выканаўцаў на рус. сцэне партый Германа («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Зігмунда, Логе і Міме («Пярсцёнак нібелунга» Р.​Вагнера). З сярэдзіны 1920-х г. працаваў за мяжой (у 1934 рэж. опернай трупы, дзе спяваў Ф.Шаляпін). З 1935 зноў на радзіме, з 1936 выкладаў у вячэрняй школе спеваў пры Ленінградскім т-ры оперы і балета.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ЛЬ,

манархічны тытул. Этымалогію назвы К. выводзяць з лац. формы імя Карла Вялікага — Carolus (8—9 ст.); паводле інш. версіі, паходзіць з прагерманскага Karla (стары, старэйшына). Скандынаўскія крыніцы і хроніка Пятра Дусбургскага ўпершыню на землях Беларусі называюць К. (Konung, rex) полацкіх князёў, якія рэальна былі вярх. ўладарамі і ўспрымаліся адпаведна вярх. сюзерэнамі. К. ў Польшчы, пазней і ў Рэчы Паспалітай выбіраліся сеймам. У час каранацыі К. атрымліваў знакі ўлады — залатую карону, скіпетр, яблык (залаты шар з крыжам), каралеўскі меч і пярсцёнак. З’яўляўся найвышэйшым суддзёй, узначальваў войска ў час паходаў, быў кіраўніком знешняй палітыкі. Гл. таксама Каралеўства.

т. 8, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭЙЗ (Chase) Джэймс Хэдлі [сапр. Рэйманд

(Raymond) Рэнэ Брабазон; 24.12.1906, Лондан — 12.6.1985], англійскі пісьменнік. Скончыў Каралеўскую школу (г. Рочэстэр, графства Кент). Майстар дэтэктыва. Аўтар 94 раманаў: «Ніякіх архідэй для міс Блэндзіш» (1939; экранізацыя 1951, 1971),

«Ты будзеш са мной для гэтага» (1946), «У лабірынце смерці» (1957), «Юныя дзяўчаты асцерагаюцца» (1959), «Пярсцёнак Борджа» (1971) і інш. Яго творы адметныя цікавай інтрыгай, дынамічным развіццём дзеяння, займальнасцю і парадаксальнасцю; у іх паказаны сістэма каштоўнасцей і склад жыцця людзей у грамадстве, дзе ўсё прадаецца і купляецца, страта чалавекам маральных арыенціраў.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—32. Мн., 1991—95.

т. 17, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАЎЛЯ́НСКІЯ СКА́РБЫ.

Знойдзены ў 1965 два скарбы (кожны ў гліняным гаршку) на паселішчы каля в. Гараўляны Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Схаваны ў сярэдзіне 11 ст. Адзін скарб складаўся з фрагментаў сярэбраных ювелірных вырабаў (кавалкі дроту, загатоўкі для пласціністага бранзалета, спражка), шыфернага прасліца, 220 дырхемаў Арабскага халіфата, 185 дэнарыяў Англіі, Германіі, Францыі, Чэхіі. У другім былі цэлыя і фрагментаваныя сярэбраныя ювелірныя вырабы (бранзалеты, пярсцёнак, загатоўкі ўпрыгожанняў), шкляныя залачоныя пацеркі, 15 манет-перайманняў куфіцкіх дырхемаў у выглядзе брактэатаў з вушкамі для падвешвання, 134 пераважна фрагментаваныя дырхемы Арабскага халіфата, дэнарый Чэхіі. Скарбы, магчыма, былі сыравіннымі запасамі ювеліраў.

Да арт. Гараўлянскія скарбы (другі скарб).

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́МАН (Lehmann) Лотэ (27.2.1888, г. Перлеберг, Германія — 26.8.1976),

нямецкая спявачка (лірыка-драм. сапрана). Вучылася ў Берлінскай вышэйшай школе музыкі. З 1910 салістка Гамбургскай, з 1914 — Венскай дзярж. опер. У 1924—38 у т-ры «Ковент-Гардэн» у Лондане. З 1930 выступала ў ЗША як оперная (у 1934—45 у т-ры «Метраполітэн-опера») і камерная спявачка. Адна з буйнейшых выканальніц гал. партый у операх Р.​Вагнера («Золата Рэйна», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер») і Р.​Штрауса («Арабела», прысвечана Л.; «Арыядна на Наксосе», «Жанчына без ценю», «Інтэрмецца», «Кавалер ружы»). З інш. партый: Ганна («Віндзорскія свавольніцы» О.​Нікалаі), Леанора («Фідэліо» Л.​Бетховена). З 1951 выкладала.

