сістэма праграмавання, што дазваляе складаць праграмы ЭВМ у тэрмінах камандаў машыннай мовы, але з выкарыстаннем больш зручнай сістэмы абазначэнняў. Пры запісе праграмы дазваляецца карыстацца сімвалічнымі абазначэннямі камандаў, адрасоў ячэек памяці, спасылак і інш. Праграма можа складацца з асобна напісаных кавалкаў, у т. л. бібліятэчных падпраграм. Асемблер робіць размеркаванне памяці, пераўтварае сімвалічныя абазначэнні ў адпаведныя машынныя коды, у выніку чаго праграма набывае выгляд, прыдатны да выканання на ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ,
выкарыстанне тэхнічных сродкаў, эканоміка-матэм. метадаў і сістэм кіравання, якія часткова ці цалкам вызваляюць чалавека ад непасрэднага ўдзелу ў працэсах атрымання, пераўтварэння, перадачы і спажывання энергіі, матэрыялаў або інфармацыі; адзін з асн. кірункаў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Мэта аўтаматызацыі — павышэнне прадукцыйнасці і эфектыўнасці фіз. і разумовай працы, аптымізацыя планавання і кіравання ў розных галінах дзейнасці, вызваленне чалавека ад працы ва ўмовах, небяспечных для здароўя. Гл. таксама Аўтаматызацыя вытворчасці, Аўтаматызацыя праграмавання, Аўтаматызацыя праектавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯНДА́РНАЕ ПЛАНАВА́ННЕ,
упарадкаванне ў часе работ пэўнага аб’екта (напр., прадпрыемства), якія выконваюцца пры абмежаванасці рэсурсаў. Грунтуецца на раскладаў тэорыі; для рашэння задач К.п. выкарыстоўваюць таксама метады лінейнага, цэлалікавага і дынамічнага праграмавання. Мэта К.п. — стварэнне плана-графіка, які устанаўлівае найлепшую паслядоўнасць выканання работ у адпаведнасці з зададзенымі крытэрыямі аптымальнасці (гл.
Аперацый даследаванне, Аптымізацыі задачы і метады). На Беларусі даследаванні па праблемах К.п. праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел.дзярж.эканам. ун-це.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАВІЦ ((Markowitz) Гары) (н. 1927),
амерыканскі эканаміст. Скончыў Чыкагскі ун-т. Працаваў у камерцыйных структурах, займаўся прыватным кансультаваннем. Праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па пытаннях эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў. Адзін з заснавальнікаў тэорыі аптымізацыі спалучэння рознага віду багацця ў індывіда і фірмы (т.зв. «партфельнага падыходу»). Сааўтар мовы праграмавання SIMSCRIPT. Аўтар кніг: «Выбар партфеля: эфектыўная дыверсіфікацыя інвестыцый» (1959), «Аналіз сярэдняга і дысперсіі пры выбары партфеля і рынкі капіталу» (1987). Нобелеўская прэмія 1990 (разам з М.Х.Мілерам і У.Ф.Шарпам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВА (Вольга Іванаўна) (н. 28.1.1954, Мінск),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1991). Скончыла БДУ (1976). З 1980 у Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі аптымальнага кіравання. Распрацавала адаптыўны метад лінейнага і квадратычнага праграмавання; канструктыўныя метады пабудовы кіравання тыпу адваротнай сувязі; апорныя метады рашэння нелінейных задач аптымальнага кіравання.
Тв.:
Конструктивные методы оптимизации. Ч. 3—4. Мн., 1986—87 (у сааўт.);
Исследование решений семейства линейных задач оптимального управления, зависящих от параметра // Дифференциальные уравнения. 1998. Т. 34, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБА́САЎ (Рафаіл) (н. 17.12.1935, г. Магнітагорск, Расія),
бел. вучоны ў галіне матэматыкі. Д-рфіз.-матэм.н. (1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1982). Скончыў Уральскі політэхн.ін-т (1958). З 1963 у Аддзеле энергетыкі Уральскага філіяла АНСССР, з 1968 у БДУ. Навук. працы па тэорыі аптымальнага кіравання, матэм. эканоміцы. Распрацаваў адаптыўны метад лінейнага праграмавання, прынцып квазімаксімуму для дыскрэтных аптымальных працэсаў.
