Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВАДКАВЫЯ ПТУ́ШКІ,
птушкі, птушаняты якіх адразу пасля вылуплівання здольныя самастойна перамяшчацца і карміцца; адно з гал. падраздзяленняў птушак па характары постэмбрыянальнага развіцця. Роля бацькоў — дапамога ў пошуках корму, абарона і перыядычнае абаграванне вывадку. У яйцах вывадкавых птушак жаўток займае да 35% аб’ёму, птушаняты вылупліваюцца відушчыя, з адкрытымі слыхавымі праходамі, укрытыя густым пухам, яны ходзяць, бегаюць, плаваюць і ныраюць, смеццевыя куры лятаюць, маюць адносна развітую тэрмарэгуляцыю. Да вывадкавых птушак адносяцца афр. страусы, нанду, казуарападобныя, ківі, гусепадобныя, курападобныя і большасць сеўцападобных. Адносна шматлікія ва ўмераных шыротах. Гл. таксама Птушанятныя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ ПТУ́ШКІ,
птушкі, якіх трымаюць у няволі з эстэт. і пазнавальнымі мэтамі. Яны пераважна маюць яркую афарбоўку, прыгожа спяваюць або лётаюць; у няволі не трацяць здольнасці да размнажэння. Радзіма большасці Д.п. — тропікі і субтропікі. На Беларусі найб. пашыраны канарэйкі, папугаі, ткачы і дэкар. галубы (паўліны, дутышы, якабіны, турманы, чайкі). Як дэкар. трымаюць таксама некат. птушак мясц. фауны: аўсянак, берасцянак, валасянак, заранак, крыжадзюбаў, чыжоў, шчыглоў, драздоў і інш.