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТЛЬ (Mottl) Фелікс (24.8.1856, Вена — 2.7.1911),

аўстрыйскі дырыжор, кампазітар. Скончыў Венскую кансерваторыю, вучань А.Брукнера і інш. З 1881 дырыжор, з 1893 генерал-музік-дырэктар прыдворнага т-ра ў г. Карлсруэ, з 1903 генерал-музік-дырэктар прыдворнага т-ра і адначасова (з 1904) адзін з кіраўнікоў Муз. акадэміі ў Мюнхене. Вядомы пераважна як інтэрпрэтатар опер Р.​Вагнера, якімі дырыжыраваў у Байройце («Трыстан і Ізольда», 1886), Лондане («Пярсцёнак нібелунга», 1898), Маскве і Пецярбургу (1910, 1911). Выступаў і як сімф. дырыжор. Аўтар стр. квартэта, песень, шматлікіх рэдакцый, апрацовак, арк. і фп. пералажэнняў п’ес Ж.​Б.​Люлі, Ж.​Ф.​Рамо, А.​Грэтры, К.​В.​Глюка і інш.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЛЬСАН (Nilsson) Біргіт (н. 17.5.1918, Каруп, Швецыя),

шведская спявачка (драм. сапрана); прадстаўніца школы бельканта. Вучылася ў Стакгольме (1941—46). У 1948—51 салістка Каралеўскай оперы ў Стакгольме. У 1953—86 у т-рах «Ковент-Гардэн», «Ла Скала», «Метраполітэн-опера» і інш. Валодала надзвычай моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, драм. выразнасцю. Вядомая выканальніца партый у операх Р.​Вагнера: Ізольда, Брунгільда, Эльза, Лізавета («Трыстан і Ізольда», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер). Інш. партыі; Агата («Вольны стралок» К.​М.​Вебера), Алена («Мефістофель» А.​Бойта), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Тоска, Турандот (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Саламея («Саламея» Р.​Штрауса), Донна Ганна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Урсула («Мастак Матыс» П.​Хіндэміта).

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́ГАРД (Haggard) Генры Райдэр (22.6.1856, Брадэнем, Вялікабрытанія — 14.5.1925),

англійскі пісьменнік. Па адукацыі юрыст. Шмат падарожнічаў. Аўтар прыгодніцкіх і гіст. раманаў «Капальні цара Саламона» (1885, экранізаваны ў 1938), «Клеапатра» (1889, экранізаваны ў 1939 і 1964), «Дачка Мантэсумы» (1893), «Цудоўная Маргарэт» (1907), у якіх прагматызму супрацьпаставіў свет экзотыкі, далёкага мінулага. У позніх творах «Пярсцёнак царыцы Саўскай» (1910), «Дзіця буры» (1913), «Свяшчэнная кветка» (1915) і інш. паэтызаваў «моцную асобу», апраўдваў каланіялізм.

Тв.:

Рус. пер. — Копи царя Соломона;

Прекрасная Маргарет. Мн., 1990;

Клеопатра;

Владычица Зари. М., 1991;

Хозяйка Блосхолма. Мн., 1991;

Бенита: Романы. Мн., 1994;

Дочь Монтесумы. Мн., 1995;

Она;

Ледяные боги;

Аэша. Мн., 1995.

т. 16, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАМІ́РЫС (Kalomoirēs) Маноліс (26.12.1883, г. Смірна, Грэцыя — 3.4.1962),

грэчаскі кампазітар, педагог. Правадз. чл. Афінскай АН (1945). Вучыўся ў Афінах, Канстанцінопалі, у 1901—06 у Венскай кансерваторыі. У 1906—10 выкладаў у Харкаве. З 1911 у Афінах, у 1919 заснаваў тут Элінскую (да 1926 дырэктар), у 1926 — Нац. (да 1948 дырэктар) кансерваторыі. Заснавальнік навагрэч. муз. школы, сучаснага грэч. опернага мастацтва. Сярод твораў: оперы «Старшы майстар» (1916), «Пярсцёнак маці» (1917), «Усход» (1945), «Мутныя воды» (1950), «Канстанцін Палеалог» (1962); 3 сімфоніі (1920—55), сімф. паэмы; канцэрт для скрыпкі з арк. (1961), камерна-інстр. ансамблі, п’есы для фп., песні, музыка для драм. т-ра, апрацоўкі нар. песень і танцаў. Аўтар аўтабіяграфіі «Маё жыццё і маё мастацтва» (1944—45).

т. 7, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)