ЛЕЎ XIII [Leo; свецкае Печы (Pecci) Вінчэнца Джаакіна; 2.3.1810, Карпінета-Рамана, Італія — 20.7.1903],
папа рымскі [1878—1903]. З 1846 архіепіскап, з 1853 кардынал. У сваёй першай энцыкліцы выклаў праграму прымірэння царквы з сучаснай цывілізацыяй. Спрыяў завяршэнню Культуркампфа ў Германіі, нармалізаваў адносіны з Бельгіяй, Расіяй, Японіяй. Паўплываў на адраджэнне тамізму, заклікаючы вывучаць філас. сістэму Фамы Аквінскага. Спрыяў развіццю біблеістыкі, у т. л. стварэнню Папскай біблейскай камісіі (1902). Рашуча выступіў супраць масонства, лічыў, што яно супярэчыць каталіцызму. Ініцыіраваў стварэнне каталіцкага грамадска-паліт. руху хрысц. дэмакратаў. У энцыкліцы «Rerum novarum» («Пра новыя рэчы», 1891) крытыкаваў лібералізм і палемізаваў з сацыялізмам, дамагаўся захавання натуральных чалавечых правоў рабочых. У 1881 дазволіў частковае выкарыстанне архіваў Ватыкана ў навук. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУЛЬТУРКА́МПФ»
(ням. Kulturkampf барацьба за культуру),
пашыраная ў гіст. л-ры назва мерапрыемстваў урада О.Бісмарка супраць каталіцкай царквы і яе паліт. партыі Цэнтра, якая выражала сепаратысцкія антыпрускія тэндэнцыі (пераважна на З і ПдЗ Германіі) у 1870-я г. З ініцыятывы Бісмарка былі прыняты і дзейнічалі законы аб забароне святарам весці паліт. агітацыю (1871), пазбаўленні духавенства права нагляду за пач. школамі (1872), дзярж. кантролі за царк. справамі (1873), увядзенні грамадз. шлюбу (1875) і інш. У 1875 у Германіі распушчаны амаль усе каталіцкія ордэны. На польскіх землях імперыі ў ходзе «К.» была ўзмоцнена палітыка германізацыі. Пасля прымірэння Бісмарка з каталіцкім духавенствам у канцы 1870 — пач. 1880-х г. большасць законаў часоў «К.» адменена, акрамя законаў аб грамадз. шлюбе і выгнанні езуітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВА́ТНАЕ АБВІНАВА́ЧАННЕ,
форма вядзення па крымін. справах, якія ўзбуджаюцца толькі па скарзе пацярпелага або яго прадстаўніка і падлягаюць спыненню ў выніку прымірэння пацярпелага з абвінавачаным. Абвінавачанне падтрымлівае сам пацярпелы, таму называецца прыватным. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь у парадку П.а. разглядаюцца справы аб наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, выдаванні тайны ўсынаўлення, урачэбнай тайны, аб незаконным збіранні і распаўсюджванні інфармацыі пра прыватнае жыццё, паклёпе, абразе, парушэнні аўтарскіх і сумежных з імі правоў, парушэнні недатыкальнасці жылля, тайны перапіскі і тэлефонных размоў і ў інш., прадугледжаных у заканадаўстве выпадках (поўны пералік вызначаны крымін.-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь). Па справах П.а. дазнанне і папярэдняе следства не вядуцца, узбуджэнне справы ажыццяўляецца суддзёй, прымірэнне магчыма да адыходу суда ў дарадчы пакой для вынясення прыгавору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ I АРА́НСКІ (Willem van Oranje) Маўклівы
(24.4.1533, г. Дыленбург, Германія — 10.7.1584),
прынц аранскі (з 1544), граф насаўскі, дзеяч Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. У 1559 прызначаны статхаўдэрам (правіцелем) Галандыі, Зеландыі і Утрэхта. Разам з Л.Эгмантам і Ф.Горнам узначаліў апазіцыю супраць ісп. панавання ў краіне. Пасля ўвядзення ў краіну ісп. войска пад кіраўніцтвам Ф.Альбы і ўстанаўлення дыктатуры (1567) эмігрыраваў у Германію. Адтуль на чале войска ў 1572 уступіў у Нідэрланды; быў прызначаны статхаўдэрам правінцый Штаты Галандыі і Зеландыя. Садзейнічаў заключэнню Генцкага прымірэння паміж католікамі і пратэстантамі (1576). Пасля заключэння Утрэхцкай уніі 1579 страціў уплыў у паўд. Нідэрландах, што прывяло да стварэння Рэспублікі Аб’яднаных правінцый (1581). Вызначаўся верацярпімасцю. Забіты ў Дэлфце каталіцкім фанатыкам Б.Жэрарам. Пасля смерці абвешчаны нац. героем Нідэрландаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1973,
