ЗМЕ́НЛІВАСЦЬ у біялогіі,
уласцівасць жывых арганізмаў існаваць у розных формах (варыянтах); адзін з найб. важных фактараў эвалюцыі. Можа праяўляцца ў асобных арганізмах, клетках у працэсе індывід. развіцця або ў межах групы арганізмаў у шэрагу пакаленняў пры размнажэнні. Па механізмах узнікнення і характары змянення прыкмет адрозніваюць некалькі тыпаў З. Спадчынная З. (генатыпічная) абумоўлена ўзнікненнем новых генатыпаў у выніку мутацый або перакамбінацыі алеляў, што прыводзіць да змянення фенатыпу; аснова селекцыі. Няспадчынная З. (мадыфікацыйная) — вынік змяненняў фенатыпу пад уздзеяннем умоў існавання арганізма, без змены генатыпу (гл. Мадыфікацыя, Фенакопія). Антагенетычная З., у т. л. ўзроставая — заканамерныя змяненні ў ходзе індывід. развіцця арганізма. Палавая З. звязана з адрозненнем асобін рознага полу. Індывідуальная З. (паліморфная) — наяўнасць індывід. адрозненняў арганізмаў аднаго віду незалежна ад узросту і полу. Міжпапуляцыйная З. звязана з асаблівасцямі генатыпу і фенатыпу розных папуляцый аднаго віду.
В.В.Грычык.
т. 7, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВО́Е РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
розныя формы размнажэння арганізмаў, пры якіх новы арганізм развіваецца з зіготы, што ўтвараецца пры зліцці жаночай і мужчынскай палавых клетак (гамет). Зліццё генетычна розных гамет пры апладненні прыводзіць да ўзнікнення неідэнтычных асобін, што павялічвае зменлівасць патомства і спрыяе натуральнаму адбору. Узнікненне ў працэсе эвалюцыі П.р. звязана з развіццём полу — сукупнасці палавых адзнак, якія забяспечваюць палавы працэс. Уласціва ўсім эўкарыётам, але пераважае ў жывёл і вышэйшых раслін. Кан’югацыя ў інфузорый і некат. бактэрый па генет. значэнні блізкая да П.р. таму, што суправаджаецца абменам спадчынным матэрыялам. Эвалюцыйна пазней узнікла рэдукаваная форма П.р. — партэнагенез. Побач з раздзельнаполымі жывёламі ёсць шмат груп жывёл, якім уласцівы гермафрадытызм. У залежнасці ад формы, адноснай велічыні і рухомасці гамет рознага полу адрозніваюць наступныя тыпы палавога працэсу: аагамію, гетэрагамію, ізагамію. Гл. таксама Бясполае размнажэнне, Вегетатыўнае размнажэнне.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛЬНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ,
скурныя апакрынныя залозы млекакормячых, якія адкрываюцца каля анальнай адтуліны або ў поласць задняй кішкі; вытворныя потавых і тлушчавых залозаў. Асн. функцыя — выдзяленне пахучых рэчываў, з дапамогай якіх жывёлы пазначаюць сваю тэрыторыю. Выдзяленні некаторых драпежнікаў (скунса, норкі) маюць сакрэт з рэзкім, непрыемным, устойлівым пахам, які адпужвае ворага або прываблівае асобін процілеглага полу.
т. 1, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ЛЬНІЦТВА КА́РТЫ Адлюстроўваюць сац. і эканам. характарыстыкі насельніцтва. Адрозніваюць геаграфічныя Н.к.
(размяшчэнне і шчыльнасць насельніцтва, патэнцыялы поля рассялення, тыпы паселішчаў і рассялення і інш.),
дэмаграфічныя карты (склад насельніцтва паводле полу і ўзросту, яго натуральны і мех. рухі і г.д.), сацыяльна-эканамічныя карты (прац. рэсурсы і іх выкарыстанне, сац. склад, узровень жыцця і інш.), этнаграфічныя карты.
т. 11, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫЯ ХЛЕБАРО́БЫ, свабодныя хлебаробы,
былыя прыватнаўласніцкія сяляне ў Расіі, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці паводле ўказа цара Аляксандра I ад 20.2.1803. Памешчыкам дазвалялася адпускаць прыгонных паасобку або цэлымі вёскамі з абавязковым надзяленнем іх зямлёй за выкуп ці за выкананне павіннасцей. Калі абавязацельствы парушаліся, сялян вярталі назад. Паводле 9-й рэвізіі (1851) у вольныя хлебаробы пераведзены 137 034 душы мужчынскага полу (1 % прыгонных) з надзелам 6,9 дзес. на рэвізскую душу, да сярэдзіны 19 ст. — 151 тыс. На Беларусі вядомы толькі адзіны выпадак выкарыстання ўказа: у 1819 дзяржава выкупіла ў памешчыка 57 рэвізскіх душ з в. Жарцы Полацкага пав., «зважаючы на выдатныя паслугі, зробленыя імі ў вайне 1812 года». Да вольных хлебаробаў часта адносілі ўсіх сялян, якія сталі ўласнікамі зямлі, таму паводле 8-й рэвізіі (1834) іх налічвалася ў Віцебскай губ. 305, у Магілёўскай — 364 душы мужчынскага полу. У 1848 вольныя хлебаробы ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.