Тв.:
Методы оптимизации. 2 изд. Мн., 1981 (разам з Ф.М.Кірылавай);
Конструктивные методы оптимизации. Ч. 1—4. Мн., 1984—87 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́Ў (Уладзіслаў Леанідавіч) (н. 11.5.1936, г. Крывы Рог, Украіна),
бел. вучоны у галіне інфарматыкі і прыкладной матэматыкі. Д-ртэхн.н. (1979), праф. (1983). Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). З 1979 у НДІЭВМ (Мінск). З 1985 у Ін-це матэматыкі. З 1991 дырэктар Выліч. цэнтра, з 1995 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па выліч. матэматыцы, аўтаматызацыі праграмавання і матэм. мадэлявання экалагічных задач.
Тв.:
Программное обеспечение ЭВМ. Мн., 1992 (разам з Э.З.Любімскім);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НЦЬЕЎ ((Leontief) Васіль Васілевіч) (5.8.1906, С.-Пецярбург —9.2.1999),
амерыканскі эканаміст. Чл.Нац. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Брытанскай акадэміі. Замежны чл. Расійскай АН. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). З 1931 праф. эканомікі Гарвардскага, з 1975 — Нью-Йоркскага ун-таў. Распрацаваў метад эканоміка-матэм. аналізу «затраты-выпуск» для вывучэння міжгаліновых сувязей, структуры эканомікі і складання міжгаліновага балансу («Даследаванне структуры амерыканскай эканомікі», 1953); выкарыстоўваецца больш як у 50 краінах для прагназавання і праграмавання эканомікі. Значны ўклад зрабіў у прагноз развіцця сусв. эканомікі («Будучае сусветнай эканомікі», 1977). Нобелеўская прэмія 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННАЯ МО́ВА,
спосаб запісу праграм, які дазваляе выконваць іх непасрэдна на тэхн. сродках ЭВМ. Праграма на М.м. з’яўляецца паслядоўнасцю каманд (гл.Каманда ў ЭВМ), адрасоў, даных у любым парадку. Працэсар успрымае і выконвае каманды, выражаныя двайковымі кодамі і размешчаныя ў ячэйках памяці ЭВМ.
Пераважна выкарыстоўваецца ў сістэмным праграмаванні для распрацоўкі найб. аптымальных і эфектыўных праграм, напр., аперацыйнай сістэмы, манітора, кіравальных праграм. У большасці выпадкаў М.м. «схавана» слаямі базавага і прыкладнога праграмнага забеспячэння, што дазваляе працаваць з папярэдне складзенымі праграмамі, а таксама запісваць іх на мовах праграмавання высокага ўзроўню. Пры распрацоўцы базавага праграмнага забеспячэння звычайна карыстаюцца больш зручным спосабам запісу каманд (гл.Асемблер).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНАВА́ННЕў эканоміцы,
працэс распрацоўкі планаў развіцця эканам. аб’ектаў. У шырокім сэнсе ўключае таксама працэсы арганізацыі ажыццяўлення планаў, іх карэкціроўкі і кантролю за выкананнем. У дырэктыўнай форме П. ўласціва цэнтралізаванай кіроўнай эканоміцы, дзе вядучую ролю адыгрываюць дзярж. планы. У эканоміцы рыначнага тыпу больш пашырана П. ў форме бізнес-планаў на ўзроўні кампаній, фірм. У некат. краінах з рыначнай эканомікай выкарыстоўваюцца метады індыкатыўнага П. (праграмавання) эканомікі. Адрозніваюць: імператыўны план, які цэнтралізавана вызначае дакладныя заданні ўсім вытв. ячэйкам; нарматыўны план, пры якім цэнтралізавана вызначаюцца абязлічаныя нарматывы (напр., аптымальныя ацэнкі, цэны); змешаны план, які злучае элементы імператыўнага плана (у адносінах да найб. буйных рашэнняў, прапорцый тэмпаў) з элементамі нарматыўнага плана, што дае пэўную свабоду дзеянняў у рыначных умовах.