недасканаласці (парушэнні) будовы металаў і сплаваў (пераважна рэгулярнай крышт. структуры), якія пагаршаюць іх фіз.-мех. ўласцівасці. Дэфектамі лічацца адхіленні ад нармальнай (прадугледжанай тэхн. ўмовамі, стандартамі) якасці металу па хім. саставе, структуры, суцэльнасці, стане паверхні, якія вядуць да зніжэння сортнасці або забракоўкі вырабаў. Выяўляюць Д.м. метадамі дэфектаскапіі, металаграфіі, рэнтгенаструктурным аналізам і інш., ліквідуюць найчасцей тэрмічнай апрацоўкай.
Адрозніваюць Д.м.: тонкай структуры (вакансіі, дыслакацыі і інш., гл.Дэфекты ў крышталях), мікрадэфекты (дэндрыты, мікрапоры, мікратрэшчыны, мікрапузыры газаў, плёны, неправары і інш., выяўляюцца аптычнымі мікраскопамі); макрадэфекты (валасавіны, трэшчыны, поры, газавыя пузыры, умяціны, драпіны, ірваніны і інш.). Д.м. узнікаюць з-за недасканаласці або парушэнняў тэхнал. працэсаў пры плаўленні металаў і атрыманні адлівак (неметал. ўключэнні, шлакавіны, усадачная і газавая порыстасць, ракавіны і г.д.), пры апрацоўцы ціскам (расслаенні, заковы, валасавіны, флокены і г.д.), пры тэрмічнай, хімікатэрмічнай, электрахім. і мех. апрацоўцы (трэшчыны, прыпяканні, абезвугляроджванніі г.д.), пры зварцы, паянні, кляпанні (неправары, непрапаі, карозія і г.д.). Дэфекты ў паўфабрыкатах і гатовых вырабах могуць узнікаць таксама пры транспарціроўцы, захоўванні і эксплуатацыі (напр., карозія металаў). Высокая якасць металаў і вырабаў з іх забяспечваецца ўдасканаленнем тэхналогіі вытв-сці і метадаў кантролю іх якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРСТ (ням. Karst ад назвы плато Карст, або Крас, у Славеніі),
карставыя з’явы, з’явы і працэсы, якія ўзнікаюць пад уплывам прыродных паверхневых і падземных вод у растваральных горных пародах (гл. таксама Карставыя воды). Развіваецца ў карбанатных (вапняк, даламіт, мел, мергель, мармур) і галагенных (гіпс, ангідрыт, каменная соль) пародах, чаму спрыяюць высокая трэшчынаватасць і порыстасць парод, інтэнсіўная цыркуляцыя вод, прысутнасць у іх свабоднай вуглекіслаты і раствораных солей. Характарызуецца комплексам падземных (пячоры, поласці, хады, каверны, галерэі) і паверхневых (варонкі, кары, польі, паноры, жалабы, катлавіны і інш.) форм рэльефу, мінер. нацёчнымі ўтварэннямі (сталактыты, сталагміты), своеасаблівым рэжымам і цыркуляцыяй падземных вод, рачной сеткі, якая знікае ў падземных поласцях, і азёр. У залежнасці ад ступені пакрыцця растваральных парод глебай або скальнымі пародамі вылучаюць К. задзернаваны, накрыты, браніраваны і пахаваны. На карставыя з’явы знешне падобны псеўдакарст, тэрмакарст і суфозія. Развіты ў Зах. Еўропе, Расіі, Кітаі, ЗША, Цэнтр. Амерыцы. На тэр. Беларусі К. прымеркаваны да карбанатных парод дэвонскага і мелавога ўзросту, асабліва ў далінах рэк Дняпро і Зах. Дзвіна. Ускладняе будаўніцтва, месцамі здабычу карысных выкапняў. Карставыя пячоры вывучае спелеалогія; яны выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб і як аб’екты турызму.
Да арт.Карст. Карставыя ўтварэнні ў горным масіве (схема): 1 — кары; 2 — прыродныя шахты; 3 — сталактыты; 4 — пячорная галерэя; 5 — гарызантальная пячора; 6 — сталагнат; 7 — сталагміты; 8 — падземныя рэкі і ручаі; 9 — вертыкальныя пячоры; 10 — падземны вадаспад.