від кветкавых раслін сям. складанакветных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі заносны від, зрэдку трапляецца на чыг. насыпах, уздоўж дарог, на сметніках. Культывуецца як харч. расліна, лёгка дзічэе.
Шматгадовая, травяністая, карэнішчавая расліна выш. да 120 см. Сцёблы прамыя, адзіночныя або па 3—5, галінастыя. Лісце суцэльнае, лінейнае. Кветкавыя кошыкі жоўтыя, шарападобныя, у густым мяцёлчатым суквецці. Плод — сямянка. Маладыя парасткі і лісце маюць эфірны алей, ужываюцца ў ежу як салата, прыправа, выкарыстоўваюцца пры кансерваванні, у кандытарскай прам-сці, нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСО́П (Hyssopus),
род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы, Азіі. На Беларусі вырошчваюць І. лекавы (H. officinalis). Лёгка дзічэе, трапляецца на сухіх узгорках, камяністых схілах. Нар. назвы: красвень, красвяк, крузбень.
Шматгадовыя травяністыя ці паўкустовыя расліны выш. да 70 см. Сцябло галінастае, 4-граністае. Лісце лінейна-ланцэтнае, суцэльнакрайняе. Кветкі пераважна сінія, радзей ружовыя, белыя, сабраныя ў аднабаковыя коласападобныя суквецці. Цвіце ў ліп. — жніўні. Плод — 3-граністы арэшак. Расліны з моцным бальзамічным пахам. Лісце і маладыя парасткі ядомыя (прыправа). Выкарыстоўваецца ў кулінарыі, парфумернай, лікёра-водачнай лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Дэкар., меданосная, лек. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́НХЕЛЬ (Foeniculum),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Стараж. культура Егіпта і Кітая, у Расіі — з пач. 20 ст. На Беларусі культывуецца Ф. звычайны, або аптэчны кроп (F. vulgare).
Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстымі стрыжнёвымі каранямі. Галінастыя сцёблы выш. да 2 м, гладкія, акруглыя з сіняватым налётам. Цёмна-зялёнае лісце яйцападобна-трохвугольнае, 3—4-перыстарассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, сабраныя ў складаны плоскі парасонік. Плод — двухсямянка. Мае 2—6% эфірнага алею, які выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, медыцыне, парфумерыі. Лісце і насенне ўжываюцца як прыправа, макуха (мае да 20% бялку) ідзе на корм жывёле. Лек., харч., тэхн., кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РАЦ (Piper),
род кветкавых раслін сям. перцавых. Каля 700 (паводле інш. звестак каля 2000) відаў. Пашыраны ў тропіках абодвух паўшар’яў, пераважна ў Амерыцы і мусонных абласцях Усх. Азіі. У культуры 9 відаў. Найб. значэнне мае П. чорны (P. nigrum) — лазячая расліна, расце ў Індыі. Яго няспелыя высушаныя плады — прыправа (чорны перац). Лісце П. бетэль (P. betle) выкарыстоўваюць для жавання. Некат. інш. віды П. ўжываюць як лекі, араматычныя прыправы, гатуюць рытуальныя (наркатычныя) напоі.
П. струкавы, або агароднінны, ці капсікум (Capsicum), — род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 20 (паводле інш. звестак каля 50) відаў. Пашыраны ў Цэнтр., Паўд. Амерыцы і на а-вах Галапагас. Плады П. агародніннага, ці папрыкі (C. annuum), выкарыстоўвалі ў Амерыцы аптэкі; у Еўропу іх прывёз Х.Калумб; у Расіі з 19 ст. Культывуюць у краінах з трапічным, субтрапічным і ўмераным кліматам (у т. л. на Беларусі).
Шматгадовыя (у культуры — аднагадовыя) травы, кусты і паўкусты. П. агароднінны — аднагаловая самаапыляльная расліна. Лісце авальнае, ланцэтнае. Кветкі белыя, зеленаватыя. Плод — канічная несапраўдная ягада ад жоўтага да цёмна-чырв. колеру. Мае вітамін C і алкалоід капсаіцын (выкарыстоўваецца ў медыцыне), які абумоўлівае горкі смак некат. разнавіднасцей. 15 разнавіднасцей П. агародніннага падзяляюць на салодкія і вострыя (горкія). Найб. вядомыя сарты салодкага П.: Новачаркаскі 35, Ратонда, розныя варыянты сорту Балгарскі, горкага — Украінскі горкі, Астраханскі 147. Культывуюць таксама найб. востры П. каенскі (C. sinense). Харч., лек., тэхн. расліны.