КАЛЯНДА́Р (лац. calendarium літар. пазыковая кніжка; у Стараж. Рыме даўжнік плаціў працэнты ў першы дзень кожнага месяца, г. зн. у календы) астранамічны, сістэма злічэння вял. прамежкаў часу, заснаваная на перыядычнасці бачных рухаў нябесных цел. Адрозніваюць К.: сонечны (у аснове гадавы рух Сонца па экліптыцы), месяцавы (на аснове руху Месяца вакол Зямлі), месяцава-сонечны.

Пры пабудове К. узнікае праблема спалучэння сонечнага (трапічнага) года, роўнага 365,2422 сярэдніх сонечных сут, і сінадычных месяцаў, працягласцю 29,5306 сут кожны. Адным з першых сонечных К. быў стараж.-егіпецкі (4 ст. да н.э.): працягласць года ў ім была роўная 365 сут (12 месяцаў па 30 сут, апошнія 5 сут не нумараваліся і былі святочнымі). Сучаснае летазлічэнне развілося з стараж.-рым. сонечнага К., уведзенага ў 46 да н.э. Юліем Цэзарам і названага юліянскім К. (ці старым стылем). Тры гады запар у гэтым К. мелі па 365, а 4-ы, высакосны — 366 сут; сярэдняя працягласць года 365,25 сут, што на 11 мін 14 с больш за трапічны год. З-за гэтай недакладнасці кожныя 128 гадоў юліянскі К. адставаў на 1 сут. Гэту памылку на 10 сут выправілі ў 1582 пры папе рымскім Грыгорыю XIII увядзеннем новага К., які назвалі грыгарыянскім (ці новым стылем). У ім выкарыстоўваецца больш дакладнае значэнне сапраўднага трапічнага года. На практыцы год, нумар якога канчаецца на 2 нулі і не дзеліцца без астачы на 400, не лічыцца высакосным. Невялікая недакладнасць паміж грыгарыянскім і трапічным гадамі дае розніцу ў 1 дзень за 3300 гадоў. Каталіцкія краіны перайшлі на грыгарыянскі К. у 16 ст., Скандынавія і Вялікабрытанія — у 18 ст., правасл. краіны Грэцыя, Балгарыя, Румынія, Сербія — у пач. 20 ст., Расія — 31.1.1918 (наступны дзень ужо быў 14 лютага). У месяцавым К. працягласць месяца (сінадычнага, роўнага 29,5306 сут) звязваецца са зменаю фаз Месяца. Прыклад такога К. — мусульманскі К., якім карыстаюцца некаторыя народы Азіі і Афрыкі. У гэтым К. год падзяляецца на 12 месяцаў па 30 і 29 сут папераменна; працягласць года (354 сут) меншая за сонечны, таму пачатак года ўвесь час зрушваецца. У камбінаваным месяцава-сонечным К. змена фаз Месяца ўзгадняецца з гадавым рухам Сонца. Прыклад такога К. — сучасны яўрэйскі К.: 19 сонечных гадоў складаюць 235 сінадычных месяцаў (па 29—30 дзён), 1 раз у некалькі гадоў уводзіцца 13-ы месяц. Пачатак года прыпадае на розныя дні, але заўсёды ўвосень. Кожны месяц пачынаецца з маладзіка, дзень — з заходам Сонца.

Літ.:

Климишин И.А. Календарь и хронология. 3 изд. М., 1990.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1809—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай і Бел. навуч. акругам. Магілёўская мужчынская гімназія адкрыта 15.19.1809 на базе 4-класнага гал. нар. вучылішча (з 15.3.1789). Спачатку мела 3 класы, пазней — 4. Пры ёй дзейнічалі 2-класнае павятовае і 1-класнае прыходскае вучылішчы. У 1830 атрымала агульнарас. статус, пазней адкрыты 5—7-ы класы. З 1836 забаронена выкладанне на польск. мове. З 1838 дзейнічаў шляхетны пансіён, у 1860 адкрыты таксатарскія класы. У 1863 пераўтворана ў няпоўную класічную гімназію. З 1873 — поўная класічная гімназія. У 1870-я г. тут дзейнічаў народніцкі гурток (сярод яго членаў Р.П.Ісаеў, С.П.Кавалік, М.К.Судзілоўскі). У 1915 гімназія ўтрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і на працэнты з уласных капіталаў. Штогод вучылася 450—550 юнакоў. Сярод выхаванцаў — М.А.Грамыка, О.Ю.Шміт. Магілёўская жаночая гімназія засн. 1.1.1865. Пры гімназіі існавала пед. аддзяленне і пансіён на 30 дзяўчынак. Штогод вучылася 400—500 вучаніц. Выпускніцы атрымлівалі званне хатняй настаўніцы. Закрыта ў пач. 20 ст. Прыватная жаночая гімназія В.​Н.​Касовіч засн. ў 1859 як 2-класнае жаночае вучылішча. У 1872 пераўтворана ў 4-класнае, з 1904—7-класнае 1-га разраду; з 1906 прыватная гімназія, з 1911 мела правы дзярж. Утрымлівалася за кошт збораў за навучанне і невял. дзярж. субсідыі. У 1912 адкрыты 8-ы пед. клас. Створана дадатковае 3-класнае прафес. аддзяленне, дзе выкладаліся рукадзелле, кройка і шыццё. У 1915—259 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія А.​С.​Раманоўскай адкрыта 25.8.1907 як 4-класнае прыватнае жаночае вучылішча. З 1913—8-класная гімназія з правамі дзярж. У 1915—159 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія С.​Л.​Залескай адкрыта ў 1907; з 1911 мела правы дзярж. гімназіі. У 1915—8 класаў, 394 вучаніцы; 8-ы клас меў пед. арыентацыю, падзяляўся на матэм. і славеснае аддзяленні. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Э.​П.​Хейфіц засн. ў 1865 як жаночы пансіён. У 1906—07 рэарганізавана ў прагімназію. Мела 4 класы. У 1915—94 вучаніцы. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Б.​Д.​Каплан адкрыта ў вер. 1905. Мела 4 класы. У 1907—150 вучаніц. Закрыта ў 1911. Прыватныя гімназіі ўтрымліваліся за кошт збораў за навучанне.

Літ.:

Киприанович Г.Я. К истории женского образования в Западной России. Вильна, 1910;

Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;

Созонов М.П. Историческая записка о Могилевской мужской гимназии, 1809—1909. Могилев, 1909;

Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.

А.​Ф.​Самусік.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)