ГА́ЗЫ НА́ФТАВЫЯ СПАДАРО́ЖНЫЯ,

вуглевадародныя газы (этан, прапан, бутан і інш.), якія спадарожнічаюць нафце і вылучаюцца з яе пры сепарацыі. Гэтыя газы раствораны ў нафце ці знаходзяцца ў газавай шапцы. Іх вылучэнне адбываецца ў выніку зніжэння ціску пры пад’ёме нафты на паверхню зямлі.

Колькасць газу (м³), прыведзенага да атм. ціску і т-ры 20 °C, якая прыпадае на 1 т здабытай нафты пры тым жа ціску і т-ры, наз. газавым фактарам (мяняецца ад 5 да 500 для розных радовішчаў). Па саставе газы нафтавыя спадарожныя адрозніваюцца ад прыроднага газу (гл. Газы прыродныя гаручыя) меншай колькасцю метану (да 45% па аб’ёме), але маюць больш прапану (5—22), бутану (3—19), бензінавых фракцый (пентан і вышэйшыя вуглевадароды да 20%). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў нафтахім. і хім. прам-сці, для атрымання звадкаванага газу, газавага бензіну.

Я.І.Шчарбіна.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗЫ ПРЫРО́ДНЫЯ ГАРУ́ЧЫЯ,

прыродныя сумесі вуглевадародаў метанавага рада (метан, этан, прапан і інш.), якія запаўняюць поры і пустоты горных парод, рассеяны ў глебе, раствораны ў нафце і пластавых водах. Падзяляюць на ўласна прыродныя газы, што залягаюць у пластах, якія не ўтрымліваюць нафты (маюць 93—98% метану); газы нафтавыя спадарожныя, газы газакандэнсатных радовішчаў, цвёрдыя газавыя гідраты (газагідратныя паклады).

Па колькасці цяжкіх вуглевадародаў (ад прапану і вышэй) прыродныя газы адносяць да т.зв. сухіх ці бедных газаў (менш за 50 г/м³), астатнія газы прыродныя гаручыя — да газаў сярэдняй тлустасці (50—150 г/м³) і тлустых (больш за 150 г/м³). Газы прыродныя гаручыя маюць таксама азот, вуглякіслы газ, серавадарод, некаторыя рэдкія газы (напр., гелій, аргон) і вадзяную пару. Выкарыстоўваюць як паліва (цеплата згарання 34,3 МДж/м³) і сыравіну ў вытв-сці аміяку, ацэтылену, вадароду, метанолу і інш. хім. рэчываў.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНАЯ НЕБЯСПЕ́КА,

імавернасць узнікнення і развіцця пажару, уздзеяння яго небяспечных фактараў. Вызначаецца схільнасцю рэчыва да загарання, інтэнсіўнасцю працэсу гарэння і спадарожных з’яў (напр., дымаўтварэння), а таксама магчымасцю яго спынення і залежыць ад стану навакольнага асяроддзя.

П.н. рэчыва абумоўлена сукупнасцю яго ўласцівасцей, што спрыяюць узнікненню і распаўсюджванню гарэння і ўтварэнню небяспечных фактараў пажару. Да іх адносяць: полымя, іскры, павышаную т-ру навакольнага асяроддзя, таксічныя прадукты гарэння і тэрмічнага разлажэння, дым, зменшаную канцэнтрацыю кіслароду; таксама асколкі і часткі разбураных аб’ектаў, радыеактыўныя і таксічныя рэчывы, эл. ток, выбух у выніку пажару, вогнетушыльныя рэчывы. Пажаранебяспечнымі з’яўляюцца гаручыя рэчывы і іх сумесі (напр., метан, прапан, бензол, сера, фосфар, драўніна, торф), акісляльнікі (перманганат калію, азотная к-та), рэчывы, якія пры ўзаемадзеянні з вадой ці інш. рэчывамі могуць вылучаць гаручыя газы (карбід кальцыю) ці вял. колькасць цеплыні (нягашаная вапна, серная к-та), сціснутыя і звадкаваныя газы і інш. П.н. тэхнал. працэсаў і апаратаў абумоўлена магчымасцю некантралюемага выхаду параметраў тэхнал. працэсаў за бяспечныя межы, а таксама недастатковасцю прафілактычных мерапрыемстваў пажарнай бяспекі.

