ІМЕРЭЦІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура верхняга палеаліту ў Закаўказзі, у Імерэціі, у даліне р. Квірыла. Вылучаюцца 3 характэрныя этапы. Для 1-га этапу характэрна спалучэнне мусцьерскіх форм, нуклеусападобных прылад, буйных вастрыёў, скрабкоў, масіўных разцоў і з’яўленне пласцінак з прытупленым краем. На 2-м этапе павялічваецца колькасць пласцінак з прытупленым краем і вастрыёў, паяўляюцца геам. мікраліты. 3-і этап адметны дамінаваннем мікраінвентару. Для І.к. характэрна амаль поўная адсутнасць двухбаковай апрацоўкі і касцяных прылад.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПСІ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту і мезаліту (9—5-е тыс. да н. э.), пашыраная ў Паўн. Афрыцы і краінах Міжземнамор’я. Назва ад стаянкі ў г. Гафса (Капса) у Тунісе. Насельніцтва займалася паляваннем і збіральніцтвам. Адметная рыса паселішчаў — вял. скопішчы ракавін уперамешку з касцямі жывёл. З крамянёвых прылад найб. характэрны мікраліты, якія служылі ўкладышамі для складаных прылад і наканечнікамі стрэл. Знойдзены таксама абломкі пасудзін са шкарлупін страусавых яец. Магчыма, менавіта капсійцы стварылі стараж. наскальныя выявы ў Паўн. Афрыцы і Усх. Іспаніі.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДШЧЭ́П,

асколак, адбіты адбойнікам ад кавалка крэменю або нуклеуса першабытным чалавекам каменнага і бронзавага вякоў. Выкарыстоўваліся на выраб прылад працы — нажоў, сярпоў і інш.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЯПЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады для абагравання памяшканняў (ацяплення), разнавіднасць награвальных прылад. Найбольш пашыраны ацяпляльныя прылады, да якіх падаецца цепланосьбіт — вада (вадзяное ацяпленне), пара (паравое ацяпленне) або паветра (паветранае ацяпленне). Да іх адносяць радыятары, канвектары, каларыферы, прылады панэльнага або плінтуснага тыпу і інш. Ёсць ацяпляльныя прылады, дзе спальваюць газ (газавае ацяпленне) або эл. энергія пераўтвараецца ў цеплавую (электрычнае ацяпленне; звычайна выкарыстоўваецца як дадатковае). У сістэмах прамянёвага ацяплення функцыі ацяпляльных прылад выконваюць сцены, столь, падлога або спец. панэлі (паверхні награвання ствараюцца пры размяшчэнні ў гэтых канструкцыях тонкіх трубаў, эл. кабелю, паветраводаў і каналаў).

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ РАДЫЁТЭ́ХНІКІ,

«БелВАР». Створана ў 1992 на базе Мінскага прыладабуд. аб’яднання. З 1940 у Мінску быў пушчаны радыёзавод на базе з-да «Дрэваапрацоўшчык» (працаваў з 1907). Выпускаў радыёпрыёмнікі «КІМ». У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1944. У 1950-я г. асвоіў выпуск радыёвымяральных прылад, перайменаваны ў Мінскі прыладабуд. з-д. У 1960-я г. выпускаў тэлевізары «Нёман» і «Зорка». З 1971 Мінскае прыладабуд. аб’яднанне, з 1992 «БелВАР». Вырабляе каля 200 найменняў прылад. Асн. прадукцыя (1995): складаныя радыёвымяральныя прылады (асцылографы, вальтметры, мультыметры, СВЧ-прыёмнікі), сістэмы тэлекамунікацый, мед. тэхніка, дазіметры і электрабыт. прылады.

М.​М.​Ярохаў.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЗІНСКАЯ СТАЯ́НКА,

познапалеалітычнае (каля 20 тыс. гадоў назад) паселішча на беразе р. Дзясна каля с. Мезін Чарнігаўскай вобл. (Украіна). Захаваліся рэшткі доўгачасовых невял. жытлаў з дрэва і касцей маманта, месцы апрацоўкі крэменю і косці, заглыбленыя агнішчы па-за жытламі. Сярод вял. колькасці крамянёвых прылад працы выяўлены спец. інструменты для гравіроўкі па косці, шмат прылад і рэчаў з косці і рогу жывёл. Знойдзены скульптурныя фігуркі жанчын і жывёл, бранзалеты і інш. рэчы з іклаў маманта, з геам. графікай (у т. л. меандравымі ўзорамі), размалёўкі чырв. вохрай на вял. касцях маманта, шмат марскіх ракавін паўд. паходжання.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ЛЬНЫЯ ЎМО́ВЫ ў фізіцы,

1) умовы, што вызначаюцца ціскам p = 101325 Па (нармальная атмасфера) і тэмпературай T0 = 273,15 К (0 °C), пры якіх аб’ём 1 моль ідэальнага газу V0 = 2,24136∙10​−2 м³. Нармальнае паскарэнне свабоднага падзення прымаецца роўным gn = 9,80665 м/с2.

2) Умовы выкарыстання вымяральных прылад, пры якіх т-ра, сілкавальнае напружанне і інш. велічыні, што ўплываюць на іх паказанні, маюць нармальныя значэнні або знаходзяцца ў дапушчальных межах. Для эл. прылад за Н.ў. прымаюцца: т-ра 20 ±2 °C, сілкавальнае напружанне — названае па шкале прылады ±2%, частата ў межах 49—51 Гц.

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНЫ ДАЛЬНАМЕ́Р,

дальнамер з візуальнай наводкай. Дзеянне заснавана на законах геам. оптыкі. Бываюць з пастаянным і пераменным паралактычным вуглом. Канструкцыйна могуць вырабляцца ў выглядзе самаст. прылад і насадак на зрокавыя трубы тэадалітаў.

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНАТРО́Н [ад механа... + (элек)трон],

электравакуумная прылада, у якой кіраванне эл. токам ажыццяўляецца мех. перамяшчэннем яе электродаў. Прызначаны для пераўтварэння мех. велічынь (перамяшчэння, сілы, паскарэння ці інш.) у эл. сігнал; выкарыстоўваецца ў якасці датчыка вымяральных прылад.

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ЭЛЕКТРАВЫМЯРА́ЛЬНІК».

Створана ў 1947 у Віцебску як з-д быт. прылад. З 1952 з-д электравымяральных прылад, з 1985 галаўное прадпрыемства ВА «Электравымяральнік», з 1986 Віцебскае ВА «Электравымяральнік» (уваходзяць малое прадпрыемства «Дакладная прылада» і ліцейная вытв-сць). Дзейнічаюць цэхі: пластмас, ліцця каляровых металаў, штамповачны, намотачны, пакрыццяў, зборачныя, рамонтна-мех., энергет., вытв-сці станцыі тэхн. абслугоўвання. Асн. прадукцыя (1995): шчытавыя малагабарытныя прылады для вымярэння сілы току, напружання, частаты, магутнасці і інш. параметраў у ланцугах пастаяннага і пераменнага току; электронныя вымяральныя пераўтваральнікі і ўзмацняльнікі для сістэм цэнтралізаванага кантролю і аўтам., кіравання тэхнал. працэсамі ў энергетыцы і прам-сці; прылады ўліку электра- і цеплаэнергіі, расхадамеры і інш.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)