МАГНІ́ТНЫЯ ПО́ЛЮСЫ ЗЯМЛІ́,

пункты на паверхні Зямлі, дзе вектар індукцыі магнітнага поля Зямлі накіраваны вертыкальна: уніз на Паўн. полюсе (магнітны нахіл + 90°), уверх на Паўд. (нахіленне − 90°). У сучасную магнітную эпоху сапраўдныя М.п.З. размешчаны наадварот: Паўн. каля Паўд. геагр. полюса, Паўд. каля Паўн. геагр. полюса. Перыядычна адбываецца інверсія геамагнітнага поля і полюсы мяняюць сваю палярнасць на процілеглую. У М.п.З. зыходзяцца ўсе мерыдыяны магнітныя. Магнітныя полюсы паступова перамяшчаюцца на паверхні Зямлі. Каардынаты М.п.З. (1985) 77°36 паўн. ш., 102°48 зах. д.; 65°06 паўд. ш., 139° усх. д. (гл. Палеамагнетызм). У раёнах моцных магнітных анамалій (Курская, Усх.-Сібірская і інш.) назіраюцца лакальныя магнітныя полюсы. Існуе таксама паняцце геамагнітныя полюсы — пункты перасячэння паверхні зямной кары з магнітнай воссю аднародна намагнічанай Зямлі. У іх зыходзяцца мерыдыяны геамагнітныя. Знаходзяцца на адлегласці ў некалькі градусаў ад адпаведных магнітных полюсаў. Месцазнаходжанне іх вызначаецца аналітычна.

Я.​І.​Майсееў.

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паўднёвы полюс, гл. Полюсы геаграфічныя, Полюсы свету

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Паўночны полюс, гл. Полюсы геаграфічныя, Полюсы свету

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫДЫЯ́Н ГЕАМАГНІ́ТНЫ,

лінія сячэння паверхні Зямлі верт. плоскасцю праз назіраемы пункт зямной паверхні і прамую, якая злучае паўн. і паўд. геамагнітныя полюсы. М.г. супадае з дугамі вял. кругоў, якія праходзяць праз магнітныя полюсы Зямлі. У адрозненне ад мерыдыянаў магнітных, што апісваюць рэальнае магнітнае поле Зямлі, М.г. апісваюць яго першае прыбліжэнне — поле аднародна намагнічанага зямнога шара.

т. 10, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГ СХІЛЕ́ННЯ,

вялікі круг нябеснай сферы, які праходзіць праз полюсы свету і зададзены пункт сферы (напр., праз зорку). Гл. таксама Нябесныя каардынаты.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНЫ ПО́ЛЮС,

частка паверхні намагнічанага цела, на якой нармальная кампанента вектара намагнічанасці адметная ад нуля. М.п., з якога выходзяць сілавыя лініі, наз. паўночным (N) ці дадатным, у які ўваходзяць гэтыя лініі — паўднёвым (5) ці адмоўным. Назвы М.п. уведзены, зыходзячы з напрамку ўстанаўлення стрэлкі магн. компаса ў магн. полі Зямлі: паўн. полюс стрэлкі паварочваецца ў бок геагр. Поўначы (гл. Магнітныя полюсы Зямлі). Аднайменныя М.п. адштурхоўваюцца, разнайменныя — прыцягваюцца.

Магнітныя полюсы (N і S) намагнічанага стальнога стрыжня (лініі са стрэлкамі — магнітныя сілавыя лініі; яны замыкаюцца ў навакольнай прасторы стрыжня).

т. 9, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫДЫЯ́Н НЯБЕ́СНЫ,

вялікі круг нябеснай сферы, які праходзіць праз зеніт, надзір і полюсы свету. Падзяляе нябесную сферу на 2 часткі: усходнюю і заходнюю. Свяцілы, якія перасякаюць М.н., знаходзяцца ў найвышэйшым ці найніжэйшым становішчы.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫ ПО́ЛЮС,

пункт перасячэння ўяўнай восі вярчэння Зямлі з яе паверхняй у Паўд. паўшар’і. Знаходзіцца ў межах Палярнага плато Антарктыды на выш. 2800 м. Таўшчыня лёду ў раёне П.п. 2810 м. Сярэднегадавая т-ра паветра -48,6 °C (макс. -14,7 °C, мінім. -78,9 °C; 1957—61). Палярны дзень 189 сут. Упершыню П.п. дасягнула экспедыцыя Р.Амундсена 14.12.1911. У раёне П.п. з 1957 амер. палярная станцыя Амундсен—Скот. Гл. таксама Полюсы геаграфічныя.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛЬБЕРТ, Гілберт (Gilbert) Уільям (24.5.1544, г. Колчэстэр, Вялікабрытанія — 30.11.1603), англійскі фізік; адзін з заснавальнікаў навукі аб электрамагнетызме. Вучыўся ў Кембрыджы і Оксфардзе. Быў прыдворным урачом каралевы Лізаветы I. У 1600 выдаў кн. «Аб магніце, магнітных целах і вялікім магніце — Зямлі...» (рус. пер. 1956), дзе прапанаваў тэорыю магн. і эл. з’яў; даказаў, што Зямля мае магн. поле, падобнае на поле намагнічанага жал. шара, і выказаў меркаванне, што яе магн. полюсы супадаюць з геаграфічнымі. Выступаў з крытыкай вучэння Арыстоцеля, падтрымліваў геліяцэнтрычную сістэму М.​Каперніка.

т. 5, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЮС І ПАЛА́РА,

спалучаныя пункт і прамая, якія характарызуюць уласцівасці ліній 2-га парадку.

Калі пункт P і прамая Q1Q2 размешчаны адносна крывой 2-га парадку L так, што для адвольнага пункта Q выконваецца роўнасць M2Q/QM1 = M2P/PM1 (гарманічнае размяшчэнне пунктаў M1, M2, P, Q), то пункт P наз. полюсам, а прамая Q1Q2 — яго палярай. Паляра пункта, што знаходзіцца на лініі L, супадае з датычнай у гэтым пункце. Аналагічна вызначаюцца полюсы і палярныя плоскасці для паверхняў 2-га парадку. П. і п. выкарыстоўваюцца ў праектыўнай геаметрыі.

Да арт. Полюс і паляра.

т. 12, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)