пагадненне аб спыненні вайны і аднаўленні міру ў В’етнаме. Падпісана 27 студз. ў Парыжы міністрамі замежных спраў Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ), часовага ўрада Рэспублікі Паўд. В’етнам (РПВ), Рэспублікі В’етнам (РВ) і дзярж. сакратаром ЗША У.Роджэрсам пры асабістым удзеле Г.А.Кісінджэра і Ле Дык Тхо. Прадугледжвала спыненне агню ў Паўд. В’етнаме; ЗША абавязаліся спыніць усе ваен. аперацыі супраць ДРВ і вывесці свае войскі з Паўд. В’етнама. Паводле дагавора ствараўся Савет нац.прымірэння з прадстаўнікоў урадаў РПВ і РВ, які павінен быў арганізаваць на Пд В’етнама свабодныя, дэмакр. выбары. Аднак падпісанне дагавора не спыніла сутыкненняў паміж бакамі, у чым яны абвінавачвалі адзін аднаго. У сак.—крас. 1975 войскі ДРВ і РПВ устанавілі кантроль над усёй тэр.Паўд. В’етнама, што фактычна скасавала П.п., але прывяло да аб’яднання краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КА ДЭ́ЛА МІРА́НДАЛА ((Pico della Mirandola) Джавані) (24.2.1463, Мірандала, каля г. Модэна, Італія — 17.11.1494),
італьянскі мысліцель і вучоны эпохі Адраджэння, гуманіст. Вучыўся ва ун-тах Балонні, Ферары, Падуі, дзе заснаваў схаластычную традыцыю арыстоцелізму і авераізму; разам з тым успрыняў культуру філал. гуманізму. Вывучаў у арыгінале Стары запавет і Каран, цікавіўся кабалой і «натуральнай магіяй». У сваіх «900 тэзісах» (1486) імкнуўся да ўсеагульнага «прымірэння. філасофіі»; лічыў, што ўсе рэліг. і філас. школы — прыватныя праявы адзінай ісціны. Папская курыя асудзіла 13 яго тэзісаў і яго самога. Пазней жыў у Фларэнцыі, далучыўся да гуртка Л.Медычы і фларэнційскіх неаплатонікаў на чале з М.Фічына (платонаўская Акадэмія), напісаў трактаты «Гептаплус» (1490), «Пра сутнае і адзінае» (1496). У творы «Супраць прадказальнай астралогіі» (1495) адмаўляў астральны дэтэрмінізм на карысць свабоды чалавечай волі. Яго працы паўплывалі на будучую натурфіласофію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВЕНА́РГ ((Vauvenargues) Люк дэ Клап’е) (6.8.1715, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 28.5.1747),
французскі пісьменнік-мараліст, філосаф. Майстар афарыстычнага жанру. Першы літ. вопыт — «Разважанне пра свабоду» (нап. 1737), пазней разгорнуты ў «Трактаце пра свабоду волі». З 1743 перапісваўся з Вальтэрам. У 1745 напісаў «Разважанне пра няроўнасць багаццяў». У 1746 выдаў адзіную прыжыццёвую кнігу «Уводзіны ў пазнанне чалавечага розуму, а таксама Роздумы і максімы на розныя тэмы», дапоўненую «Парадоксамі і новымі роздумамі і максімамі». У цэнтры ўвагі Вавенарга — чалавечая прырода, якую ён лічыць зыходным пунктам чалавечых пачуццяў, інстынктаў, імпульсаў паводзін, з ёй ён звязвае ўяўленне пра спрадвечную дабрыню чалавека. Пачуццё ён супрацьпастаўляе розуму, сцвярджае перавагу першага і шукае шляхі прымірэння паміж імі. Жанравыя і кампазіцыйныя асаблівасці прозы Вавенарга (афарыстычныя разважанні і максімы) ідуць ад класічнай традыцыі 17 ст. Яго меркаванні пра класікаў л-ры 17 ст. і сучаснікаў больш кансерватыўныя. Аўтар серый «Характары» і «Дыялогі».
