ІНТЭЛСА́Т (англ. INTELSAT ад International Telecommunication Satellites міжнар. сувязныя спадарожнікі),

міжнародная арг-цыя па стварэнні і эксплуатацыі глабальнай камерцыйнай спадарожнікавай сувязі. Створана ў 1964 у ЗША. З 1973 наз. таксама «ІТСО». У арг-цыю ўваходзяць больш за 140 краін І. належыць аднайм. сістэма касм. сувязі (тэлеф., тэлеграф., факсімільная сувязь, перадача даных і рэтрансляцыя тэлевізійных і гукавых праграм) на аснове аднайм. ШСЗ (24 спадарожнікі, 1997); больш за 200 наземных станцый, больш за 600 ліній сувязі. Рэспубліка Беларусь карыстаецца (на правах арэнды) сістэмай касм. сувязі І. для перадачы сігналаў шматканальнай тэлефаніі і даных сеткі Інтэрнет, магчымы таксама прыём тэлевізійных праграм з ШСЗ І.

Э.​Б.​Ліпковіч.

т. 7, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАБА́ЧАННЕ,

міжнародная арганізацыя тэлебачання, заснаваная ў 1954 у рамках Еўрапейскага саюза радыёвяшчання для рэгулярнага абмену перадачамі паміж краінамі-ўдзельніцамі і сумеснай падрыхтоўцы праграм. Аб’ядноўвае 95 тэлекампаній з 80 краін (1997). З 1996 у Е. ўваходзіць Беларусь.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁРЭЛЕ́ЙНАЯ СТА́НЦЫЯ,

прыёмна-перадавальная радыёстанцыя ў складзе радыёрэлейнай лініі. Праз Р.с. ажыццяўляецца многаканальная сувязь, перадача тэлевіз. праграм. Р.с. падзяляюцца на канцавыя, вузлавыя і прамежкавыя, якія служаць як узмацняльныя і рэтрансляцыйныя пункты і аўтаматычна кіруюцца з канцавых і вузлавых Р.с.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЧБАВАЕ ТЭ́ЛЕБАЧАННЕ,

сістэма тэлебачання, у якой тэлевізійны сігнал выражаны паслядоўнасцю кодавых (лічбавых) камбінацый эл. імпульсаў. Адрозніваецца адсутнасцю назапашвання скажэнняў сігналу пры перадачы на вял. адлегласці, высокімі перашкодаўстойлівасцю і якасцю перадачы тэлевізійных відарысаў, магчымасцю апрацоўкі на ЭВМ і стварэння аўтаматызаваных комплексаў падрыхтоўкі тэлевізійных праграм.

Сігнал Л.т. патрабуе значнай прапускной здольнасці каналаў сувязі, і таму выкарыстоўваюць высокаэфектыўныя метады лічбавай мадуляцыі і сцісканне лічбавага патоку ў некалькі разоў, што забяспечвае, напр., у тэлевіз. вяшчанні перадачу некалькіх праграм звычайнай, а таксама высокай выразнасці ў паласе частот стандартнага тэлевізійнага канала. Аперацыі пры перадачы (перашкодаўстойлівае кадзіраванне, змяншэнне лішкавасці і інш.), прыёме (узмацненне, лічбавая апрацоўка, дэмадуляцыя) і відэазапісе ажыццяўляюцца над лічбавым тэлевіз. сігналам, які пераўтвараецца ў аналагавы сігнал перад узнаўленнем (напр., на экране кінескопа).

А.​П.​Ткачэнка.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ЙСІК (англ. basic),

мова праграмавання высокага ўзроўню, якая арыентавана на дыялогавую работу з ЭВМ. Уваходзіць у склад матэм. забеспячэння большасці мікраЭВМ. Прызначаны для складання праграм рашэння навук.-тэхн. задач. Мае просты сінтаксіс, што забяспечвае выкарыстанне яго непрафесійнымі праграмістамі — інжынерамі, вучонымі, студэнтамі і інш.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖАМЕРЫКА́НСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (МБР),

міждзяржаўны рэгіянальны банк для крэдытавання праграм развіцця краін Лац. Амерыкі. Засн. ў 1959. Праўленне ў Вашынгтоне. 44 дзяржавы-члены. Статутны капітал 34 млрд. дол. ЗША. 34,5% галасоў належыць ЗША. Крэдытныя рэсурсы МБР мабілізуюцца пераважна з міжнар. рынку капіталу.

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС АМЕ́РЫКІ»

(«The Voice of America»),

радыёвяшчальная служба ўрада ЗША на замежныя краіны (з 1942). У складзе Інфарм. агенцтва ЗША. Рэтрансляцыйныя службы размешчаны таксама ў краінах Еўропы, Азіі і Афрыкі. Праграмы складаюцца з аператыўных навін з розных краін свету, міжнар. каментарыяў, муз. і літ. праграм.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБО́РНА-ПРАГРАМАВА́ЛЬНЫ АПАРА́Т у паліграфіі,

апарат для падрыхтоўкі праграм кіравання наборнымі аўтаматамі. Мае клавіятуры з асартыментам знакавых і камандных клавіш, якія дазваляюць набіраць (праграмаваць) тэксты розных груп складанасці, у т. л. формулы, табліцы і да т.п. Запіс робіцца на перфастужцы, магн. стужцы, інш. носьбітах інфармацыі.

т. 11, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІТО́Р у праграмаванні,

машынная праграма для назірання, кантролю або праверкі аперацый у сістэме апрацоўкі даных. Адрозніваюць М. раздзялення часу, рэальнага часу, віртуальных машын, вызначэння прадукцыйнасці ЭВМ, кантрольны М. (для запуску тэстаў), фонава-аператыўны (напр., для вываду інфармацыі на прынтэр адначасова з работай машыны па зададзенай праграме) і інш.

Можа быць часткай аперацыйнай сістэмы (выконвае функцыі дыспетчара) ці замяняе яе цалкам (сістэмны М.). Звычайна мае статус праграмы карыстальніка. У агульным выпадку ў праграмным забеспячэнні можа быць некалькі М., кожны з якіх выконвае свае спецыфічныя функцыі. напр., кіраванне трансляцыяй праграм, пакетам дастасавальных праграм, комплексам тэставых задач, дыялогавым рэжымам работы машыны і інш. М. у мовах праграмавання — сукупнасць аператараў для арганізацыі высокаўзроўневага механізму сінхранізацыі і ўзаемадзеяння працэсаў (у т. л. праграмных), які забяспечвае доступ да непадзельных рэсурсаў.

М.​П.​Савік.

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (African Development Bank; АБР). Створаны ў 1963 пры садзейнічанні Эканам. камісіі ААН для Афрыкі. Уваходзяць 50 краін. Месца знаходжання — Абіджан (Кот-д’Івуар). Мэта дзейнасці — спрыяць эканам. і сац. прагрэсу краін-удзельніц праз фінансаванне праграм рэгіянальнага развіцця, заахвочванне дзярж. і прыватных інвестыцый, аказанне тэхн. дапамогі.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)