т. 4, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАГАМЕ́ТНАСЦЬ (ад гома... + гаметы),
характарыстыка арганізма (або групы арганізмаў), які мае ў храмасомным наборы пару або некалькі пар гамалагічных палавых храмасом і ўтварае аднолькавыя па наборы храмасом гаметы. Пол, прадстаўлены такімі асобінамі, наз. гомагаметным. У млекакормячых, рыб і некат. відаў раслін (каноплі, хмель, шчаўе) гомагаметнасць характэрна для жан. полу, у птушак, матылькоў і некат. відаў суніц — для мужчынскага.
т. 5, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕТА́НГІЙ (ад гаметы + грэч. angeion сасуд), спецыялізаваная клетка або шматклетачны палавы орган раслін і грыбоў, у якім развіваюцца гаметы. У некат. грыбоў і водарасцей гаметангій прадстаўлены адной шмат’ядзернай клеткай, змесціва якой без падзелу на гаметы зліваецца са змесцівам другой падобнай клеткі. У ааміцэтаў, аскаміцэтаў, базідыяміцэтаў і вышэйшых раслін з дыферэнцыраванымі паводле полу гаметамі мужчынскія гаметангіі называюцца антэрыдыямі, жаночыя — аагоніямі або архегоніямі.
В.С.Гапіенка.
т. 5, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКС (ад лац. complexus сувязь, спалучэнне) ў псіхалогіі, злучэнне асобных псіхічных працэсаў у цэлае, якое адрозніваецца ад сумы сваіх элементаў. У такім сэнсе паняцце К. выкарыстоўвалі прадстаўнікі розных псіхал. канцэпцый і тэорый. Яго сутнасць спецыфічна тлумачылася ў псіхааналізе З.Фрэйда, які разглядаў К. як групу разнародных псіхічных працэсаў, аб’яднаных адзіным моцным эмацыянальным перажываннем — афектам. Фрэйд вылучаў т.зв. К. Эдыпа, які ўзнікае ў раннім дзяцінстве і праяўляецца ў непрыхільных адносінах дзіцяці да аднаго з бацькоў свайго полу і эратычнай прыхільнасці да другога процілеглага полу. У індывідуальнай псіхалогіі А.Адлера выкарыстоўваліся паняцці «К. непаўнацэннасці» (глыбокае ўсёпаглынальнае пачуццё ўласнай фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці ў параўнанні з інш. людзьмі) і «К. перавагі» (тэндэнцыя перабольшваць сваю асабістую значнасць). К.Г.Юнг у сваёй аналітычнай псіхалогіі лічыў К. своеасаблівым цэнтрам душэўнага жыцця кожнага чалавека, адносна аўтаномным псіхічным утварэннем, якое складаецца з разнастайных (найчасцей неўсвядомленых) эмоцый, пачуццяў і значна ўплывае на свядомасць і дзейнасць людзей. Нярэдка К. выклікаюць разнастайныя адхіленні ў паводзінах чалавека, што праяўляецца ў памылковых дзеяннях, у неўратычных рэакцыях, неадчэпных ідэях і інш.
Э.С.Дубянецкі.
т. 8, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯ́ЗАНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
прыватнаўласніцкія сяляне ў Рас. імперыі, якіх паводле ўказа 2.4.1842 памешчык меў права вызваляць ад прыгоннай залежнасці, надзяляць зямлёй у часовае карыстанне, «абавязваючы» павіннасцямі ў форме аброку або паншчыны. Указ не вызначаў памераў зямельных надзелаў, абавязкаў сялян і не абмяжоўваў улады памешчыкаў над імі. Таму становішча абавязаных сялян засталося такое, як і ў прыгонных. З 10 млн. прыгонных сялян мужч. полу да 1855 у катэгорыю абавязаных пераведзена 24 тыс.
т. 1, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ ((Grew) Неемія) (26.9.1641, г. Ковентры, Вялікабрытанія — 25.3.1712),
англійскі ўрач і батанік, адзін з заснавальнікаў анатоміі раслін. Сакратар Лонданскага каралеўскага т-ва (1677). Вучыўся ў Кембрыджы, скончыў Лейдэнскі ун-т (Галандыя, 1671). Навук. працы па пытаннях будовы і полу раслін. Апісаў мікраскапічную будову кораня, сцябла, лісця, пладоў і інш. Увёў у батаніку паняцці «тканка» і «парэнхіма». Развіваў ідэю пра адзінства будовы тканак, апісаў вусцейкі, лічыў кветкі органамі палавога размнажэння.
т. 5, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)