Літ.:

Монахов В.Т. Методы исследования пожарной опасности веществ. 2 изд. М., 1979.

М.В.Гарахавік, С.А.Лосік, А.В.Урублеўскі.

т. 11, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, у малекулах якіх атамы вугляроду злучаны толькі простымі (ардынарнымі) сувязямі. Да Н.з. адносяцца насычаныя вуглевадароды ацыклічныя (гл. Ацыклічныя злучэнні) і цыклічныя (гл. Аліцыклічныя злучэнні), а таксама іх вытворныя: спірты, альдэгіды, к-ты, аміны і інш.

Алканы — ацыклічныя (аліфатычныя) насычаныя вуглевадароды ўтвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n+2, які складаецца з вуглевадародаў неразгалінаванай (нармальнай) будовы і іх ізамераў. Ніжэйшыя члены рада з 1—4 атамамі вугляроду ў малекуле: метан, этан, прапан, бутаны — газы без колеру і паху, з 5—17 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ў арган. растваральніках.

З’яўляюцца найменш рэакцыйназдольнымі арган. злучэннямі, чым абумоўлена інш. назва алканаў — парафіны (ад лац. parum — мала i affinis — роднасць). Узаемадзейнічаюць з фторам, хлорам, бромам, пры награванні — з дымнай сернай і азотнай к-тамі. Пры т-ры вышэй за 400 °C адбываецца крэкінг алканаў. У прам-сці атрымліваюць пры перапрацоўцы нафты і прыроднага газу, а таксама вугалю і гаручых сланцаў. Выкарыстоўваюць пераважна ў саставе маторнага і рэактыўнага паліва, як сыравіну для хім. і нафтахім. прам-сці, растваральнікі, цвёрдыя (парафін, цэрэзін) — у вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, сінт валокнаў.

Ю.Р.Егіязараў.

т. 11, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАДКАВА́ННЕ ГА́ЗАЎ,

перавод газападобных рэчываў у вадкі стан. Магчыма пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу (tкр). Звадкаваныя газы выкарыстоўваюць для раздзялення газавых сумесей, атрымання нізкіх т-р, для тэхнал. мэт (напр., для газавай зваркі), як паліўныя сумесі рэактыўных рухавікоў і інш. Для прамысл. і быт. мэт ужываюцца пераважна звадкаваныя прапан C3H8 і бутан C4H10.

Упершыню быў звадкаваны аміяк (1792, М. ван Марум, Нідэрланды). Першы (каскадны, лабараторны) метад З.г. (кіслароду, азоту) прапанаваны швейц. вучоным Р.Піктэ ў 1877 і ўдасканалены нідэрл. вучоным Г.Камерлінг-Онесам у 1892. Заключаецца ў паслядоўным (ступеньчатым) звадкаванні некалькіх газаў з рознымі т-рамі кіпення, калі пры выпарэнні аднаго газу (ахаладжэнне) кандэнсуецца другі з больш нізкай т-рай кіпення. У сучаснай прам-сці З.г., tкр якіх вышэй за т-ру навакольнага асяроддзя, робіцца сцісканнем газу ў кампрэсары з наступнай кандэнсацыяй яго ў цеплаабменніку, які ахалоджваецца вадой або халадзільным растворам. З.г., tкр якіх значна ніжэйшая за т-ру навакольнага асяроддзя, робіцца метадамі т.зв. глыбокага ахаладжэння, заснаванымі на драселяванні сціснутага газу (выкарыстанне Джоўля—Томсана эфекту), на адыябатным працэсе расшырэння газу ў дэтандэры і інш. (гл. Крыягенная тэхніка).

Схема цыкла звадкавання газаў з дэтандэрам: 1—2 — сцісканне газу ў кампрэсары; 2—3 — ахаладжэнне ў цеплаабменніку; 3—7 — ахаладжэнне часткі газу за кошт знешняй работы ў дэтандэры; 3—4 — ахаладжэнне астатняй часткі газу; 4—5 — расшырэнне газу ў дросельным вентылі; 5—6 — расшырэнне газу; 6—7 — награванне газу ў цеплаабменніку.

т. 7, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)