Тв.:
Oeuvres. Paris, 1981;
Рус.пер. — Введение в познание человеческого разума;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР (5.8.1461, Кракаў — 19.8.1506),
вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл.Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл.Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́Р (лац. altaria ад altus высокі),
частка хрысціянскага храма, аддзеленая перагародкай або іканастасам. У першабытных і стараж. народаў — узвышэнне, якое служыла месцам для прынясення ахвяр. У біблейскай гісторыі — сімвал прымірэння чалавека з Богам. Ант. грэкі і рымляне ставілі алтар па-за храмам, аздаблялі скульпт. выявамі (Пергамскі алтар). У першых хрысціянскіх храмах алтар меў выгляд стала («прастол»), на якім гатавалі і раздавалі прычасце; часам пад ім рабілі склепы для пахавання пакутнікаў. З 4 ст. такую ж назву атрымала частка храма, дзе знаходзіўся ахвярнік. У раманскай архітэктуры гал. алтар каталіцкага храма размяшчаўся каля ўсх. сцяны, меў простую аздобу, у гатычнай (алтар-шафка) — упрыгожваўся жывапісам. разьбой, пазалотай, паліхроміяй, у рэнесансавай — пераважна жывапісам. У эпоху барока ўзніклі ансамблі багата аформленых скульптурна-жывапісных алтароў у сінтэзе з архітэктурай храма. На Беларусі такія алтары захаваліся ў касцёлах у Гродне, Слоніме, Дзятлаве, у вёсках Камаі Пастаўскага, Будслаў Мядзельскага, Новая Мыш Баранавіцкага р-наў, у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага р-на і інш.
А.А.Ярашэвіч.
Бакавы алтар «Ганна і Марыя з дзіцем» у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобл. 17 ст.Галоўны алтар касцёла ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобл. 1-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА-ПАС (La Paz),
горад у Балівіі, фактычная сталіца краіны. Знаходзіцца ў Цэнтр. Андах, на выш. каля 3700 м, у даліне р. Ла-Пас.Адм. ц. дэпартамента Ла-Пас. 1,25 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, у т. л. Панамерыканская шаша. Міжнар. аэрапорт Эль-Альта. Гал.прамысл. (каля 75% усёй прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны), гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр Балівіі. Прам-сць: тэкст., харч., гарбарна-абутковая, цэм., мэблевая, шкляная. Рамесніцкая вытв-сць вырабаў з керамікі, золата, серабра. 2 ун-ты. АН, Нац., археал. і інш. музеі. Астр. абсерваторыя.
Засн. ў 1548 ісп. канкістадорам Алонса Мендосай. Названы (La Paz — мір) з нагоды прымірэння варагуючых паміж сабою ісп. заваёўнікаў. У 1809 у горадзе адбылося антыісп. паўстанне. У 1825 вызвалены ад ісп. панавання войскамі ген. А.Х.Сукрэ. З 1898 фактычна сталіца Балівіі, месцазнаходжанне рэзідэнцыі прэзідэнта і парламента (афіц. сталіца — г. Сукрэ).
У старых кварталах з традыц. 2-павярховымі дамамі захавалася прамавугольная сетка вуліц. Сярод пабудоў у стылі барока: палацы 18 ст. — Дыес дэ Медына (1755, 3-павярховы з аркадамі і лесвіцамі ва ўнутр. дварах), Вільявердэ і інш., цэрквы — Санта-Дамінга (1726), Сан-Франсіска (каля 1743—84, 3-лопасцевы партал з багатай разьбой), Сан-Педра (1790, скляпенне нефа і купал з вапнава-пемзавай масы на трысняговым каркасе). У часткова рэканструяваным цэнтры — шматпавярховыя жалезабетонныя будынкі сярэдзіны 20 ст., на ўскраіне — індзейскія кварталы.